Левы рэйс
Шрифт:
Шукаць належала яму, Корзуну, але адказваць за вынікі ў даным выпадку будзе не толькі ён, а і пракурор. Гэта слаба суцяшала. Непакоіла не адказнасць, адказнасці Корзун ніколі не баяўся, а сама справа. Выглядала яна, як у такіх выпадках любяць казаць яго калегі, глухой. Мог жа чалавек у цемнаце і завірусе збіцца ў незнаёмым горадзе з дарогі, забрысці на чыгуначнае палатно, дзе яго і збіў цягнік. Менавіта гэту версію пракурор і вылучыў адразу. Супадала ўсё: і час — састаў з лесаматэрыяламі праходзіў праз пераезд недзе праз гадзіну пасля таго, як журналіст выйшаў з гасцініцы, і траўма на целе нябожчыка, якую судмедэксперт вызначыў як удар тупым прадметам, і, нарэшце, месца, дзе знаходзіўся
Корзун падтрымаў бы гэту версію, не паспрабаваўшы пашукаць што іншае: яна тлумачыла амаль усё, хіба толькі за выключэннем аднаго — чаму чалавек, які абяцаў неўзабаве вярнуцца, апынуўся так далёка? У кепскае надвор'е не задумаешся настолькі, каб не заўважыць, куды ідзеш. А калі ўсё-такі задумаўся, то аб чым? Але ў каго папытаеш, аб чым думаў нябожчык за хвіліну да смерці? І тым не менш Корзун не мог пакінуць гэта пытанне без адказу, а значыць, не мог і прыняць думкі пракурора.
Раней Корзуну не даводзілася працаваць з Пратасенем. У Лясным ён быў упершыню, да гэтага з пракурорам не сустракаўся і больш за ўсё баяўся, каб той не аказаўся занудай, не лез у кожную драбніцу, скоўваючы яго дзеянні. Самастойнасць Корзун любіў. Пачатак іх сумеснай працы супакоіў. Пратасеня, падобна, быў не з тых, хто падмяняе памочнікаў. Больш таго, выклаўшы Корзуну свае меркаванні, ён папрасіў не спыняцца на іх, а прыдумаць нешта іншае.
— Іншае, — усміхнуўся Корзун. — На звычайнай мове гэта азначае: шукай немаведама каго.
— Я сустракаўся з Рамейкам, — сказаў Пратасеня, — спакойны, разважлівы. І раптам — блукае поначы, як закаханы, нікога і нічога навокал не заўважаючы.
— Ён не жанаты?
— Хочаш спытаць, ці не закахаўся? — Пратасеня пагартаў пашпарт, нібы яшчэ не ведаў, што Рамейка быў халасцяком. — Адпадае. Сябры з абласной газеты, якія не адзін год ведалі яго, сказалі, што і закахаўшыся ён не забыўся б на сваё рэдакцыйнае заданне. Ён быў па натуры сухаваты, і абавязак у яго заўсёды стаяў на першым плане. Так што вывесці яго з раўнавагі мог толькі нейкі незвычайны выпадак.
— Паспрабую прасачыць увесь яго дзень, можа, гэта дасць адказ на пытанне: што аказалася мацней за яго разважлівасць?
— Наўрад, — з сумненнем паківаў галавой пракурор. — Журналісты маюць звычку ўсё найбольш важнае запісваць. А ў яго і блакнота не было. Адно лісткі, падобна, нататкі нейкага будучага артыкула: лічбы нарыхтаваных угнаенняў, прозвішчы лепшых механізатараў нашага раёна, звесткі пра насенне.
— Ну, не ўсё запісваюць, відаць, і журналісты. Блакнот не дзённік.
— І ўсё-такі, калі задумаўся, то толькі пра службовае, — не пагадзіўся Пратасеня, распраўляючы лісткі з запісамі Рамейкі.
Корзун узяў гэтыя лісткі, перачытаў. Там было толькі тое, што прыгадаў пракурор. Патрымаў пашпарт, раскрыў рэдакцыйнае пасведчанне. З маленькай фотакарткі глядзеў юнак — круглатвары, белавалосы. Здымак, відаць, быў зроблены некалькі гадоў таму назад, ці не адразу пасля заканчэння вучобы. Фатограф, напэўна, смяшыў Рамейку, і ён, здавалася, ледзьве стрымліваўся, каб захаваць сур'ёзны выгляд. А можа, Рамейка наогул быў вясёлым хлопцам, радаваўся самому жыццю? Цяпер гэта, бадай, ужо не мела значэння. Цяпер яго радасці і засмучэнні сталі ўжо нябытам. Корзун адклаў карэспандэнцкае пасведчанне і разгарнуў партманет. У адной кішэньцы ляжалі грошы, не многа, якраз столькі, колькі патрэбна на не вельмі працяглую камандзіроўку, у другой — квітанцыя з гасцініцы, аплаціў за два дні, прыбыў учора, меўся выбыць заўтра.
— Быццам усё цэлае, нічога не прапала, — Корзун паклаў грошы і квітанцыю ў партманет.
— Напэўна, — кіўнуў Пратасеня. — Праўда, на ўнутранай сценцы ёсць невыразны чужы адбітак вялікага
пальца. Але ж крадзяжу няма.У дзверы пастукалі.
— Заходзьце! — крыкнуў Пратасеня. — А-а, Кунцэвіч, сядайце. — Корзуну растлумачыў: — Райсаюзаўскі нарыхтоўшчык. Гэта ён наткнуўся на Рамейку. — І Кунцэвічу: — Зараз следчы прынясе пратакол, і вы падпішаце. Там было не да папер, — зноў павярнуўся ён да Корзуна. — Можа, хочаш што дадаткова высветліць?
Высокі, жылісты, вастраносы, падстрыжаны пад вожыка Кунцэвіч, бадай, быў падобны больш на спартыўнага трэнера, чым на сельскага нарыхтоўшчыка. Ён, напэўна, быў бы нават прыемным, каб не хітраватыя, скрытныя вочы — яны нібы адгароджвалі свайго гаспадара ад субяседніка нябачнай сцяной. У такіх людзей ніколі не зразумееш, аб чым яны думаюць, размаўляючы з табой.
— Калі ласка, — Кунцэвіч сам нагадваў, што можна задаваць пытанні, і вочы яго на імгненне пасвятлелі, засмуціліся — як бы гаварылі, што не кожны дзень даводзіцца натыкацца на нябожчыка.
Корзун усё яшчэ маўчаў, не ведаючы, пра што пытаць, — Пратасеня высветліў, што трэба. Кунцэвіч загаварыў сам:
— Хаця што я магу сказаць. З раніцы трэба было ў Пцічкавічы, гэта па той бок чыгункі. Дамовіўся з тамашнім калгаснікам Мікітам Багуком вепручка прыхапіць. Запрог каня і паехаў.— Адчувалася, што ён паўтараў гэту гісторыю не першы раз, бо словы цяклі роўна, быццам прыцерліся адно да аднаго. — Пад'язджаю да пераезда, а тым часам і развіднела. Гляджу: ці не нага з гурбы тырчыць? Не веру ні ў бога, ні ў чорта, а тут, ведаеце, рука сама пацягнулася перахрысціцца. Што за насланнё? Я да гурбы — чалавек. Ну, я ведаю парадак, нічога не крануў і адразу ў будку. Там тэлефон. А гэты, каб яго, вартаўнік сядзіць сабе і чай жлукціць…
Корзун слухаў і думаў, што гэтыя падрабязнасці ужо запісаныя ў пратаколе, маюць значэнне хіба толькі для следства. Рамейку ўсё роўна не ажывіш — Кунцэвіч знайшоў яго надта позна. Але не перабіваў: хай чалавек выгаварыцца, скіне нервовы стрэс.
Прынеслі пратакол. Кунцэвіч прачытаў яго і падпісаў. Не, ён і тут не разгубіўся, бо звычайна людзі, якія не сутыкаліся з пракуратурай або міліцыяй, часцей за ўсё спяшаюцца падпісваць пратаколы не чытаючы.
— Больш нічога? — спытаў Кунцэвіч.
— Дзякую, — адказаў Пратасеня. — Прабачце, што патрывожылі, такі парадак.
— Разумею, — Кунцэвіч устаў і развітаўся. І паходка ў яго была спартыўная — лёгкая, спружыністая. Ён нібы не ішоў, а гарцаваў.
— І мне пара, — Корзун таксама падняўся. — Прайдуся ўсё-такі па карэспандэнтавых слядах.
— Давай, — пагадзіўся пракурор. — Зайдзі ў гасцініцу, потым у рэдакцыю. Кожны прыезджы газетчык спачатку забяспечыць сабе жытло, зойдзе да калег, каб разведаць абстаноўку, а тады ўжо дакладваецца начальству.
Корзун выйшаў здаволены, што працаваць яму прыйдзецца з разумным чалавекам — менавіта такое ўражанне зрабіў на яго Пратасеня. Немалады, у тым узросце, калі многія робяцца непрымірымымі да чужых думак, буркатлівымі, пракурор Ляснога раёна быў на дзіва, як цяпер любяць гаварыць, кантактным. Быццам і не існавала паміж імі розніцы ў добрых трыццаць гадоў…
У маленькіх раённых гасцініцах штат невялікі. Дзяжурная Падабедава, якая ўчора прымала Рамейку, працавала і сёння. Корзун сам жыў тут ужо амаль тыдзень, Падабедава яго ведала і нават апякала. Доўгія гады працы ў гасцініцы зрабілі яе ўважлівай да пастаяльцаў — яны бачыліся ёй людзьмі беспрытульнымі, і таму яна шкадавала іх, старалася стварыць ім хатні побыт. У час дзяжурства Падабедавай заўсёды быў гарачы чай, яна, нібы маці, выпраўляла пастаяльцаў раніцай, калі яны ішлі па сваіх справах, прыязна сустракала, калі яны вярталіся ўвечары.