Крыніцы
Шрифт:
— Не бойцеся, Павел Іванавіч, — раённыя кадры ўмацуем, — запэўніў Малашанка, прыветліва кіўнуўшы галавой.
Бародка сядзеў пануры, маўклівы, змораны на выгляд, з патухлымі вачамі; ён раніцой галіўся, i ўжо к вечару барада яго зноў пачарнела.
Яго крыху ўсцешыла i падбадзёрыла, што Валатовічу не апладзіравалі. Праўда, ён скончыў сваё выступление без пафасу, простым разважаннем. Але калі гаварыў, яму разы два крыкнулі з залы: «Няпраўда!», «Скажыце пра сваю работу!» Значыцца, ёсць людзі, якія разумеюць яго, Бародку. Аднак на перапынку ён пачуў i ўбачыў, як горача дэлегаты абмяркоўваюць прамову Валатовіча. У пракураным калідоры, каля буфетаў, на вуліцы — усюды стаялі групамі i спрачаліся.
Малашанка па запрашэнню Алены Сямёнаўны пайшоў начаваць да Бародкі. Ішлі моўчкі. Праўда, маўчанне апраўдвалася тым, што навакол былі людзі: наперадзе, ззаду, на другім баку вузкай вуліцы ішлі дэлегаты, накіроўваючыся ў сталоўку. Арцём Захаравіч глыбока, на поўныя грудзі, удыхаў марознае паветра i разглядаў заснежаную вуліцу гарадка, заінеўшыя дрэвы, драты тэлефона i тэлеграфа, абмёрзлую калонку, каля якой коўзаліся хлапчукі,— быццам бачыў усё гэта ўпершыню. Сакратар абкома ўпотай з цікавасцю назіраў за ім, уяўляючы, што перажывае цяпер «пабіты».
За час сумеснай працы ён добра вывучыў характар Бародкі, яго самалюбства, ганарыстасць. Некалі ён нават жартам спытаў: «Ты, Арцём, не з шляхты часам?» Бародка тады ўзлаваўся за недарэчнае пытанне.
У кватэры маўчаць нельга было. Алена Сямёнаўна адразу па выгляду мужа здагадалася, што яму «насыпалі». Яна адным позіркам спытала ў Малашанкі: «Вельмі?» — i, атрымаўшы гэтак жа адказ, шчыра пашкадавала мужа, ра. зумеючы, як цяжка яму зараз.
Пакуль яна завіхалася на кухні, Бародка раз-другі прайшоўся па пакоі, спыніўся каля Малашанкі, які ў гэты момант пераглядаў свежыя газеты, i спытаў:
— Як табе падабаецца гэта?
— Што? — узняў галаву Малашанка, не адразу зразумеўшы i падумаўшы, што размова ідзе пра нешта ў газеце.
— Работа Валатовіча.
— Якая работа?
— Яго, з дазволу сказаць, «крытыка» i ўсё, што арганізавана ім.
— Што ж, крытыка як крытыка. Крыху ёсць суб'ектыўнага…
— Усё суб'ектыўна! Старыя крыўды… Помета! І, заўваж, гэта нездаровая з'ява — групоўка з мэтай разграміць першага сакратара райкома…
Малашанка, хаваючы хітрую ўсмешку ў вачах, прыжмурыўся.
— Ты некаторых граміў мацней — i нічога, жывыя, здаровыя, працуюць.
— Што ты раўняеш? — Бародка кінуў на стол газету i зноў закрочыў па пакоі.— Я крытыкую, каб палепшыць работу. А тут… Я табе скажу… Калі ты не дасі належнага адпору, не паставіш на месца гэтага старога дэмагога, які носіцца з сваёй уяўнай прынцыповасцю… Я вымушаны буду ставіць перад абкомам…
На твар Малашанкі нібы ўпаў цень.
— Ты што ж… хочаш, каб я ад імя абкома адгарадзіў цябе ад крытыкі камуністаў?
— Гэта — не крытыка.
— Не, гэта — крытыка! Крытыка сапраўдная, накіраваная на паляпшэнне справы, магчыма, у большай ступені, чым твае «разносы». У Валатовіча — боль камуніста за становішча ў раёне… А ты — «паставіць на месца»… Дзіўнае ў цябе разумение партыйнай дэмакратыі.
— Але, вядома, я забыўся… Вы разумееце яе лепш, — пакрыўджана адвярнуўся Бародка.
Нечаканае «вы» i наогул увесь тон Бародкі непрыемна' ўразілі Малашанку. Каб не гаспадыня, якую ён шчыра паважаў i не мог пакрыўдзіць, ён напэўна пакінуў бы гэты дом.
Алена Сямёнаўна прынесла
закускі i, адчуўшы, што паміж мужчынамі адбылася сур'ёзная размова, далікатна выйшла зноў — няхай дагавораць да канца.— Але, — уздыхнуў Арцём Захаравіч. — Быў Бародка першы ў вобласці… i стаў Бародка…
Малашанка адкінуў газеты.
— Ты прабач, але ты — баязлівец i панікёр! Пакрытыкавалі — i ты раскіс. Адвык ты ад крытыкі, вось што я табе скажу! — Ён сеў за стол насупраць гаспадара i паклаў на сваю талерку капусты.
— Ты прывык прызнаваць толькі крытыку зверху! Цябе на бюро абкома не так крытыкавалі — i ты прызнаваў i дзякаваў. А тут заела: як адважыліся крытыкаваць цябе, Бародку, першага сакратара! — Малашанка раптам проста, па-сяброўску паклаў яму руку на плячо, — Нельга так, Арцём. Зразумей. Не той час. Народ актывізаваўся. Цяпер самае лепшае — прызнаць крытыку, а не станавіцца на дыбы. Падтрымаюць Валатовіча, а не цябе. Вось так! — Ён узняў руку i весела паклікаў: — Алена Сямёнаўна! Чакаем вашай каманды. Без вас не можам пачынаць!
Малашанка. ў сваім нядоўгім выступленні (дэлегаты чакалі, што сакратар абкома, як многія прадстаўнікі з цэнтра, будзе гаварыць гадзіны дзве, а ён заняў толькі паўгадзіны) падтрымаў Бародку. Ён зрабіў нямала слушных заўваг аб рабоце райкома, але даў зразумець, што абком рэкамендуе Бародку першым сакратаром.
— Я не сумняваюся, добра ведаючы таварыша Бародку, што ён зробіць з гэтай канферэнцыі, з вашай прынцыповай крытыкі правільныя вывады, — сказаў Малашанка дэлегатам, якім належала праз гадзіну-дзве выбіраць раённы камітэт.
Бародка, якога супакоіла i падбадзёрыла прамова сакратара абкома, у заключным слове паабяцаў сапраўды «зрабіць усе вывады». Аднак свой страх перад галасаваннем ён выявіў на нарадзе прадстаўнікоў дэлегацый, на якой папярэдне абмяркоўвалі кандидатуры ў склад райкома. Нечакана Полаз, загрымеўшы мыліцамі, прапанаваў уключыць у спіс Лемяшэвіча.
Знешні спакой здрадзіў Бародку, ён амаль скочыў на самы край сцэны, нахіліўся над Полазам, які сядзеў у першым радзе.
— Замест каго? — Ён працягнуў руку ca спісам i трос ім над галавой Полаза. — Не. Вы скажыце, каго выкрасліць! Каго? Нам патрэбна сорак пяць, у нас ёсць сорак пяць. Каго выкрасліць?
— Нікога не трэба выкрэсліваць. Галасаванне пакажа. Я прапаную сваю кандыдатуру — Лемяшэвіча, i, калі трэба, дакажу, што ён дастойны, што вы ні кажыце пра яго.
— Вы не разводзьце анархізму ca сваім Лемяшэвічам!
— А вы пастаўце на галасаванне! — спакойна i ўпарта патрабаваў Полаз.
Гэтая яго смеласць i ўпартасць — такой смеласці ніхто яшчэ не выяўляў — страшэнна спалохала i абурыла Бародку. Ён пачынаў страчваць уладу над сваімі пачуццямі. Баючыся,' што Бародка наробіць глупства, i разумеючы яго страх перад лішнім чалавекам у спісе для тайнага галасавання, Малашанка выступіў на дапамогу,
— Пачакайце. Таварыш Полаз павінен зразумець… Ад вас — Валатовіч, два чалавекі з МТС. Лемяшэвіч, безумоўна, дастойны член райкома. Але ж нельга, таварышы, каб з адных Крыніц была палавіна складу райкома…
Довад быў даволі пераканальны, яго адразу ўсе падтрымалі.
— З нашага калгаса ніводнага няма.
— У нас з сельсавета няма, i мы маўчым!
Полаз абвёў усіх хітрым позіркам i зняў сваю прапанову.
І галасаванне паказала…
Старшыня падліковай камісіі — галоўны бухгалтар банка Цырульнікаў — нізенькі, тоўсты, заўсёды жыццярадасны чалавек (яго на кожнай канферэнцыі выбіралі ў падліковую каміеію), гэты раз выйшаў на трыбуну без сваёй вясёлай усмешкі, нейкі разгублены i нават як бы крыху спалоханы. Зала адразу ўтаймавалася i насцярожылася, адчуваючы, што адбылося нешта незвычайнае.