Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Левы рэйс

Шитик Владимир Николаевич

Шрифт:

— Такія вось справы, таварыш лейтэнант, — разгублена і таму зусім неафіцыйна звярнуўся ён чамусьці да Корзуна, хаця ўзначальваў групу начальнік райаддзела падпалкоўнік Шарай. Іншым разам Савачкін абавязкова далажыў бы па ўсёй форме і каму належыць. Ён быў стары і дысцыплінаваны міліцыянер, службу ведаў і любіў. Аднак адчынены сейф, што на яго ўчастку не здаралася яшчэ ніколі, вывеў Савачкіна з раўнавагі.

Напэўна, і падпалкоўнік зразумеў стан участковага, бо, павітаўшыся, сказаў таксама не службова:

— Хадзем, Раман Фаміч, паглядзім.

Яны ўвайшлі ў кантору. З першага позірку Корзуну стала ясна, што слядоў засталося нямнога і эксперт наўрад

ці знойдзе што-небудзь, вартае ўвагі.

— Вы гутарылі з прыбіральшчыцай, Раман Фаміч? — спытаў падпалкоўнік Савачкіна.

— Так, — махнуў рукой участковы. — Каб не наступіла на гэту дошку, — ён тупнуў нагой па белай, нядаўна пакладзенай маснічыне, і дзверцы ў сейфе варухнуліся, — нічога не заўважыла б.

Пакуль яны ў калідоры абменьваліся думкамі, эксперт Хвыль скончыў аглядаць памяшканне.

— Мне можна было не прыязджаць, — сярдзіта сказаў ён і паглядзеў на Корзуна, быццам гэта той увёў у практыку следства і экспертызу, і агляд месца, дзе адбылося злачынства.

— Парадак ёсць парадак, Віктар Міхайлавіч, — пасміхнуўся Шарай, ведаў, калі Хвыль бурчыць, значыць, усё-такі скажа нешта слушнае. — Чакаем твайго слова.

Эксперт чмыхнуў, пачаў нудна:

— Хутчэй за ўсё ў бухгалтэрыю зладзеі праніклі цераз дзверы. Дзейнічалі адмычкай, на замку засталіся драпіны, але канчатковы вывад…

— Я пазней прачытаю ў тваім акце, — падпалкоўнік паглядзеў на гадзіннік. — І пра сейф таксама. Ты нам паведамі, ці не кінулася што ў вочы — характэрнае, адметнае?

— Гэтак скажаце, каб я злодзея на ланцужку прывёў,— ён нешта яшчэ прабубніў сабе пад нос і раптам сваю злосць перанёс са злачынцаў на канторскае начальства: — Каб гэты жалезны куфар, які тут гучна імянуюць сейфам і ў якім скнарыстая бабка не рызыкнула б свае старыя спадніцы хаваць, здаць на металалом, то больш за тры капейкі не выручылі б. І хто толькі надумаўся ў такой ламачыне грошы трымаць! Гэта ж не замок, а засаўка, — тыцнуў ён у паламаныя дзверцы, — яе зубілам ды малатком збілі.

Хвыль заўсёды абураўся, сустракаючыся з бесклапотнасцю. У аддзеле прывыклі да яго «каментарыяў» і звычайна цярпліва чакалі, калі яны скончацца. Аднак сёння Хвыль, падобна, не збіраўся ўдакладняць свае вывады. Ён спыніўся перад Савачкіным, з якім раней ніколі не працаваў і які не ведаў яго ўвогуле бяскрыўднай схільнасці да позы, і раптам, памяняўшы тон, спытаў:

— Вартаўніка дапыталі? Савачкін папярхнуўся, як вінаваты:

— Хворы, два дні, як захварэў, радыкуліт…

— Дзіва што! — зноў узняў голас Хвыль і перабраўся паміж сталоў да Шарая. — Было іх двое. Увайшлі праз дзверы, з грашамі выбіраліся праз акно, тое, перад якім вялізны куст бэзу. Бэз, заўважце, яшчэ лісця не паскідаў. У цемры зладзеі зламалі галінку і абарвалі, нечым зачапіўшы — хутчэй за ўсё рукзаком, — некалькі лісцікаў. Свежыя лісцікі сям-там парасцярушаны аж да штыкетніка. Пералезлі цераз агарожу, а тады падаліся на дарогу. Адбіткаў пальцаў не пакінулі, візітных картак таксама. Сляды на зямлі? Пад акном асфальт, як вы бачылі… Усё! — сказаў і зрабіўся маленькім, лагодным і стомленым чалавекам, у якога шмат гадоў за плячамі.

— Дзякуй, Віктар Міхайлавіч, — кіўнуў яму Шарай.

А Корзун падумаў, што адну зачэпку эксперт усё-такі даў: двух злачынцаў шукаць лягчэй, чым аднаго.

— Так, Алесь Антонавіч, — Шарай абвёў вачамі бухгалтэрыю, — папрацуйце разам з Раманам Фамічом. Пашукайце сярод мясцовых. А мы паедзем, будзем думаць іншыя варыянты.

Корзун з Савачкіным засталіся ўдвух.

— Трэба і нам ісці, а то занялі кантору, — сказаў участковы.

Корзун

не паспеў адказаць.

У калідоры пачуўся тупат. Праз імгненне дзверы ў бухгалтэрыю, дзе ўсё яшчэ стаялі Корзун з Савачкіным, шырока расчыніліся, і ў іх паказаўся высокі мажны чалавек. Корзун ведаў яго — старшыня тутэйшага калгаса Шынкевіч.

— Шукаеце? — спачатку прабасіў ён, потым падаў руку. — Куды міліцыя глядзіць!

Корзун хацеў адказаць, што не міліцыя, а сам старшыня вінаваты, бо грошы трэба было ўсё-такі раздаць своечасова, але прамаўчаў: Шынкевіч даўно кіраваў калгасам, гаспадарыў умела і, маючы круты характар, не цярпеў, калі яму пярэчылі. Пачакаўшы, пакуль старшыня аціхне, прапанаваў:

— Можа, у вашым кабінеце пагаворым, Фёдар Гаўрылавіч?

Шынкевіч уважліва зірнуў на Корзуна, прыжмурыўся, як ацэньваючы, і ў вачах яго бліснула сумненне — ён ці не ўмеў, ці не хацеў хаваць сваіх пачуццяў. Корзуну нават падумалася, што старшыня можа спакойна прамовіць услых: «Хіба можна даручаць сур'ёзную справу такому маладому чалавеку, як ты?» Не сказаў. Павярнуўся і пайшоў да сябе, упэўнены, што міліцыянеры пойдуць за ім. У кабінеце ўсеўся ў крэсла, строга спытаў:

— Што-небудзь высветлілі?

— Не-е… — Корзун адчуваў сябе ніякавата: Шынкевіч нібы прыгнятаў яго.

— Дык пра што будзем гаварыць? — Старшыня ўзяў нейкую паперку, пачаў чытаць і, здавалася, адразу забыўся пра міліцыянераў, якія ў напружаных позах сядзелі насупраць.

Савачкін запытальна паглядзеў на Корзуна: маўляў, ты начальства, табе і слова. Корзун раптам узлаваўся — і на Савачкіна, і на Шынкевіча, і яшчэ больш на сябе. Рэзка сказаў:

— Фёдар Гаўрылавіч, мы да вас не ў госці прыйшлі.

— Што? — Шынкевіч узняў галаву. — А ты калючка, лейтэнант. Давай, давай… Кажы, што ад мяне трэба.

— Не надта многа, — памякчэў Корзун. — Адказаць на некалькі пытанняў.

— Слухаю, — адкінуўся ў крэсле старшыня.

— Часта вялікія грошы ў сейфе трымаеце?

— Скажаш, парушаем парадак? Бывае, — пацвердзіў Шынкевіч. — Але я накручу хвост галоўнаму бухгалтару, можаш не сумнявацца.

Корзуну здалося, што старшыня ўсё яшчэ не прымае яго ўсур'ёз, і строга зазначыў:

— Бестурботнасць да дабра не прыводзіць. Шынкевіч усміхнуўся, нічога не адказаў. Ён нібы страціў цікавасць да субяседніка і зноў пацягнуўся да сваіх паперак.

— Аднак нас цікавіць іншае. Хто, па-вашаму, мог ведаць, што ў сейфе засталося так многа грошай?

Шынкевіч паціснуў плячамі, потым, загінаючы пальцы на левай руцэ, пачаў тлумачыць:

— Уся бухгалтэрыя — раз, уся смятаніцкая брыгада — два, я — тры, мой шафёр, які возіць касірку з банка, — чатыры, любы калгаснік, які мог надвячоркам апынуцца ў бухгалтэрыі, — пяць… Бачыш, пальцаў не хапае. Але ў нас такіх зацятых зладзеяў няма. Калі што, дык па дробязі, на чарніла… Пра гэта ў Савачкіна папытай, ён тут усіх ведае, — Шынкевіч пастукаў пальцамі па стале, кінуў: — Спадзяюся, у цябе ўсё?

— Прабачце, не, — матнуў галавой Корзун. Яму вельмі хацелася хутчэй скончыць размову: пра ўсё гэта, нават больш дакладна, мог расказаць галоўны бухгалтар. Але было ў Корзуна пытанне менавіта да старшыні. Ён разумеў, што пытанне не спадабаецца Шынкевічу, і ўсё адцягваў.

— Ну, дык што там у цябе яшчэ? — нецярпліва буркнуў Шынкевіч.

— Чаму вы так позна прыйшлі ў кантору?

Чырвоны старшынёў твар стаў бурачковым. Шынкевіч павольна пацягнуўся да тэлефоннага даведніка, няспешна адшукаў патрэбны нумар і зняў трубку. Гэтак жа нетаропка пачаў набіраць лічбы.

Поделиться с друзьями: