Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Кожны з нас, хто сам сябе вучыў беларускай мове, быў пакліканы да навукі з нейкіх апрычоных матывацыяў. І ніхто за іншага не скажа, чаму ён гэтак зрабіў і што з сваёй навукі мае? Асабіста я з яе прыдбаў сабе лёс (да гэтага меў адно долю). І не толькі таму, што лёс кожнага літаратара перадусім знітаваны з мовай (ужо ж напэўна зусім іншымі былі б шляхі Купалы ці Брыля, каб яны пісалі па-польску, а Някляеў альбо Дранько-Майсюк -- па-руску?). А найперш таму, што толькі праз мову я змог пачуць, куды хіліць мяне лёс. Вядома, лёс нікога не абмінае, але калі ты у ягоным «шолаху моўчы» не расчуеш свой кон, дык

табе застанецца адно доля.

Зрэшты, у апошніх маіх сказах відавочна зашмат рыторыкі, а сёння яна не ў пашане, таму хутчэй забудземся на сказанае і наўпрост вернемся да гэтай кніжыцы, якая пачалася з захаплення беларускім словам. Але слова становіцца словам адно тады, калі прыдбае сабе адпаведны кантэкст. З майстравання кантэксту для ўлюбёных слоўкаў і пачалі стварацца показкі, апавяданні, а затым і прыпавесць «Сум на тэму вяртання».

* * *

Між іншым, гэта толькі здаецца, што кантэкст для слова таксама тчэцца з словаў. Насамрэч кантэкст ствараецца з таго часу, ў якім ты спеліш словы. А час тады (канец 80-х – пачатак 90-х) быў бурапенны. Рэвалюцыі, як навальніцы ў ліпені, здараліся амаль штодня. І быццам грыбы пасля тых навальніцаў, адна за адной вырасталі на парэштках імперыі нацыянальныя дзяржавы. Была сярод іх і незалежная Беларусь.

У кантэксце паўставання айчыннай незалежнасці і распачыналася мая ўжо ўласна “беларуская проза”. І пісалася яна не столькі дзеля сябе самой, колькі з мэтай мацавання кантэксту волі, які яе ствараў. Бо ўсё, што ў тую пару ні рабілася – рабілася дзеля гэтага. Дарэчы, ніхто тады нікога не штурхаў да вызвольнай працы, вярэда свабоды і незалежнасці вырастала знутры цябе самога, як жарсць. І ўсё, што не падпадала пад пакліканне гэтай жарсці, быццам не існавала.

Мінула колькі год салодкага і вясёлага шаленства. За гэтыя гады мы змацавалі незалежнасць, але згубілі свабоду. І тады пачалася іншая эпоха… (Яна перакруціць нашыя жыцці гэткім адмысловым чынам, што іх ужо нішто і ніколі потым не выпрастуе). У адзін з пахмурных дзён той, ужо іншай эпохі, я перачытаў усе свае показкі разам з прыпавесцю і зразумеў, што яны напісаныя не столькі мною, колькі кантэкстам, і без яго (незваротна зніклага) не маюць ніякага сэнсу.

– - І хай сабе,-- абыякава агучыў я сітуацыю і засунуў сваю пісаніну на спод самай апошняй шуфляды, каб потым не зазіраць туды шмат год.

* * *

Мая абыякавасць да таго, што некалі прынесла мне столькі асалоды, не была штучнай, паколькі тады я ўжо быў захоплены не тым, што ёсць, а тым, чаго няма. Нават не, не захоплены – я быў зачараваны феноменам няма. І таму мяне цалкам абыходзіла ўсё, што было нароблена раней. Дый як магло быць іначай, калі я нарэшце намацаў свой аўтэнтычны дыскурс – метафізіку адсутнасці. Побач з велічнай тайніцай Нішто ўсё астатяе выглядала такой драбязой, што нават недарэчна было звяртаць на гэтае “астатняе” хоць якую ўвагу. Праўда, адна ранейшая вярэда ніяк мяне не пакідала – гэта Беларусь. Аднак і Беларусь цяпер турбавала не столькі як эмацыйная, колькі як інтэлектуальная праблема, якая для свайго развязання патрабавала не вобразаў, а рэфлексій.

Між іншым, яшчэ да таго, як я намацаў свой аўтэнтычны дыскурс, сам сабою знайшоўся цалкам тоесны мне жанр – эсэ. Напаткаўшы эсэ, я адразу зразумеў: і кшталт майго жыцця, і спосаб

майго мыслення заўсёды былі наскрозь эсэістычныя. Гэтая сустрэча сталася, безумоўна, удачай, бо далёка не кожнаму літаратару выпадае патрапіць менавіта на свой жанр.

Далей, што б я ні пісаў (артыкул, канферанцыйны выступ ці філасофскі трактат) --

у мяне ўсё роўна атрымлівалася эсэ. Яны і склалі мае першыя дзьве кнігі (“Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека” і “Разбурыць Парыж”). Больш за тое, апошнюю кнігу – “Вялікая здрада” (яе часопісны варыянт друкаваўся ў “Дзеяслове”) – я нават удакладніў падзагалоўкам ”Суплёт эсэ”.

Вось чаму ў мяне нават у думках не было хоць калі вяртацца да сваіх показак і прыпавесцяў, а тым болей пачаткаваць імі яшчэ адну кніжыцу. Але чалавек жыве залішне доўга і з гэтага яму не хапае вачэй, каб пабачыць, што будзе з ім за даляглядам.

* * *

Чалавек жыве залішне доўга. Я паступіў у інстытут у дваццаць пяць год, пабраўся шлюбам, здаецца, у трыццаць тры гады, прафесійна пачаў працаваць у літаратуры пасля сарака. Цяпер мне пяцьдзесят пяць, а я ўжо паспеў і нажыцца, і выгадаваць дзяцей, і зрабіць у літаратуры значна болей, чым калісьці марыў (апошняе зусім не азначае, што я зрабіў у літаратуры шмат, аднак стасоўна юнацкіх мараў і часткі майго сённяшняга наробка было б даволі, каб пачувацца конча шчаслівым бажаволкам).

Дарэчы, тут нехта напэўна запярэчыць, маўляў юнацкая мара не можа быць крэтэрыем ні пражытага, ні здзейсненага. Магчыма… Але асабіста я не ведаю, што можна супрацьпаставіць гэтаму крытэрыю? Кажаце: -- ацэнкі крытыкаў, грамадства, урэшце, сябе самога сённяшняга… Не, усё гэта не ўяўляецца мне вартай мерай раўнуючы юнацкую мару.

Дык вось, калі заданне юнацтва было выкананае, я зразумеў, што далей ўсялякае астатняе не мае асаблівага значэння. Бо чаго б ты яшчэ не нагрувасціў – усё гэта ўжо факультатыў. Тое, што можа быць, але гэтаксама можа і не быць.

* * *

Як толькі я ўцяміў, што сваё юнацкае заданне ўжо выканаў, дык мне натуральна закарцела зазірнуць у спод апошняй шуфлядкі, дзе марнаваўся покатам той жыццядайны кантэкст, у якім спраўдзілася мая мара. Надзіва для самога сябе, я пачуўся ўтульна ў тым, здавалася назаўжды страчаным кантэксце, і больш за тое, гартаючы добра пажоўклыя старонкі, спакваля пачаў усведамляць, што зрэпрэсаваны вонкі, ён зусім не знік да звання, а ўсяго толькі перабёг з вуліц, пляцаў і тадышніх праектаў у спраты маёй экзістэнцыі. І гэта менавіта ім (і адтуль, з спратаў) надыктаваныя многія з маіх значна пазнейшых інтэлектуальных рэфлексій і нават адносна нядаўнія эсэі на радыё “Свабода” ( ды шмат чаго яшчэ).

Тады я і падумаў, што можа варта наноў пераніцаваць той даўні кантэкст трывогі і любові (сёння такія выразы і вымаўляць на людзях сорамна, бо ў эпоху нічыйнага мораку кожнае пафаснае слова абражае, як здрада добраму густу), каб нагадаць хаця б самому сабе, што некалі трывога за Беларусь і любоў да свабоды былі будзённай явай і табе ў той яве было ўтульна як ніколі і нідзе.

З гэтага няўпэўненага роздуму, я пакрысе пачаў збіраць да купы ўсё (часам ужо і друкаванае ў папярэдніх кнігах), што нагадвала мне пра тую бурапенную пару…

* * *

Вось так і атрымалася гэтая кніжыца, якой не мусіла быць.

Поделиться с друзьями: