Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дзiкi сабака дзiнга, альбо аповесць пра першае каханне
Шрифт:

– Фiлька, не давай дзяўчатам серы, - сказалi хлопчыкi са смехам, хаця яны ведалi добра, якая шчодрая ў яго рука.

– Чаму ж не даць?
– адказаў iм Фiлька.
– Я дам ёй самы вялiкi кавалак. Хай падыдзе да мяне.

Жэня падышла.

Фiлька дастаў з кiшэнi маленькi папяровы пакунак i асцярожна паклаў ёй у руку.

– Ты багата мне даеш, - са здзiўленнем сказала Жэня.

Яна разгарнула паперку.

Маленькае, нядаўна народжанае мышаня дрыжучы сядзела ў яе на руцэ. Жэня з крыкам кiнула яго на зямлю, а дзяўчынкi, што стаялi паблiзу,

разбеглiся.

Мышаня сядзела на снезе i дрыжала.

– Што вы робiце?
– сярдзiта сказала Таня.
– Яно ж змерзне!

Яна нахiлiлася i, падняўшы мышаня, падзьмухала на яго, абагрэла сваiм цёплым дыханнем i сунула яго да сябе пад футру за пазуху.

Да натоўпу падышоў чалавек, якога нiхто ў гэтым горадзе раней не бачыў. Ён быў у сiбiрскай шапцы з лiсiнага футра i ў дарожным кажушку. Ногi ж ягоныя былi абуты дрэнна. I гэта заўважылi ўсе.

– Нехта прыехаў сюды, - сказаў Фiлька, - не тутэйшы.

– Не тутэйшы, - пацвердзiлi астатнiя.

Усе глядзелi на яго, пакуль ён падыходзiў. А маленькая дзяўчынка са спрытнымi нагамi нават схапiла яго за кажух.

– Дзядзька, вы iнспектар?
– спытала яна.

Ён падышоў да натоўпу, дзе стаяла Таня, i сказаў:

– Скажыце, дзецi, як трапiць да дырэктара?

Усе падалiся назад. Гэта мог быць на самай справе iнспектар.

– Чаму ж вы маўчыце?
– спытаўся ён i звярнуўся да Танi: - Праводзь мяне ты, дзяўчынка.

Таня азiрнулася, мяркуючы, што ён гаворыць каму-небудзь iншаму.

– Не, ты, дзяўчынка, ты, з шэрымi вачыма, у якой мышаня.

Таня паглядзела на яго, шырока раскрыўшы вочы i гучна жуючы сваю серу. З-за пляча яе пазiрала мышаня, што прыгрэлася пад каўняром яе футра.

Чалавек усмiхнуўся яму.

I тады Таня выплюнула серу i пайшла да ганка.

– Хто гэта?
– запытаўся Коля.

– Гэта, вiдаць, iнспектар з Уладзiвастока, - адказалi яму.

А Фiлька раптам выгукнуў спалохана:

– Гэта герой, даю слова! Я бачыў на ягоных грудзях ордэн.

XIII

А мiж iншым гэта быў пiсьменнiк. Хто яго ведае, чаму ён прыехаў у гэты горад зiмой без валёнак, у адных толькi ботах. Дый боты яго былi не з каровiнай скуры, прашытай, як у старацеляў, жылкамi, а са звычайнага шэрага брызенту, якi ўжо нiяк не мог сагрэць ногi. Праўда, на iм было i доўгае цёплае футра, i шапка з рыжай лiсы. У гэтым футры i шапцы яго бачылi i ў клубе ў пагранiчнiкаў. Казалi, нiбыта ён нарадзiўся ў гэтым горадзе i нават вучыўся ў гэтай самай школе, куды сёння прыйшоў.

Можа, захацелася яму ўспомнiць сваё дзяцiнства, калi рос ён тут хлапчуком, i няхай халодны, а ўсё ж родны вецер дзьмуў у ягоны твар, i знаёмы снег клаўся яму на вейкi. Цi, можа быць, захацелася яму паглядзець, як новыя парасткi шумяць цяпер на беразе яго ракi. А можа, засумаваў ён са сваёй славай у Маскве i рашыў адпачыць, як тыя вялiкiя зоркiя птушкi, што цэлы дзень лунаюць высока над лiманам i потым апускаюцца на нiзкiя ялiны, каб адпачыць тут у цiшынi.

Але Таня думала не так.

Хай сабе гэта не Горкi, думала яна, няхай гэта iншы,

але затое ён прыехаў сюды, да яе дадому, у яе далёкi край, каб i яна магла паглядзець на яго сваiмi вачыма, а можа, нават i дакрануцца да ягонага футра рукой.

У яго былi сiвыя валасы на скронях, хаця ён быў не стары, i тонкi голас, якi ўразiў яе.

Яна толькi баялася, каб ён не спытаў яе, цi любiць яна Лушкiна i цi падабаюцца ёй яго ўласныя кнiгi.

Але ён нi пра што не запытаўся. Ён толькi сказаў:

– Дзякуй табе, дзяўчынка. Што ты будзеш рабiць з мышаняткам?

I хаця многiя чулi, што пiсьменнiк нiчога асаблiвага не сказаў, але клопатаў праз яго было ўсiм нямала.

Як добра бывала раней, калi раз у дзесяць дзён Аляксандра Iванаўна па вечарах, пасля заняткаў, займалася з лiтаратурным гуртком.

Яны сядалi за доўгi стол у пiянерскiм пакоi, а Аляксандра Iванаўна сядала ў крэсла. Яна рабiлася нiбыта зусiм iншай, чым у класе, нiбы з далёкага падарожжа прыплывала да iх на нябачным караблi. Яна клала падбародак на свае пераплеценыя пальцы i пачынала раптам чытаць:

Когда волнуется желтеющая нива

И свежий лес шумит при звуке ветерка...

Затым падумае крыху i скажа:

– Не, не гэта хацела я вам сёння прачытаць. Лепш паслухайце вось што:

И он к устам моим приник

И вырвал грешный мой язык.

И празднословный, и лукавый,

И...

Ах, дзецi, я так хачу, каб вы зразумелi, якiм цудоўным бывае паэтава слова, якiм чароўным сэнсам напоўнена яно!

А Фiлька нiчога не разумеў i гатовы быў без жалю вырваць свой язык, якi толькi i рабiў, што калацiўся без толку аб зубы, дапамагаючы яму жаваць усё, што нi трапляла ў рот, а нiводнага такога верша скласцi не мог. Але затое ён выдатна гаварыў, як кiтаец, што стаяў на рагу з лiпучкамi.

"I мала-мала ёсць, - гаварыў ён, - i худа ёсць, i шыбка харошо".

Усе смяялiся з яго.

Потым Жэня чытала вершы пра пагранiчнiкаў, а Таня - апавяданнi. Коля ж заўсёды ўсё крытыкаваў раўнадушна, жорстка i сам нiчога не пiсаў - ён баяўся напiсаць дрэнна.

Але зусiм нядаўна, некалькi дзён назад, Таня прачытала iм сваё апавяданне пра маленькае мышаня, якое пасялiлася ў рукаве старога футра. Яно жыло там доўга. Але аднойчы футра вынеслi з кладоўкi на мароз, i ўпершыню мышаня пабачыла снег. "I як толькi людзям не сорамна таптаць яго, - падумала мышаня, - гэта ж цукар!" - i выскачыла з рукава. Беднае мышаня! Як яно цяпер будзе жыць?

У гэты раз Коля не сказаў нiчога благога. Яго маўчанне Таня прыняла за пахвалу i цэлы дзень i ўсю ноч, нават у сне, адчувала шчасце. А ранiцай парвала апавяданне i выкiнула.

"Няўжо, - думала яна, - нават не пахвала, а маўчанне гэтага дзёрзкага хлопчыка можа зрабiць мяне шчаслiвай?"

Але сёння на занятках было зусiм iнакш.

Дзiўныя турботы апанавалi iх. Дзе дастаць кветак, каб падарыць iх увечары пiсьменнiку? Дзе ўзяць iх зiмой, пад снегам, калi нават звычайны хвошч на балоце, калi нават апошняя траўка ў лесе не засталася жывой?

Поделиться с друзьями: