Ферма
Шрифт:
Калі чалавечыя стварэнні наблізіліся да будынкаў фермы, Сняжок распачаў сваю першую атаку. Усе галубы, колькасцю трыццаць пяць, лёталі сюды-туды над галовамі людзей і брудзілі на іх з паветра; і пакуль людзі абціраліся, гусі, што хаваліся за жываплотам, кінуліся на іх і пачалі бязлітасна шчыпаць іх за лыткі. І, аднак, гэта была толькі лёгкая папярэдняя сутычка, скіраваная на тое, каб стварыць разлад у шэрагах супраціўніка, і людзі лёгка адагналі гусей кіямі. Тады Сняжок кінуў у бой другую лінію атакі. Мюрыэль, Бэнджамін і ўсе авечкі, на чале з Сняжком, рынуліся наперад і пачалі таўчы і басці людзей з усіх бакоў, тым часам як Бэнджамін, павярнуўшыся, біў іх сваімі маленькімі капытамі. Але і тут людзі з сваімі кіямі і падкутымі цвікамі ботамі былі мацнейшыя за іх; раптам, пачуўшы Сняжкоў віск, што было сігналам да адступлення, усе жывёлы павярнуліся і ўцяклі на ўнутраны двор.
Людзі азваліся пераможным воклічам. Яны ўбачылі, як ім здавалася, што іх ворагі ўцякаюць, і бязладна
Усе людзі ўцяклі, апроч аднаго. Вярнуўшыся ў двор, Баксёр пакратаў капытом памочніка конюха, які ляжаў ніцма, тварам у гразь, спрабуючы перавярнуць яго. Хлопец не варушыўся.
— Ён памёр, — з сумам вымавіў Баксёр. — Я не хацеў яго забіваць. Я забыўся, што ў мяне жалезныя падковы. Хто цяпер паверыць, што я зрабіў гэта не наўмысна?
— Без сантыментаў, таварыш! — закрычаў Сняжок, з чыіх ранаў усё яшчэ цякла кроў. — Вайна ёсць вайна. Добры чалавек — мёртвы чалавек.
— Я не хачу забіваць, нават людзей, — паўтарыў Баксёр, і вочы яго напоўніліся слязьмі.
— А дзе Молі? — усклікнуў нехта.
Молі і сапраўды не было відаць. На хвіліну ўзняўся вялікі пярэпалах; баяяіся, што людзі маглі неяк ёй нашкодзіць або нават звесці яе з сабою. Урэшце, аднак, яе знайшлі — яна хавалася ў сваім стойле, засунуўшы галаву ў сена. Яна ўцякла, як толькі пачула стрэл. Аднак, калі ўсе вярнуліся з пошукаў, выявілася, што памочнік конюха, які быў толькі аглушаны, паспеў ачомацца і ўцячы.
Жывёлы зноў сабраліся ўсе разам у вялікім узрушэнні і, перакрыкваючы адна адну, распавядалі пра свае подзвігі ў бітве. Тут жа адбылося імправізаванае святкаванне перамогі. Быў узняты сцяг, і колькі разоў запар былі праспяваныя «Звяры Брытаніі», пасля адбылося ўрачыстае пахаванне палеглай у баі авечкі, і на яе магіле быў пасаджаны куст глогу. Сняжок выступіў над магілаю з кароткай прамовай, падкрэсліўшы, што кожная жывёліна мусіць быць гатовая загінуць за Ферму Жывёлаў, калі гэта спатрэбіцца.
Жывёлы аднадушна пастанавілі заснаваць ваенную ўзнагароду — медаль «Жывёла-Герой» першага класа, які быў адразу ўручаны Сняжку і Баксёру. Гэты масянжовы медаль (у сапраўднасці ж гэта былі масянжовыя бляхі, знойдзеныя ў рымарні) належала насіць у нядзелі і святы. Заснавалі таксама медаль «Жывёла-Герой» другога класа, якім пасмяротна ўзнагародзілі забітую авечку.
Шмат спрачаліся аб тым, як назваць гэтую слаўную бітву. Нарэшце яе назвалі Бітва пры Хляве, бо якраз там хавалася засада. Стрэльбу містэра Джоўнза знайшлі ў гразі, а было вядома, што ў сядзібе ёсць патроны. Вырашылі ўсталяваць стрэльбу ля флагштока ў якасці гарматы і страляць з яе двойчы на год — дванаццатага кастрычніка, у гадавіну Бітвы пры Хляве, і ў дзень напярэдадні Янавай ночы, у гадавіну Паўстання.
V
З набліжэннем зімы паводзіны Молі пачалі ўсё больш і больш непакоіць. Яна спазнялася на працу кожнай раніцы, просячы прабачэння, што праспала, і скардзілася на нейкі загадкавы боль, хоць апетыт у яе заставаўся цудоўны. За любою зачэпкай яна ўцякала з працы і ішла на вадапой, дзе падоўгу стаяла і ачмурэла ўзіралася ў сваё адлюстраванне ў вадзе. Але хадзілі чуткі і пра нешта больш сур'ёзнае. Аднойчы, калі Молі бяздумна прахаджалася па двары, памахваючы сваім даўгім хвастом і жуючы былінку, Канюшынка адвяла яе ўбок.
— Молі, — сказала яна, — мне трэба вельмі сур'ёзна з табой пагаварыць. Сёння раніцай я бачыла, як ты глядзела праз агароджу, што аддзяляе Ферму Жывёлаў ад Фоксвуда. Адзін з людзей містэра Пілкінгтана стаяў з таго боку агароджы. Я была вельмі далёка, але я амаль перакананая, што бачыла, як ён гаварыў з
табой і ты дазваляла яму гладзіць свой нос. Што гэта значыць, Молі?— Я там не была! Я гэтага не рабіла! Гэта няпраўда! — закрычала Молі і пачала вытапырвацца і біць капытамі зямлю.
— Молі! Паглядзі мне ў вочы. Ці даеш ты мне слова гонару, што той чалавек не гладзіў табе нос?
— Гэта няпраўда! — паўтарыла Молі, але яна не магла паглядзець Канюшынцы ў вочы і кінулася наўцёкі, паскакаўшы наўзгалоп у поле.
Тады Канюшынцы прыйшла ў галаву адна думка. Нікому нічога не кажучы, яна пайшла ў стойла Молі і адгарнула капытом салому. Пад саломаю была схаваная кучка кавалкаў цукру і некалькі скруткаў рознакаляровых стужак.
Праз тры дні Молі знікла. Некалькі тыдняў ніхто не ведаў, куды яна падзелася, пакуль галубы не паведамілі, што бачылі яе на другім канцы Ўілінгдана. Яна стаяла запрэжаная ў прыгожую калымажку, пафарбаваную ў чырвонае і чорнае, што чакала каля карчмы. Тоўсты чырванатвары чалавек у клятчастых брыджах і гетрах, які выглядаў на карчмара, гладзіў ёй нос і карміў яе цукрам. Яна была нанова падстрыжаная, і ў грыве была ўплеценая пунсовая стужка. Відаць, яна вельмі добра бавіла час, як сказалі галубы. Ніхто з жывёлаў больш ніколі не згадваў пра Молі.
У студзені настала суровае надвор'е. Зямля была Цвёрдая, як жалеза, і на полі не было чаго рабіць. У вялікім гумне адбывалася шмат сходаў, свінні займаліся планаваннем працы на наступны сезон. Неяк само сабою склалася, што свінні, якія былі відавочна разумнейшыя за іншую жывёлу, вырашалі ўсе пытанні, што датычылі фермы, хоць рашэнні і меліся быць ухваленыя большасцю галасоў. І гэткі парадак дзеіў бы даволі добра, калі б не спрэчкі паміж Сняжком і Напалеонам. Гэтыя двое разыходзіліся ў поглядах паўсюль, дзе толькі было магчымае разыходжанне. Калі адзін з іх прапанаваў засеяць большую плошчу ячменем, дык можна было быць пэўным, што другі запатрабуе большае плошчы пад авёс, і калі адзін казаў, што тое і тое поле якраз прыдатнае пад капусту, дык другі абвяшчаў, што яно ні на што іншае не надаецца, як на караняплоды. Кожны меў сваіх прыхільнікаў, і часам адбываліся зацятыя спрэчкі. На сходах Сняжок часта перамагаў дзякуючы сваім бліскучым прамовам, але Напалеону больш удавалася назбіраць сабе аднадумцаў у часе паміж сходамі. Асаблівы поспех ён меў сярод авечак. Апошнім часам авечкі ўзяліся бляяць лозунг «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна» калі трэба і калі не трэба, часам перапыняючы сваім бляяннем Сход. Можна было заўважыць, што яны мелі асаблівую схільнасць бляяць свой лозунг у сама важныя моманты Сняжковых прамоў. Сняжок якраз дэталёва вывучыў некалькі старых нумароў знойдзенага ў сядзібе часопіса «Фермер і жывёлавод» і быў поўны шырокіх планаў розных навінак і ўдасканаленняў. Ён з веданнем справы гаварыў пра дрэнажныя сістэмы, сілас і кампост, выпрацаваў складаны праект, паводле якога ўсе жывёлы мусілі класці свой гной непасрэдна ў полі, кожны дзень на новым месцы, каб скараціць працу на перавозку. Напалеон ніякіх сваіх праектаў не прапаноўваў, а толькі спакойна казаў, што Сняжковы нікуды не вартыя, і, здавалася, чакаў свайго часу. Але з усіх іхніх спрэчак найбольш зацятая разгарэлася вакол пытання аб ветраку.
На доўгім выгане, недалёка ад гаспадарчых пабудоў, быў маленькі ўзгорак — найвышэйшая мясціна на ферме. Агледзеўшы мясцовасць, Сняжок абвясціў, што гэта сама прыдатнае месца для ветрака, які б прыводзіў у рух генератар і забяспечваў ферму электрычнасцю. Гэта дазволіла б асвятліць і ацяпліць узімку стайні, пусціць у ход цыркулярную пілу, сячкарню, буракарэзку і электрычную даільную машыну. Жывёлы ніколі не чулі пра нешта падобнае (бо ферма была старая і мела толькі сама прымітыўныя механізмы) і здзіўлена слухалі, як Сняжок маляваў ва ўяўленні дзівосныя карціны, як машыны будуць працаваць за іх, а самі яны тым часам будуць пасвіцца ўдосталь на полі або ўдасканальваць розум чытаннем і размовамі.
Праз некалькі тыдняў Сняжковы праекты ветрака былі цалкам гатовыя. Механічныя падрабязнасці паходзілі галоўным чынам з трох кніг, што належалі містэру Джоўнзу, — «Тысяча карысных парадаў па гаспадарцы», «Кожны сам сабе муляр» і «Электрычнасць для пачаткоўцаў». Сняжок выбраў сабе за кабінет павець, якая некалі выкарыстоўвалася як інкубатар і дзе была гладкая драўляная падлога, на якой добра маляваць. Ён зачыняўся там на цэлыя гадзіны. Заклаўшы патрэбную старонку каменем і заціснуўшы кавалак крэйды паміж косткамі капыта, ён хуценька вадзіў ім сюды-туды, крэслячы лінію за лініяй і павіскваючы ад захаплення. Паступова чарцяжы ператварыліся ў складаную блытаніну шківаў і шасцерняў, якая займала больш за палову падлогі і, хоць здавалася астатнім жывёлам цалкам незразумелай, рабіла на іх вялікае ўражанне. Усе яны прыходзілі паглядзець на Сняжковы малюнкі, прынамсі, раз на дзень. Прыходзілі нават куры і качкі, усяляк стараючыся не наступіць на крэйдавыя рыскі. Толькі Напалеон трымаўся наводдаль. Ён адразу выказаўся супраць ветрака. Але аднойчы ён нечакана прыйшоў прагледзець чарцяжы. Ён, цяжка ступаючы, абышоў паветку, прыгледзеўся да кожнай драбніцы ў чарцяжах і нават раз ці два панюхаў іх, пасля пастаяў хвілінку, пазіраючы на іх краем вока; тады раптам падняў нагу, пабруіў на чарцяжы і выйшаў, не сказаўшы ні слова.