Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Левы рэйс

Шитик Владимир Николаевич

Шрифт:

— Шарай? — грозна вымавіў ён у трубку. — Ты чаго мне пакінуў свайго лейтэнанта? Ах, сейф! То хай займаецца сейфам. Зараз дам. — І да Корзуна: — На!

— Ты што, не ведаеш Шынкевіча? — пачуў Корзун, ледзь прыхінуў трубку да вуха. — Што ты ў яго пытаў?

— Чаму пазней за ўсіх прыбыў на месца здарэння.

— Гэта мае дачыненне да справы?

— Пакуль не ведаю, — Корзун скасавурыўся на старшыню, які сядзеў з абыякавым выглядам, і растлумачыў: — Касірка чакала «газіка». На іншай машыне? — паўтарыў ён для Шынкевіча пытанне начальніка аддзела. — Дарога дрэнная, на грузавіку не дабярэшся, гэта ж дваццаць

кіламетраў. Старшыня пры чым? — Ён зноў зірнуў на Шынкевіча. — Старшыня ні пры чым, проста я бачыў яго «газік» у райцэнтры, як выязджаў сюды, і падумаў, ці не без гаспадара ён там. Ёсць — правільна ставіць пытанні,— і паклаў трубку.

Шынкевіч ажывіўся, сказаў:

— Вось так! «Газік» са мной быў, зразумела? А цяпер ідзіце адсюль, шукайце злодзея. Мне клопатаў і без вас хапае.

— Як ён нас? — усміхнуўся Корзун, калі яны з участковым апынуліся ў калідоры.

— Табе што, — уздыхнуў Савачкін, — ты з раёна… Савачкін сеў за стол галоўнага агранома, далей ад акна, і са старой пашарпанай планшэткі выцягнуў чысты ліст паперы.

Стоячы спіной да акна, Корзун з усмешкай сказаў:

— Гатоў даваць паказанні.

— А што? — як належнае прыняў закід Савачкін. — Цікава, што мае сказаць лейтэнант райаддзела?

Корзун павярнуўся да акна. Імжэў дождж, і на шкле віселі драбнюткія кропелькі вады. Цікаўныя, што нядаўна тоўпіліся насупраць канторы, разышліся, і вуліца — шэрая, прамоклая — была пустая. Корзун падумаў, што ў жартаўлівай фразе, якую сказаў участковы, ёсць сэнс. Паказанні не паказанні, а першыя вывады пара рабіць.

— Зладзеі хутчэй за ўсё не тутэйшыя, — сказаў Савачкін. — Адчуваецца прафесіяналізм. Пасля сябе пакінулі толькі тое, што не маглі не пакінуць.

— Цяпер кожны дурань ведае пра пальчаткі,— паківаў галавой Корзун. — Вы зірніце з другога боку: надта ўдала абставіны склаліся — вартаўнік захварэў, грошы засталіся.

— Думаеш, быў наводчык?

— Надта гэта складана з наводчыкам, быццам спецыяльна пільнавалі выпадак, — раздумліва адказаў Корзун. — Тут тады цэлая шайка павінна дзейнічаць. Адзін жыве ў вас, ён выпадкова даведваецца пра грошы, паведамляе сваім хаўруснікам, якія дзесьці ў іншай вёсцы або нават у райцэнтры. А тыя нібы гэтага толькі і чакалі: прымчаліся, зрабілі сваю справу і зніклі. Вельмі ўжо арганізавана выглядае.

— Але за свой участак я ручаюся.

— Вам відней, Раман Фаміч. Хаця праверыць усё роўна варта. Дзіўна было б, каб свой не быў тут замешаны. Гэта адно. І другое. Будзем лічыць, што зладзеі залётныя. Прыехалі і паехалі. Трэба пагаварыць з людзьмі — ці не бачыў хто? І сувяззю пацікавімся, спытаем на пошце, ці не званіў хто…

— Хіба па міжгароднім, — з сумненнем заўважыў Савачкін. — А калі ўнутры раёна, то на кожнай ферме, у кожнай брыгадзе тэлефон ёсць. Звані — хто хочаш.

— Паспрабуем высветліць і гэта.

— Значыць, пачнём з першага пункта? — спытаў участковы, занепакоена разгладжваючы паперу, на якой паспеў ужо запісаць Корзунавы меркаванні.

Корзун сам сабе пасміхнуўся. Каб Савачкіну даручылі самастойна разблытваць пакражу, ён наўрад ці думаў бы пра план следства і тым больш не прыкідваў бы на паперы свае дзеянні. Яму гэта не патрэбна. Ён свае лейтэнанцкія пагоны заслужыў, кожны раз даходзячы да ісціны па-свойму, сваім розумам. І цяпер, каб быў адзін, напэўна, зашпіліў бы планшэтку, глыбей

насунуў бы на галаву цеснаватую, выцвілую пад сонцам і дажджом форменную фуражку і пайшоў бы па вёсцы, спыняючыся то з адным, то з другім калгаснікам, няспешна вёў бы звычайную між знаёмых гаворку і сярод будзённых слоў непрыкметна знаходзіў бы тыя, што былі яму патрэбныя. Пры следчым з райаддзела ён губляўся, стараўся падладзіцца пад нязвыклую яму манеру расследавання. Гэта выглядала трохі наіўна, але менавіта гэта больш за ўсё і спадабалася Корзуну.

— План, Раман Фаміч, мы напішам. А цяпер давайце вашы меркаванні, падумаем над імі,— сказаў Корзун, каб даць участковаму магчымасць працаваць самастойна.

— І то, — адразу падбадзёрыўся Савачкін. — Варта было б з работнікамі бухгалтэрыі пагаварыць, — ён памуляўся, падбіраючы словы, — афіцыйна, з пратаколам. А то я іх так, збольшага папытаў.— Корзун згодна кіўнуў галавой. — Гэта я сам зраблю, — працягваў Савачкін, — а на тваю долю — ферма. Жывёлаводы рана ўстаюць. Пагавары з загадчыцай на комплексе, яна раней за даярак на працу прыходзіць.

II

Жывёлагадоўчы гарадок, або, як яго тут называлі, комплекс, быў на ўскраіне вёскі, паблізу ад шашы. Сучасны кароўнік, сянажныя вежы, фуражныя склады. Загадчыцу Корзун знайшоў хутка. Яна сядзела ў сваім маленькім чысценькім пакойчыку і нешта падсумоўвала на лічыльніках. Відаць, была не надта спрактыкаваным рахункаводам, бо асцярожна, як баючыся, перасоўвала па прутках па адным жоўценькія і чорненькія кружочкі.

— Вы Марыя Апылінская? — няўпэўнена спытаў Корзун. Дзяўчыне было гадоў дзевятнаццаць-дваццаць, для загадчыцы такой фермы, на яго думку, малавата.

— А то хто ж? — уздыхнула яна. Аднак, глянуўшы на Корзуна, ажывілася: — Што гэта я вам спатрэбілася?

— От шукаю, хто мала спіць, — ён пасунуў парожні бітон і сеў на лаўку.

— Тады правільна. Гэта — я. У чатыры ўстаю, у дваццаць чатыры кладуся.

— Хто рана ўстае… — хацеў пажартаваць Корзун.

— Таму заўсёды спаць хочацца, — перабіла дзяўчына. — Дык што вам?

— Грошы ў канторы ўкралі. Чулі?

— Ну і што? Я далёка ад канторы жыву. Вунь там, — паказала яна на завешанае белай фіранкай акенца.

— Гэта нават лепш, — сказаў лейтэнант. — Значыць, вы ў чатыры ішлі на працу?

— Не, а пятай. У чатыры я ўстаю.

— Вы нікога не сустрэлі?

— Каб то, — яна аж сцепанулася, — такая цемра, цішыня.

Корзун уявіў, як дзяўчына таропка бяжыць спачатку па соннай вуліцы, потым недзе ў правулку збочвае на гароды, і ўвесь час, баючыся азірнуцца, чуйна прыслухоўваецца да кожнага шоргату за спіной. Яна, напэўна, і выбірала сабе дарогу цераз поле, бо там няма ні дрэў, ні платоў, за якімі ёй уяўляліся прывіды.

— І сёння нікога не бачылі? — спытаў ён, шчыра спачуваючы дзяўчыне.

— Адкуль? Соннае царства.

Корзун не вельмі спадзяваўся, што Марыя Апылінская выведзе яго на след. Аднак адказ расчараваў — яна ж была б, можа, адзінай сведкай.

— І машыны не хадзілі?

— Быў нейкі грузавік, здаецца. Я якраз з хаты выйшла. На Комсенічы памчаўся.

— Так ужо і памчаўся? — Корзун перапытаў наўмысля.

— Як шалёны, — цвёрда запэўніла дзяўчына. — Стаяў-стаяў, а потым як ірване. Дзіва што, позна было.

Поделиться с друзьями: