Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Крыніцы

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Голас Цырульнікава быў хрыпаты, пакуль ён чытаў пратакол нумар адзін — аб размеркаванні абавязкаў паміж членамі камісіі.

— Выпі вады! — крыкнулі яму. Ён паслухмяна выпіў поўную шклянку вады.

— …Аніпка: за — сто трыддаць сем, супроць — пяць. Багданаў: за — сто сорак два, супроць — нуль. Бародка… — Цырульнікаў як бы задыхнуўся i баязліва глянуў у бок прэзідыума, — за — шэсцьдзесят чатыры, супроць — семдзесят восем…

Ён зрабіў паўзу. У зале нехта ахнуў, нехта засмяяўся.

Бародка цяжка ўстаў, панура глянуў некуды ў заднія рады, дзе было цемнавата i дымна, глуха сказаў:

— Ну, дзякую…

І, неяк па-старэчаму ссутуліўшыся, пайшоў за сцэну.

Малашанка паклікаў:

— Арцём Захаравіч!

Бародка

не аглянуўся.

30

Ён спыніўся на знаёмым ганку, запарошаным снегам, — ганак выходзіў проста на вуліцу. Навокал было цёмна, ціха i пуста: ішла другая палавіна ночы. Веска спала. Спаў i гэты дом. Толькі вецер тонка звінеў голымі, абледзянелымі галінамі старой вярбы, што расла пад акном, кідаў жмені сухога снегу, гнаў снежныя пасмы па вуліцы, намятаючы сумёты каля парканаў i калодзежаў.

Чалавек, якому пераваліла за сорак, адчуў раптам, што моцна хвалюецца, сэрца стукае так, што ўдары яго балюча аддаюцца ў скронях. Хвалюецца, як юнак, які прыйшоў на першае спатканне ў жыцці. Не, гэта іншае хваляванне: у ім пераважае пачуццё страху, які апаноўвае перад канчатковым прысудам. Ён не адважыўся пастукаць з той рашучасцю, з якой ён стукаў у гэтыя дзверы шмат разоў раней. Ён сапраўды не быў тут больш двух месяцаў, i яму, пасля ўсяго, што здарылася сёння на канферэнцыі, рабілася страшна ад думкі, што i тут яго могуць сустрэць не так, як ён жадаў бы.

Ён пальчаткай абмёў снег з ботаў, выцер хусцінкай мокры твар, увесь час аглядваючыся — хаця б ніхто, запознены, не ішоў i не ўбачыў яго на гэтым ганку!

Нарэшце ён пастукаў, i ад гэтага нясмелага стуку яшчэ мацней закалацілася яго сэрца. Ляпнулі дзверы з хаты ў сенцы, i голас, старэчы, зусім незнаемы, спытаў:

— Хто там?

Бародка ўздрыгнуў: што яшчэ за навіна? Адкуль узялася тут старая? Ён не адказаў, i голас зноў паўтарыў:

— Хто там?

«Магчыма, Марына ўзяла нейкую старую, каб не жыць адной. Боязна адной».

Ён спытаў:

— Марына Астапаўна дома?

У адказ ляпнула засаўка, дзверы адчыніліся, у цемры сенцаў мільганула белая постаць. Ён увайшоў у хату следам за постаццю, чыркнуў запалку. У той палавіне хаты, якая некалі служыла за кухню i ў якой стаяў адзін стол, цяпер перш за ўсё яму кінуўся ў вочы ложак i на ім дзве ўскудлачаныя галавы — жанчыны i дзяўчынкі. Незнаемая жанчына паглядзела на яго i адразу нацягнула коўдру на твар, схавалася, нібы баючыся, што яе пазнаюць. Адчуўшы прысутнасць другога чалавека, ён павярнуўся. На ляжанцы нехта масціўся, уздыхаючы, пэўна, тая старая, што адчыніла, але запалка дагарэла, i Бародка не разгледзеў яе.

Ён прайшоў у чыстую палавіну хаты, прайшоў асцярожна i гэтак жа асцярожиа запаліў другую запалку. Тут усё знаёма, усё так, як было раней. На ложку ён убачыў Марыну. Яна спала, прыгожая i прывабная: пышныя валасы рассыпаліся па падушцы, голая рука ляжала паверх коўдры. Яна прачнулася, калі ён чыркнуў яшчэ адну запалку. Расплюшчыла вочы, зірнула без здзіўлення i радасці, спакойна i абыякава, быццам ён выйшаў з гэтай хаты якую гадзіну назад, сказала:

— Ты, Арцём?

— Дзе лямпа? — не прывітаўшыся, спытаў ён.

— Там, на кухні.— І раптам яна схамянулася. — Чакай, я сама. Там людзі.

Яна саскочыла на падлогу ў адной кароткай сарочцы, нячутна праслізнула міма яго, i праз момант ён адчуў ад дзвярэй пах газы, потым убачыў, як яе постаць праплыла да стала.

Калі ён запаліў лямпу, яна сядзела на ложку, накрыўшы ногі коўдрай, а плечы i грудзі хутала ў вялікую шарсцяную хустку.

— Што гэта за людзі?

— А гэта тая самая настаўніца… Сухава. Я вырашыла пусціць ix. На прыватнай ім цяжка — тры душы. А яна ціхая жанчына, i — галоўнае — дзяўчынка ў яе цікавая такая. — Твар Марыны Астапаўны радасна праясніўся, але яна глянула на Бародку i ўстрывожана

спытала:

— Што здарылася, Арцём?

Ён наблізіўся да ложка, цень ад яго ўпаў на Марыну і, вялізны, закалыхаўся на сцяне. Ён зрабіў pyx, быццам хацеў абняць яе, але не абняў i зноў прайшоўся па пакоі, шчыльней прычыніў дзверы.

— Што ж, гэта i лепш… Кватэра нам не трэба больш. Паедзем..

— Куды паедзем?

— Куды? — Ён на момант сумеўся, бо не думаў яшчэ, куды можна паехаць. — Знойдзем месца… Пражывём!

— Не, ты скажы, што здарылася?

Бародка зноў спыніўся каля ложка, i твар яго так скрывіўся ад болю i злосці, што Марына спалохалася.

— Што здарылася? Мяне пракацілі… Не выбралі… Вось што здарылася… Гэта — удзячнасць за тое, што я шэсць год не ведаў ні дня, ні ночы, працаваў, як вол… І вось — калі ласка… Даволі было выступіць нейкаму Валатовічу, які зрабіў прыгожы жэст — пайшоў у калгас… Даволі было гэтаму старому дэмагогу 'згрупаваць вакол сябе розных Лемяшэвічаў, i яны зрабілі, што захацелі! Дэмакратыя! Не! Гэта не дэмакратыя, гэта — анархія. Дрэнна яны разумеюць дэмакратыю! І Малашанка — дрэнь… Стары друг! Кар'ерыст!..

Пакуль ён хадзіў па пакоі i злосным паўшэптам выказваў сваё абурэнне, Марына Астапаўна сядзела моўчкі. Абхапіўшы рукамі калені, накрытыя коўдрай, яна ўзлягла на ix падбародкам i, здавалася, не слухала, што кажа Бародка, а думала пра нешта сваё.

Калі ён нарэшце спыніўся i перастаў гаварыць, яна сказала ціха, як бы адказваючы сваім думкам:

— Нікуды я больш не паеду!

Бародка ступіў да ложка, сцягнуў хустку i сціснуў сваімі халоднымі пальцамі яе голыя гарачыя плечы.

— Марына! Я ляцеў да цябе сярод ночы. Ты ў мяне адзіны родны чалавек. I ты павінна зразумець… Нарэшце, калі ты хочаш ведаць, то ўсё i заварылася з-за цябе.

Яна спакойна адняла яго рукі ад сваіх плячэй і, ківаючы галавой, ціха, але ўпарта паўтарыла:

— Я не паеду, Арцём.

Ён зморана сеў на ложак каля яе ног, закрыў твар рукамі.

— Але… вядома… Цяпер я табе не патрэбны. — У голасе яго не было ўжо ні злосці, ні гневу, але не было i жалю, скаргі, a толькі стомленасць i абыякавасць да ўсяго навакольнага.

А яна, адказала не яму, a сваім патаемным думкам:

— Мне трыццаць пяць год… Але… Я многа ездзіла, шукала. А чаго шукала? Шчасця? А шчасце — гэта так проста… Вунь нават Сухава i тая шчаслівей за мяне… У яе памёр муж, але ў яе дачка… Харошанькая такая дзяўчынка! Беленькая, вочкі блакітныя… цэлы дзень звініць, ажно ў хаце павесялела, быццам вясна прыйшла… — Яна цяжка ўздыхнула. — Калі мяне пакінуў першы муж, я страшна перажывала, але не разумела яго тады, а цяпер разумею. Мне было дваццаць тры, а яму трыццаць, яму вельмі хацелася мець дзіця… Я думала, што знайшла шчасце, калі сустрэлася з табой… Сапраўды, тры гады я адчувала сябе шчаслівай… Мой другі муж плакаў, калі я пакідала яго, цалаваў рукі i прасіў, ён кахаў мяне, але я ненавідзела гэтага хлюпіка… Я жыла з ім, а думала пра цябе… Ты паклікаў — i я прыляцела сюды, з горада… Прыляцела з надзеяй… На што я спадзявалася? На шчасце? На якое? На крадзенае шчасце? Не, больш я не хачу крадзенага шчасця! Якое гэта шчасце! Божа мой! Каб мне дзіця! — раптам прашаптала яна i хвіліну маўчала. — Але позна ўжо; кажуць, бабскі век — сорак год… Куды ты мяне клічаш, Арцём? Навошта? Навошта я табе? На пацеху? Так? — раптам злосна i гучна спытала яна, вочы яе бліснулі. Бародка адняў рукі ад твару i здзіўлена паглядзеў на яе. — Калі цябе напаткала непрыемнасць, ты адважваешся звязаць свой лёс з маім, a ці надоўга? Вось ты кажаш: усё гэта з-за мяне. І ты не даруеш… я ведаю — ты не даруеш мне. Я ведаю, што для цябе даражэй… І нікуды ты далека не паедзеш! У цябе сям'я, дзеці… Дзеці! I пасаду новую табе дадуць толькі тут. Дык чаго ты шукаеш? У цябе ж усё ёсць! Праўда, сёння ты многа страціў — я разумею. Для цябе гэта цяжкі ўдар… Але для ўцехі ты знайшоў вінаватых!

Поделиться с друзьями: