Дзве душы
Шрифт:
— Не, мяне выпісалі з часці, і я працую на фабрыцы. Жыву з маткаю.
— Што? І мамка тут! — крыкнуў той, не ведаў, як сказаць аб ёй, а казаць, як калісь, Маланка — сароміўся. — Ай, як ба добра з ёю пабачыцца. А што, здарова, тупаець, як тады?
— Ат, якое там здароўе, Ігнат Восіпавіч, — а злашчы пры гэткай дарагоўлі. Каб хаця страваванне лепшае.
Яны троху памаўчалі.
— Калі не пагрэбуеце… — невясёла і нясмела ўсміхаўшыся, казаў Васіль, — пойдзем, старая будзе надта ж рада. Успамінае вас штодзенна. Адрас вельмі старалася даведацца. Клапаціла, ці не забіты вы?
— А я, няўстыдны, і
Яны ўсталі і пайшлі на трамвай. Былі абодва радыя. У непарадку казалі адзін аднаму аб сваіх падзеях апошніх гадоў. І прапаршчык не пазнаваў даўнейшага Васіля, неклапатлівага, вясёла-няўважнага пастуха, потым работніка ў прудзе (млыну). У яго на вачох быў сур'ёзны, удумлівы, крыхачку хмарны работнік, каторы найлепі разважаў аб значэнні падзей і быў гарачы паклоннік недалёчкай сацыяльнай рэвалюцыі. Той, афіцэр, навет некалькі разоў зчырванеў за сваё няведанне і збочнае сугляданне крывавага змагання.
Ехалі амаль не цэлую газіну ў незнаёмы край горада. Яшчэ доўга ішлі па нячыстых вуліцах, загароджаных вялізарнымі, непрыгожымі дамамі, сярод фабрычных комінаў і каля высачэннага плота.
— Мне добра: блізка да фабрыкі, — хваліўся Васіль.
Збочылі ў вузенькі завулак, узышлі на аграмадны панадворак з некалькімі павароткамі, са смуродам ад дзёгцю і вапны з-пад абы-як збітых дашчаных патрэбных каморак і ўрэшце апынуліся каля нізенькага ўвойсця ў падвал.
Васіль пастукаў.
— Наш палац, — сказаў ён.
— Хто там? Ты, Васілька? — пачуўся Абдзіраловічу знаёмы, знаёмы голас нянькі.
— Я, мама, я… з госцем. Адчыні.
Аббітыя калматаю рагожаю дзверы скрыгнулі, і тады на парозе паказалася яна, без пары вельмі старая, з абгаркам свечачкі ў руцэ.
— Зробце ласку! — пусціў Васіль гасця наперад.
— Нічога, нічога, смеленька, панок, — з пытаннем у вачох запрашала і яна, устаўляла абгарак у адбітае дно бутэлечкі з папераю.
— Не прызнаешся, мамка? — працягнуў Абдзіраловіч рукі.
— А хто ж вы, панок? — І трошку памаўчала і паўзіралася. — А!! — раптам неяк пісклява айкнула яна і кінулася да яго. — Панічочак наш! Ігналік! Ах, Ігналік… — і схапіла за рукаў.
Слёзы папаўзлі ў яе па зморшчынах; яна згубілася ў парадку.
— Здароў табе, мамка, — паспеў ён прытуліць яе з прыкрай, аднак, трывогай, каб яна цмокнула ў руку, як гэта было зазвычаена ў іх у дварэ, і пацалаваўся з ёю.
— Ах, панічок! Ігналік… Даруйце ўжо мне, буду гукаць Ігналікам, як маленькага. Воля цяпер, — сарамліва дадала яна і зусім згубілася ў парадку, не ведала, як прыняць, куды пасадзіць яго.
— А як жа, а як жа. Можаш, мамка, навет за вуха падраць і сказаць: «А-а, ты, нягоднік Ігналік, не пісаў». Але дай веры, мамка, жыццё так выпадала. І адрасу не ведаў.
Васіль маўкліва барабаніў трубою самавара і з чорным ад вугалля кошыкам у руцэ шмыкнуў некуды за дзверы.
— А я во гарую тутака. На крылліку, здаецца, вылецела б. Адылі ўсё мадзею з Васільком. Яна агледзелася.
— Ай, божухна, як жа гэта я? На самавар дык і забылася. Не паставіла, думала, Васіль у камітэтах сваіх заначуе. Бальшавік жа ён у мяне, ай, бальшавік. І бог святы ведае, да чаго яно дойдзець, усё гэта… Пэўне, да Карпавіча па вугалле пайшоў.
Той таксама за бальшавікоў цягнець, яшчэ злей. Збівае з розуму і нашага мальца; заўсёды гамоняць а гомоняць ды шашакаюцца.Пакой быў досіць вялікі, але гнёў сваймі гмурымі сцюдзёнымі сценамі і нізка навіслаю, аблупленаю каменнаю столлю. За паркалёваю фіранкаю стаяў адзін ложак, ля печы — другі. На стале ў сіняй паперцы ляжаў селядзец. На паліцы, каля высокага, за кратаю, вакна ляжала некалькі нумароў газеты, брашур і тоўстая кніжка ў добрай вокладцы. Нахіліўшы галаву, Абдзіраловіч прачытаў цісненне: «Капітал».
«Няўжо Васіль чытае Маркса?» — падумаў ён пра сябе.
Тым часам прыйшоў і ён з вугаллем. Старая забегала з селядцом і ўсё пыталася.
— Авохці, божачка наш, бацюхна, — казала яна, — каторы год свет увесь круціцца. Воля прыйшла, а ўсё канца няма. Карпавіч наш яшчэ злейшы цяперацька. Толькі й ведае хлопца баламуціць. Ай, каб не дарагоўля — памякчэў ба народ.
Калі елі селядца і пілі гарбату з брушнічным экстрактам, у дзверы нехта пастукаўся.
— Васілёк! А, Васілёк, — пачуўся грубы, але прыемны мужчынскі голас, — адчыні, браток, іду на гасця вашага падзівіцца.
— А каб яго качкі… знайшоў калі час, — нездаволена шапарнула старая. — Завядзець цяпер сваю дуду.
Увайшоў нізенькі, з сівымі кучаравымі валасамі дзядок у шырокім пільчаку зверху палатнянай вышыванай кашулі, у апорках; царамонна пакланіўся і працягнуў Абдзіраловічу руку.
— Іван Карпавіч Гаршчок, — сказаў ён, — Васілёў таварыш, работнік па мэталу.
— Прапаршчык Абдзіраловіч, — адказаў той.
Дзядок чуў сябе вольна і гаварыў з пэўнасцю і плаўнасцю. Падзякаваў гаспадыні за гарбату і зараз запытаўся ў афіцэра, разглядаючы на грудзёх значок з вучылішча:
— А якіх вы, так сказаць, паглядаў на палітыку ўжываеце?
— А вось пакуль што яшчэ самаазначаюся, а на фронце гэта мала карцела, — жартліва адказаў Абдзіраловіч.
— Ігнат Восіпавіч бліжэй за ўсяго падходзіць, пэўне, да сацыялістаў-рэвалюцыянераў, — дзялова заўважыў Васіль.
— Ці мала яму, галубчыку, і без таго клопату было, — быццам заступалася старая, — зазнаў гора даволі. Можа, бачыў троху дабра, як дзіцёнкам у дварэ жыў. У навуку рана пайшоў, потым з татулькам нешта пасварыўся, потым вайна. Як выхвараў, збялеў…
— Усе гэта недарэчы, — сербануў гарбаты, перабунтаваў яе гутарку Карпавіч і дастаў пушачку з махоркаю. — Дазваляе, цётка? — звярнуўся да яе і потым ветліва падставіў афіцэру: — Не пагрэбуйце: што душа мае, тым і прымае. Яно добра, — казаў ёй далей, — значыцца, калі чалавек гора зазнаў, баржджэй працоўнага чалавека абстоіць. Толькі з самаазначзннем бавіцца не выпадае, каб нойды не спазніцца, — зірнуў ён на Васіля. — Мне малец казаў троху чаго аб вас. Аб бацьку вашым казаў… Значыцца, вы за народ, калі з ім за нашага брата пасварыліся. Ну, скажыце мне па шчырасці: каб давялося нам з панамі падужацца, на чый бок станеце вы?
— З кім яшчэ дужацца хочаце? Ат, не мае стары лепшай гутаркі, — замінала матка. — Ці мальска крыві хрысціянскай пралілося. Бывала толькі: «Ай, каб зямелькі! Ай, каб зямелькі!» А цяпер і зямля будзе, дык яшчэ мала здаецца, немаведама чаго хочацца.
— О, не, цётачка, гэта пахнець старыною… Не, даволі мы ў іхныя рукі нацалаваліся, — раптам загневаўся Карпавіч. — Сячы трэба да карэння. Шкадаваць іх? Як нашы Гальшанскія — князі? Старэйшы сялян у пятлі давіць, а маладзейшы тут у камітэтах бегае, за народ быццам, — не!