Эсэ
Шрифт:
Не хацелася б тут гаварыць пра агульнавядомыя факты, пра біяграфію, але старонкі гэтага жыцця так адпавядаюць самой музыцы Агінскага, што не зрабіць гэта немагчыма. Улюбёнец шчасця — і выгнаннік. Сын сям'і з велічэзнымі культурнымі традыцыямі, пляменнік паэта і аўтара першай у Польшчы оперы — і дэмакрат. Уладар дзесяткаў маёнткаў — і паўстанец. Арыстакрат — і аўтар памфлета "Папугай", які ядуча і злосна вінаваціць магнатаў за іхнюю абыякавасць да народа і радзімы, за тыя звады іхнія, якія неймінуча вядуць краіну да развалу і пагібелі. Яго паланез фа-мінор ("Падзел Польшчы") — гэта лямант адчаю і гневу, дакумент (так, дакумент!) абвінавачвання. Таму дакумент, што ён сведчыць
Міхал Кляофас быў вялікім скарбнікам літоўскім, дыпламатам, але гэта адышло ў мінулае, нікому цяпер не важліва. А вось тое, што за мяжою яго слухалі Гайдн і Моцарт, тое, што інсургенты Касцюшкі ішлі ў бой і над галовамі іхнімі луналі не толькі сцягі, але і маршы Агінскага, — гэта застанецца. I застанецца тое, што, калі загрымела паўстанне Касцюшкі, дваццацідзевяцігадовы чалавек на свае грошы сфарміраваў атрад амаль з пяцісот чалавек і ўзначаліў яго. Яны добра біліся і, галоўнае, мужна. З пяцісот засталося сорак. Яны ўзялі Валожын, ішлі на Івянец, раздавалі сялянам трафеі. А пасля іх малады начальнік узначаліў усе паўстанцкія войскі, і галава яго была ацэнена на вагу золата (як быццам можа быць нейкае золата, вартае такой галавы, галавы, якая стварала такую музыку).
А пасля паражэння прыйшла эміграцыя. I Агінскі вёў перагаворы з Банапартам. Адвечная трагедыя людзей, якія пакутна любяць затаптаную сваю радзіму і ў якіх выбілі з рук зброю, не далі магчымасці даць адпор гвалтаўніку айчыны. Агінскі, аднак, і тут на галаву вышэй сучаснікаў. Ён вядзе перагаворы з рэвалюцыйным генералам Банапартам, а калі прыйдзе час імператара Напалеона — ён кіне маёнтак і паедзе з адступаючымі.
Нельга быці з моцным, калі ў журбе і крыўдзе твой народ. I калі Напалеон плаціў высакароднай крывёй легіянераў пры Сарагосе, Нёмане, у рускіх снягах, Агінскага з імі не было. Ён спачуваў ім, разумеў іх, але ён ведаў таксама, што гэта памылка, якая не перастае быць памылкай, нават калі яна — трагедыя.
Аляксандр I на пачатку царавання дзейнічаў у духу свайго выхавацеля, русаіста Лагарпа і не заўсёды адмаўляўся ад магчымасці пакакетнічаць з ідэяй лібералізму. Ён даў выгнаннікам амністыю, не схільны быў, як-то завялі пазней, тлумачыць усё на свеце, у тым ліку нават пугачоўшчыну, "польскай інтрыгай" і прызначыў Агінскага сенатарам. У гэтыя гады Міхал Кляофас і атрымаў у падарунак ад Францішака Агінскага Залессе. I вось тады ў Залессі і быў створаны паланез ля-мінор. Гэта была "сустрэча з радзімай", але традыцыя назвала паланез "развітаннем". I, бадай што, гэта было правільна і больш адпавядала тону і настрою музыкі, вялікай яе журбе. Бо і ў радасці сустрэчы быў сум за лёс сваёй зямлі.
У тыя гады Залессе і стала "паўночнымі Афінамі", месцам, дзе панаваў культ музыкі, літаратуры і жывапісу. Большая частка музычнай спадчыны кампазітара была напісана тут.
I, аднак, — да чалавека не прыходзіла радасць. Нічога не збылося з таго, аб чым марыў. Нічога, акрамя музыкі. Напалеон не нёс вызвалення. Ён нёс пакуты і кроў. Нельга было ісці за ім. Але нельга было ісці і за царом. Нельга было жыць на радзіме, лёсам якой заставалася рабства.
У геніяў ёсць дзівосная якасць. У некаторых сваіх творах яны "прадказваюць" свой лёс, як быццам гледзячы праз завесу часоў. Містыкай тут і не пахне. Проста яны ведаюць свой час і сябе. Ленскі — прароцтва Пушкіна аб сваім канцы. Адна з аповесцей Чэхава амаль дакладна малюе яго апошнія гады.
Не
мінула гэтая горкая чаша, гэты страшны дар прароцтва, і Агінскага. Паланез ля-мінор сапраўды стаў развітаннем. Пасля эпапеі 1812 года аўтар ягоны едзе за мяжу, і на гэты раз назаўсёды. Калі нічым не можаш дапамагчы — лепей не быць сведкам народных пакут.Фларэнцыя, "пяшчотны касач", стала ягоным апошнім прытулкам, сады Кашын замянілі яму залескія сады, плыткая Арно — глыбокую пясчаную Віллю. Тут ён і памёр. Чалавек, на жаль, памірае… Нават калі ён ствараў неўміручую музыку…
Мы сядзелі ля каменя, пакладзенага ў гонар Касцюшкі сярод залескага парку. Восень звінела лістотай. I ва ўсім была ледзь чутная музыка…
Магчыма, калі ён ад'язджаў з радзімы, горкае прароцтва ягонага паланеза гучала ў ягоных вушах, як гучыць яно зараз у нашых. Магчыма, ён ведаў, што ніколі больш не ўбачыць залескіх дубоў і радзімы. Але ведаў ён і другое.
Калі я слухаю паланез ля-мінор і калі ягоная журботная музыка ў плыні сваёй даходзіць да таго месца, дзе вызвалена і грозна пачынаюць гучаць урачыстыя фанфары — я разумею, што ён гэта ведаў.
Мір тым, хто загіне за народ і волю, слава тым, хто пераможа. Залескія дубы дадуць ім галіны для вянкоў, і самыя прыгожыя залескія дзяўчаты ўскладуць іх на галовы герояў.
Музыка абяцае гэта.
Подзвіг Францыска Скарыны
Подзвiг Францыска Скарыны дагэтуль не ацэнены. Не ацэнены таму, што мы почасту глядзiм на яго эпоху вачамi сённяшняга дня, забываючыся часам зiрнуць на яе вачамi сучаснiка Скарыны. Зiрнуць на яе знутры, нiбы сам жывеш у тыя часы, i многае, што для нас цяпер рэч натуральная, усмактанае ледзь не з малаком мацi, само сабой зразумелае — для цябе яшчэ цёмны лес.
Ты сучаснiк Скарыны. Прычым адукаваны сучаснiк. Якiм паўстае перад табою свет?
Космас. Сусвет. Ён канечны i абмежаваны непарушнай зорнай сферай з усiх бакоў. За ёю цi рай, жыллё i месца знаходжання бога, цi ўвогуле хаос. А пасярэдзiне сферы — Зямля. Вакол яе Сонца i планеты. Планет сем, толькi тыя, што можна бачыць няўзброеным вокам, бо i тэлескопа яшчэ няма. Калi ў цябе зрок лепшы, чым у астатнiх, i ты, скажам, бачыш, што Мiлавiца мае квадры, як Месяц, — памоўчвай, бо на зямлi смярдзiць паленым, i вогнiшча на плошчы ледзь не самае iнтэлектуальнае вiдовiшча ўладарных, i ўвогуле народных мас.
Толькi адзiнкi, дый то абстрактна, спекуляцыйна ведаюць, што Зямля — шар (паводле Пталамея, бо кнiга Капернiка з'явiлася амаль праз тры дзесяцiгоддзi пасля першай кнiгi Скарынавай "Бiблii"). I яшчэ добрых пару стагоддзяў эйнштэйны i каралёвы тых часоў будуць прасiць прабачэння у тых, што маюць уладу, за тое, што яны адэпты вучэння Капернiка. Будуць гаварыць прыблiзна ў тым родзе, што вучэнне Капернiка не новае, што яно старое, яшчэ да Пталамея, што так думалi яшчэ некаторыя пiфагарэйцы (i гэта ў сiм-тым праўда):
— Не бiце мяне за гэта. Я не наватар. Гэта вы… ой, прабачце! Я, наадварот, закарузлы кансерватар.
Гэта для адзiнак. Для большасцi Зямля — плоскасць, якую абмывае сусветны акiян. У акiяне жывуць кiтарыбы i марскiя манахi. Па сушы швэндаюцца, акрамя людзей i звяроў, кiраўрысы (кентаўры). Ёсць на гэтай плоскасцi Еўропа, Азiя, маленечкая Афрыка. За Атлантыкай ляжыць Iндыя, i толькi адзiнкi здагадваюцца, што гэта — Новы свет. Іншых земляў няма, бо іх ніхто не бачыў. I няма нiкога, хто спытаўся б такога рацыяналiста (божа, колькi iх i зараз!):