Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Кірыла Тураўскі. "Слова на новую нядзелю па Вялікадні". XII ст.

"Ныня сонца, красуючыся, да вышыні ўзыходзіць і, радуючыся, зямлю сагравае… Сягоння… зіма перастала быці і лёд… растаў… У гэты дзень вясна красуецца, ажыўляючы жывую зямную існасць; буяныя вятры (сёння), ціха павяваючы, плады цалуюць, і зямля, жывячы насенне, зялёную траву нараджае… У гэты час нованароджаныя агнцы і агнянкі (баранчыкі і авечкі), хутка ў пуцінку беручыся, скачуць, і скора, да матак вяртаючыся, весяляцца… Цяпер дрэвы парасткі выпускаюць і кветкі духмянасці працвітаюць, і вось ужо сады салодкі падаваюць водар… У гэтую пару рэкі… навадняюцца… У гэты час… працавітая пчала… на кветкі злятаючы, мядзвяныя соты стварае… Ныня ўся добрагалосная птушка… гняздуючыся

весяліцца… і сваю кожная спяваючы песню, славіць Бога галасамі несціханымі (нямоўчнымі)".

Гэта голас з васьмі стагоддзяў. Недзе ў далёкім, цьмяным дванаццатым стагоддзі прагучаў ён для нас. 3 вуснаў сына багатых тураўскіх мяшчан, сына горада, які ні па велічы, ні па дзяржаўнасці, ні па асвечанасці не саступаў Полацку, Ноўгараду Вялікаму, Кіеву… Багаты гандаль (знойдзена мноства манет), драўляныя і каменныя храмы (знойдзены рэшткі фундаментаў), асвечаны двор грэчаскай царэўны (яна была замужам за тураўскім князем)… Першабытная прырода, воды і лясы, роздум пад неабсяжным небам. Юнак, які ідзе ў манахі, жыццялюб (успомніце ягоныя радкі), які ідзе ў аскеты аж да таго, што замуроўваецца ў вежы. Паэт, які абіраецца ў біскупы і ўсю сілу свайго красамоўства аддае "казанням" (павучэнням) і "словам".

I стаў гэты паэт "Златавустам, які больш за ўсіх заззяў нам", і пачаў ён вялікае наша Пісьменства, і ўславіў родны свой горад, які да дня яго нараджэння быў ужо сто пяцьдзесят год, як упершыню адзначаны ў летапісе (980 г.), а значыць, існаваў ужо і задоўга да таго.

…Мы адзначым ягонае тысячагоддзе толькі ў гэтым годзе. Будзем сціплыя. Не будзем весці гарадской радаслоўнай з першай чалавечай стаянкі на гэтым месцы. Не будзем казаць, што горад Гейдэльберг вядзецца аж з шэльскага часу (800–300 тыс. гадоў назад) толькі таму, што ля яго была знойдзена сківіца гейдэльбергскага чалавека. Хопіць з Гейдэльберга і аднаго са старэйшых у Еўропе універсітэтаў і славы Г. Гегеля і Р. Бунзена, і славы аднаго з ачагоў гуманізму.

Як Тураву хопіць пакуль што тысячы год і славы Кірылы Тураўскага.

…Горад стаяў тысячу год, Кірыла жыў у ім нешта каля пяцідзесяці двух год, мы правялі у ім на гэты раз толькі сем дзён вясны. Мабыць, адной са сцюдзёных, стылых і непрытульных вёснаў, якія даводзілася перажываць гораду.

Сонца зусім не радавалася, скупа аграваючы зямлю, "кветкі духмянасці" пад Мінскам яшчэ і не пачыналі цвісці, і "працавітая пчала" не стварала "медвеныя сты". Пчолаў яшчэ зусім не было, і нявесела славілі неба напаўгалодныя птушкі.

3 цяжкасцю, з боем прабівала сабе дарогу вясна, і ўспаміналася, што год высакосны, што ён — "год актыўнага сонца" (якога д'ябла, калі такога пасіўнага яшчэ й бачыць не даводзілася!). I калі мы хадзілі пад Радашковічамі, то суцэльны белы дыван пралесак, якія пакутна мерзлі, здаваўся шэранем.

I калі мы, нагружаныя, як ішакі і вярблюды, сядалі ў аўтобус на Жыткавічы, каб ехаць насустрач тысячнай тураўскай вясне (добры повад для падарожжа і далейшай размовы!), то вясна тая ў Мінску амаль не адчувалася, дый па меры руху на поўдзень праяўлялася так павольна, з такой рахманай ніцасцю, што рабілася крыўдна за яе.

Чырвоны аўтобус (і адразу лезе ў галаву даўні польскі шлягер пра "аў-то-бус чэр-рво-ны"), мажная кантралёрша, якая ўшчувае нас за тое, што курым, кажа нешта пра некурашчага зяця ("добры быў бы зяць, курыць"), і невядома, ці яна скардзіцца на зяця, які ўжо ёсць, ці падахвочвае нас на тое, каб мы кінулі курыць ды набіваліся да яе ў зяці (на жаль, пазнавата). За гонар курцоў уступаецца вадзіцель (нешта накшталт таго, што не той зяць добры, які не курыць, а той, што цешчу з хаты не выкурвае — і нам так здаецца, — ат сабе, звычайны дарожны беларускі перабрэх!). Вадзіцель малады, але ўжо дужа самавіты, а абліччам і "корпусам" — выліты акцёр Рома Філіпаў, такі самы сімпатычны, такі самы здаравенны (як два бегемоты) і з такім самым адстаўленым ніжнім грыбам.

…Дарога. Зімнія яшчэ елкі і хвоі,

нясмелы зялёны пух на бярозах.

Аўтобус няўхільна набліжаецца да мэты, і чым бліжэй да яе, тым часцей сядаюць і злазяць, тым галаснейшыя галасы, тым больш рызыкоўныя і з веданнем справы жарты (бо ведаюць адзін аднаго і вадзіцеля). I ў мяккі аўтобус (хацеў бы я пабачыць такое недзе ў Падмаскоўі ці ў наваколлях Парыжа! — I як шкада, што не пабачыш!) на правах поўных гаспадароў увальваюцца крыклівыя цёткі з мяхамі крапівы (з іх тырчаць сярпы) і з крыху ўжо грыбаватым, але вясёлым дзядком. Вязуць "з-пад ракі Арэсы" крапіву і дзядка ў Абоз. У міжгародным аўтобусе. I шкада, што не ў міжнародным, прынамсі, пасажыры вывучалі б сапраўднае зубастае жыццё, а не дурныя часопісы, не творы Флемінга і… ладна, змоўкнем.

— Дык што, цёткі, у вас у Абозе сваёй крапівы няма?

— Няма.

— Не такая.

— Суседзям дапаможам, а сваю прытрымаць трэба.

Вылазячы ў Абозе, ледзь не забылі серп. Вываліўся. Словам, сумесь самага дрымуча-традыцыйнага ледзь не з навуковай фантастыкай. Як у той тыпова нашай і цалкам праўдзівай (ручаюся!) гісторыі, якую я зараз вам раскажу.

Едуць у такім вось аўтобусе ў горад бабка з малым дзіцем. Дзіця захутанае неймаверна, як капусны качан. Такі сабе бясформенны стажок — невядома, дзе рукі, дзе што. Пасажыры ад няма чаго рабіць лезуць, прыстаюць, "як клічуць?" ды "колькі табе год?". У адказ з-пад хустак толькі невыразнае "бу-бу-бу".

Здзіўленне мацнее. "Ды што такое ўрэшце з дзіцем?" "Куды гэта вы яго?" "Чаму яно нейкае… гэтакае?"

Урэшце бабка тлумачыць. Выяўляецца, гулялі ў касманаўтаў. А касманаўт без шлема — рэч немагчымая. Таму малому надзелі на галаву чыгун. А калі спахапіліся, то выявілася, што зняць яго хатнімі сродкамі немагчыма. I вось бабуля вязе гэтага, магчыма, будучага Клімука, па дапамогу. А захуталі, бо дзіця, у якога замест галавы чыгун, выглядала б па меншай меры дзіўна.

Не ведаю, але, па-мойму, мы яшчэ шчаслівыя, што жывём у складаны, шматфарбны, супярэчлівы час, што лётаюць над гэтай нашай зямлёй спрадвечныя лебедзі і наваз'яўленыя касманаўты. Шкада толькі, што — калі не возьмемся за розум — першых будзе ўсё менш, а другіх усё больш. А трэба, каб было болей і другіх і першых.

I гэта адна з тэм, пра якія, — як мне здаецца, — трэба яшчэ многа гаварыць і гаварыць. Мала таго, працаваць над гэтым і працаваць, змагацца за гэта і змагацца.

Зберагаць годнае і вялікае старое. Ствараць годнае і вялікае новае. Толькі годнае. Толькі вялікае. Бо ахвотнікі псаваць выпрабаванне часам знойдуцца і без нас. А нашы рукі павінны быць чыстымі і ад таго і ад другога.

…Прыпяць. Задоўга-задоўга да яе пачынаецца пойма, старыкі, мокрыя паплавы з золатам лотаці, вербы. Пасля і сама яна, імклівая сястра наша, адкрываецца вачам, з прыбярэжнымі пяскамі, з паромам, які перавозіць нас цераз імпэтныя воды. Паромам, на якім нам яшчэ давядзецца правесці шмат гадзін, бо гэта адна з артэрый Палесся, месца, на якім засяроджваецца частка ягонага жыцця, плынь гэтага жыцця, бег ягоны.

…I ўрэшце Тураў. Узнесеная над вадою пратокі трапецыя гарадзішча (пасля — замчышча), прыстань, не дужа шматлікія мураванкі і россып хат у нясмелай квецені садоў запозненай, сцюдзёнай вясны.

Гэтая дарога з цяжкімі рэчамі. Двухпавярховая школа. За ёй розныя там турнікі і снарады дзеля караскання (па-мойму, асобныя дзеці часцей ламаюць галовы там, чым над кнігамі), а перад ёю клумба, якая ўдае лічбу "1000". Позняя вясна, нічога яшчэ не ўзрасло на клумбе…

А праз вуліцу ад школы драўляны дом на дзве паловы, у адной з якіх жыве "запаветная" сям'я: арнітолаг Прыпяцкага запаведніка Вадзім Пятровіч Клакоцкі, ды жонка ягоная, батанік Тамара Мікалаеўна, ды іхняя дачка Аленка (старэйшыя сыны не ў Тураве, і я не маю гонару вам іх адрэкамендаваць), якая вучыцца, а значыць, пакуль не мае адносін да запаведніка, хіба што ў вольны час больш-менш паспяхова б'е ў ім лынды.

Поделиться с друзьями: