Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дубянецкі

Неизвестно

Шрифт:

Характэрная рыса гэтага сацыялізму: як толькі нешта сапсавалася, дык гэта ўжо на доўгія гады. А псуецца тут амаль усё і амаль бясконца.

2 ліпеня 1987 году. Вярнуўся Лёня (Леанід Дранько-Майсюк – рэд.) з Польшчы. Вечар правёў у нашай сям’і. Усім нам надзвычай было прыемна з гэтым разумным, сімпатычным, мілым маладым інтэлігентам. Адчуваю, што ён таксама пайшоў ад нас задаволены.

Натую, каб не страціць такую немалаважную звестку, якая прыгадалася мне ця­пер.

У канцы мая “ідэолагі” з ЦК КП Беларусі сфабрыкавалі запіску “наверх” пад прыкладнаю назваю “Аб неадкладных мерах па паляпшэнні кіраўніцтва маладзёжнымі аматарскімі аб’яднаннямі ў

рэспубліцы”. Дакумент шматслоўны, каля 8-мі старонак машынапіснага, вядома ж, рускамоўнага тэксту.

Якіх толькі папрокаў у адрас моладзі не кідаюць гэтыя чужыя ёй дзядзькі! І што яна настварала падазроных экстрэмісцкіх груп тыпу “рокеры”, “волнисты”, “металісты”, “панкі”, “фанаты”. Асабліва гэта палохае сваімі маштабамі ў такіх гарадах, як Гомель, Гродна, Магілёў, Мінск, Орша.

Некаторыя ж з гэтых гарадоў дапусцілі яшчэ больш небяспечныя маладзёжныя аб’яднанні – палітычнага характару. Тут маецца на ўвазе “нацыянальны” ці нават страшны “нацыяналістычны” ухіл. Маланкі “дзядзькаў” шпурляюцца ў Мінскую “Талаку” і яе гомельскую цёзку, у гродзенскую “Паходню”. Аўтары гэтага афіцыйнага даносу вельмі незадаволены праведзеным гэтымі арганізацыямі водным ралі па Дзвіне 29 красавіка г.г. Гэта была, як мне вядома, выдатная патрыятычная акцыя, накіраваная на тое, каб узняць беларускае і латышскае насельніцтва супраць затаплення вялікіх плошчаў пад вадасховішчам праектуемай ГЭС.

Аўтары ж гэтага дакументу скуголяць, што натхніцелі ралі мелі на мэ­це распаліць нацыяналістычныя настроі сярод моладзі. Ёсць у запісцы вельмі непрыемны “партыі і ўраду” факт. Яго назвалі, каб, сказіўшы, апраўдацца: 7 красавіка прадстаўнікі савецкай улады забілі 26-гадовага гімнаста з Гродненскага фізічна-аздараўленчага камбіната – А. І. Каржылава. Заднім чыслом цяпер на яго навешваюць нейкія злачынствы. Матыў забойства – “попытка к бегству” (!!!). Далей нават паведамляецца, што магілёўскія “металісты” 24.IV і гомельскія “металісты” 15.V (дзень нараджэння забітага) правялі “Дзень помсты за бязвінна загінуўшага героя”. Прадугледжваецца ў сувязі з усім гэтым шэраг падкупальных, драконаўскіх, лазутна-шпіёнскіх і нават штрэйкбрэхераўскіх мер. Усё згадзіцца дзеля выратавання “марксісцка-ленінскай ідэалогіі”.

5 ліпеня 1987 году. Доўга шукаў прычыны свайго нечаканага ўзбуджэння, хвалявання. Аж нарэшце разабраўся, у чым справа. Гэта з радыёдынаміка няспынна даносяцца да маіх вушэй нейкія грубыя выкрыкі. Прыслухаўся і чую – нейкі дэбіл лае рэлігію, веру ў Бога, асабліва не шкадуе сліны на каталіцкую царкву і яе іерархаў. Падыходжу бліжэй. Якраз гэты чырвоны гебельс накінуўся на Яго Святасць Яна Паўла ІІ, пасля на польскае духавенства. Пропаведзі многіх названых ім ксяндзоў параўнаў з гебельсавай прапагандай.

– Мабыць, ён, – кажа Галя, – пачуў, што ты яго назваў гебельсам і ў такім стылі вырашыў ад­помс­ціць табе.

І цяпер я пераканаўся ў слушнасці маёй ацэнкі гэтага шаленца. У канцы перадачы паведамілі, што выступаў кандыдат філасофскіх (чытай: “малпіных”) навук нейкі Казімір Канстанцінавіч Койда (?).

Я ўдакладніў па радыёпраграме гэты сапраўды малпіны спектакль. З 12 гадзін 40 хвілінаў да 13 гадзінаў, чытаю там, – “Трыбуна атэіста: “Працягваем размову аб каталіцызме”. Працягвалі, значыць. Колькі ж ужо бруднай сваёй сліны выпусцілі дагэтуль у эфір гэтыя малпіны вырадкі! Ледзь не кожны дзень чуеш па радыё, ці бачыш на тэлеэкране альбо на газетных старонках гэтыя злосныя вылазкі супраць духоўнасці чалавека.

8 ліпеня 1987 году. Зусім незвычайны партыйны сход праведзены сёння ў маім выдавецтве.

На “парадку дня” стаяла адно пытанне – пра сучасную вёску і адлюстраванні яе ў літаратуры. Дакладчык – старшыня калгасу “Чырвоны сцяг” Валожынскага раёну доктар эканамічных (а можа, сельскагаспадарчых?) навук Сямён Георгіевіч Шарэцкі.

Крыху меней трох гадоў таму Сямён Шарэцкі – загадчык кафедры Мінскай вышэйшай партыйнай школы – з групай маладых навукоўцаў папрасілі паслаць іх у адзін з адсталых калгасаў і яны створаць там “гаспадарку ХХІ стагоддзя”. Паслалі.

Праз два гады ўсе ўбачылі, як хутка гаспадарка ідзе ўгору. Так, напрыклад, Шарэц­кі са сваімі хлопцамі прынялі гаспадарку з доўгам каля 10 мільёнаў рублёў, з надоямі па 1900 кг малака ў год. Цяпер адпаведна гэтыя лічбы складаюць: 6; 2800.

Летась гаспадарка дала невялікі, але прыбытак – каля двух мільёнаў рублёў. Разгорнутае там па-сапраўднаму вялікае будаўніцтва: пабудавалі 4 магазіны, завяршаецца будаўніцтва больш за 30 катэджаў для спецыялістаў. Да іх ахвотна едуць славутыя артысты, некаторыя, як, скажам, Людміла Зыкіна, пабывалі па некалькі разоў. Калгаснікі ідуць на канцэрты таму, што маюць для гэтага час: напрыклад, даяркі і іншыя работнікі працуюць ужо не 16 гадзінаў, як раней, а 7 (дарэчы, і атрымліваюць не “палачкі” пустапарожнія, а ў сярэднім па 250 рублёў у месяц).

Кадры: 7 кандыдатаў навук, 100 чалавек з вышэйшай адукацыяй (доктара навук я назваў раней, некалі ён 10 гадоў ужо быў старшынёю калгасу).

І ўсё-такі не ў тым ядро гэтай, можна сказаць, публічнай, лекцыі (партсход быў адкрытым, прысутнічаў увесь калектыў выдавецтва), а ў вобразе мыслення самога лектара. Вось некаторыя тэзісы яго выступлення:

1. Зараз народная гаспадарка СССР у вялікім паходзе – гэта ўсе бачаць. Але не шмат хто разумее, што цяпер ніхто не можа сказаць, да якога берагу яна прыб’ецца.

2. Удумацца ў тэрмін “перабудова”: перабудоўваецца ж толькі тое, што дрэнна пабудавана. Нашая гаспадарка пабудаваная дрэнна.

3. Цяпер вучоныя-аграрнікі вельмі старанна вывучаюць працы і выказванні Леніна пра кааперацыю, асабліва сельскагаспадарчую. У выніку прыйшлі да думкі, што т.зв. суцэльная калектывізацыя – гэта грубае і недаравальнае адступленне ад ленінскага вучэння.

4. Пры гэтым метадзе знішчылі ці распусцілі ўсе шматлікія формы кааперацыі, пакінулі т.зв. сельгасарцелі, ці, як іх адразу ж і назвалі, – калгасы.

5. У час “ліквідацыі кулацтва як класу” адным махам ліквідавалі серадняка, а гэта той слой сялянства, на якога трэба было арыентавацца ў развіцці сельскай гаспадаркі.

6. Сталін рэпрэсаваў усіх дзеячаў, якія адважваліся мець сваю, а не яго, думку. Цяпер вучоныя ставяць пытанне аб рэабілітацыі не толькі Чаянава – эканаміста- аграрніка, але і Бухарына.

7. Тэмпы прыросту сельгаспрадукцыі цяпер вельмі нізкія ў краіне. Пасля вераснёўскага Пленуму ЦК КПСС 1953 г. яны пяць гадоў трымаліся недзе каля 6-7% у год. Пасля аднаго з “важных” Брэжнеўскіх пленумаў – палову гэтага. Цяпер, пасля шэрагу “найважнейшых” пленумаў – 1,5-2%.

8. Кожны рэгіён такой агромністай краіны, як СССР, павінен развівацца па-свойму. Напрыклад, у Казахстане цяпер пачалі арыентавацца на сямейны падрад: пачынаюць раздаваць сем’ям зямлю – да 2 га меліяраванай і да 10 га іншай. Літва заявіла, што іх шлях – хутары: згодна з іх планам за 5 гадоў значная частка сельскага насельніцтва рэспублікі будзе жыць і працаваць на хутарах.

9. Калгасы – лепшая форма, чым саўгасы. Саўгасы – бюракратычная аргані­зацыя, недэмакратычная, непаваротлівая.

Поделиться с друзьями: