Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лабірынты

Ластоўскі Вацлаў

Шрифт:

— Во гэта сведчанне падарожнага, які бываў у нашым краю за некалькі сот лет да арабскага пісьменніка Масудзі, які яго сведчанне асобным раздзелам (Маруджа, 62) са старых кніг упісаў у свае кнігі. Тут мова аб гарадах і святынях славянскіх. Руін гэтых гарадоў і святынь цяперашняя археалогія не знаходзіць на зямельнай паверхні, бо яны дзіўнай умеласцю старабытных нашых інжынераў апушчаны ў глыб зямлі, як вось і гэта наша святыня, у часці будынкаў якой мы цяпер з вамі знаходзімся. У гэтай кнізе вось што аб ёй напісана:

«З гэтых святынь адна пабудавана на гары, гэта дзіва свету, а як кажуць знаўцы, прыклад архітэктуры і распарадкавання разнаякага камення, ужытага да гэтай будоўлі. Сабраны там дарагія каменні невыказанай цэннасці, а такжа знакі, паказуючыя будучыню».

— Усё, што тут напісана, — шчырая праўда! — казаў Іван Іванавіч, складаючы кнігу. — Цяпер

жа я пайду на момант да нашых старцаў, а Вы агледзьце радчайшую ў свеце бібліятэку.

— Прашу вас, скажыце, хто гэта такія старцы і як яны жывуць тут?

— Гляньце на гэту салю, — сказаў Іван Іванавіч, — вы тут не ўбачыце нідзе ніякіх прылад да асвятлення, а ў салі светла і цёпла. Гэта таму, што сцены гэтай салі пакрыты элементам, падобным да радыю, з якога пабудована сонца. Пад гэтым святлом і расціны і людзі могуць жыць без ушчэрбку для свайго здароўя. Гэты элемент тут ужыты як маса да тынкавання сцен, акром святла і цяпла мае яшчэ і другія дзействы: хто знаходзіцца заўсёды пад уплывам яго святла, не падлягае старасці, якая паходзіць ад звапнення кроваточных начынняў у людскім арганізме. Пад уплывам гэтага святла вапна не можа ў арганізме зацвердзяваць, а дзеля гэтага чалавек застаецца назаўсёды ў адным веку, а як вынік гэтага — не падлягае смерці. Мы з вамі цяпер знаходзімся на глыбіні каля тысячы метраў ад паверхні зямлі, і аднак жа вы аддыхаеце лёгкім паветрам, гэта таму, што элемент гэты, які завецца гетынам, мае ўласнасць паглынаючую лішкі кіслых газаў. Вось жа старыя вучоныя, сышоўшы з поля дзікага змагання на зямлі, жывуць тут, працуючы над навукай і ўмеласцямі ў сваіх абшырных і добра абстаўленых бібліятэках і лабараторыях. Працуюць, чакаючы часу, калі ім прыйдзецца ізноў выйсці да свайго народа. Адным з важнейшых адкрыццяў, якія імі тут зроблены, ёсць крывін, пры помачы якога кожную рэч можна разлажыць на першапачатковыя высхады і з першапачатковых высхадаў злажыць любую рэч. Прыкладам: з высхадаў паветра і вады можна вытварыць камень, золата, хлеб, тлушч і, наадварот, кожную рэч можна перамяніць у другую. Прыкладам, той жа бруковы камень можна змяніць у хлеб ці золата, у паветра ці любога смаку сталовае масла. Бо першапачаткавы высхад ва ўсім ёсць адзін і той жа, залежыць толькі ад таго, які надаецца кірунак руху яго праатамам. Гэтае вялікай вагі адкрыццё, зробленае нашымі старцамі, развяжа на зямлі сацыяльнае пытанне... Пытанне пракорму людзей.

У гэты момант недзе здалёк пачуўся званок, і Іван Іванавіч, падаўшы мне на развітанне руку, выйшаў у праход, які пачынаўся з левай стараны салі, сказаўшы:

— Вам, аматару кніг, думаю, маркотна тут не будзе.

Я, не трацячы часу, стаў разглядаць кнігі. Аддзел бібліятэкі, у якім я знаходзіўся, складаўся з помнікаў старасвецкіх арабскіх, грэцкіх, індускіх і эгіпецкіх пісьменнікаў. Аграмадныя фаліянты, пісаныя на пергаміне і шоўкавых тканінах, залягалі ўсе сцены: унізе, каля сцен, у дубовых, абіваных сярэбранай бляхай скрынях разложаны былі звіткі, пісаныя на розных мовах. З плану бібліятэкі, які быў выабражаны на мармурнай дошцы сярод салі, відаць было, што аддзел славянскіх кніг знаходзіўся ў трэцяй салі, ідучы налева. Я паспяшыў туды.

У гэты момант нейкі лёгкі быццам звон угары звярнуў маю ўвагу. Я падняў галаву і ўбачыў, што са сцяны выступае масіўны каменны блок, у кшталце стала, з глыбокімі ўнізе выемкамі. На стале быў расстаўлены цэлы рад жоўтага металу стылёвых міс, а на іх разложаны свежыя фрукты і закускі, пасярод жа красавалася бутэлька са «Старкай». Падышоўшы да стала, я ўбачыў картку, пісаную рукою Івана Іванавіча, гэткага зместу: «Паважаны Дружа. Усё, што знойдзеце на гэтым стале, толькі што прыгатавана пры помачы высхаду крывін. Спрабуйце, ці годна да ўжытку. Ваш Іван Іванавіч».

Я сеў пры стале і ў часе яды пераканаўся, што пададзеная закуска вызначалася вялікім кулінарным мастацтвам. Пячэння была гарачая і сочная, з прыемным водарам дымляніны; фрукты мелі дзіўную свежасць; «Старка» цягнулася з бутэлькі, як аліва, і разыходзілася па арганізме хвалямі прыемнага цяпла.

Перакусіўшы, я скіраваўся ў славянскі аддзел бібліятэкі. Багацце, якое я тут убачыў у звітках і фаліянтах, прост не паддаецца апісанню. Тут я бачыў не толькі фаліянт полацкай летапісі, пісанай рукой княжны Еўфрасініі, але і летапісы шмат ранейшых перыядаў існавання нашага народа. Убачыў сабранне навукі Зямельчыца, якое складалася з чатырох кніг, разбітых кожная на семдзесят два раздзелы. На змест кнігі злажыліся: маральнае права, цывільнае і дзяржаўнае права, гісторыя народа і анталогія лепшых тагачасных літаратурных твораў.

Цэлы аддзел бібліятэкі складаўся з кніг, пісаных глаголіцай, якая, як я тут пераканаўся, была шмат старэйшай бадай на добрую паўтысячу лет славянскай граматай, знакі якой развіліся з славянскіх герогліфаў. Старанна апрацаваныя табліцы развіцця пісьменных славянскіх знакаў паказвалі не толькі перамены ў формах знакаў, але давалі адначасна і храналагічныя даныя, з якіх відаць было, што пачаткі пісьменнасці славянскай трэба аднесці на канец чацвёртага тысячалецця перад нашай эрай. Цікава было слядзіць па гэных табліцах, як з людской фігуры (рысаванай у герогліфах поўнасцю) вытварыўся знак «аз» — «я», нашае цяперашняе вялікае «А», у каторым з людской постаці засталіся ўнізе толькі дзве палкі, а ў папярэчцы памяць аб рысаваным калісь паясе. Як цвёрда трымаўся цэлыя тысячалецці знак змяі і дахаваўся да нашых часоў у славянскай літары «зело», а такжа знак жука ў літары — «ж», які сягоння яшчэ напамінае сабой кузурку.

У аддзеле архітэктуры бачыў я дзіўнай прыгожасці стылёвыя будоўлі так званага гецкага стылю. У аддзеле пісьменнасці хрысціянскіх часоў з асаблівай пашанай перахоўваліся тут рукапісы першых хрысціянскіх апосталаў Кірылы і Мяфодзія, аб якіх трэба, аднак, на аснове пачэрпнутых мною ў бібліятэцы даных сказаць, што хоць яны сапраўды пераклалі Святое пісьмо на славянскую мову, але ў пісьменнасці славянскай, так званымі кірылаўскімі літарамі, на добрыя чатыры сталецці іх папярэдзілі розныя хрысціянскія сектанты, а перадусім маніхейцы, паўлікіянцы і мэсальянцы. Усе гэтыя сектанты пісалі грэцкімі літарамі па-славянску, дапасоўваючы іх да славянскай мовы. І пераклад кананічных кніг на славянскую мову папярэдзілі розныя сказанні, як, прыкладам: : «Сказанне аб Адаме», «Кнігі Эноха справядлівага», «Сказанне аб Ламэху і Мэльхіседэху», «Запаветы дванаццаці патрыярхаў», «Пасланне Абраама да Хрыста», «Евангелле Хамы», «Евангелле Нікадымава» і шмат іншых.

Урэшце, змучаны пераглядам кніг, я надумаў абысці бібліятэку, і з гэтай мэтай выйшаў у другую салю, а з другой у трэцюю і гэтак далей. Прайшоўшы дзесяткі два саль, напоўненых кнігамі, я апынуўся перад глыбокай нішай, у якой была памешчана фігура чалавечая з бліскучымі вачыма. У меру збліжэння да яе, вочы фігуры штораз ярчэй свяцілі, прычым чулася ў іх нейкая прыцягальная сіла. Калі я быў на адлегласці метраў дзесяць ад фігуры, я ўжо не меў сілы стрымаць сябе, нешта незразумелае, непаборнае цягнула наперад, і высілкам усёй волі я не мог спыніць сябе, каб не ісці далей. Фігура была з жоўтага металу, утрая большая ад натуральнага чалавечага ўзросту. Ад сіняватага бляску святла вачэй фігуры, які быў скіраваны прост ў мае вочы, я чуў, як цела маё млела. У гэты момант фігура правай рукой ударыла тры разы ў шчыт, які быў у яе на левай руцэ. Аглушаючы патройны гук дарэшты спаралізаваў мяне, і я страціў прытомнасць.

Калі я адкрыў вочы, то ўбачыў, што ляжу ў гатэлі на сваёй пасцелі ў адзежы. Праз вакно ярка свяціла сонца і двума агністымі стаўпамі клалася на памост перад маім ложкам.

У гэты момант нехта пастукаў у дзверы.

— Але! Прашу! — сказаў я.

Адчыніліся дзверы, і я ўбачыў на парозе Падземнага чалавека. Ён падышоў да мяне і, паздароўваўшыся, сеў пры ложку. Глянуўшы на яго, я ўбачыў шырокую блізну на левай шчацэ, ад вуха да падбародка. Мне зразу ўспомнілася падзямелле, і я ўскочыў з ложка. Стары глядзеў нейкім цвёрдым сталёвым поглядам мне ў вочы. Гэты яго погляд наводзіў на мяне нейкі забабонны страх, і я зноў сеў на ложку.

Стары моўчкі пачаў капацца ў падысподным кішэні сваёй спанцэркі і па нейкім часе выняў адтуль даволі пакомканы канверт, падаючы які мне, сказаў:

— Гэта вось вам цэдулка ад Івана Іванавіча.

Я паспешна схапіў канверт і, раздзёршы яго, дабыў запіску, у якой было напісана:

«Паважаны Дружа, заўтра мае імяніны, а сягоння вечарам свята Купалле. Загляньце вечарком, пагаворым ізноў аб мілай старасвеччыне. Стол я прыгатаваў паводле сваіх рэцэптаў. Спрабуеце, ці годная мая кулінарыя да ўжытку. Ваш Іван Іванавіч.

Полацак, 23 чэрвеня».

Я хутка глянуў на сцяну, две вісеў адрыўны каляндар, там віднелася дата 20 чэрвеня.

Гэта быў дзень, калі я прыехаў у Полацак і вечарам гасціў у Івана Іванавіча.

— Якая сягоння дата? — спытаў я ў Падземнага чалавека.

— А якая ж, то ж ведама — 23 чэрвеня, — адказаў ён, пасміхаючыся.

— А калі я ў вас быў?

— То ж вы заўчора былі ў нас, у аўторак, а сягоння мы маем, дзякаваць Богу, чацвер, заўтра будзе пятніца, святога Яна.

Поделиться с друзьями: