Дзве душы
Шрифт:
Яна, далікатненькая і кволая, са збялелым у цямноце тварыкам, з любасцю слухала яго, паклаўшы яму на плечы свае рукі.
Спачатку матка прыслала сястру з хвусткаю, а потым — каб гукнуць іх у пакоі, каб не застудзіліся.
VI
І пачаліся дні балючай рэўнасці, адчаю і смяротнай тугі.
Аля як быццам зусім забылася на яго. Яна бавіла ўвесь час у паездках з маткаю і князем то ў Кіславодск, то ў горы, то ў італьянскую калонію.
Яго месца каля Алі забраў сабе князь — гэта было ясна.
І навет няня Макасеяў у парку, калі дзеці хацелі гуляць каля лавачкі, дзе сядзеў Абдзіраловіч,
На другую за той вечарынку ён не быў запрошаны.
І бесклапотныя прапаршчыкі, што хадзілі туды наядацца і піць віно, ласкава і па-прасцецку казалі яму:
— Эй, кіньце, прапаршчык Абдзіраловіч! Ці ж вы гэта запраўды? Бо яна ж яшчэ зялёная дзяўчынка, ветрык… І ведаеце, надта спатвораная. Як яна выказуецца! Курыць, п'ець віно, троху чаго ні пры ўсіх цалуецца з князем і з кім пападзя. Навет князю сорамна.
Абдзіраловіч хацеў бы забіць іх за гэткія прыкрыя гутаркі аб яго ідэалу, але толькі наўмысля ўсміхаўся і пільнаваў, каб як уцячы ад усіх і быць аднаму. І буркаў толькі ў адказ ім:
— Ну, вось яшчэ, любіце плесці нет ведама што, — не варта слухаць.
Аднак яны ведалі, што ён мучаецца, вельмі тым уражаліся і ніякай рады даць не маглі.
Аднойчы ўранні і надта рана, калі ён, змучаны бяссоннаю начою, туляўся ў пустым парку і бязмэтна трапіў на вакзал якраз к адходу першага ранняга поезда, яго вочы стыкнуліся там ля касы з няняю Макасеяў з кошыкам у руках.
Дзяўчына кінула спуджаным вокам убок і прамовіла:
— Аля тут… Мы паедзем на станцыю Бештаў па пірог: Валя сянні імяніннік.
Ён нічога не адказаў і паспяшыў да вагона, дзе стаяла Аля і махала новенькім гнуткім стэкам.
З весялосцю, як быццам нічога не здарылася, усё добра, прывіталася яна з Абдзіраловічам і пачала апавядаць, як цікаўна з'ездзілі яны ўчора.
— Аля! — у трывозе, і запыхаўся, і хапаўся скарэй сказаць усё, і дрыжачым голасам прамовіў ён. — Скажыце мне, Аля, што гэта ёсць? Няўжо ўсё скончана?
— Вы задаліся метаю папсаваць мне настрой, хоць некалькі дзён не бачылі мяне. Слухайце, Ігналік, мне ж не выпадае бегаць за вамі… Што могуць усе падумаць! Ці я вінавата, што вы нейкі, нейкі… — яна памаўчала, — самотны нейкі і ўважаеце ўхіляцца ад паязджання з намі.
Сэрца яго балюча зазнібела.
— Чаму ж вы не адказвалі на мае пісьмы?
— Ай, ну вось… Вы ўсім вінаваціце толькі мяне. Я не пісала таму, што спадзявалася сустрэцца з вамі. Спадзявалася кождага дня, і дні беглі адзін за адным.
— Падумайце, — без абы-якога звязку перапыхнула яна з радасным смехам, — падумайце: князь рыхтуецца прыйсці да мяне ў сваты! Чакаець толькі татусю. Ах, што за дурны чалавек, як усе мужчыны. Хоць, ведаеце, запраўды, ён паважна гэта робіць. Гэткі знялюбелы! Ну, што я адкажу яму? Падараваў мне стэк. Ляньце: срэбраная мышачка і якая прынадная манаграмка!
— Бывайце здаровы, Аля… так? — апаўшым голасам, абезнадзеіўшы, спытаўся ён.
— Слухайце, Ігналік, калі не хочаце пасварыцца канец з канцом, дык пакіньце сваю драматычнасць і злуванне, чуеце?
Паравоз запыхкаў і дзьмухнуў белаю параю. Сірэна чыстым, звонкім і зычным голасам прапела ў свежым горным паветры.
Яны рассталіся.
Доўга етаяў Абдзіраловіч і глядзеў туды, гдзе ў лесе хаваўся за дрэвы і кусты, уцякаючы, поезд.
Яна некалькі разоў, жадаючы пацешыць яго, махнула ручкаю, але скарэй, чымсі ён усё яшчэ спадзяваўся, схавалася за дзвярмі.
«Міласлівы пане гаспадару! Прашу адкінуць усякія думкі аб маей
дачцэ. І гэтае маё жаданне зусім натуральнае пры поўным з майго боку няведанні аб тым, хто Вы і што Вы ў Вашам грамадскім стане па-за вайсковаю службаю, маю надзею, будзе Вамі, як афіцэрам, добра споўнена. Макасеева.» — прачытаў ён у прынесеным пасля снедання пісьме і зняможна лёг на канапку.— Князь прадыктаваў! Аб яго залатой торбе яна добра ведае, — скрыгнуў ён зубамі. — А ты, Аля, Аля! Ах, навошта, навошта ўсё гэта было?
І цяжкі гнёт наваліўся на яго, апанаваў яго.
Белы тварык з чорнымі бліскучымі вачмі і курчавымі пасмачкамі, дзявоцкі смех і жарты — гэта быў боль і мука без паратунку.
Душа дваілася. Адна палова несказанна плакала і жалілася на другую, нашто яна мучыць яе падманкамі. І калі ён троху выстагнаўся, казала: «Уцячы, уцячы…»
VII
Тая смутна-ціхая пара, каторую так любіў і каторая стаяла ўваччу, калі думкі ляцелі да хатак Беларусі, яна ўжо даўно мінулася, калі ён прыехаў.
Ужо даўным-даўно перайшлі тыя дні, калі слабнучае сонейка яшчэ прыпякала, а селянін першы раз сёлета паліў пад асеццю. Дым шэра-палавою стружкаю віўся па-над вільчыкам страхі і плыў угару чуць віднымі фарботамі. Цягнулася белая ніцявінка павучыння… Вераб'іная стая дружна хуркала з-за плота на канаплянішча, і хлопчык бег па высокай і вузкай, нязручнай мяжы, сярод зялёных густых канапель, зганяць іх, а яны: хуррр! — паляцелі ў поле на снапы жоўтай пшанічкі ці ў лес. Ёмка кідаў ён шубнём і думаў з прыкрасцю, што — ах, колькі канапелек збіта, і з уцехаю, што — нічога: заўтра яго возьмуць ляшыць жыта і паднасіць сяўню.
Перайшлі тыя дні.
Перайшлі ў яго там, дзе было прыгожае сонечнае ранне, курортны поезд бег ад Мінеральных Водаў пад Пяцігорскам. Надта рана. Морыць сон. Пасажары дрэмлюць. Усходзіць сонца. Далякосці абгорнуты посіня-залатою імглою; яна пачынае таяць, і там а тут касулькі бліскуча-радаснага святла граюць ужо на кізілавых кустох, і на тэлеграфным дроце, і на полі. Дзе ж горы? Мясціна то ўжо гарыстая; то скідаецца тэрасамі ў шырокі і бясконцы дол, то карагодзіцца круглымі ад кустоўя курганкамі ўперамешку з роўнымі, кароткімі шнурочкамі чорнай, як сажа, раллі. З левага боку, у другое вакно, сунецца з туману якаясь цёмная грамада. Крутая паваротка дарогі, загрукатаў паравоз у правы бок — і горы блізка, блізка… як на далоні, як на карцінцы або ў біноклю. Там голая скаліна, там зялёныя грудочкі кустоўя. Здаецца, не надта вялікая гара, стаіць на самоце, адна, як курган. Адылі бягуць мінуты, далёка забег поезд, — яна ўсё такая ж блізкая, блізкая. А вёрстаў дваццаць будзе да яе адгэтуль, а можа, і болей. І горны лес, што ўкрыў яе, рысуецца зялёнымі плямамі кустоў ці травы і моху. Гэта гара-волат Бештаў.
Як сон прайшла тая пара. І светлы, залаты, і чорны, цяжкі сон.
Сядзіць ля вакна. Адзін. Мікола пайшоў у другую палову, дзе кляс.
Па небе шпарка ляцяць цёмныя воблакі. Распаўзаюцца, чапаюцца, збіраюцца ў адзін груд і засцяць неба. Смоўжам звілася над зямелькаю брудна-шэрая аграмадная пялёнка; яна хавае сонца. Пачырванелі дробныя ручачкі ў хлопчыкаў і дзяўчынак, што з кніжкавымі торбачкамі цераз плячо бягуць па апусцеламу шляху, абсаджанаму з двух бакоў чарадою смутных бяроз. Сцюдзёна. З неба белым курам пыляцца снежынкі, сіроткамі сыплюцца знеткуль згары, з няяснасці; выплываюць і мякка кладуцца на зямлю, на суччо бяроз, на ўбогую вопратачку дзяцей, на зімовыя шапачкі і хвустачкі.