Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дзiкi сабака дзiнга, альбо аповесць пра першае каханне
Шрифт:

– Што ж ты маўчыш?

– Ён расказвае нецiкава.

– Няпраўда. Ён расказвае добра. Мы ўсе слухаем яго з прыемнасцю. Хiба ты была калi-небудзь у Крыме i бачыла Аляксея Максiмавiча? Падумай толькi жывога Горкага!

– Мой бацька мяне туды не вазiў!
– сказала Таня дрыготкiм голасам.

– Тым больш, табе варта яго паслухаць.

– Я не буду яго слухаць.

– Чаму?

– Таму, што гэта не датычыцца ўрока расейскай мовы.

Бог ведае, што яна гаварыла.

Настаўнiца павольна адышлася ад акна. Яе лёгкiя,

звычайна цiхiя крокi загучалi гулка па класе. Яна iшла да Танi, i позiрк яе сурова гарэў, накiраваны нерухома наперад.

Таня пакорлiва чакала.

– Перадасi пасля заняткаў бацьку, каб ён зайшоў да мяне заўтра, - сказала Аляксандра Iванаўна.

Яна строга зiрнула на Таню, на яе палаючы лоб i вусны, i здзiвiлася, як пабялелi раптам гэтыя вусны, якiя толькi што вымавiлi такiя дзёрзкiя словы.

– Я перадам мацi, яна прыйдзе, - цiха сказала Таня.

Настаўнiца марудзiла. Яна ўсё думала: "Што з ёю робiцца?
– i не знаходзiла поўнага адказу ў Танiных словах.
– Можа, гэты хлопчык хвалюе яе?"

Яна вырашыла схадзiць да яе дадому. Рука яе паднялася i кранулася пальцаў Танi.

– Ты не ашукаеш мяне сваёй дзёрзкасцю. Няхай нiхто не прыходзiць. Я дарую табе ў гэты раз. Але ведай: ты паводзiла сябе зараз не як пiянерка. Ты думаеш не тое, што гаворыш. А раней ты заўжды была справядлiвая. I што з табой - мне незразумела.

Яна, усё яшчэ засмучаная, пайшла да сваёй кафедры. Усе сядзелi нерухома i маўчалi. Толькi дзяўчынка Жэня павярнулася назад так хутка, што ледзь не звiхнула сваю тоўстую шыю.

– Таня проста закахалася ў яго, - сказала яна шэптам Фiльку.

Ён пiхнуў яе нагой.

Ну што рабiць, калi гэтая балбатуха была такая дурная, што ў яе галаве з кучаравымi валасамi не было анiякай фантазii!

А Таня ўсё стаяла, трымаючыся рукамi за парту. Пальцы яе знясiлена дрыжалi. Яна магла б упасцi, калi б воля яе маўчала, як маўчаў яе скаваны язык.

– Чаго ж ты стаiш?
– сказала Аляксандра Iванаўна.

– Дазвольце мне сесцi за iншую парту.

– Навошта? Хiба з Жэняй табе нязручна сядзець?

– Не, зручна, - сказала Таня, - але гэтае дрэва за акном адцягвае маю ўвагу.

– Садзiся. Якая ты аднак дзiўная!

I Таня села за апошнюю парту, дзе нiкога не было, апроч яе.

– Сядай i ты, Коля, - сказала настаўнiца.

Яна зусiм забылася на яго, занятая думкамi пра Таню. Але i цяпер, калi яна ўспомнiла, ён не крануўся з месца.

Ён стаяў, крыху падаўшыся наперад, нiбыта перад iм была не гладкая падлога, а крутая сцежка на гару; твар яго быў чырвоны, а позiрк прыжмураны.

– Добра, Коля, - сказала настаўнiца, - сядай. Я стаўлю табе "выдатна".

– Дазвольце мне сесцi на месца Сабанеевай Танi?

– Ды што гэта з вамi?

Але дазволiла.

Ён сеў на лаўку побач з дзяўчынкай Жэняй з-за адной толькi ўпартасцi.

Таня засталася адна. Яна глядзела ў акно, сапраўды спадзеючыся не бачыць дрэва.

Але i адсюль яно было вiдно. Першы снег накрыў яго галiны. Ён больш не раставаў.

Першы снег кружыўся над яго галавой, што знiкала ў туманным небе.

XI

"Калi чалавек застаецца адзiн, ён рызыкуе трапiць на дрэнную дарогу", падумаў Фiлька, застаўшыся ў адзiноце на пустыннай вулiцы, па якой звычайна вяртаўся разам з Таняй са школы.

Цэлую гадзiну чакаў ён яе, стоячы на рагу каля латка кiтайца. Цi лiпучкi з салодкага цеста, што кучай ляжалi на латку, цi сам кiтаец у драўляных чаравiках заняў увагу Фiлькi, але толькi цяпер ён быў адзiн, i Таня пайшла адна, i гэта было аднолькава дрэнна для абаiх.

У тайзе Фiлька б ведаў, што рабiць. А тут, у горадзе, яго могуць прыняць за паляўнiчага сабаку i пасмяюцца з яго.

I, падумаўшы пра гэта, Фiлька прыйшоў да горкага вываду, што ён ведаў шмат чаго, што ў горадзе было яму не патрэбна.

Ён ведаў, напрыклад, як каля ручая ў лесе высачыць собаля па парошы, ведаў, што калi да ранiцы хлеб змерзне ў клецi, то можна ехаць у госцi на сабаках - лёд вытрымае нарту, i што калi вецер дзьме з Чорнай касы, а месяц стаiць круглы, то будзе буран.

Але тут, у горадзе, нiхто не глядзеў на месяц; цi моцны лёд на рацэ, даведвалiся проста з газеты, а перад буранам вывешвалi сцяг на каланчы альбо стралялi з гарматы.

Што датычыць самога Фiлькi, то яго прымушалi тут не высочваць звера па снезе, а рашаць задачы i знаходзiць у кнiзе дзейнiк i выказнiк, чыiх слядоў не знайшоў бы самы лепшы паляўнiчы ў стойбiшчы.

Але няхай Фiльку лiчаць сабакам, каму гэтага хочацца, i няхай смяюцца з яго, але ў гэты раз ён зробiць па-свойму.

I Фiлька сеў на кукiшкi пасярод вулiцы i праверыў усе сляды, якiя былi на снезе.

Добра, што гэта быў першы снег, i выпаў ён нядаўна, i што па гэтай вулiцы амаль нiхто не хадзiў.

Фiлька падняўся i пайшоў, не адрываючы вачэй ад зямлi. Ён пазнаў iх усiх, хто тут быў, нiбыта прайшлi яны ў яго перад вачыма. Вось адзiнокiя Танiны сляды ля самага плота - яна iшла адна паперадзе, ступаючы асцярожна, каб не вельмi таптаць нагамi гэты слабы снег. Вось сляды Жэнi ў галёшах i Колi - яго крок нешырокi, але ўпартасць надае яму адзнаку цвёрдасцi.

Але як дзiўна яны сябе паводзiлi! Паварочвалi, падпiльноўвалi Таню i зноў даганялi яе. Было падобна на тое, што яны смяялiся з яе. А яна ўсё iшла, iшла наперад, i неспакойна было ў яе на сэрцы. Хiба такiя сляды пакiдае яна на Фiлькавым двары цi на пяску ля ракi, куды ўдваiх яны ходзяць на акунёў?

Але ж куды яна знiкла?

Танiны сляды канчалiся раптоўна на месцы, дзе не было нi ганка, нi брамкi ў плоце. Яна, як ластаўка, паднялася проста ў паветра. А можа, гэта само паветра, цёмнае ад першага снегу, падхапiла яе ўгору, як лiст, i круцiць цяпер у воблаках i калыша? Не магла ж яна, на самай справе, пераскочыць праз такi высокi плот!

Фiлька пастаяў секунду, потым рушыў далей па слядах Жэнi i Колi - яны iшлi спачатку побач, а на рагу разыходзiлiся ў розныя бакi, не вельмi задаволеныя адно адным.

Поделиться с друзьями: