Дубянецкі
Шрифт:
4 красавіка 1987 году. Сённяшнія газеты, якія я атрымліваю, прадмет майго шчымлівага клопату “не заўважылі” (!). Ніводная ні радочка не дала!
Схадзіў у кіёск “Саюздруку”, можа, будзе свежая “Trybuna Ludu” - тыя камуністы пакуль яшчэ вымушаныя хоць рабіць прыстойны выгляд; прымушае, вядома, уласны народ. “Trybuna” заўчарашняя. Бяру і думаю, каб, галоўнае, не прапусціць наступныя нумары з падзеямі ў Чылі. У гэтым выпуску пра Чылі толькі адзін сказ: учора а 16-ай гадзіне papiez прыбыў у Сант’яга, пачынаючы гэтым самым другі этап візіту.
Вось і ўсё. Тут больш яшчэ і не маглі даць. Гэты
Непрыстойныя паводзіны савецкіх сродкаў масавай інфармацыі - змова маўчання - кампенсуецца замежнымі.
Лондан: Папа Рымскі сказаў журналістам (!), што Касцёл у Чылі павінен адыграць такую самую ролю, як і на Філіпінах; генерала Піначэта ён назваў дыктатарам.
Калі б Царква падтрымала Піначэта, дык гэта было б яе падзенне.
Папу папярэджвалі, каб не ехаў сюды, бо Піначэт захоча выкарыстаць гэта ў сваіх інтарэсах.
Папа сустрэўся з моладдзю на стадыёне, дзе не так даўно былі масавыя расстрэлы.
Піначэт пераконваў Папу, што Чылі - ахвяра міжнароднай змовы.
Вашынгтон: Учора ў час месы, якую цэлебраваў пад адкрытым небам у Сант’яга Папа Рымскі Ян Павел II, адбылася перастрэлка паліцыі з прысутнымі вернікамі. Ранена некалькі чалавек, у тым ліку два журналісты.
Папа не пацярпеў. Ён пакінуў парк у суправаджэнні моцнай аховы.
Зноў Лондан: Групы дэманстрантаў кідалі ў паліцэйскіх каменне. Паліцыя пусціла ў ход агнямёты, слёзацечныя газы. Газы падымаліся аж да трыбуны Яна Паўла II. Папа гаварыў пра дэмакратыю. “Гвалт - не ваш шлях, не шлях Чылі - настаў час прабачэння і прабачвання”, - казаў ён. Яго словы выклікалі бурныя воплескі, скандаванне антыпіначэтаўскіх шлягераў.
У бліжэйшы панядзелак Папа едзе ў Аргенціну.
Парыж: На стадыёне, дзе Папа Рымскі адпараўляў імшу, было паранена паліцыяй некалькі дзесяткаў чалавек.
Газета “Figaro” у артыкуле “Вузкі шлях” піша, што Святы Айцец паводзіць сябе ў Чылі спакойна і адважна, як у сваёй роднай Польшчы. Выступае за аб’яднанне народу. Гэта - адзін з самых рызыкоўных візітаў Яна Паўла II.
5 красавіка 1987 году. У газетах, што ідуць мне, - ні слова.
Парыж: Камуністы салідарызуюцца з Папаю. Папа прыняў левую апазіцыю. Папа асудзіў фізічныя катаванні. У час сутыкненняў насельніцтва з паліцыяй 267 чалавек было паранена. Учора Ян Павел II выляцеў у правінцыі.
Гэты візіт Папы прымеркаваны да 500-годдзя з часу евангелізацыі Амерыкі.
У Буэнас-Айрэсе для аховы Папы Рымскага мабілізавана 12 тысячаў палі- цэйскіх.
6 красавіка 1987 году. У ранішняй перадачы з Парыжу паведамлялася пра су- стрэчу Яна Паўла II “з прадстаўнікамі свету працы”, а таксама з дзеячамі Касцёлу. Святы Айцец цікавіўся асноўнымі праблемамі працоўных, жыццём іх сем’яў.
Некалькі здзівіла інфармацыя “Известий”: перададзена з Аргенціны, а даты- чыць выключна чылійскага этапу візіту Папы. На першай старонцы, называецца “Пралік дыктатара”. Маецца на ўвазе, што Піначэт спадзяваўся гэтым Візітам замацавацца, але не атрымалася. “Чылійцы
не дазволілі Піначэту ператварыць паездку ў добра сыграны спектакль”, - гаворыць карэспандэнт В. Несцераў.Ыфармацыя слабая. Шкада, што сёння не дастаў “Trybuny”.
8 красавіка 1987 году. Недзе апоўдні затэлефанаваў Толя Сідарэвіч, пацікавіўся, ці глядзеў я ўжо сённяшнюю “Лит. газ.” Быў здзіўлены, што яна яшчэ ляжыць у мяне ў паштовай скрынцы. “Там жа на сёмай старонцы, кажа, Рагойшавы артыкул пра Гаруна. Дзякаваць Богу, што ёсць у нас хоць Масква...”
Я зразумеў, што пад гэтай “падзякаю” мелася на ўвазе. 11 сакавіка было 100- годдзе з дня нараджэння Алеся Гаруна. У рэспубліцы “не заўважылі” гэтай падзеі. I вось Вячаслаў Рагойша прабіўся з ёю ў Маскву. I там, як бачым, зразумелі. Усё-такі сталічны кругагляд - не правінцыйны!
Вось з такім змешаным пачуццём бяру ў рукі паважаную газету. На той самай старонцы хораша завярстаны Рагойшаў артыкул “Лёс паэта”. Над ім, пад лінейку, надпіс: “Да 100-годдзя з дня нараджэння Алеся Гаруна”. Пад артыкулам, таксама ў чатыры калонкі, надрукавана некалькі Гаруновых вершаў у перакладзе на рускую мову - перакладчык Браніслаў Спрынчан. У цэлым публікацыя займае трэць “літгазетаўскай” немалой паласы.
Накінуўся, вядома, не на пераклады, якія тут іграюць, канечне ж, другарадную, дапаможную ролю, а на сам артыкул. Прачытаў на адным дыханні. Дарэчы, ён і напісаны - пераканаўча, з крыўдаю і болем за лёс выдатнага творцы.
Маладзец Вячаслаў! Шкада толькі, што “Лит.газ.” - не “Правда”. Каб гэта з’явілася на тых “дзяржаўных” старонках, дык гэта нашымі чыноўнымі правінцыяламі было б успрынята як рэабілітацыя Гаруна. А так давядзецца яшчэ некаторы час змагацца за яе. Што я і не спыняю рабіць. Дый не толькі я!
Цікавая паэзія Гаруна прадстаўлена трыма творамі. Усе тры дадзены тут безназоўнымі, хоць два з іх у аўтара маюць назвы. Гэта “Песня-звон”, “Паэту” і “... Хто сказаў: “і я з народам”. Вершу “Паэту” не пашанцавала найбольш: яго не толькі назвы пазбавілі, але ж і двух чатырохрадкоўяў. Зрабіўшы гэтыя заўвагі- назіранні, гледзячы на газету, я дастаў “Матчын дар”, каб пераканацца канчаткова, паглядзець на тое выкінутае і параўнаць пераклад з арыгіналам.
Вядома ж, адно з другім і нельга параўноўваць - пераклады надта штучныя, драўляныя, драцяныя, якія хочаш, толькі гэта не Гарун.
У вершы “Паэту” апусцілі першыя рыфмы:
Што кажаш мне, паэт, а праўдзе тэй, што будзе?
Мне сэрца кроіцца ад крыўды нашых дзён!
Я бачу й добра сам: ідуць да праўды людзі,
Расьцець яе жаўнер, і шырыцца загон.
Марудна, братачка! I покуль сонца ўзыйдзе,
Дык вочы выесьць нам салоная раса,
I покуль першы дзень людзкога шчасьця прыйдзе,
Мільёны сэрц праткне гароты злой каса.
Як бачым, адкінуты, можна лічыць, завершаны твор, сэнс усяго арыгінальнага вершу. Ды які сэнс! Тут такая сімволіка, якая пакуль яшчэ пасуе і да сённяшніх часоў з якога хочаш боку. Хочаш з матэрыяльнага, а хочаш з нацыянальнага. Хочаш у Азіі - Афрыцы, хочаш у Амерыцы - Еўропе. А хочаш, дык дапасуй і да эсэсэсэра з бэсэсэрай.
Хто ж гэта так “падкараціў”? Перакладчык ці публікатар?
Тым не менш, у цэлым я ўзрадаваны фактам. Пазваніў Рагойшу, каб выка- заць сваё захапленне. Міла пагутарыў з сімпатычнай Таццянаю Вячаславаўнаю, паколькі “віноўнік” адсутнічаў.