Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лабірынты

Ластоўскі Вацлаў

Шрифт:

У гэтым часе аб'явіўся другі рэфарматар — Багавей, які высунуў на першы план касту святароў. Апавешчана была святарская дыктаратура; зямля, як належачая да Бога, была аддадзена на ўласнасць галоўнай святыні, а з яе рамення патвораны былі па ўсім краю правінцыянальныя святыні. Усе жыхары, і бацькі і дзеці, павінны былі нараўне працаваць для багоў і святынь. Як найсвяцейшая праца была палічана праца ратарская. Сімвалам яе ўстаноўлен быў белы бык, які атрымліваў асаблівую пашану пры святынях. Пры гэтым ладзе хутка ратар сам стаўся паніжан да безгалосай скацежыны, за якую думае гаспадар. Каб патушыць нарастаючую рэвалюцыю, святары пайшлі на ўступкі: прызналі роўнае права з сабой галовам родаў. Утворан быў духоўна-арыстакратычны ўрад, які, прыкрываючыся воляю багоў, выдаваў ад іх імені свае загады, маючы

перш за ўсё на мэце свае карысці. Гэта тройца — духавенства, старшыны і багі — моцна і надоўга села на карк рэшты народа. Але ў гэтым часе пачалі адбывацца напады суседніх качавых народаў, абарона ад якіх вытварыла мала-памалу трэці стан — вайсковы. У суполку — багі, святары, старшыны — павінны былі быць прынятымі і вайскоўцы.

Калі мы прыгледземся да зместу нашых народных казак, то гэту гісторыю мы знойдзем там, перададзеную ў сімвалах. У сялянскай сям'і, прыкладам, родзіцца які-небудзь Кацігарошак, найсільнейшы за ўсіх, якія існуюць сілачы ў свеце. Падросшы, ідзе нішчыць зло на зямлі і памалу дабірае сабе яшчэ двух, а часам трох асілкаў, якія ўрэшце робяць паміж сабой змову, каб загубіць яго, і закідаюць у бяздонную, безвыходную пропасць. Але Кацігарошак раней-пазней дабываецца з пропасці і, пасаромеўшы сваіх сяброў, бярэ ў свае рукі кіраўніцтва над светам, якому дае спакой і шчасце.

Пад панаваннем старшын і духавенства, змацаваным вайскоўцамі, ратары ў грэцкай сімволіцы прыбіраюць постаць аднавокага цыклопа, а пазней дурнога і сляпога Паліфема.

Але яшчэ не канец на гэтым. Чужаземцы, прыманыя спярша як госці, пачалі панявольваць славянскія народы і памалу абяртаць у сваіх нявольнікаў. Вышэйшыя класы, арыстакратыя і духавенства, зліліся з пануючымі прыходцамі.

Тут мы маем такую самую гісторыю, як і ў Італіі, дзе, за многа гадоў да заснавання Рыму, жыў высокакультурны народ этрускі. Чужаземныя дружыны паняволілі іх, абярнулі ў сваіх нявольнікаў і, пераняўшы ад іх культуру, ачарнілі этрускаў перад гісторыяй як дзікіх і нічога не вартых людзей. Аб дзівах мастацтва, промыслаў і навук, аб стане высокай асветы ў этрускаў мы сягоння даведваемся толькі з раскопак іхніх магілішч і гарадзішчаў. Цывілізацыя этруская загінула ў войнах прыходцаў з мясцовым жыхарствам. А пасля, за часоў Сцылія, безміласэрна, разам з выдатнейшымі мясцовымі людзьмі, былі нішчаны ўсякія помнікі этрускай культуры, іх кнігі і творы іхнага генія. І этруская культура заняпала навекі. Рым пакрыў яе маўчаннем або сыпаў лаянкай і знявагай.

Пад ударамі чужаземскіх наезнікаў заняпала і наша культура, а асабліва ў часе хрышчэння нарманамі славянаў.

Трэба памятаць, што міфалогія многіх народаў нічога супольнага з тэасофіяй не мае, як прыклад можа служыць лацінская міфалогія. Лічу патрэбным гэта зазначыць дзеля таго, каб стала відней, што з нашае міфалогіі належыць да тэасофіі, а што з'яўляецца толькі сімвалам пройдзенай народам гісторыі.

Ёсць апавяданне аб Сатурне, што за яго панаванне быў на зямлі залаты век. Сатурн — бог патрыцыяў. Легенду гэтую, ведама, улажылі патрыярхі, спамінаючы сваё даўняе і безгранічнае панаванне. І дармо некаторыя хочуць бачыць у гэтым песімізм класічных народаў, якія, кладучы спярша век залаты, пасля сярэбраны, мядзяны, урэшце — зялезны, хацелі быццам зазначыць, што — чым далей, тым горш на свеце. Не, гэту гісторыю трэба паставіць у зусім другую плашчыню.

Сатурн пачаў есці сваіх дзяцей.

Гэту басню выдумала ўжо каста святароў, спіскуючы1 супраць усеўладнага патрыярхату. Устаноўлены лацінскімі святарамі пазнейшы лад аддаваў уладу ў рукі багатых сямей, «абдарыў старшых братоў правам боскім і людскім» — jus pater (згэтуль Юпітэр), крыўдзячы і вызываючы з правоў малодшую, ратарскую браццю. Утварыліся патрыцыі (паны) і плебейцы (мужыкі).

Патрыцыі тонуць у збытках і раскошах, плебей у заплату і падзяку за крывавую працу мае бізуны і розгі. І вось у лацінскім богабайніцтве апавядаецца, што Венера, жонка плебейскага Вулкана, стала задавацца з патрыцыянскім Марсам. Вулкан, не могучы знесці гэткай знявагі, абвівае спячых — Венеру і Марса — сеткай, падложанай пад іх, і выкідае іх на святло, каб яўным ужо сталася, што плебс змаўляецца і бяскарна пасягае на правы патрыцыяў. Гэта быў дакор, зроблены Апалону, вартаўніку права. Увесь Алімп устрывожаны.

Апалон памярцвеў са знявагі. Адны багі смяюцца, а другія выказваюць злосць і абурэнне. Юпітэр страшліва загрымеў — quos ego!..2 Бачачы, аднак, прыгожую Венеру гэтак зняважанай, кажа: «Годзе ўжо ён... На Вулкана няма спосабаў — quem ego!..3 За мяшанне ў маю спрэчку з Юнонай у справе надання правоў плебеям нядаўна так піхнуў яго я нагой на зямлю, што аж нагу ён зламаў».

У трудным палажэнні Юпітэру аж галава трашчыць. Як пагадзіць нязгоду ў народзе, пры ўсёўзрастаючых дамаганнях чэрні, пры заўзятай упорчывасці патрыцыянскіх багоў?

— Вулкан і Меркуры не даюць мне спакою ад таго часу, калі Марса з Венерай удалося прылавіць у сетку.

— Чатырох нас, — кажа Меркурый, — стань, Найвышэйшы, па нашай старане, і народная справа будзе выйграна.

— Найвышэйшай рады багоў не перагаласуем, шэсць галасоў супраць пяці, — адказаў Юпітэр. — Што рабіць? Галава трашчыць, што рабіць! Тут мяне рве, ствару Мінерву. Вулкан, валі молатам у галаву во тут, тут!

Вулкан выпаўняе загад. А калі, спужаныя відовішчам бацькаўбійства, багі збягаюцца, бачаць нованароджаную багіню, узброеную ад ног да галавы, выходзячую з патыліцы Юпітэра. Вось і багіня мудрасці — Мінерва.

— Плебейцы дапамінаюцца правоў, — кажа Меркурый.

Сталі галасаваць. Шэсць супраць шасці!

— Мне належыцца падвойны голас! — крыкнуў Юпітэр.

І справа народа была выйграна.

— Дык занясі ім зямельнае права! — крыкнуў Юпітэр. — Сам пагавару я з Юнонай і думаю, што яна дазволіць такжа права вольнай жаніцьбы.

Меркурый, які спаўняў абавязкі паштара, панёс весць на зямлю. І плебейцы атрымалі правы людскія і цывільныя. А ўсё гэта сталася вынікам неперасцерагання правоў бажкамі, залётнасцю Венеры і праз папусціцельства Юпітэра, — тлумачылі святары.

Меркурый, бог купецтва і прамысловасці, носіць світу нараспашку, служыць усім, хто плаціць: багом і людзям, небу і зямлі. Апякуецца злодзеямі і ашуканцамі. Пад яго апекай вырастае новая арыстакратыя — грашовая. У рады яе ўходзяць усе, кім апякуецца Меркурый. І на правы для гэтага стану багі, ад імені сваіх кліентаў, патрыцыяў, павінны былі згадзіцца.

Нягледзя на тое, што даўно па-свойму рашыў Юпітэр зямельнае права, права гэта да сягоння несправядлівае. І будзе датуль актуальным, пакуль кожны народ не станецца гаспадаром у сваім краі, пакуль кожны, хто палівае сваім потам загон, не будзе праўным, прызнаным і ўсвячоным правам яго валадаром.

Гэты ж час ужо недалёк!

V

У гэты момант, калі, скончыўшы гутарку, прымоўк Іван Іванавіч, а я аддаўся размышлянню, нас акружыла маўклівая ціш, скрозь каторую знекуль стаў даходзіць да вуха ціхі харальны спеў. Спярша гэты спеў быў такі ціхі, што зліваўся з тутненнем сэрца і крыві ў жылах. Але ў меру таго, як я, натужаючы свой слых, услухаўся, ён усё рос і ўрэшце набіраў штораз больш выразістасці. Калі спеў гэтых многіх галасоў стаў набліжацца, я пытаюча глянуў на Івана Іванавіча.

— Гэта пяюць нашыя старцы, — сказаў ён спакойна.

— Як! Дык хіба ж гэты падзямеллі заселены людзьмі? — здзівіўся я.

— Так. Жыццё ў гэтых падзямеллях ідзе старое, даўняе. Вам жа хіба прыходзілася чуваць ад народа дый чытаць у так званай этнаграфічнай літаратуры аб праваліўшыхся гарадах, цэрквах, манастырах. Хіба ж вы не чулі аб невідомым горадзе Багоцку, во тут, каля Полацка? Другі такі горад, што каля Гомеля, апісаў расейскі пісьменнік пад найменнем Кіцежа. На землях, якія ў апошнія часы ў дакрывіцкую эпоху засялялі готы, гэткія гарады існуюць...

Я здзіўлена ўзіраўся на Івана Іванавіча і сам не ведаў, што аб усім гэтым судзіць, гэтак было ўсё, чутае і бачанае, незвычайным для майго разумення, што я павёў рукой сабе па абліччы, каб пераканацца, ці ўсё гэта не галюцынацыя, не сон... Але чоў мой мяне не ашукваў...

Іван Іванавіч пры гэтым устаў і, адчыніўшы дзверы ў сцяне, павёў мяне доўгім і шырокім праходам, аж урэшце мы апынуліся ў вялікай і светлай салі. Не было там ні свечак, ні лямпаў, святло як быццам само сабой стаяла ў салі. Сцены былі запоўнены ўсякімі кнігамі і звіткамі рукапісаў. Падышоўшы да адной з паліц, Іван Іванавіч зняў пергамінны рукапіс, кажучы:

Поделиться с друзьями: