Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій
Шрифт:
Дарэчы, гэтая відушча Караткевіча, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і тлумачыць, чаму беларуса ў царкву толькі носяць (адзін раз – хрысціць, а другі – адпяваць), а каб сваімі нагамі пайшоў – дык калом не загоніш... Бо навошта яму гэта патрэбна? Хай у храмы на маляваныя партрэты Бога ходзяць глядзець там, дзе Яго жывым на свае вочы ніхто не бачыў. А ў нас, адразу
Слушна. Дзе сабор – там і Бог. А сабор на Беларусі ўсюды і таму ўся Беларусь, а не толькі ўкрыжаваныя камяніцы – Дом Божы.
Пэўна тут які недаверак падхопіцца, каб мяне папікнуць, маўляў, як гэта шэрая, нішчымная Беларусь, краіна гнілых балотаў і ніцых хмызоў, дзе сонца калі і свеціць, то не грэе, а ў туманах нават дарогі губляюць свае шляхі – дык вось, як гэтая выклятая зямля можа быць храмам для Валадара ўсіх Сонцаў і Сусветаў?
– - Яшчэ як можа, -- без ваганняў запэўніваю недаверка. А для лепшага паразумення дазволю сабе прыклад з матэматыкі. У сусвеце лічбаў ёсць толькі адно месца, дзе Бог можа атабарыцца ва ўсёй сваёй абсалютнай паўнаце – гэта нуль. Бо там, у нулі, нітуецца ў непрыкметнасці усё, што хоць дзе ёсць і ўсё, чаго хоць дзе няма... Гэтаксама і на зямлі. Спавітая туманамі, адсутная у сваёй прысутнасці Беларусь, дзе нават дарогі блытаюць свае шляхі, а людзі ніколі не прыходзяць туды, куды выпраўляюцца – ёсць найлепшым аргументам на карысць таго, што менавіта ў нашай краях прытуліўся да зямлі Бог. Дайце веры Караткевічу, якраз на гэтых абшарах Бог накрэсліў сабе круг, які ў матэматыцы называецца нулём. Таму усё, што тут становіцца большым ад нуля (людзі, падзеі, з’явы), Яго рука выштурхоўвае ў іншыя прасторы, пакідаючы гісторыі гэтай зямлі і гэтых людзей толькі іхнюю адсутнасць...
Цяпер вы пэўна зразумееце, чаму я кожным ранкам з трывогай падыходжу да акна – а ці не рассеяліся густыя туманы над Беларуссю, а ці не выпрасталіся дарогі, а ці не ўзножыліся на ясным даляглядзе пыхлівыя хмарачосы?!. Бо калі такое аднойчы здарыцца і мы паўстанем перад светам ва ўсім сваім багацці і велічы, дык гэта будзе азначаць толькі адно: Бог нас разлюбіў і выправіўся адсюль за небакрай. Таму наастачу мне нічога іншага не застаецца, як у каторы раз паўтарыць малітву Уладзіміра Караткевіча:
“На Беларусі Бог жыве”,-- І няхай давеку жыве.Патыліца да патыліцы, ды так шчыльна, што куды не абярнуся, Ён заўсёды за спіной.
Шалеючы, мармычу скрозь зубы:
– - Цябе няма.
І адразу хрыбтом адчуваю цяжар нябёсаў, і сэрцу робіцца млосна.
Хай сабе.
Цябе няма. На каменных скрыжалях Майсей высек не дамову з Табой, а першую літаратурную містыфікацыю. Ён затлуміў нам галаву ўніверсальнай метафарай, і ніхто не даўмеўся запытацца Майсея: навошта Богу тая пісанка?
Цябе самога пытацца дарэмна. Ты – маўчыш. Твой схарон у бязмоўі. Ты – толькі падстава для дыялога…
Чалавеку няма з кім гаварыць, ён страшэнна адзінокі. Ён спрабуе пазбавіцца адзіноты,
прамаўляючы словы да жанчыны, дзяцей, людства, але ў адказ чуе толькі рэха. І тады ён змаўкае і застаецца сам-насам. Цяпер яму няма з кім нават маўчаць, акрамя цябе. Затое Твае моўчы яму хопіць назаўжды.Ты – выбаўленне адзіноты.
Але Ты і самая вусцішная адзінота, якую толькі можна сабе ўявіць.
І таму я пытаюся: можа Ты выдумаў мяне адно каб самому ўнікнуць нуды? Можа, сапраўды Ты мяне вымавіў, каб было каму гаварыць з Табой?
Ты – жорсткі і панылы Шахрыяр, які нудзіцца тысячагоддзі і не мае сну ні днём, ні ўначы…
– - Ты і на гэта маўчыш?
Я зважаю, што калі Ты – Слова, дык кожнае маё пытанне – гэта перадусім Твой адказ.
Больш за тое, я мяркую, што Ты – толькі слова. Пра што кажа і Яаан: «На пачатку было слова… І Богам было Слова».
Цуд маўлення – найвялікшы з магчымых на гэтым свеце. Што існае без слова? Сказаць – нішто, значыць нічога не сказаць.
Натуральна, Слова – Бог. Яно перастварыла вусцішную фантасмагорыю ў ветлую рэальнасць, і калі што абагаўляць, дык нішто іншае, як Слова.
Таму кожны раз прамаўляючы хоць нешта, мы прамаўляем Тваё імя. Лаянка і мальба, споведзь і хлусня, патаемная думка і енк – усё Ты.
Забі – Ты. Злітуйся – Ты. Мы – Ты. Я – Ты.
Ты – Слова, персаніфікаванае ў слове Бог.
Паўторанае за тысячагоддзі безліч разоў Тваё імя зацьвярдзела ад дотыкаў вуснаў, а рэха матэрыялізавала прастору Твайго бытавання.
Вызначаючы лёсы людзей, народаў і ўсяго людства, слова Бог само мацавалася чалавечай моцай, збіралася чалавечымі высілкамі ў магутную дзейсную волю.
А пасля ўкрыжавання Ісуса яно набыло яшчэ важкасць маральнага абсалюту.
Бог – толькі імя слова.
Але з чаго тады цяжар нябёсаў і млосць у сэрцы?
Ты – толькі слова Бог. Гэта напэўна. Аднак…
Аднак, што было да Слова? Ці ведае хто адказ на гэтае пытанне?
Уявім, што Ты сапраўды быў «спрадвеку»! Але хіба Ты быў Богам, пакуль не стварыў прамень, верас, пчалу, мяне? Хіба Ты быў Богам, пакуль самотнай зданьню блукаў у суцэльнай цямрэчы бязмежжа ці недзе ў кутку Нічога, згарнуўшыся ў Нішто, няўцямна скуголіў з адчаю, як засунутае ў мех шчанё?
І калі мы ўсе знікнем да звання, што застанецца ад Цябе? Кволае трымценне спарахнелага шматка Нішто ў ацвілым кутку Нічога?
– - Маўчыш? Маўчы!
Урэшце, адзінае, што я хацеў бы пачуць ад цябе – гэта:
– - Чаму?
І, можа:
– - Навошта?
А менавіта, з якой такой патрэбы Ты раптам усхапіўся да працы, каб зрабіць верас, пчалу, мяне?..
Я кленчу перад Табой і схіляю да масніцаў галаву перад Тваёй кемлівасцю. З нічога, з абсалютнага нічога, з сусветнага гвалту абсмактанай пустэчы ўзбіцца на ідэю Нечага, на ідэю формы – гэта… Калі я скажу, што гэта – геніяльна, мне першаму будзе няёмка за ўбоства чалавечае мовы.
Са зместам, пагодзімся, ужо было значна прасцей, а што да тэхналогіі абнаяўлення свету, дык, паводле Бібліі, за выняткам апошняга акту тварэння, праблемаў увогуле не было.
Але навошта Табе ўсё гэта было патрэбна?
– - Скажы!
Можа Табе абрыдла быць Нікім і Ты вырашыў, што лепей памерці ў сваім тварэнні аднойчы і назаўжды, чым доўжыць яшчэ невядома колькі дурную бясконцасць панылага існавання сам-насам?..
І Ты памёр у чалавеку, як памірае скінутае з сяйва ў глебу зерне.