Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Крылаты рэвальвер (на белорусском языке)
Шрифт:

Калi гэтыя двое селi ў крэслы i iм падалi пiтво, Вулф пачаў размову. Ён папрасiў прабачэння за тое, што быў вымушаны патурбаваць iх у такую спёку, але сумленнае i справядлiвае рашэнне iснуючай праблемы можна знайсцi толькi ў тым выпадку, калi ўсе асобы, якiя маюць да яе дачыненне,змогуць выказаць свае адносiны. У адказ прысутныя замармыталi, выказваючы самыя розныя пачуццi - ад не вельмi ахвотнай згоды да гранiчнай раздражнёнасцi.

Суддзя Арнольд паставiўся да сказанага варожа, заявiўшы, што нiякага пытання з юрыдычнага боку не iснуе, бо Альберта Мiёна ўжо няма ў жывых.

– Глупства, - рэзка адказаў яму Вулф.
– Калi б гэта было так, вы

як адвакат не парупiлiся б сюды прыйсцi. Ва ўсякiм разе, мэта сённяшняй сустрэчы заключаецца ў тым, каб гэтае пытанне не перарасло ў судовую справу. Чацвёра з вас сёння патэлефанавалi мiсiс Мiён, каб спытаць, цi сапраўды я дзейнiчаю ад яе iмя, i атрымалi станоўчы адказ. Па яе даручэннi я хачу сабраць факты. Я магу таксама заявiць вам, нiякiм чынам не замахваючыся на правы мiсiс Мiён, што яна пагодзiцца з маёй прапановай. Калi я прыйду да высновы, што ёй павiнна быць выплачана вялiкая сума, вы, зразумела, можаце гэта аспрэчыць, але калi ўзнiкне думка, што ў яе няма падстаў для iску, яна таксама пагодзiцца з ёю. Улiчваючы такую адказнасць, я павiнен мець перад сабой усе факты. Таму...

– Вы не суд, - перабiў яго Арнольд.

– Так, сэр, я не суд. Калi вы хочаце, каб справу разглядаў суд, няхай будзе па-вашаму.
– Вулф перавёў позiрк на iншых прысутных.
– Мiс Бослi, вiтала б кiраўнiцтва тэатра знаёмства шырокай публiкi вось з такой iнфармацыяй? Доктар Лойд, вы лiчыце за лепшае як эксперт даваць паказаннi ў судзе ў якасцi сведкi цi ўсё ж абгаварыць справу тут? Мiстэр Гроўв, як бы паставiўся да ўсяго гэтага ваш клiент, калi б быў жывы? Мiстэр Джэймс, што вы думаеце наконт гэтага? Вас таксама не спакушае перспектыва публiчнасцi, цi не так? Асаблiва таму, што ўсплыве iмя вашай дачкi?

– Чаму яе iмя павiнна ўсплыць?
– спытаў Джэймс сваiм добра пастаўленым барытонам.

– У якасцi доказу, - адказаў збялелы Вулф.
– Такiм чынам высветлiцца, што якраз перад тым, як ударыць Мiёна, вы яму сказалi: "Слухай, ты, вырадак, пакiнь маю дачку ў спакоi".

Я сунуў руку ў кiшэню, бо прытрымлiваюся правiла, пацверджанага вопытам: кожны раз, калi сярод прысутных ёсць цi можа быць забойца, зброя павiнна быць пад рукой. Нягледзячы на тое, што яна захоўваецца ў глыбiнi трэцяй шуфляды майго стала i таму, можна сказаць, заўсёды пад рукой, я па звычцы перакладаю яе ў кiшэню перад прыходам гасцей. Якраз у гэтую кiшэню я i сунуў руку, ведаючы запальчывасць Джэймса. Але ён застаўся сядзець у крэсле. I толькi прамямлiў:

– Гэта хлусня!..

– Гэтыя словы чулi дзесяць чалавек, - прабурчаў Вулф.
– Уяўляеце, якая б пайшла пагалоска, калi б вы пад прысягай ад iх адмовiлiся, а ўсе тыя дзесяць, выклiканыя ў суд у якасцi сведак, заявiлi б процiлеглае. Я лiчу, што было б лепш абмеркаваць гэта са мной.

– Аб чым вы хочаце даведацца?
– спытаў суддзя Арнольд.

– Мне патрэбны факты. Першы факт ужо выклiкаў спрэчкi. Калi я памыляюся, я павiнен гэта ведаць дакладна. Мiстэр Гроўв, вы былi сведкам таго, як быў нанесены той славуты ўдар. Я дакладна пераказаў словы мiстэра Джэймса?

– Так, - адказаў Гроўв пiсклявым голасам.

– Вы чулi, як ён гэта гаварыў?

– Чуў.

– Мiсiс Бослi, а вы?

Здавалася, што тая адчувае сябе няёмка.

– Можа, было б лепш...

– Калi ласка. Вы адказваеце не пад прысягай, я проста збiраю факты, апрача таго, мне толькi што заявiлi, што я хлушу. Вы чулi, як ён гэта гаварыў?

– Так, я чула.
– Адэль зiрнула ў бок Джэймса.
– Прабач, Джыф.

– Але гэта няпраўда!

ускрыкнула Клара Джэймс.

– Мы што, усе хлусiм?
– накiнуўся на яе Вулф.

Я мог папярэдзiць Клару, калi яна падаравала той погляд у калiдоры, каб была асцеражнейшая з Вулфам. Яна была не толькi вытанчаная маладая жанчына, мела не толькi незвычайны бляск у вачах, але ў дадатак - худзенькая, i было вiдаць, што яе хударлявасць з'яўляецца вынiкам абмежавання ў ежы, а Вулф зусiм не мог трываць людзей, якiя мала ядуць. Я з самага пачатку ведаў, што рана цi позна ён накiнецца на яе.

Але Клара перайшла ў контратаку.

– Я не маю на ўвазе гэта, - сказала яна пагардлiва.
– Навошта так хвалявацца! Я маю на ўвазе, што я схлусiла бацьку. Тое, што ён падумаў наконт мяне i Альберта - гэта няпраўда. Я проста выхвалялася перад iм, таму што... не мае значэння чаму. Ва ўсякiм разе, тое, што я яму гаварыла, - няпраўда, я так i сказала яму ў той вечар!

– Якi вечар?

– Калi мы вярнулiся дадому з вечарыны за кулiсамi пасля спектакля "Рыгалета". Менавiта там мой бацька накаўцiраваў Альберта, як вы ведаеце, проста на сцэне. Калi мы вярнулiся дадому, я паведамiла, што ўсё тое, што я расказала яму пра нас з Альбертам, - няпраўда.

– Калi ж вы хлусiлi, у першым выпадку цi ў другiм?

– Не адказвай на гэтае пытанне, мая дарагая, - умяшаўся суддзя Арнольд, дзейнiчаючы ў якасцi адваката. Ён сурова глянуў на Вулфа.
– Гэта ўсё не мае дачынення да справы. Калi ласка, цiкаўцеся фактамi, але фактамi, што маюць непасрэднае дачыненне. Тое, што мiс Джэймс сказала бацьку, - неiстотна.

– Ну, не, - пакруцiў галавой Вулф. Ён перавёў позiрк справа налева, потым зноў направа.
– Вiдаць, я невыразна ўсё растлумачыў. Мiсiс Мiён пажадала, каб я вырашыў, цi ёсць у яе падставы для прад'яўлення iску, i не столькi юрыдычныя, колькi маральныя. Калi высветлiцца, што гвалтоўныя дзеяннi мiстэра Джэймса супраць мiстэра Мiёна мелi маральныя падставы, гэта будзе фактарам, якi я ўлiчу, прымаючы рашэнне.

Вулф засяродзiў увагу на Клары.

– Мела маё пытанне дачыненне да справы цi не, мiс Джэймс, я згодны з тым, што яно было не вельмi далiкатнае, i таму выклiкала ў адказ няшчырасць. Я здымаю гэтае пытанне. Паспрабуйце замест яго адказаць вось на такое. Цi намякалi вы бацьку да той вечарыны за кулiсамi, што мiстэр Мiён спакусiў вас?

– Ну, - засмяялася Клара. Смяялася яна звонка i прывабна.
– Што за цудоўная старасвецкая манера пытацца пра такое. Так, я намякнула. Але гэта няпраўда.

– Але вы паверылi, мiстэр Джэймс?

Джыфард увесь гэты час ледзь стрымлiваўся, i я хацеў бы заўважыць, што цярпець такiя навадныя пытаннi ад незнаёмага пра дачку, вiдаць, было цяжка. Але, зрэшты, астатнiя прысутныя не пачулi нiчога новага, а ўсё гэта, як бы там нi было, сапраўды мела дачыненне да справы. Ён прымусiў сябе гаварыць спакойна.

– Я не паверыў таму, што мне паведамiла дачка.

Вулф кiўнуў галавой.

– На гэтым можна спынiцца, - сказаў ён з палёгкай.
– Я рады, што з гэтай часткай размовы скончана.
– Вулф спынiў позiрк на Руперце Гроўве.

– Цяпер, мiстэр Гроўв, раскажыце мне пра гутарку, якая адбылася ў студыi мiстэра Мiёна за некалькi гадзiн да яго смерцi.

Мiстэр Руперт Тлушч, якi сядзеў, схiлiўшы галаву на бок, сустрэўся позiркам сваiх пранiклiвых чорных вачэй з позiркам Вулфа.

– Яна адбылася з мэтай, - сказаў ён высокiм голасам, - абмеркаваць патрабаванне Мiёна аб кампенсацыi за прычыненую яму шкоду.

Поделиться с друзьями: