Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Крыніцы

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Ён хмыкнуў неяк неазначальна — не то пагардліва, не то сумна, устаў i адышоў да стала. Нечакана груба спытаў:

— Выпіць ёсць што? Я стаміўся, як чорт.

Марына Астапаўна адмоўна паківала галавой, мабыць, прадаўжаючы яшчэ думаць пра свой лёс.

— Не чакала? — іранічна спытаў ён.

— Не чакала, — прызналася яна.

31

Даша Жураўская прыладжвала новыя гардзіны на вокны, калі вярнуўся з работы Раман Карпавіч. Сын адразу кінуўся да бацькі, дачка, стараючыся трымацца ў свае сем год па-даросламу, прадаўжала памагаць маці.

Адсунуўшы

канапку, паставіўшы на табурэт дзіцячае крэсла, Даша стаяла на ім перад акном, босая, у халаце, шырокія рукавы якога ўпалі на плечы i агалілі прыгожыя рукі, яшчэ бронзавыя ад летняга загару, i прымацоўвала карніз.

— Зноў? — дакорліва спытаў муж. Даша любіла, каб у кватэры было прыгожа, утульна, i бясконца купляла новыя рэчы.

— Не, ты спачатку паглядзі, якія танныя, a якія прыгожыя… Не заўсёды такія купіш, паўдня ў чарзе стаяла, — яна трымала ў роце цвічкі i таму гаварыла смешна; сын, якога бацька ўзяў на рукі, пачаў смяяцца i перадражніваць.

Раман Карпавіч не стаў спрачацца i пайшоў мыць рукі.

— А скажы — хіба не прыгожа? — спытала Даша, калі ён вярнуўся. Ёй, як кожнай жанчыне, хацелася, каб муж пахваліў пакупку. Яна сядзела каля стала, надзявала на шнурок другую гардзіну i любавалася на тую, якая вісела ўжо. Ён усміхнуўся ў адказ, але зусім не так, як заўсёды пры такой размове, — неяк кісла, іранічна. Яна заўважыла гэта i насцярожылася.

— Пачакай, скончу — будзем абедаць.

— Калі ласка, — адказаў муж, не праяўляючы асаблівай цікавасці i да абеду.

Гэта ёй таксама не падабалася: чалавек здаровы, з добрым апетытам, ён звычайна крычаў з парога: «Даша! Абедаць!»

Раман Карпавіч прайшоў у суседні пакой, спыніўся перад кніжнымі паліцамі, якія займалі ўсю сцяну, i доўга глядзеў на кнігі так, быццам развітваўся з імі. Потым падышоў да прыёмніка, уключыў i тут жа выключыў, сеў у мяккае крэсла каля стала i пакратаў старыя гардзіны, якія праз хвіліну будуць заменены новымі. Даша праз адчыненыя дзверы ўпотай назірала за ім. «Нешта здарылася». Але яна ведала, як бывае цяжка i непрыемна, калі ў такую хвіліну пачынаюць лезці з распытамі, нават калі гэта робіць i блізкі чалавек. Таму яна ніколі, убачыўшы, што муж не ў настроі, не абдымала яго, не цалавала, ласкава не пытала: «Што здарылася. Рома?» Не, яна рабіла гэта інакш! І зараз яна зайшла ў пакой з гардзінай, на пісьмовым стале кнопкамі прыкалола яе да карніза i загадала:

— Прынясі табурэт.

Раман Карпавіч прынёс табурэт i хацеў лезці сам, але Даша не дазволіла.

— Чакай, я сама, ты ў чаравіках, запэцкаеш мне ўсё.

Ён падтрымліваў крэсла i табурэт, каб яна не ўпала. З вышыні, не перапыняючы работы, яна спытала жартаўліва i як бы між іншым:

— Не сакрэт, чым расстроены таварыш Жураўскі?

— Чым? — Ён з удзячнасцю глянуў угору на яе рукі: малайчына, сваім тонам яна памагла яму пачаць размову. — Таварыша Жураўскага паеылаюць у раён.

Даша крута павярнулася і, напэўна, упала б, каб ён не падхапіў яе на рукі. Яна войкнула, абняла яго за шыю, на міг прытулілася, але тут жа вызвалілася з абдымкаў i, трохі бледная ад спалоху, спытала з вялікім здзіўленнем:

— Цябе? На работу?

Чатыры месяцы ішла кампанія — накіроўвалі адказных работнікаў з горада ў вёску, у сельскія раёны, але ёй ні разу нават i ў галаву не прыйшло, што могуць паслаць яе мужа, кандыдата навук, адказнага работніка ЦК.

Яна села на край канапкі, папраўляючы валасы, i адразу зрабілася не па-дамашняму сур'ёзная, на выгляд як бы разгубленая,

але ў той жа час нейкая ўрачыстая i рашучая, як выглядаюць толькі жанчыны ў адказны момант жыцця.

Раман Карпавіч адышоў да кніжнай паліцы i пачаў выроўніваць кнігі, імкнучыся, відаць, гэтак схаваць сваю ўзрушанасць.

— Ну, вось… бачыш, як яно бывае… Калі я сам пасылаў людзей, мне здавалася ўсё гэта прасцей, чым некаторыя стараліся давесці. А яно вось як: ты — у інстытуце, Таня — у музычнай. Я — кандыдат, марыў за доктарскую ўзяцца… І вось — ідзі сакратаром. Ды куды? Ведаеш куды? У наш раён! Адкуль прыйшоў — туды i вярніся. Як табе гэта падабаецца?

Яна з цікаваецю глянула на мужа. Ён растлумачыў:

— Канферэнцыя праваліла Бародку. Не разумею, што там здарылася.

— А я разумею, — сказала Даша. — Я даўно табе казала: зазнаўся, лічыў, што яму ўсё дазволена.

— Не спрачаюся… Ты, вядома, права, як заўсёды. — Яму хацелася пажартаваць, але жарт не атрымаўся. Даша пачала камячыць канцы пояса ад халата. Ён зразумеў, што яна знарок не глядзіііь на яго, успрыняў гэта як дакор, як асуджэнне i збянтэжыўся. Хацелася сказаць пра ўсё так, каб не было з яе боку ніякіх папрокаў, а галоўнае — крыўды. Даша не заплача, не паскардзіцца — ён ведаў гэта, але яму было шкада яе, у яе было нялёгкае жыццё. Як яна радавалася, калі паступіла ў інстытут, а потым — калі атрымалі гэтую ўтульную кватэру! І вось усё трэба кідаць… «Зразумей мяне, мой добры друг, як ты заўсёды разумела». Ён прысеў каля стала i сказаў з сур'ёзнасцю амаль афіцыйнай:

— Мяне хвалюе яшчэ i іншае… Ці ўсе там правільна зразумеюць мой зварот? Скончыў акадэмію, працаваў у ЦК i раптам — назад.

Вядома, не гэтага ён баяўся. Але цяпер, калі Даша нечакана змоўкла, яму здавалася, што лепей, калі яна спачатку выкажацца не аб пераводзе ў раён, a выявіць свае адносіны да звароту ў свой раён. Тады, напэўна, адразу стане ясным наогул яе стаўленне да гэтай падзеі ў ix жыцці.

Даша раптам падышла i стала побач. Цяпер ён баяўся глянуць на яе, чакаючы жорсткіх слоў. Але рука яе мякка лягла яму на плячо.

— Чаго ты мяне агітуеш?

— Я? — Раман Карпавіч глянуў на яе з трывогай i радасцю.

— Што я, не бачу?! Угаворваеш, як дзяўчынку. Мне проста крыўдна. Успомні, у сорак першым мы не думалі i не вырашалі, дзе нам будзе лепш ці горш i якую пасаду ты будзеш займаць — камандзіра ці радавога… Мы з табой першыя пайшлі ў лес. І калі так трэба сёння… Ты ж сам згадзіўся, хіба я не бачу. Дык навошта табе ўгаворваць мяне? Пасаромеўся б!

У радасным парыве ён не абняў яе, а моцна, да болю, сціснуў рукі. A калі яна войкнула, ён падзьмухаў ёй на пальцы, як маленькай, i пацалаваў ix. Дзеці з радасным смехам кінуліся да бацькоў. Колькі хвілін яны з напружаннем сачылі за ix паводзінамі, хаваючыся за дзвярамі. Ім здавалася, што бацькі маюць намер пасварыцца, i яны перажывалі з-за гэтага, асабліва плакса Таня.

32

Да вечара аглядаў Жураўскі МТС i калгас, аглядаў, як гаспадар, што вярнуўся пасля доўгай камандзіроўкі. Усё яму знаёма тут да драбніц — усё, што застаецца нязменным праз многія гады — палі, гai, луг, рэчка. Але шмат што змянілася за шэсць год: выраслі новыя будынкі — фермы, гаражы, майстэрні. Ён амаль штогод прыязджаў у Крыніцы адпачыць, але тады неяк не заўважаліся ўсе гэтыя змены. Выходзіць, каб усё бачыць, трэба глядзець не вокам дачніка, а вокам гаспадара.

Поделиться с друзьями: