Ланцуг
Шрифт:
Кулінічы не шкадавалі для яго нічога. Больш дзяцей у іх не было, і Васільку даставалася ўся пяшчота.
У вёсцы не разумелі гэтага. Вёска ўсё хавае, тут не прынята паказваць, што ты нешта ці некага моцна любіш, тут не да мусі-пусяў, не да цялячых пацалункаў, не да цырымоній; усё гэта выпрацоўвалася вякамі, перадавалася з пакалення ў пакаленне як абярэг, было няпісаным кодэксам.
Вось класічны дыялог маці з сынам: «Ідзі есці, ірад!» — «Ай, не хочу!» — «Я табе не захочу!.. я з цябе шкуру злуплю!..»
У Кулінічаў усё па-іншаму. Махновачка выплыве на вуліцу, мядовым голасам: «Васілёчку, ідзі, сыночку, естачкі!» — «Іду, мамачка. А
Бацькі з малых гадоў прывучаюць дзяцей да скрытнасці: пойдзеш гуляць, дык хаця нікому не кажы, што еў, у чужой хаце не сядай за стол, не пазірай, як чужыя ядуць, — самы вялікі сорам, калі падумаюць, што галодны.
— Ды барані Бог нічога нікому не расказвай! Маўчы, і ўсё!
Васілька ахвотна ішоў у любую хату, як у сваю ўласную. Лез за стол, калі запрашалі. І адказваў на любое пытанне. Хітрая баба перастрэне, заманіць цукеркам ці грушаю, і пачынаецца: «А што ты сёння еў, Васільку?»
— Каўбасу з казулі. І яшчэ фаршу матка накруціла.
— А браце! А дзе ж вы мяса бярэце?
— Ляснічы прывёз, — бесклапотна казаў Васілёк, седзячы на лаве, хістаючы ножкаю.
— А матка цябе б’е калі?
— Не-а.
— Ты, мабыць, як вырасцеш, будзеш ляснічым?
— Не-а.
— Дык мо брыгадзірам? Маслоўскі хутка на пенсію, дык мо ты замест яго будзеш?
— Не-а.
— А кім ты будзеш?
— Матросам на караблі.
— Ты пабач! — аж слупянела баба ад здзіўлення. — Хто ж цябе гэтаму вучыць? Матка?
— Не-а. Дзядзька Пятро.
— А колькі табе матка грошай на кніжку наклала? Мо ўжо тысячу?
— Не-а. Сто мільёнаў.
— А браце!.. Так Махновачка навучыла…
Зрэшты, усе падобныя спектаклі заканчваліся аднолькава — пасля бабы ўголас адна адной пераказвалі (ведаючы, што кожная данясе Махновачцы):
— Не людзі, а золато! І Кулініч, і дзіцятко, і жоначка яго!..
А Кулініч між тым выматваўся ў сваім лясніцтве; усё зарабляў і капіў. Не адставала Махновачка: і ў калгасе, і ў горадзе на базары, і агарод вяла. Многа памагаў лес-карміцель. Узімку, расцягнутыя на рожках перад печчу, заўсёды сушыліся зайцавы шкуркі ці смярдзела на ўсю хату ліса. Не саромеліся дзіцячага заробку: збіралі і здавалі ў нарыхтоўчую кантору сасновыя і бярозавыя пупышкі, умудраючыся налупіць іх вёдры, а ўвосень тымі ж вёдрамі ў тую ж кантору цягалі рабінавыя ягады. Пра лета няма чаго казаць. Улетку літаральна начавалі ў лесе. Дралі кару з крушыны і лазы, грабёнкаю збіралі ягады, латашылі арэхі, ці, як казаў Васілёк, арахі — «арахоў цехнік даў!» Кару ён называў —кора. Увогуле, Васілёк дзякуючы матцы ўзбагачаў мясцовую лексіку. Усе казалі — «во ён», Васілёк — «во се то во ён»; усе — «даўно», Васілёк — «во се пара»…
Мацнела гаспадарка. З’яўляліся новыя матэрыяльныя рэчы. І ўсё было як бы ў квадраце, мела сваю маленькую копію — з прыцэлам на Васілька. Была кабыла — і жарэбчык, стрэльба двухстволка — і тульская аднастволачка, матацыкл «Урал» — і каляска да яго… Быў чорна-белы тэлевізар — Кулініч з’ездзіў у горад, вярнуўся з каляровым.
Махновачка на вуліцы прыціскала Васілька да сябе і ў залежнасці ад таго, як рос іх дабрабыт, мяняла сынаву будучыню:
— Хутка будзеш з намі ў калясачцы ў лес ездзіць, кору драць…
— Будзеш са стрэльбачкі зайцоў біць…
— Выгадуецца жарэбчык — паскачаш на ім у лясніцтва, бацьку памагаць…
— Вось вывучышся — будзеш у цвятным целецізарыку выступаць…
— Вось прададзім матацыкл, купім машынку — будзеш руль круціць…
Усе гэтыя
штучкі не маглі не насцярожваць. Не трэба хваліцца шчасцем, яно не любіць публічнасці, яго трэба хаваць, нават саромецца яго; шчаслівыя павінны адгарадзіцца ад астатніх дубовымі дзвярамі, жалезнымі замкамі — хаця б дзеля таго, каб не сурочылі.І быў яшчэ адзін момант. Надта ж прыгожа ў Кулінічаў пад акном расла каліна. А па вясковых няпісаных законах каліну (як і елку ці сасну) нельга садзіць блізка. Звычайна яна туліцца на задворках, хаваецца ў глухім канцы агарода. А ў іх расла навідавоку, адразу перад верандай, у кампаніі толькі ламаносаў — гэтыя абвівалі і калінавы куст, і шула, і саму веранду і яшчэ паўзлі ўверх, чапляючыся вусікамі за нацягнутыя гаспадыняй ніткі, да самага франтона. Акрамя гэтых бяскрыўдных ламаносаў, нічога больш не замінала каліне; яна тут уладкавалася, як пані: шыкоўная, пародзістая, увесну аблітая белым кветам, улетку нават здаля чырвоная ад буйных, большых за вішні ягад.
VII
Перад тым, як зайсці да Кулінічаў, Пятро Кветка спыняўся пад калінаю, даставаў з вечна адтатурчанай — нават калі там нічога не было — кішэні пінжака пляшку «чарнільца», прамочваў горла, зрываў жменю ягад разам з лісцем, зажоўваў, адплёўваўся, пасмейваўся:
— Ад душы… Дабрачая закуска!
Пятро пакрысе ператварыўся ў ціхага, скончанага п’яніцу. Гэта проста быў нейкі эксперымент з прадвызначаным фіналам: хто каго, я гарэлку ці яна мяне? З часам у яго знізіўся бар’ер уздзеяння спіртнога — яго ніколі не ванітавала. Аднак нават у тыя рэдкія дні, калі ён не піў, у яго ўжо ўсё роўна кожны вечар па інерцыі пачыналі блытацца думкі і ногі.
Ён даўно закінуў мару пра машыніста, ужо не праводзіць з зайздрасцю вачыма хуткасныя цягнікі; цяпер яго цікавяць толькі «мядзведзі» — таварнякі з віном з Малдавіі, якое чырвонаносыя экспедытары за капейкі прадаюць на разліў. Не расказвае ён ужо і пра свой Узбекістан, панама знасілася, а альбом стачылі ў пацяруху мышы.
Жонка кляла яго: «Чаго на людзях не чувана, не бачана — каб так чалавек дамоўкі цураўся! Дошкі ў плоце калываюцца, як зубы, а яму няма калі. А ён паўзе і паўзе па чужых хатах, хто яму там якім мёдам мажа…»
І праўда, гаспадаркі ён не любіў, тут Валя мела рацыю. Ужо тады абазначыўся крах вёскі — задоўга да Чарнобыля і перабудовы, пачыналіся першыя яе перадсмяротныя сутаргі, пакаленне Пятра было апошнім пакаленнем, звязаным з зямлёй; яны ведалі, што апошнія, што на іх усё скончыцца, дзеці іхнія ўжо не выберуць іхняй долі, ды ніхто і не хацеў, каб яны яе такую выбіралі.
Пятро, як малы, уцякаў з дому пры кожным выпадку. Спачатку выдумляў прычыны, потым і выдумляць перастаў — проста сыходзіў з двара і ішоў да чужых. Чужыя яго шкадавалі, налівалі, выпытвалі, і ён хоць часткова атрымліваў тое, чаго быў пазбаўлены дома.
— Пятро, мне не гарэлкі шкода, — спачувала яму Махновачка, — цябе шкода! Яны ж цябе затаўкуць! — агучвала яна тое, што ведала ўся вёска.
Дома ў Пятра ўжо не абыходзілася тым, што грошай на пахмелку не давалі. Калі раней Валя сцябала яго словамі, дык цяпер перайшла да справы. Тым больш, дзеўкі падраслі і актыўна сталі памагаць маці. Усе яны ўдаліся ў Валю, пабралі і знешнасць — такія ж непрыгожыя, і душу — так жа ненавідзяць бацьку. П’янага бездапаможнага Пятра звязвалі на падлозе і білі: усур’ёз, са ўсяе сілы, чым папала… Нават малая Любка збоку таптала шапку. Потым пакідалі ляжаць звязанага да раніцы.