Дзiкi сабака дзiнга, альбо аповесць пра першае каханне
Шрифт:
– А хiба ты не прасiў Фiльку, каб той сказаў Танi, што мы ранiцай пойдзем сюды?
– злосна адказала Жэня.
Але Таня не слухала iх. Яна занепакоена схiлiлася над Колем.
Твар яго быў бледны, ён трымаўся за нагу, не маючы сiлы ўстаць з сумёта.
– Iдзi ты, дурнiца, - сказаў ён Жэнi.
– Iдзiце вы абедзве, я застануся адзiн.
Жэня ўсё не пераставала калацiцца.
– Я пайду дамоў, - сказала яна.
Таня ўзяла Жэню за плечы, цiха павярнула тварам да горада.
– Iдзi, - сказала яна.
– Толькi зайдзi да Фiлькi i скажы, што мы тут. Мамы няма дома.
–
Жэня пабегла ўверх на гару, рукавом закрываючы ад ветру твар.
Таня села на лёд перад Колем, пачала рукамi развязваць рамянi.
– Ты ўдарыўся? Табе балiць?
– спытала яна.
Ён прамаўчаў.
Навокал цямнела ўсё: рака, i лёд, i неба.
Пальцы яе змерзлi. Яна сагравала iх, зрэдку моцна зацiскаючы памiж каленяў. Коля сiлiўся не стагнаць. Яна падала яму руку. Ён устаў i зноў апусцiўся на снег.
– Ты зламаў нагу?
– сказала Таня з жахам.
– Не, - адказаў Коля, - я толькi трохi расцягнуў сабе жылу. Гэтая дурная Жэня зусiм не ўмее катацца.
Потым яна пачула яго смех, мiж тым як смяяцца яму было б не варта.
Можа, ён смяецца з яе, з яе страху за жыццё? Можа, гэта толькi прытворства i жарт - нага ў яго зусiм не балiць?
– - Паглядзi на дарогу, - сказаў ён са смехам, - гэта ж Тыгр нясе твае канькi ў зубах. Я так i думаў, што ты iх схавала.
Яна паглядзела на дарогу.
Так, гэта Тыгр бег па лёдзе, цягнучы за раменьчыкi канькi. Ён паклаў iх ля яе ног i прысеў побач, чакаючы падзякi. Яна правяла змерзлай рукой па яго халоднай поўсцi. Але навошта ёй цяпер канькi i дзе ён iх узяў? Ён, вiдаць, выкапаў iх з сумёта за домам. Ён валок iх па вулiцы, палохаючыся сустрэчных. I вецер кiдаў у яго снегам. Яму, вiдаць, цяжка было цягнуць. А ўсё дарэмна: ёй цяпер не патрэбны канькi.
– Што ж мне рабiць?
– сказала яна.
– Мамы няма дома. Няма нiкога, апроч Тыгра. Але калi ты не можаш iсцi, я на руках занясу цябе да рыбаковых хат. А тут заставацца нельга. Ты не ведаеш нашых буранаў.
– Я не баюся вашых буранаў, - упарта адказаў Коля.
– А калi ты думаеш, што я спалохаўся глыбокай вашай ракi i не пайшоў тады ў ваду па тое няшчаснае кацяня, - твая справа. Думай, як хочаш. Iдзi, калi ты баiшся.
– Не, - сказала Таня, - я не бурану баюся, я баюся за цябе. Гэта небяспечна, i я застануся тут з табой.
Яна села на снег каля Колi. Яна глядзела на яго з пяшчотай i не хавала яе больш. I твар яе выказваў трывогу.
Ён апусцiў галаву.
– Я павiнен быць дома, - сказаў ён.
– Я даў слова бацьку. Ён жа не ведае, дзе я.
– Што ж мне рабiць?
– паўтарыла Таня.
Яна адвяла вочы ад Колi i задумлiва паглядзела на Тыгра, што дрыжаў на лятучым снезе, потым ускочыла на ногi, ужо вясёлая.
Неба спаўзала з гор, сцелючыся, як дым, па цяснiнах. I чорная далячынь была блiзкая, стаяла за скаламi побач. Але самы страшны вецер яшчэ не выйшаў з-за пясчанай касы, дзе былi раскiданы камянi. I снег яшчэ не падаў зверху. Буран насоўваўся павольна.
– У нас ёсць час, - сказала Таня.
– У Фiлькi сабакi, а я праўлю нартай выдатна. Я прыганю iх сюды. Мы можам паспець. Пачакай мяне тут, i я завязу цябе да бацькi. Толькi не палохайся.
Таня пасадзiла Тыгра ў сумёт i дала яму лiзнуць сваю руку. Ён застаўся на месцы, гледзячы са страхам на поўнач, дзе бура ўжо рухала снег i калыхала лясы на гарах.
Таня ўзбегла на бераг.
Нахiлiўшы твар i рассякаючы вецер целам, яна прабегла па вулiцы, заваленай высокiмi сумётамi. Усе вароты былi ўжо зачынены. Толькi адны Фiлькавы вароты стаялi адкрытыя насцеж. Толькi што ён прыехаў з бацькам на сабаках. Ён стаяў на ганку, i чысцiў свае лыжы, i, убачыўшы побач Таню, якая дыхала моцна, здзiўлена адступiў перад ёй. А сабакi ляжалi ля варот на двары, запрэжаныя ў нарту, - iх яшчэ не паспелi распрэгчы. I каюр - доўгая палка з ясеню - быў уторкнуты побач з iмi ў снег.
Таня схапiла каюр i ўпала ў нарту.
– Што ты робiш, Таня!
– крыкнуў спалохана Фiлька.
– Асцярожна, яны злыя.
– Маўчы, - сказала Таня, - маўчы, любы Фiлька! Мне трэба хутчэй адвезцi да бацькi Колю. Ён звiхнуў сабе нагу на катку. Я зараз прыганю тваю нарту. Па рацэ гэта блiзка.
Яна ўзмахнула каюрам, крыкнула на сабак па-нанайску, i сабакi вынеслi яе з варот.
Пакуль Фiлька паспеў саскочыць з ганка i надзець на ногi лыжы, нарта ўжо была далёка. Але ўсё ж ён бег за Таняй i крычаў з усёй моцы:
– Буран, буран! Куды ты? Пачакай мяне!
Але Таня ўжо не пачула яго крыкаў.
Яна сядзела на нарце вярхом, як сапраўдны паляўнiчы. Яна правiла выдатна, трымаючы напагатове каюр. I дзiўна, сабакi слухалiся яе, хаця голас яе быў iм незнаёмы.
Фiлька спынiўся. Вецер ударыў яго ў плечы i прымусiў прысесцi на лыжы. Але ён не павярнуў назад.
Ён пасядзеў крышку на лыжах, раздумваючы пра тое, што ўбачыў, пра вецер, пра Таню i пра сябе самога. I, рашыўшы, што ўсё добрае павiнна мець добры напрамак, павярнуў раптоўна ад дому i, рушыўшы на дарогу, што вяла ў крэпасць цераз лес, пабег па ёй насустрач буры.
А пакуль ён бег, сабакi яго дружна вывезлi Таню на лёд. Яна прытармазiла нарту побач з Колем, з сiлай уткнуўшы памiж палазоў доўгi каюр. I адразу сабакi палеглi, зусiм не сварачыся адзiн з адным.
Коля, хiстаючыся ад болю, цяжка ўстаў. Але ён усмiхаўся. Нават задавальненне свяцiлася на яго змёрзлым твары. Ён упершыню бачыў у запрэжцы сабак, упершыню яму даводзiлася ездзiць на iх.
– Сапраўды, гэта нядрэнна прыдумана, - сказаў ён, паглядзеўшы на лёгкую нарту, падбiтую кiтавым вусам, i на сабак, што грызлi снег па баках.
– Гэтыя сабакi не такiя злосныя, як пра гэта бесперапынку гаварыў мне Фiлька, i не такiя дужыя на выгляд. Яны не намнога большыя за нашых шпiцаў.
Але Таня, якая лепей ведала iх злосць, нястрыманы нораў i непатольную прагу свабоды, нi на крок не адыходзiла ад нарты. Толькi на момант адлучылася яна, каб асцярожна падхапiць на рукi Колю i пасадзiць яго ў санi. Потым падняла дрыжачага ад страху Тыгра, прыцiснула яго да грудзей, скокнула ў нарту i пусцiла сабак наперад.
Але якiя няўлоўныя былi пры гэтым яе рухi, i якiя дакладныя, якi пiльны быў позiрк на снег, што пачынаў сiпець i варушыцца па дарозе, i якiм нясмелым рабiўся ён, калi яна скiроўвала яго назад - на Колю.