Ферма
Шрифт:
У гэтым жывёлы запэўнілі яго без лішніх развагаў, і больш ужо ніхто не гаварыў, што свінні спяць у ложках у сядзібе. А калі праз некалькі дзён было абвешчана, што ад таго часу свінні будуць уставаць раніцай на гадзіну пазней за астатніх жывёлаў, ніхто ўжо і не падумаў паскардзіцца.
Калі надышла восень, жывёлы былі змораныя, але шчаслівыя. У іх быў цяжкі год, а пасля продажу часткі сена і збожжа запасы ежы на зіму былі не такія ўжо і багатыя, аднак вятрак быў аддзякаю за ўсе нягоды. Цяпер ён быў ужо амаль напалову збудаваны. Пасля жніва выдалася яшчэ колькі пагодлівых сухіх дзянькоў, і жывёлы працавалі з большым напружаннем, лічачы, што варта пацягаць цэлы дзень сюды-туды вялізныя камяні, калі гэта магло ўзняць сцяну хоць яшчэ на адзін фут. Баксёр часам нават выходзіў начамі і працаваў гадзіну ці дзве пад месячным святлом. У свае вольныя хвіліны
Настаў лістапад з лютымі паўднёва-заходнімі вятрамі. Будаўніцтва давялося спыніць, бо было занадта мокра, каб разводзіць цэмент. Нарэшце надарылася ноч, калі вецер быў такі моцны, што будынкі фермы хісталіся на сваіх падмурках і некалькі плітак дахоўкі зляцела з гуменнага даху. Куры прачнуліся, квохкаючы ад жаху, бо ўсе прыснілі адначасова, што чулі, як недзе непадалёку стрэліла гармата. Калі раніцаю жывёлы павыходзілі са стойлаў, яны ўбачылі, што флагшток павалены, а вяз, што рос на краі саду, вырваны з коранем, як моркаўка. Не паспелі яны агледзець гэта, як з усіх жывёльных глотак вырваўся крык роспачы. Перад імі адкрылася страшнае відовішча. Вятрак ляжаў у руінах.
Не згаворваючыся, яны кінуліся да яго. Напалеон, які ніколі не паскараў хады, бег наперадзе ўсіх. Так, увесь плён іх змагання ляжаў зраўнаваны з зямлёю, камяні, якія яны з такімі намаганнямі разбівалі і зацягвалі на ўзгорак, рассыпаліся на ўсе бакі. Не могучы спачатку вымавіць ні слова, яны стаялі, жалобна пазіраючы на крушню разваленага камення. Напалеон моўчкі хадзіў сюды-туды, раз-пораз нюхаючы зямлю. Хвост ягоны разагнуўся і нервова торгаўся з боку ў бок, што сведчыла пра напружаную разумовую дзейнасць. Раптам ён спыніўся, быццам нешта вырашыўшы.
— Таварышы, — сказаў ён спакойна, — ці ведаеце вы, хто нясе адказнасць за гэта? Ці ведаеце вы, хто той вораг, які прыйшоў уночы і разбурыў наш вятрак? Сняжок! — І раптам ён закрычаў грымотным голасам: — Гэта ўчыніў Сняжок! З сваёй зламыснасці, імкнучыся сарваць нашыя планы і адпомсціць за сваё ганебнае выгнанне, гэты здраднік пракраўся сюды пад покрывам ночы і знішчыў вынікі нашай амаль гадавой працы. Таварышы, тут і цяпер я абвяшчаю Сняжку смяротны прысуд. Медаль «Жывёла-Герой» другога класа і пуд яблыкаў таму, хто выканае прысуд. Два пуды яблыкаў таму, хто зловіць яго жывога!
Жывёлы былі незвычайна ўражаныя, даведаўшыся, што Сняжок здатны на такое злачынства. Пачуліся крыкі абурэння, і кожны пачаў абдумваць, як злавіць Сняжка, калі той надумае вярнуцца. Амаль адразу ж на траве недалёка ад узгорка з ветраком былі заўважаныя свіныя сляды. Яны былі бачныя толькі на працягу некалькіх ярдаў, але было відаць, што яны вядуць да дзіркі ў агароджы. Напалеон прынюхаўся да іх і абвясціў, што яны належаць Сняжку. Ён выказаў меркаванне, што Сняжок, відаць, прыйшоў з боку фермы Фоксвуд.
— Не будзем адкладваць на пасля, таварышы! — закрычаў Напалеон, вывучыўшы сляды. — Нас чакае шмат працы. Сёння раніцай мы пачнём адбудоўваць вятрак і будзем будаваць яго ўсю зіму, і ў дождж, і ў сцюжу. Хай гэты няшчасны здраднік ведае, што яму не ўдасца так проста закрэсліць нашую працу. Памятайце, таварышы, у нашых планах не павінна быць ніякіх змен, усё мусіць быць выканана дзень у дзень. Наперад, таварышы! Няхай жыве вятрак! Няхай жыве Ферма Жывёлаў!
VII
Зіма была суровая. За шалёнымі вятрамі прыйшлі дажджы і снегапады, а пасля насталі жорсткія маразы, якія пачалі слабнуць толькі ў лютым. Жывёлы што ставала сілы працягвалі адбудоўваць вятрак, добра ведаючы, што знешні свет уважліва сочыць за імі і што зайздросныя чалавечыя істоты будуць радавацца і святкаваць перамогу, калі вятрак не будзе пабудаваны ў пару.
На бяду жывёлам, чалавечыя істоты ўдавалі, быццам не вераць, што вятрак разбурыў Сняжок: яны казалі, што ён разваліўся таму, што сцены былі занадта тонкія. Жывёлы ведалі, што гэта няпраўда. І ўсё ж было вырашана рабіць сцены ўдвая таўсцейшыя, чым дагэтуль, што патрабавала значна большае колькасці камення. Доўгі час кар'ер быў занесены снегам, і нічога нельга было рабіць. Праца крыху прасунулася наперад у сухія марозныя дні, але гэта было цяжкае
выпрабаванне, і энтузіязму ў жывёлаў прыкметна паменшала. Ім увесь час было халодна, а часам і галодна. Толькі Баксёр і Канюшынка ніколі не падалі духам. Віскун выступаў з бліскучымі прамовамі аб радасці служэння ферме і высокай годнасці працы, але астатнія жывёлы значна болей натхняліся з Баксёравай сілы і яго нястомнага воклічу «Я буду працаваць яшчэ старанней!».У студзені пачало не ставаць ежы. Норма збожжа была рэзка зменшана, і было паведамлена, што ўзамен будзе выдзяляцца дадатковая норма бульбы. Тады выявілася, што большая частка ўраджаю бульбы памерзла ў капцах, якія не былі як след накрытыя. Бульба зрабілася мяккая і бясколерная, і толькі нязначная яе частка была прыдатная да ежы. Часам цэлымі днямі жывёлы нічога не елі, апроч мякіны і буракоў. Галодная смерць, здавалася, ужо заглядала ім у твары.
Было жыццёва неабходна схаваць гэты факт ад знешняга свету. Падахвочаныя разбурэннем ветрака, чалавечыя істоты выдумлялі новую хлусню пра Ферму Жывёлаў. Зноў пайшлі чуткі, што ўсе на ферме паміраюць з голаду і хваробаў, што яны няспынна варагуюць паміж сабою і дайшлі нават да канібалізму і дзетазабойства. Напалеон добра ўсведамляў, якія былі б вынікі, калі б за агароджаю фермы даведаліся пра сапраўднае становішча з ежай, і ён вырашыў скарыстаць містэра Ўімпэра, каб пашырыць звесткі адваротнага зместу. З гэтага часу жывёлы не павінны былі мець ніякіх кантактаў з Уімпэрам пад час ягоных штотыднёвых візітаў, тым часам некалькі адмыслова вылучаных жывёлін, у большасці авечак, падвучылі казаць, нібы мімаходзь, у ягонай прысутнасці, што нормы былі павышаныя. Да таго ж Напалеон загадаў напоўніць амаль пустыя засекі ў свірне да краёў пяском, а зверху прысыпаць рэшткамі збожжа і мукі. Прыдумаўшы нейкую патрэбу, Уімпэра завялі ў свіран і дазволілі яму зазірнуць у засекі. Гэтак яго ўвялі ў зман, і ён надалей паведамляў знешняму свету, што Ферма Жывёлаў не мае нястачы ў харчах.
І, аднак, пад канец студзеня сталася відавочным, што трэба будзе аднекуль браць збожжа. Гэтымі днямі Напалеон рэдка паказваўся публічна і ўвесь час праводзіў у сядзібе, усе дзверы ў якой ахоўваліся страхотнымі сабакамі. Калі ж ён і выходзіў на свет, дык вельмі ўрачыста, у атачэнні шасці сабакаў, якія шчыльна абступалі яго і вурчалі, калі нехта падыходзіў. Часта ён не паказваўся нават нядзельнымі раніцамі, а пераказваў свае загады праз іншых свінняў, звычайна праз Віскуна.
Аднойчы нядзельнай раніцай Віскун абвясціў, што куры, знёсшыся, адразу мусяць здаваць свае яйкі. Напалеон заключыў праз Уімпэра кантракт на чатырыста яек у тыдзень. За атрыманыя грошы можна было б набыць дастаткова збожжа і мукі, каб пражыць да лета, калі жыццёвыя ўмовы будуць лягчэйшыя.
Калі куры пачулі гэта, яны ўзнялі страшны лямант. Іх і раней папярэджвалі, што ім, магчыма, давядзецца пайсці на такую ахвяру, але яны не верылі, што гэтак сапраўды будзе. Яны якраз падрыхтаваліся да вясновага выседжвання і скардзіліся, што забраць цяпер яйкі было б забойствам. Упершыню з часоў выгнання Джоўнза наспявала нешта падобнае на бунт. Узначаленыя трыма маладымі чорнымі міноркамі, куры зрабілі рашучую спробу сарваць Напалеонавы планы. Яны вырашылі заляцець на кроквы і несці яйкі там, адкуль яны падалі і разбіваліся аб падлогу. Напалеон дзейнічаў хутка і бязлітасна. Ён загадаў не выдаваць курам харчу і папярэдзіў, што любая жывёліна, якая дасць курам хоць адно зернейка, будзе пакарана смерцю. Сабакі пільна сачылі за выкананнем гэтага загаду. Куры трывалі пяць дзён, пасля здаліся і вярнуліся ў свае гнёзды. Тым часам дзевяць курэй памерла. Іх целы пахавалі ў садку, і было абвешчана, што яны памерлі ад какцыдыёзу. Уімпэр пра гэтую справу нічога не чуў, і яйкі дастаўляліся бесперапынна, раз на тыдзень да фермы пад'язджаў фургон бакалейшчыка і завозіў іх у мястэчка.
Увесь гэты час Сняжка так ніхто і не бачыў. Хадзілі чуткі, што ён хаваўся на адной з суседніх фермаў, у Фоксвудзе або ў Пінчфілдзе. Да гэтага часу дачыненні Напалеона з іншымі фермерамі крыху палепшалі. Неяк на панадворку знайшлі цэлы штабель драўніны, складзенае там яшчэ дзесяць гадоў таму, калі вычышчалі букавы гай. Дрэва было сухое, і Ўімпэр параіў Напалеону прадаць яго; містэр Пілкінгтан і містэр Фрэдэрык былі гатовыя яго купіць. Напалеон вагаўся перад выбарам пакупніка, не могучы прыняць канчатковае рашэнне. Цікава адзначыць, што, калі ён схіляўся да пагаднення з Фрэдэрыкам, абвяшчалася, што Сняжок хаваецца ў Фоксвудзе, калі ж ён думаў спыніць выбар на Пілкінгтане, казалі, што Сняжок сядзіць у Пінчфілдзе.