Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій
Шрифт:
Адсюль і праблема чытача нашых выданняў паўстае ў досыць спецыфічным ракурсе. Яна кардынальна адрозніваецца ад той звычайнай праблемы, якая ёсць у кожнага выдання ў кожнай краіне. Фармулюючы гэтае адрозненне, перадусім заўважым, што ў нас праблема чытача не вырашаецца праз якасць і актуальнасць саміх тэкстаў. Для нас яна найперш звязаная з пашырэннем Архіпелагу Беларусь і з павелічэннем колькасці яго насельнікаў. Рэч у тым, што каб стаць чытачом хоць якога з нашых выданняў, спачатку трэба зрабіцца беларусам. А каб зрабіць з шараговага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь – беларуса, патрабуецца шмат часу і высілкаў. Тым больш, што дзяржава Беларусь у «вытворчасці беларусаў» амаль не ўдзельнічае. Кожны свядомы беларус – гэта штучны артэфакт, створаны на подзе Беларускага Тэксту самахвярнымі
І вось толькі тады, калі з'яўляецца чарговы беларус, настае пара яго прылучэння да таго ці іншага выдання – гэты акт па яго значнасці я гатовы параўнаць з прысвячэннем у рыцары нейкага сярэднявечнага ордэну ці ў сябры масонскай ложы.
* * *
Доўгі час міт аб непапулярнасці беларускіх тэкстаў трымаўся пераважна на наступным аргуменце: яны, у параўнанні з расейскімі, не адпавядаюць інтэлектуальным і эстэтычным патрабаванням сучаснага чытача. Але апошнія паўтары дзесяцігоддзі разняволення і ўлучанасці беларускай літаратуры ў еўрапейскі эстэтычны кантэкст яскрава засведчылі, што гэта быў не проста паганы міф, а міф наўмысна аблудны. Сёння мы можам канстатаваць, што абыякавасць да беларускіх тэкстаў тых, каго ў нас называюць «пашпартнымі беларусамі, звязаная не з уласна творчасцю беларускіх літаратараў і выдаўцоў, а з расейска-савецкай ментальнасцю.
Цягам некалькіх стагоддзяў расейская, а затым расейска-камуністычная імперыя ўсімі магчымымі сродкамі прымусу, ад фізічнага да інтэлектуальнага, выціскала культуру беларусаў на маргінез, каб напоўніць вызваленае месца сваімі культурнымі знакамі. Натуральна, што цяпер «пашпартным беларусам» няўтульна ў прасторы Беларускага Тэксту, бо тэкст гэта перадусім сістэма знакаў, якія адсылаюць да тых ці іншых культурных рэаліяў. А калі гэтыя рэаліі сфармаваныя расейска-савецкай культурай, дык што можа знайсці для сябе такі фармальна беларускі, але па-сутнасцт расейска-савецкі чытач у Беларускім Тэксце, які адсылае яго да малавядомых яму рэаліяў беларускай гісторыі, культуры ды ментальнасці.
* * *
Каб хоць нечым збалансаваць песімізм сваіх развагаў, мне, напэўна, трэба было б завершыць іх нейкай аптымістычнай дэкларацыяй, кшталту: будзем спадзявацца, што з цягам часу ўсё пераменіцца да лепшага. Але, на вялікі жаль, перш чым паставіць кропку, я мушу яшчэ больш заглыбіцца ў песімізм. Рэч у тым, што я належу да тых, хто ў сваіх футуралагічных рэфлексіях не пазбягае думкі аб непазбежным (рана ці позна) канцы эры Тэксту. Ужо сёння Тэкст саступіў вершнасць іншым тэхналогіям вытворчасці інтэлектуальнай і эмацыйнай прадукцыі. І я не схільны сябе суцяшаць, што гэта часовае адступленне…
Натуральна, мяне, як літаратара, мала цешыць перспектыва зніжэння ролі Тэксту ў сацыяльнай, інтэлектуальнай і эмацыйнай сферах жыцця. Але яшчэ больш трывожыць мяне перспектыва заняпаду Тэксту – як беларуса. Я ўжо даволі казаў, што беларусы, як нацыя, сфармаваліся і застаюцца ў наяўнасці дзякуючы Тэксту, прынамсі, Тэксту ў значна большай меры, чым хоць чаму яшчэ. А з гэтага вынікае, што калі Тэкст татальна страціць сваё значэнне ў сацыяльным і духоўным быцці чалавека, то ў нас, беларусаў, з-пад ног знікне тое асноўнае трывалішча, на якім мы паўсталі і стаялі дасюль… І што нас тады будзе трымаць як беларусаў?
* * *
Крыга Беларускага Тэксту, на якой мы сяк-так пераплылі праз ХХ стагоддзе, на вачах драбнее – крышыцца па краях, худнее ў сярэдзіне… На гэта можна не зважаць і жыць па звыклай завядзёнцы (на наш век трывалішча хопіць і яшчэ трохі застанецца), ці зважаць і намагацца хоць неяк трымаць раўнавагу, а можна і наадварот – пасунуцца бліжэй да набрынялага крохкасцю краю і, узіраючыся ў выратавальныя берагі, дэкламаваць на развітанне што-кольвек пафасна-рытарычнае. Ну хаця б вось гэта:
Каб плыў судоў уратавальны дым,--
А родны край знікаў навекі ў хвалях,--
Я б лепей згінуў з ім,
З яго апошнім жалем,
Як жыў і мучыўся бязмерна -- з ім.
Але як бы хто сёння сябе не паводзіў, пэўна, ужо нішто не зможа ўтрымаць Беларускі Тэкст у тым вялікім значэнні збіральніка
Нацыі, якое ён выконваў да гэтага. І таму, вяртаючыся да пытання, што, калі не Тэкст, будзе трымаць нас як беларусаў, можна сказаць хіба адно: адказ залежыць толькі ад таго, што гэтае пытанне і спарадзіла. А менавіта ад таго, ці было апошняе стагоддзе Беларускага Тэксту настолькі плённым, каб змусіць наступнае, інакш тэхналагічна арганізаванае быццё, улічваць гэты плён і фармаваць новую парадыгму існавання, азіраючыся на пажоўклыя шматкі паперы, дзе рознымі словамі, але спрэс напісанае адное і тое самае: беларусам звацца.Як вядома, Біблія надыктаваная самім панам Богам. А паколькі першы поўны збор Бібліі запісаны іўрытам, дык адсюль баццам само сабой вынікае, што на тую пару Бог найлепей ведаў старую габрайскую мову. Хаця наўрад ці падобнае меркаванне адпавядае сапраўднасці, бо потым Бог яшчэ шмат з кім сумовіўся паасобку (прынамсі, сведчанняў таму ў святых кнігах даволі), і далёка не ўсе ягоныя сумоўнікі былі габраямі. Тым не менш, усе яны разумелі словы Бога, як уласныя. З чаго будзе лагічна выснаваць, што Бог быў (і, пэўна, застаецца) паліглотам. Зрэшты, і дзіўна, каб яно было неяк інакш. Праўда, нельга выключыць, што ў звычайным, фанетычным разуменні, Бог увогуле не размаўляе, а тэлепатуе свае думкі (абмінаючы нашыя вушы) напрасткі ў галаву ці сэрца, альбо адразу туды і туды…
Але гэтым разам мяне не столькі сам пан Бог цікавіць, колькі яго гістарычная радзіма – Эдэм. І, перадусім: на якой мове ў Эдэме размаўлялі Адам і Ева? Праўда, для шмат каго тут няма аніякага пытання. Маўляў, паколькі пра Адама і Еву апавядаецца ў Бібліі, а Біблія запісаная іўрытам, дык выглядае амаль бясспрэчна, што Адам з Евай таксама размаўлялі нейкай старажытна-габрайскай мовай.
Яно то і хай сабе. Аднак калі наследаваць гэтай логіцы і далей, дык атрымліваецца, што Адам і Ева былі габраямі. А калі Адам з Евай былі габраямі, то і ўсе мы, іх нашчадкі, таксама габраі… Вохці мне!
Зрэшты, людзі ніколі не мелі асаблівага даверу да логікі. Таму шмат навукоўцаў і проста не абыякавых да гэтай праблемы людзей у самыя розныя гістарычныя эпохі спрабавалі высветліць, на якой мове сапраўды размаўлялі ў Эдэме. Усіх меркаванняў на гэты конт ніколі не перакажаш, згадаю адно некаторыя з іх. Бельгіец Гаранус лічыў, што Адам з Евай размаўлялі па-фламандску (“Узнікненне Аніверпена", 1569г.). А вось нехта Кэмпе, прыкладна ў тую самую эпоху, сцвярджаў, што Бог размаўляў па-шведску, Адам – па-дацку, а змяя спакушала Еву па-французску (апошняе вельмі верагодна, бо здавён вядома, што французская мова – мова спакусы). Мадзьяр Іштван Хорват, прааналізаваўшы біблейныя імёны, прыйшоў да высновы, што ў Эдэме карысталіся мадзьярскай мовай. Але найбольш мяне зацікавілі даследванні немца Хасэ, які ў 1779 годзе ў Кёнігсбергу выдаў кнігу “Правы Прусіі на Прыбалтыку, на рай старыжытных – першую калыску чалавецтва, з усеагульнай згоды абгрунтаваныя біблейскімі, грэцкімі і лацінскімі пісьменнікамі…”. Натуральна, Хасэ перакананы, што адзінай дзяржаўнай мовай Эдэма была нямецкая. Я з такой катэгарычнасцю спадара Хасэ не магу пагадзіцца. Калі “Прыбалтыка… рай старажытных – першая калыска чалавецтва”, дык у Эдэме аніяк не маглі гаварыць па-нямецку, бо нямецкая мова не была ў Прыбалтыцы мовай карэннага насельніцтва.
Аспрэчыўшы філалагічны аргумент нямецкага навукоўцы, далей я хацеў бы не тое, што аспрэчыць, а толькі ўдакладніць, так бы мовіць, трохі падкарэктаваць і яго геаграфічны аргумент. Мяркую, што Эдэм знаходзіўся ўсё ж такі не ў самой Прыбалтыцы, бо інакш у біблейным расповедзе пра гэты эпізод абавязкова згадалася б мора. Казаць пра Эдэм у Прыбалтыцы і абмінуць увагай мора, якое з’яўляецца з ёй неад’емным цэлым -- гэта немажліва! Таму я лічу, што Эдэм знаходзіўся не зусім у Прыбалтыцы, а недзе паблізу. А што найбліжэй да Прыбалтыкі? Відавочна – Беларусь! З чаго я і раблю адзінамагчымую выснову: Эдэм мясціўся недзе на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Адам з Евай (што амаль напэўна) размаўлялі на нейкай прабеларускай мове.