Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Крылаты рэвальвер (на белорусском языке)
Шрифт:

– Здаецца, - умяшаўся суддзя Арнольд, - прагучаў намёк на тое, што мы былi супраць прапановы забяспечыць яшчэ адно прафесiйнае заключэнне. Я вымушаны заявiць пратэст...

– Вы былi супраць!
– завiшчаў Гроўв.

– Не!
– раўнуў Джыфард Джэймс.
– Мы проста...

Усе трое ўступiлi ў спрэчку, кiдаючыся адзiн на аднаго са злоснымi выразамi на тварах. Раней мне здавалася, што яны павiнны былi прыберагчы ўсю сваю энергiю для высвятлення галоўнага пытання - цi падлягае выплаце мiсiс Мiён якая-небудзь сума, i калi так, то якая. Але я памылiўся наконт гэтых жэўжыкаў. Галоўным iх клопатам было пазбегнуць нават

самай нязначнай рызыкi дасягнуць згоды хоць па якiм-небудзь пытаннi.

Вулф цярплiва дазволiў iм рухацца ў жаданым для iх кiрунку, а гэта значыць - нiкуды, а потым запрасiў уступiць у размову яшчэ аднаго госця.

– Мiс Бослi, - звярнуўся ён да Адэлi, - вы нiчога пакуль не сказалi. На чыiм баку былi вы?

Адэль Бослi ўвесь час уважлiва сачыла за тым, што адбывалася, папiваючы ром "Колiнз" - ужо другую шклянку, - i здавалася мне вельмi разумнай. Хоць была сярэдзiна жнiўня, толькi яна адна была па-сапраўднаму загарэлая. Яе адносiны як iнфармацыйнага агента з сонцам былi выдатныя.

– Я не была нi на чыiм баку, мiстэр Вулф, - сказала яна, пакруцiўшы галавой.
– Мой iнтарэс абмяжоўваўся iнтарэсам майго наймальнiка - Асацыяцыi "Метраполiтэн-оперы". Зразумела, мы хацелi ўрэгуляваць усё канфiдэнцыяльна, без скандалу. У мяне не было анiякай думкi па пытаннi, што абмяркоўвалася.

– I нiякай думкi вы не выказалi?

– Не. Я проста заклiкала iх, калi гэта магчыма, паспрабаваць урэгуляваць праблему.

– Шчыра, нiчога не скажаш!
– выпалiла Клара Джэймс. Было вiдаць, што яна кпiла.
– Вы маглi б крыху дапамагчы бацьку, бо гэта ён уладкаваў вас на працу. Цi вы...

– Супакойся, Клара!
– уладна спынiў яе Джэймс.

Але тая не звярнула на яго ўвагi i працягвала:

– Цi вы ўжо цалкам расплацiлiся за гэта?

Суддзя Арнольд, здавалася, пакрыўдзiўся. Руперт Тлушч захiхiкаў. Доктар Лойд глынуў вiскi з вадой.

Паколькi я пачынаў ужо ў нейкай ступенi па-сяброўску ставiцца да Адэлi, то, вядома, спадзяваўся, што тая шпурне што-небудзь у гэту вытанчаную i блiскучую мiс Джэймс, але яна абмежавалася зваротам да яе бацькi:

– Няўжо ты не можаш справiцца з немаўлём, Джыф?

Потым, не чакаючы адказу, звярнулася да Вулфа:

– Мiс Джэймс - схiльная да фантазiй. Тое, на што яна намякала, нiдзе не зафiксавана. I нiкiм.

– Ва ўсякiм разе, яно не будзе зафiксавана сёння, - згодна кiўнуў Вулф. Ён скрывiў грымасу i сказаў: - Вяртаючыся да пытанняў, якiя дарэчы цi недарэчы, я хацеў спытаць, калi скончылася гутарка?

– Ну што ж - мiстэр Джэймс i суддзя Арнольд пайшлi першымi недзе а палове пятай. Неўзабаве за iмi пайшоў доктар Лойд. Я пабыла яшчэ некалькi хвiлiн з Мiёнам i мiстэрам Гроўвам, а потым таксама пайшла.

– Куды вы пайшлi?

– У сваю кантору на Брадвеi.

– Колькi часу вы прабылi ў сваёй канторы?

Гэтае пытанне, здаецца, яе здзiвiла.

– Не ведаю... зрэшты... так... ну, канечне. Я пайшла адтуль пасля сямi гадзiн. Мне трэба было тое-сёе зрабiць, апрача таго, я надрукавала на машынцы канфiдэнцыяльны запiс гутаркi ў Мiёна.

– Вы сустракалiся з Мiёнам яшчэ, перад яго смерцю? Цi тэлефанавалi?

– Сустракалася?
– яшчэ больш здзiвiлася Адэль.
– Як я магла. Хiба вы не ведаеце, што яго знайшлi мёртвым у сем гадзiн? Значыць, да таго, як я выйшла з канторы.

– Вы тэлефанiравалi яму? Памiж паловай пятай i сёмай гадзiнамi?

Не, - Адэль выглядала збянтэжанай i крыху раззлаванай.

Я раптам зразумеў, што Вулф неабдумана пачаў ступаць па тонкiм лёдзе, наблiжаючыся да забароненай тэмы забойства.

– Я не ведаю, на што вы намякаеце, - дадала Адэль.

– Я таксама, - з запалам заўважыў суддзя Арнольд i працягваў з саркастычнай усмешкай.
– Калi толькi гэта не неадольная звычка пытацца ў людзей, дзе тыя былi ў той момант, калi адбылося забойства. Чаму тады не кiравацца гэтай звычкай i ў дачыненнi да ўсiх нас?

– Якраз гэта я i збiраюся зараз зрабiць, - спакойна адказаў Вулф.
– Я хацеў бы даведацца, чаму Мiён надумаў скончыць самагубствам, бо ад гэтага залежыць прапанова, якую я павiнен выказаць удаве. Наколькi я зразумеў, двое цi трое з вас паведамiлi, што пад канец гутаркi ён быў ва ўзбуджаным, але не прыгнечаным стане. Я ведаю, што ён скончыў самагубствам, палiцыю нельга збiць з панталыку ў такiх выпадках. Але чаму?

– У мяне наконт заявы аб яго стане ёсць сумненнi, - пачала выказваць сваю думку Адэль.
– Калi ведаеш, як спявак - асаблiва такi вялiкi, як Мiён, - сябе адчувае, калi ён не можа выцiснуць з сябе хоць бы адну ноту, калi вымушаны гаварыць прыцiшаным голасам цi нават шэптам, гэта жахлiва.

– Ва ўсякiм разе, яго ўчынкi заўсёды былi неспадзяваныя, - уставiў слова Руперт Гроўв.
– Я чуў, як на рэпетыцыi ён праспяваў арыю як анёл, а потым расплакаўся, бо яму, бачыце, здалося, што канец быў змазаны. То ён, здавалася, быў на нябёсах, а праз хвiлiну - ужо нiбы зямлёй прысыпаны.

– Тым не меней, - прабурчаў Вулф, - усё тое, што было сказана Мiёну, усё роўна кiм, на працягу тых дзвюх гадзiн, перад самазабойствам, мае непасрэднае дачыненне да гэтага расследавання, мэта якога - вызначыць маральную пазiцыю мiсiс Мiён. Я хачу ведаць, дзе вы, панове, былi ў той дзень адразу пасля заканчэння гутаркi i да сямi гадзiн i што вы рабiлi ў гэты час.

– Божа, - усклiкнуў суддзя Арнольд i ўзняў да неба рукi.
– Ну, што ж, сказаў ён, апусцiўшы iх, - час познi. Як вам ужо сказала мiс Бослi, я выйшаў са студыi Мiёна разам са сваiм клiентам. Мы пайшлi ў бар "Чэрчыль", дзе выпiлi i пагутарылi. Крыху пазней да нас далучылася мiс Джэймс, яна таксама замовiла сабе пiтво i праседзела з намi даволi доўга, недзе з паўгадзiны, а потым пайшла. Мы с мiстэрам Джэймсам заставалiся разам да пачатку восьмай. Увесь гэты час нiхто з нас не сустракаўся з Мiёнам i нiкому гэтага не даручаў. Спадзяюся, гэта iнфармацыя вычарпальная?

– Дзякую вам, - ветлiва сказаў Вулф.
– Вы, зразумела, пацвярджаеце тое, што было сказана, мiстэр Джэймс?

– Так, - хмурна адказаў барытон.
– Якая ўсё ж такi гэта бязглуздзiца!

– Яно сапраўды пачынае гучаць менавiта так, - пагадзiўся Вулф.
– Доктар Лойд, ваша чарга. Калi вы не супраць?

Той паспеў ужо размякнуць. Ён чатыры разы падлiваў сабе, не шкадуючы нашага лепшага вiскi, i не быў супраць.

– Што вы? Калi ласка!
– ахвотна адгукнуўся ён.
– Я абышоў з вiзiтамi пяцярых пацыентаў: двух, што жывуць на Пятай авеню, на поўнач ад цэнтра, аднаго - у раёне Шасцiдзесятых вулiц ва ўсходняй частцы Манхэтана i двух - у бальнiцы. Я прыйшоў дадому неўзабаве пасля шасцi i толькi паспеў апрануцца пасля ванны, як патэлефанаваў Фрэд Уэплер i паведамiў пра Мiёна. Зразумела, я адразу пайшоў туды.

Поделиться с друзьями: