Дзiкi сабака дзiнга, альбо аповесць пра першае каханне
Шрифт:
Таня ўскочыла на ногi, ледзь крануўшыся масткоў - такая яна была лёгкая.
Яна саскочыла на бераг, увайшла ў ваду, i рака надзьмула яе сукенку - яна стала падобная на лясную кветку. Кошка таксама скочыла ў ваду. А Коля застаўся на месцы.
Таня выцягнула руку i ўзяла кацяня ў далонь. Яно стала меншае за пацука. Рыжая поўсць яго вымакла, яно ледзь дыхала.
Таня паклала кацяня на камень, i кошка аблiзала яго.
А Коля ўсё стаяў на месцы.
– Ты знарок скiнуў яго ў раку! Я сама гэта бачыла!
– крыкнула Таня сярдзiта.
Коля маўчаў.
"Можа, ён баязлiвец", -
I тады яна прытупнула на яго нагой.
Але i гэта не заставiла яго зварухнуцца. Ён не мог вымавiць нi слова настолькi быў здзiўлены.
Таня кiнулася прэч ад яго. Яна бегла па сцяжынцы ўгору, i каленi яе абдымала мокрая сукенка.
Коля дагнаў яе на самай вяршынi гары, каля рыбацкiх дамоў, i тут, задыхаючыся, узяў яе за руку.
– Таня, - сказаў ён, - павер мне, я не хацеў... гэта выпадкова. Кацяня само ўпала ў ваду.
– Пусцi мяне, - сказала яна, вырываючыся.
– Я больш не буду лавiць! Я пайду дахаты!
– Тады i я пайду.
Ён адпусцiў яе руку i ступаў шырока, каб не адставаць.
– Не хадзi за мной!
– крыкнула Таня.
Яны спынiлiся ля высокага каменя, што падпiраў хацiнку рыбака.
– Але ты прыйдзеш да нас абедаць?
– спытаў Коля.
– Сёння выхадны. Тата будзе цябе чакаць. Ён скажа, што я пакрыўдзiў цябе.
– Вось чаго ты баiшся!
– сказала Таня, прыхiнуўшыся да высокага каменя.
– Не, ты не так зразумела мяне. Я люблю тату, а ён будзе засмучаны. Вось што ты павiнна зразумець. Я не хачу, каб тата...
– Маўчы, - сказала яна, - я добра цябе зразумела. Я не прыйду сёння абедаць. Я больш нiколi да вас не прыйду.
Яна павярнула налева, i сцяна рыбаковай хаты адразу ж закрыла яе.
Коля сеў на камень - яго ўжо нагрэла сонца, ён быў сухi i цёплы, i толькi ў адным месцы цямнела сырая пляма. Гэта мокрая сукенка Танi кранулася каменя i пакiнула на iм свой след.
Коля пакратаў яго.
"Дзiўная дзяўчынка Таня, - падумаў ён таксама, як i Фiлька.
– Цi не думае яна, што я баязлiвец? Дзiўная дзяўчынка, - рашыў ён цвёрда.
– Хiба можна здзiўляцца таму, што яна зробiць цi скажа?"
I, зноў паклаўшы руку на камень, ён задумаўся.
А Фiлька нiчога не бачыў. Ён сядзеў за мыском на глiне i цягаў гусцёрак плоскiх рыбак з чорнымi вачыма - i выцягнуў карпа з вялiкай галавой, якога тут жа каменем забiў на пяску.
Пасля гэтага ён вырашыў адпачыць. Зiрнуў на масткi. Дзве вуды гойдалiся над вадой, лёскi былi туга напятыя - на iх хадзiла рыба, - але нiкога паблiзу не было - нi Колi, нi Танi.
I крамянiстая сцежка бязлюдная.
Ён паглядзеў таксама ўверх, на горы. I над гарамi хадзiў толькi вецер, таксама пустэльны, якi не наганяў нават асеннiх воблакаў.
Толькi адна кошка з кацянятамi валаклася з прыстанi ўгору.
IX
I ўсё-такi Таня прыйшла абедаць. Яна паднялася на ганак з шклянымi дзвярыма i рэзка адчынiла iх, шырока расхiнуўшы перад сабой, а сабака, як заўсёды, застаўся на ганку.
Таня гучна ляснула дзвярыма. Урэшце, гэта яе права прыходзiць, калi ёй захочацца, у гэты дом. Тут жыве яе бацька. Яна ходзiць да яго. I няхай нiхто не думае, што дзеля каго-небудзь альбо дзеля чаго-небудзь iншага, напрыклад,
дзеля пiражкоў з чаромхай.I Таня яшчэ раз стукнула дзвярыма, яшчэ мацней, чым да гэтага.
Дзверы зазвiнелi i запелi шкляным голасам.
Таня зайшла i села на сваё месца за сталом. У доме ўжо абедалi, i на стале стаяла поўная мiска з пельменямi.
– Таня!
– узрадаваўся бацька.
– Ты прыйшла? А Коля сказаў, што не прыйдзеш сёння. Сядай хутчэй i еш. Еш як след. Цёця Надзя зрабiла сёння для цябе пельменi. Паглядзi, як Коля iх лоўка зляпiў.
"Вось як, - падумала Таня, - ён i гэта ўмее!"
Яна ўпарта глядзела на бацьку, на сцяну, на добрыя рукi Надзеi Пятроўны, што падавалi ёй то хлеб, то мяса, а на Колю зiрнуць не магла.
Яна сядзела, нiзка схiлiўшыся над сталом.
Коля таксама сядзеў на сваiм месцы, унурыўшыся, увабраўшы галаву ў плечы. Аднак вусны яго моршчылiся ад усмешкi.
– Тата, - сказаў ён, - навошта ты сказаў Танi, што я зляпiў гэтыя пельменi? Яна iх не будзе есцi.
– Хiба вы сварылiся, дзецi?
– запытаў з трывогай бацька.
– Што ты, тата!
– адказаў Коля.
– Мы нiколi не сварымся. Ты ж сам казаў, што мы павiнны быць сябрамi.
– Але, - сказаў бацька.
А Коля, перагнуўшыся праз стол да Танi, прагаварыў шэптам:
– Хто ж гэта казаў мне, што сёння не прыйдзе абедаць?
Таня адказала яму ўголас:
– Я зусiм не прыйшла абедаць. Я не хачу есцi. Не, не, я зусiм не хачу есцi!
– гучна паўтарыла яна бацьку i яго жонцы, якiя разам загаварылi з ёй.
– Як жа гэта ты не хочаш есцi?
– разгублена запытаўся бацька яшчэ раз.
– А пельменi?
– Дзякуй, я паабедала з мамай.
– Не прасi яе, тата, у трэцi раз, - сказаў насмешлiва Коля, - яна ўсё роўна не будзе есцi.
– Шкада, - пашкадаваў бацька, - не хоча - дык не будзе. А дарма: пельменi такiя смачныя!
Вядома, яны былi смачнымi, гэтыя кавалачкi празрыстага цеста, напханыя ружовым мясам, якiя гэтыя недарэкi палiваюць воцатам. Хто ж палiвае iх воцатам - неразумныя людзi! Iх ядуць з малаком, i пасыпаюць зверху перцам, i глытаюць, як чароўны агонь, якi iмгненна ажыўляе кроў.
Думкi Танi праносiлiся ў галаве як маленькiя вiхуры, хаця сама яна строга глядзела ў сваю талерку, дзе стылi пельменi. I галава яе цiха круцiлася, таму што дома яна не пад'ела i таму што ў яе былi здаровыя плечы, моцныя рукi i дужыя ногi, i толькi сэрца яе не знала, чаго ж яму трэба. I вось прыйшла яна сюды, як сляпая, у гэты дом, i нiчога не бачыць, нiчога не чуе, акрамя стуку сваёй крывi. Можа, вучоная спрэчка супакоiць яе?
– Тата, - сказала раптам Таня, - а праўда, што селядцы ў моры салёныя? Так гаварыў мне Коля. Ён зусiм не прызнае заалогii.
– Што такое? Не разумею, - спытаў бацька.
Коля перастаў есцi. Ён выцер губы i правёў рукой па сваiм здзiўленым твары. Ён нiколi не гаварыў так. Аднак здзiўленне яго хутка знiкла, як толькi ён успомнiў, што яшчэ ранiцай рашыў не здзiўляцца, што б нi было - нi таму, што зробiць, нi таму, што скажа Таня.
I праз момант ён зноў спакойна i нерухома глядзеў на Таню чыстымi вачыма, у якiх, нiбы з глыбокага дна, падымалася цiхая ўсмешка.