Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лабірынты

Ластоўскі Вацлаў

Шрифт:

* Kronos (грэц.) — час. Кон — круг, круг гадавы; як нямецк. Gott — год.

Трэцяя асоба славянскай Тройцы, адпавядаючая вавілонскаму Белу і індускаму Шыве, — ёсць Сіціўрат, Сіва. Халдэйцы лічылі Бела богам апраметнай, царства вечнай цемры, дома, «у які ўсе ўходзяць, але скуль ніхто не выходзіць». Індусы Шыву называюць мсціцелем. Цікава пры гэтым адмеціць адну асаблівасць, гэта тое, што індусы аддавалі чэсць Шыве — Ішвары ў мясцовасці Рудры, а славяне — Рэтры.

І каб мы не ведалі аб тым, што дака-гецкія міты праз грэкаў сягалі да Вавілоніі і Эгіпту з адной стараны, а да Індыі з другой, — то можна было б падзіўляць незвычайную прыпадковасць у сугуччы.

У санскрыце маецца эпітэт, даваны Шыве, — Гары, які вельмі сходзен з нашым Яры, Ярыла, Яравід. Сімвалам Сіціўрата (жыццявароту) — Ярылы быў нязгасны агонь — Жывец,

Жынч, Зніч (знікомы), які меў свае вечныя алтары паўсюдна, куды сягала вера славянская. Летапісы ўпамінаюць аб такіх вечных агнях у Вільні, Вялікім Ноўгарадзе, а ў заходніх славянаў у Жніне, Гнезне і Жуліне на Паморы. Усюды, дзе існуюць або існавалі першыя хрысціянскія святыні, пасвячоныя прароку Іллі, яны былі будаваны на месцах вечнага агню. Бо Ілля заступаў у пачатках хрысціянства Ярылу. Цэрквы такія былі ў Менску, Віцебску, Смаленску, Полацку і іншых гарадах. Святары, служыўшыя Яраму, называліся ведунамі, вядачамі, вятачамі, вяцвягамі, бо яны прарочылі будучае. Няхай не дзівіць, што сіле мсцівай надаваўся эпітэт белага, яркага. Гэта дзеля ўласкаўлення яго. Бо ж дагэтуль, па старой памяці, народ называе агонь — багач, цяпло, святло, каб не ўквяліць грознай сілы. У мысль гэтага страшны Лясун носіць эпітэты Дабрахот, Зялун, а чорны балотны дух — Бялун, той, гэты і, ужо пад уплывам навейшага светагляду, нячысцік.

Сіле першапрычыннай, Найвельшаму, належыць пашана ад усяго жывога. Ён асновапаложнік, ён той, аб каторым пяе брамін у сваіх гімнах:

Я носьбіт і дарога, сведка і князь,

Айчына, прыяцель, прытулак;

Першапрычына, і цэль, і істасць рэчаў,

Я і захоўнік, і вечнае семя.

Калі Арфей, які быў з народаў гетаў, сяліўшыхся пад той час у Фракіі, панёс у Грэцыю навуку аб адзіным Найвельшым, то грэкі пыталі аракула, што такое Бог, якога прапаведуе Арфей? І аракул назваў Найвельшага святлом (rad), мыслю-словам (logos) і крыніцай жыцця (pneuma), якія імёны азначаюць — адзіную першапрычыну, святло духа, радасць без мучэння, першакрыніцу веды, увенчаную вышэйшай праўдай.

Правечны Кон даў права, закон людзям, звярам, птахам, полазам, рыбам, расцінам і наогул усяму, што жыве, родзіцца і памірае. Устаноўленыя ім законы вечны і непарушны. Галоўнае месца ў нашым краі, дзе складалі яму чэсць, быў Тураў і мясцовасць Скрыгалава, недалёка ад Турава, дзе дагэтуль захаваліся рэшткі так званых цыклапічных будоўляў у форме аграмадных каменных блокаў. Сімвалам справядлівасці ў славянаў лічыўся белы бык — тур.

І хоць даўным-даўно забылі нашы людзі старых багоў, але палеская (горадзенская) зямля дагэтуль мае ў сваім гербе тура, сімвал Правечнага Кону.

Пад гэтай Тройцай бачым мы, ніжэй, сем асоб з іх сімваламі: гэта ёсць сем галоўных сіл, уладаючых светам. Першая — Кон, Конязь, і яго сімвал сонца; другая — Княжыч, або Месяц, з сімвалам сваім — месік у маладзіку; трэцяя — Ярыла, і сімвал яго — гвязда Марс; чацвёртая — Радзігост, і яго сімвал — гвязда Меркурый; пятая — Пярун-Грамавік; шостая — Грамавіца, і яе сімвалы — гвязда Венера і пташка зязюля; сёмая — Лада, Ладон, і яго сімвал — гвязда Сатурн. Кожнай з гэтых сямёх асоб пасвячаны адзін дзень тыдня, аб чым сведчаць рунічныя надпісы пад кожнай асобай: нядзеля — соўнік, панядзелак — месіч, аўторак — ярэц, серада — радаўнік, чацвер — перунец, пятніца — грамніца, субота — ладзіч. Ніжэй гэтых сямёх асоб маецца дванаццаць сімвалаў, азначаючых 12 знакаў Задыяка, а пад імі — чатыры вятры, бытуючыя на чатырох канцах зямлі: Усток, які сухасцю тхне; Ірэй, прыносячы цяпло; Сутон, навяваючы хмары і дождж; Сівер, прыносячы сцюжу.

Сярэдні шлях малюнкаў завіраў у сабе сцэны з жыцця людзей, звяроў, птахаў, рыб, раслінаў і іншых на зямлі, у паветры, у вадзе з іх пераменамі і бытам.

У самым нізе было выабражана царства смерці, дом вечнай цемры з яго жыхарамі. На першым плане былі дзве галоўныя фігуры: Люцец, Люты (Pluto), або Кашча Бяссмертны, і яго жана — Марва. Першы выяўляў сабой худую, з вострымі людскімі рысамі і злымі вачыма пачвару, другая — мела старэчую жаночую галаву, на якой замест валасоў звіваліся сыкучыя змеі. Яе мясістае тулава апіралася на чатырох лапах і заканчвалася драконаўскім хвастом. Па-за гэтымі галоўнымі постацямі віднеліся пачварныя духі краіны смерці і бесканечны лік бледных людскіх постацей.

Мазаіка памосту пакрыта была сімвалічнымі знакамі, значэнне якіх я не знаў і не адважыўся спытаць аб іх.

А цяпер, — сказаў Іван Іванавіч, — каб пасунуцца далей у лабірынты, нам трэба сесці ў гэтыя крэслы.

ІV

Зачараваны веліччу абразоў, развінутых Іванам Іванавічам, я спытаў яго:

— Чаму ж усё гэта заняпала, чаму забыта?

І Іван Іванавіч сказаў:

— Герадот апавядае, што паўночныя краіны Эўропы былі найлюднейшымі пасля Індыі. Паўночныя народы, якіх звалі гіпербарэйцамі, займаліся лавецтвам, скацежніцтвам і ратайствам. Зналі рамёслы і асабліва любаваліся ў вызнанні прыроды, а дзеля гэтага былі носьбітамі высокай веды. З берагоў Герадотаўскага мора, цяперашняга палескага краю, паходзіў вялікі індускі рэфарматар — Рама. Ален-гіпербарэец вывеў з поўначы калонію вучоных, якія сталіся ў Грэцыі кастай святароў і асновапаложнікамі чэсці Апалона і Дыяны ў Дэласе.

З поўначы, са славяна-гецкай зямлі, прыбыў у Грэцыю Арфей, заснавец гарадоў, вучыцель мастацтва і рамёслаў. З поўначы прынёс Праметэй святло, за што быў неміласэрна пакараны.

Праметэй, першы цывілізатар Грэцыі, прыкаваны за гэта да Каўказскай скалы, паводле слоў Эсхіла, жаліўся: «Багі, мне дзеецца крыўда! Паслухайце, што я даканаў дзеля смяротных. Дзякуючы мне са звярат, якімі былі, сталіся людзьмі. Сляпыя, глухія, як мары, яны туляліся без правоў і ладу, не ўмелі будаваць дамоў, пячоры былі ім адзіным прытулкам, цягнулі жыццё няпэўнае, не разрознівалі часу і пор году. Я першы навучыў іх пазнаваць ход гвёздаў, навучыў іх знакаў пісьма, знакаў лічэння, абдарыў іх памяццю, маткаю муз, навучыў іх лавецтву. За што ж карае мяне завісны Зеўс? Ці ж бы за святло, збліжаючае людзей да багоў?»

Грэцкія пісьменнікі самі сведчаць, што жыўшыя на поўнач ад іх паўночныя народы занеслі ў Грэцыю не толькі некаторыя мастацтвы, але і цэлую рэлігійную сістэму, навукі і ўмеласці. Славянскія народы, як, прыкладам, — курэты, квірыты, або крывіты, — ужывалі рунічнага пісьма задоўга да прыбыцця ў Грэцыю феніцыянскага Кадмуса. Іхнія будоўлі напаміналі цыклапічныя, адзначаючыся незвычайнай трываласцю. У першых іхніх сялібах, прыкладам, на гарах Алімпійскіх, Геліконскіх і Пандэйскіх насамперш зараджаюцца рэлігія, музыка і філасофія, якой пасля славілася Грэцыя. Згэтуль выходзіць Апалон, які займаўся тут пастырствам. Арфей (orfeos — цёмны), праўдападобна сляпы, як Гамер, сваёй вымоўнасцю аблашчываў дзікіх звяроў і лагодзіў дзікасць тыбульскіх барбараў. На чароўны, акудны гуд яго ліры палі змяняюцца ў гарады (грэцкае: горад — paleis). Ален, Тамарыс і Лінэй, таксама, як Арфей, сваімі прамовамі скланяюць тубыльцаў пакінуць людскія ахвяры багам, а здаецца, і вырачыся людаедства.

Але ёсць народы, як і паасобныя людзі, прызначаныя быць не толькі месіямі чалавецтва, але і яго адкупіцелямі. Да гэткіх належыць народ гетаў, з усімі яго галінамі. І мы бачым: Праметэя за яго дабрадзействы, выказаныя людзям, распялі на каўказскай скале. Арфея раздзерлі п'яныя, упаўшыя ў шал, кабеты. Фасційскія пелазгі за недаверства паганізму былі пабіты грэкамі і патоплены ў моры. Троя, славянская сяліба між грэкаў, збурана грэкамі. Урэшце грэкі, падбіўшы сваіх даўных вучыцялёў і цывілізатараў, нішчучы, стараліся іх зняславіць перад гісторыяй, няслушна прыпісваючы ім нялюдскія абычаі і чараўніцтва.

Перш чым стаўся носьбітам веды і задаўся мэтамі месіянізму, народ гетаў павінен быў прайсці сам рад унутраных пераабражэнняў і рэформ.

Першым рэфарматарам быў Зарада. Да яго існавала ў гетаў супольнасць кабет і маёмасці. Народ займаўся толькі лавецтвам. Ён вучыў рамяству і завёў свабодны выбар жон і жонамі мужоў, раз кожнага году. Штогодна меў права муж змяніць жонку і жана мужа. Дзень гэты быў названы Купаллем, дзеля таго, што ў гэты дзень павінны былі кандыдаты на жаніцьбы адбыць ачышчэнне праз агонь і купанне ў вадзе. Кожная пара магла мець сваю ўласнаць і аддзяліцца ад грамады. Ніхто не мог карыстацца чужой працай. Кожны пільнаваў ладу ў сваёй сям'і і дома быў поўным суверэнам. За крыўды, зробленыя суседу, караў сход суседзяў. Але сем'і пачалі множыцца, і бацькі мала-памалу ўстанавілі патрыярхат, неабмежаную нічым уладу галавы сям'і над усімі сем'янінамі. Прычым патрыярхі неахвотна выпушчалі каго-колечы з сям'і, і сем'і разрасталіся да 100-200 душ. Уласнасць у сем'ях сталася сямейнай уласнасцю, або, іначай кажучы, уласнасцю патрыярха, як і ўсе кабеты сям'і. Пайшло агульнае нездаволенне.

Поделиться с друзьями: