Дубянецкі
Шрифт:
Іншыя матэрылы выдання:
Адкрыццё Інфармацыйнага цэнтра Маскоўскай Патрыярхіі; Канферэнцыя ў Кіеве (Міжнародная, навуковая, прысвечаная 1000-годдзю); Рэлігіі свету - за новы маральны парадак у свеце; Альтэрнатыва страху. Аўтар архіепіскап Валакаламскі Піцірым; Сустрэча прадстаўнікоў Рускай Праваслаўнай Царквы і Нацыянальнага Савета Цэркваў Хрыста ЗША (3. VII. 1986); Семінар цэркваў у Савецкім Саюзе (аўтар дзіякан Ігар Эканомцаў); Да дня малітвы пра мір (адказ мітрапаліта Мінскага і Беларускага Філарэта на ліст старшыні Сакратарыята па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству кардынала Яна Вілебрандса Св. Па- трыярху Пімену (II-1986); Маскоўская Харальная Сінагога; Будысты за мір; З жыцця Евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў
– М. Аляксандраў (пра рэстаўрацыю Данілаўскага манастыра); Да Ігумена зямлі Рускай (пра заснавальніка Троіца-Сергіевай Лаўры Сергія Раданежсккага, XIV ст.
Бюлетэнь надрукаваны ў снежні 1986 г. у Эксперыментальнай друкарні ВНИИКПП.
На 1-й яго старонцы дадзены і кароткі змест наступнага нумару. Ён таксама будзе не менш цікавы (Ленінградскія духоўныя школы; Рабін А. Шаевіч пра іудзейскую абшчыну ў Маскве; Пра Мусульманскую мірную канферэнцыю ў Баку).
10 мая 1987 году. Усё адпаведна:
5 мая (1987 г.), так званы “дзень друку” - мяне пазбаўляюць права выступіць у выдавецкай насценай газеце (!) з кароткім аглядам 15-гадовага шляху “Ма- стацкай літаратуры”. Самі ж мне заказвалі артыкул, а пасля, атрымаўшы яго, перапалохаліся яго “вастрыні”.
7 мая, так званы “дзень радыё” - Ірынцы паведамілі, што падрыхтаваная ёю радыёперадача пра палескую гаворку пад пагрозаю: у радыёкамітэце “згубілася” запісаная ёю плёнка(!). Ірынка як на бяду захварэла. Перадача патрэбная і нават стаіць у плане выпуска наступнага тыдня. Што рабіць? Выручыла сімпатычная Галя, якая і далучыла Ірынку да радыё (прывезла 6-кілаграмовы “Рэпарцёр” і перазапіс рабіўся ў нас дома).
9 мая, Дзень перамогі. На дзвярах нашага дому павесілі аб’яву: з 11 мая па 6 чэрвеня ў доме не будзе гарачае вады. Нашыя ветэраны ўжо абураюцца: “За што ваявалі! Праз месяц-другі і пазбаўляюць вады на дзесяць-пятнаццаць дзён, а цяпер - на месяц!”
10 мая. Толькі цяпер мне паведамілі, што днямі знялі з нумара матэрыял Ніла Гілевіча: “ЛіМ” збіраўся перадрукаваць з “ЛГ” яго выступление на апошнім Пленуме СП СССР.
Прыплюсуем, мабыць, гэта таксама да праблематыкі “дня савецкага друку”.
13 мая 1987 году. Толькі сёння чытаю святочную “Trybune ludu” за 9-10 мая. Многа месца прысвечана ў ёй “новым польскім мірным ініцыятывам”, якія выклаў Войцех Ярузельскі ў прамове на II Кангрэсе PRON (Патрыятычны фронт народнага адраджэння). Можна лічыць пазітыўным фактам кожную такую ініцыятыву, ад каго б яна ні зыходзіла. Бяда толькі ў тым, што з кожным днём павялічваецца колькасць гэтых так званых “ініцыятыў” і таксама ж павялічваецца і колькасць смертаносных матэрыялаў (!). I асабліва гідка тое, што абодва гэтыя працэсы паралельна і мірна працякаюць у адных і тых жа краінах(!). Перад усім у краінах, якія прысвоілі сабе эпітэты тыпу “вялікая” - зусім нават не ў фізічным значэнні - і права распараджацца лёсамі іншых краінаў.
Да Польшчы гэта мае ўскосныя адносіны. Мы ведаем, чые гэта “яе ініцыя- тывы”.
Аднак не ў гэтым справа. Маю ўвагу прыцягнулі і іншыя матэрыялы.
Вось, напрыклад, адозва да чытачоў, “да тых, што памятаюць адзін дзень вайны”. Не толькі “ТгуЬипа”, але ж і шмат якія іншыя выданні ў гэтай адозве просяць сваіх чытачоў расказаць на адной старонцы машынапісу пра адзін дзень з 2078 трагічных польскіх дзён Другой сусветнай вайны.
А, можа, і мне апісаць які-небудзь свой дзень таго перыяду? Ну, скажам:
– дзень, калі я атрымаў паведамленне “пакуль не ехаць” у сваю познаньскую гімназію, бо там “цяпер няпэўнае становішча”;
– дзень, калі Чырвоная Армія агнём сустракала абяскроўленых, знясіленых польскіх воінаў, якіх праследвалі сілы Вермахту;
–
дзень, калі я ўпершыню ўбачыў разбураныя чырвонаармейскімі гарматамі вежы Пінскага езуіцкага касцёла, дзе нібыта пахаваліся польскія салдаты;– дзень, калі савецкія настаўнікі палілі польскія кнігі з нашай бібліятэкі;
– дзень, калі мясцовыя ўлады, у прысутнасці савецкіх настаўнікаў, і разам з імі здзекваліся над польскімі настаўнікамі, выганяючы іх у Сібір;
– дзень, калі з ліста рэпрэсаванай польскай настаўніцы Станіславы Адамскай я дазнаўся пра сапраўдныя здзекі ў савецкай ссылцы, пра голад, цынгу і смерць няшчасных выгнаннікаў, пра цяжкую хваробу маленькай Данусі;
– дзень, калі дакаціліся да нас першыя страшэнныя чуткі пра жудаснае злачынства ў Катынскім лесе;
– дзень, праўдзівей ноч, калі арыштавалі майго бацьку “як сімпатыка знішчанай доблеснымі арміямі СССР і Германіі” Польшчы;
– дзень, калі калабарацыяніст Нысель (мянушка аднаго з мясцовых актывістаў
– МД.) “хваліў” майго бацьку, што ён “застаўся па-за палітыкай”, і прасіў “у разе чаго заступіцца (за яго, Нысэля– МД.) перад вяртаючыміся палякамі, іх патронамі - англічанамі і французамі”;
– дзень, калі палескія жанчыны “бачылі”, як над іх вёскаю “нізенька” пралятаў польскі самалёт і нават пазналі ў ім афіцэра Адамскага;
– дзень, калі нейкая банда т.зв. бульбашоў вышуквала і забівала палякаў;
– дзень, калі я ў савецкага ваенкома Пінскага раёну капітана Турчына прасіўся ў Войска Польскае, і ён мне катэгарычна адмовіў;
– дзень, калі мяне, мабілізаванага ў “рады Савецкай Арміі”, завезлі ў т. зв. Гарахавецкі (Сялецкі) лагер, пабудаваны і абжыты былымі польскімі салдатамі, што ў верасні 1939 году патрапілі ў савецкі палон, адбывалі “за гэта” сібірскую катаргу, а адтуль былі “запрошаныя” ў ствараемае ў СССР Войска Польскае.
Я свядома стаўлю кропку на “дні трынаццатым”, хоць нямала дзён памятаю яшчэ з таго часу - “ад 1 верасня 1939 г. да 9 мая 1945 г.”, - які прыгадваецца ў “звароце”. Свядома - з-за містычнасці гэтай лічбы, вядома, хоць зместам маіх трынаццаці згаданых дзён, на жаль, была не містыка, а пакутлівая рэальная гісторыя няшчаснай Польшчы і часткова Беларусі.
Ці апублікуюць у ПНР хоць адзін такі дзень? Вядома, не! Хоць гэтых старо- нак ой як будзе не хапаць там.
Эўрыка! Эў-ры-ка! Не веру сваім вачам. На 7-й старонцы вялікі на чатыры слупкі двухрадковы загаловак: “Нельга будаваць на рухомых пясках”, ніжэй - “Раз- мова з Ежы Сулімам-Каміньскім, аўтарам трылогіі “Мост каралевы Ядзвігі”.
Мінула цэлых 23 гады, як я пераклаў і надрукаваў адзін твор гэтага аўтара. Гэта было апавяданне “Капялюш з вуалькай” з аднайменнага яго зборніка. Зборнік быў выпушчаны Выдавецтвам Пазнаньскім, чым і прыцягнуў маю ўвагу: я насіў яшчэ ў сваім сэрцы шчымлівую тугу па гэтым горадзе майго дзяцінства (нашу і дагэтуль! Як зрэшты і па Варшаве, і па Кракаву).
У зборніку начыста адсутнічалі якія б там ні было звесткі пра аўтара. Не атрымаў я іх ні адкуль і пасля. А час ад часу ўспамінаў гэтую “справу”: няўжо альфа аказалася адначасна і амегаю? I каго ўсё-такі я пераклаў? Я толькі ведаю, што “Суліма” - назва шляхецкага герба з паловай чорнага арла і трыма камянямі. Цяпер я атрымаў поўную сатысфакцыю!
21 мая 1987 году, чацвер. У аўторак чарговы правадыр рэспублікі Я. Сакалоў сустрэўся з Прэзідыумам праўлення Саюза пісьменнікаў (29 чалавек). З боку “хадзяіна” прысутнічалі члены Бюро ЦК КПБ і некаторыя “профільныя” загадчыкі аддзелаў, як I. Антановіч, С. Паўлаў і М.Дземянцей. Спатканне было наладжанае ў малой зале пасяджэнняў Бюро і працягвалася чатыры гадзіны.