Эсэ
Шрифт:
У гэтым доме мы й мелі гонар пасяліцца, кіравацца адсюль па тураўскіх шляхах, літрамі паглынаць нанач каву і балбатаць языкамі да пасінення.
У многіх і многіх такіх дамах мне за жыццё даводзілася быць. Ад Уладзівастока да Брэста. I дай мне лёс пабываць яшчэ ў многіх і многіх, бо я люблю гэтыя хаты і гэты народ.
I ва ўсіх (амаль) такіх хатах (ва ўсякім разе ў тых, у якіх мне было дабрэй за ўсё) я бачыў, нягледзячы на сталасць побыту, на ўпарадкаванасць жыцця, — бачыў я ўсё ж налёт нейкай цыганшчыны: гнёзды на падвоканні, стрэльбу ў куце, кнігі ў самай фантастычнай малакучы, рогі, гаспадары якіх пазбавіліся ад іх за непатрэбнасцю або даўно ўжо адхадзілі па
А ў двары яблыні, якія — урэшце — расцвілі нават тут, недабудаваная пуня і яшчэ пуня, старая, у якой трусы і куры, ды квактуха з пісклянятамі пад сеткай, ды ў асобнай агароджы дзве будкі, у якіх жывуць ганчак Рыжы (мы нядоўга мелі гонар вадзіць з ім знаёмства, бо ён, адаспаўшыся пасля гайні, уцёк з новай гайнёю, шчадралюбае сэрца), ды пёс няпэўнай пароды па мянушцы Цёпа (гэты не ўцёк толькі дзякуючы прыроджанай ляноце ды таму, што караткаватыя ногі пры доўгім кадлубе не дазволілі пераскочыць плот).
А на дваровым ганку трохкаляровая Чыта з двума кацянятамі, пакуль без назвіска, пярэстым і рыжым, ды кот Кузя, такі ненатуральна доўгі і чорны, што яму прыпаялі за гэта мянушку "Шланг".
А ў двары матацыкл, такі пабіты і пашарпаны па лясных дарожках, што жах глядзець, але, як сказаў бы Эрых-Марыя Рэмарк, "з высакародным сэрцам гоначнай машыны". I мянушка яму, як машыне ў "Трох таварышах", Карл.
Вось, здаецца, і ўсе асобы, вартыя ўпамінавення. Далей аб кожным па ходзе справы.
…I вось вечар. I сядае, пакідаючы на вадзе залатую сцежку, сонца. Можна ісці насустрач яму з гарадзішча па вадзе Струмені, Прыпяцкай пратокі (а мноства стагоддзяў назад, відаць, не пратока, а сама Прыпяць плыла пад валамі гарадзішча), пасля паплавамі, пасля плынямі нядальняй Прыпяці і зноў паплавамі і дзюнамі. Гэтыя дрымотныя валы, тысячакротна ўтаптаныя і ўбітыя нагамі ворага, гэтая ледзь не самая плодная на Беларусі, дзірвановая, перагнойна-карбанатная глеба, тысячы разоў узараная ралам аратая.
Тураўская зямля. Не будзем спрачацца аб правамернасці гэтай назвы ў далёкім мінулым і сёння. Быў Тураў магутнай сталіцай, быў гарадком Мазырскага павета, быў раёнам, стаў пасёлкам Жыткавіцкага раёна. Але не трэба вучоным ламаць дзіды. Хай спытаюць у насельнікаў. Была гэта і ёсць, нягледзячы на ўсе зменлівасці лёсу, тураўская зямля. Так, Палессе, але, на думку жыхароў, "палешукі" — гэта недзе там, а тут былі і ёсць "туроўцы". I характар "туроўца" прадпрымальны, самасцвярджальны, занадта ўпэўнены ў сабе, часам не вельмі прыемны для суседа, як то часта бывае ў чалавека сталіцы, нават краіны, мясцовасці, былая слава якіх ("часова", па цвёрдай іхняй думцы) у заняпадзе. Славяне, беларусы, палешукі — яны ўсё ж самі па сабе. Раней, як дрыгавічы, у адасобленасці ад крывічоў і палян, пазней, як жыхары палітычнага цэнтра княства і аднаго з двух яго эканамічных цэнтраў. Многія і многія з іх не здолелі б растлумачыць гэта гістарычна. Проста яны "туроўцы" — і ўсё.
Гэтыя закляклыя валы — гэта дынастычныя і міжусобныя войны і войны народаў. Гэтыя валы — нібы насыпаны на костках, славянскіх і неславянскіх. За выключэннем нейкіх шасцідзесяці год жыцця ў яднанні з Кіевам, Тураўская зямля ў даўнія тыя часы была палітычна і тэрытарыяльна самастойнай аж да часоў Гедыміна. У лепшыя яе гадзіны хадзілі пад началам Турава Клецк і Слуцк, Мазыр і Пінск, Чартарыйск і Рагачоў.
Нашэсце Батыя прайшло поўднем, мабыць, не зачапіўшы Турава. Хаця, магчыма, тураўскія гарады трапілі ў спіс "тых; іншых", якія спалілі манголы. Калі гэта так, то паданне аб Туркалодзежы, які татары закідалі немаўлятамі і з якога пасля сем год замест вады біла жаночае малако, атрымоўвае хоць нейкае рэальнае
абгрунтаванне, хоць нейкую цвёрдую глебу пад ногі.У іншым выпадку яно так і застаецца застрашлівай і пагрознай легендай, апакаліпсісам беларускай памяці, што хавае ў сабе шмат падобных рэчаў.
А магчыма, легенды кажуць аб іншых татарскіх набегах, нашэсцях крымчакоў у 1502 і 1521 гадах. Бо хто толькі ні спустошваў гэтую зямлю: Літва, крымчакі, Аўчына-Целяпнёў-Абаленскі, гетман Януш Радзівіл.
Рвы, валы, палац, дамы знаці, шматлікія цэрквы — нічога з гэтага не засталося. Па беднасці летапісаў і хронік асаблівую важнасць, асаблівае значэнне набывае археалогія. Гісторыя Турава, і Тураўскай зямлі, і суседніх земляў спіць пад зямлёй. Дый там ёй почасту спакою не даюць.
Нівеліруюць, праводзяць земляныя работы, засыпаюць скінутай з пляцоўкі акольнага горада зямлёй равы (1903–1906), пракладаюць праз гарадзішча дарогу на вёску Запясочча, будуюць на дзяцінцы земскую бальніцу з гаспадарчымі пабудовамі (пачатак XX стагоддзя). Пасля вайны буртуюць бульбу на тэрыторыі дзяцінца.
I археолагі, якія часам праводзяць на гарадзішчы раскопы, знаходзячы то муры, то пілястры нейкага будынка, то шыферны княскі (ці біскупскі) саркафаг, ці рэшткі шасцістоўпнага трохапсіднага храма, не могуць паспець за так званай гаспадарчай дзейнасцю чалавека (мала для яе месца па суседству!) або проста за адміністрацыйным свербам неразумных людзей, якія пагарджаюць нашымі законамі, бо нікога яшчэ не каралі за непавагу да роднай гісторыі.
I археалогія, толькі раскрыўшы рот, вымушана часам навекі замаўчаць "дбаннем" гэтых людзей. А за яе, у большасці выпадкаў, не скажа ніхто.
А ёсць жа, мабыць, артыкул закона, які прадугледжвае нейкае пакаранне таму, хто прыбраў адзінага сведку нейкай важлівай справы? I тэрмін, пэўна, нейкі даюць? Пішучы гэта, пазваніў, нягледзячы на тое, што ўжо амаль поўнач, добраму прыяцелю, палкоўніку міліцыі. Той, на жаль, у камандзіроўцы. Але я ўпэўнены, што ёсць такі артыкул. То дазвольце, задаць рытарычнае пытанне: выдаленне сведкі крымінальнай справы і выдаленне сведкі — сучасніка нейкай гістарычнай падзеі — ці не аднаго парадку гэта з'явы? Ці не трэба паставіць паміж гэтымі ўчынкамі знак роўнасці? Хай сабе маральны, пакуль не навучацца, перш чым дзейнічаць, спытацца ў разумнага і ўвогуле браць сабе ў сябры і дарадчыкі разумных людзей…
Мы прывыклі ў гэтыя дні сачыць за захадам, за тым, як сонца спускаецца ў бязмежныя воды. Ці з гарадзішча, ці з чаўноў, што стаяць на прыколе пад ім. Сачыць і думаць, бо не так ужо і многа часу адведзена чалавеку на тое, каб думаць, на гэтыя вячэрнія бяседы з сонцам. I, на жаль, менш ужо часу засталося бяседаваць і думаць, чым адбяседаваў і аддумаў.
А дні — што ж? Дні, калі гэта не вандраванні і не праца, — гэта проста мітусня, і беганіна, і марнасць марнасцяў.
Стаіць проста ў яблыні з фіялетавай квеценню буслянка з буслам — і гэта ўцеха воку і ўспамін на ўсё жыццё. I стаіць ля прычала цеплаход з кіношнікамі, якія круцяць тут фільм, равуць у вольныя гадзіны магнітафонамі, радасна гарлаюць пры сустрэчы — і гэта мітусня.
Мабыць, паўтараюся, але як у Калдуэла было ў апавяданні поўным-поўна шведаў, так у Тураве ў гэтыя дні было поўным-поўна кіношнікаў. А паколькі я сам у пэўнай ступені належу да гэтай пароды людзей, то мне часам бывала не па сабе.
Пабудавалі яны ў затоцы хаты, "па паяс у вадзе" (вясенняй повені ім было мала!), пабудавалі царкву на гарадзішчы (мала ім было сапраўдных драўляных палескіх цэркваў над водамі), укапалі вакол яе ў зямлю векавыя таполі. Сапсавалі ўсім гэтым пейзаж, і ім добра.