Левы рэйс
Шрифт:
Была Падабедава пажылая, адзінокая, і гасцініца стала ёй, можа, найпершым домам — шумнаватым, населеным неспакойнымі людзьмі, якім была патрэбна яе жаночая клапатлівасць.
Корзуну Падабедава была сімпатычная — шчырая, гатовая, нягледзячы на свой немалады ўзрост, прыняць на веру любое пачутае дзе-небудзь слова.
— Які жах, які жах! — пляснула яна рукамі, убачыўшы ў сваім пакойчыку Корзуна. І гэты жах адбіўся на яе выразным хударлявым твары.
Корзун асцярожна прабраўся паміж канцылярскім сталом і плацяной шафай, дзе гаспадыня гасцініцы трымала для прыезджых кнігі, пячэнне, цукар, цыгарэты і іншую неабходную людзям у дарозе драбязу,
— Трэба ж так задумацца, — яна быццам ужо ведала, як і што адбылося.
— Задумацца? — Корзун зацікавіўся. Падабедава, здаецца, была апошняй, хто бачыў Рамейку жывым, і магла нешта ведаць.
— Ага, — жанчына аж спалатнела ад хвалявання. — Кажуць, на чалавека часам як находзіць — ідзе і сам не помніць куды.
Корзун пачакаў, пакуль Падабедава крыху супакоіцца, шукаць трэба было больш рэальную прычыну.
— Напэўна, усхваляваны быў…
— Што вы, — запярэчыла жанчына, — вясёлы. Я, казаў, праветруся, а то не засну.
— Вось бачыце, Рыгораўна, нешта ж яго ўзрушыла.
— Ды не. Я ж ведаю яго. Як ён раней прыязджаў, перад сном заўсёды гуляў. І заўчора сказаў, што далей Чыгуначнай не пойдзе.
«Чыгуначная вуліца канчалася дарогай, якая вяла да пераезда. Няўжо Рамейка заблудзіўся?» Спытаў:
— То, можа, раніцай, калі афармляўся, вам што незвычайнае паказалася?
Падабедава сумна ўздыхнула:
— Такі ветлівы, абыходлівы, нават весялейшы, чым звычайна, здаволены чымсьці. Не-е, калі б што якое, заўважыла б. З дому прыехаў. Сям'і ў чалавека няма, клопаты за ім не цягнуцца.
— Адкуль вы ведаеце, што з дому? — гэта, напэўна, значэння не мела, і Корзун спытаў проста так, прывык нічога не прымаць на веру не ўдакладніўшы.
— Афармляўся каля дзевяці. У гэты час аўтобус з абласнога цэнтра бывае.
— Адзін прыехаў?
— Ага. У той дзень больш ніхто не пасяліўся, месцы былі.
У работнікаў гасцініц вока спрактыкаванае, Падабедавай можна было верыць. Напэўна, калі з Рамейкам што і адбылося, то пазней, на вячэрняй вуліцы. Але пра гэта павінны былі сказаць супрацоўнікі мясцовай міліцыі, яны атрымалі заданне знайсці сведак, якія маглі бачыць журналіста ў горадзе вечарам. І Корзун адправіўся ў рэдакцыю.
У дзень вёрсткі газеты ў раённых рэдакцыях звычайна бывае пуста — усе, хто не заняты выпускам чарговага нумара, раз'язджаюцца па калгасах і прадпрыемствах, каб сабраць новыя матэрыялы. Толькі адказны сакратар, на чыю долю выпадае давесці да ладу заўтрашнюю газету, заклапочана звоніць і бегае з свайго кабінета ў друкарню і назад.
— Рамейка? — перапытаў сакратар Корзуна, не адразу ўцяміўшы, што ад яго хоча гэты невысокі каржакаваты хлопец, падобны хутчэй на школьнага настаўніка, чым на супрацоўніка міліцыі.— Здаецца, быў. Зайдзі ў сельгасаддзел, там нехта павінен быць.
— Саша?!
Корзун застыў на парозе. За сталом, на якім стаяла пішучая машынка і былі раскіданы лісты спісанай паперы, сядзела яго даўняя знаёмая Святлана Якушава.
— Ты завітаў, каб са мной пабачыцца? — дзяўчына была шчыра ўзрадавана сустрэчай.
Корзун сумеўся. Некалі Святлана яму падабалася. У студэнцкім асяроддзі яна была на віду — друкавалася ў рэспубліканскіх газетах, заўсёды насілася з нейкімі ідэямі і тэмамі, вадзіла знаёмства з вядомымі журналістамі і пісьменнікамі. Да ўсіх яна мела справу. Не хапала ў яе ўвагі на аднаго Корзуна. Ён зразумеў гэта, напэўна, ужо на другім курсе, але толькі на чацвёртым перастаў заходзіць у Святланін інтэрнацкі пакой, А
яна наўрад ці заўважыла такую для сябе страту. Паклоннікаў у яе хапала. Усё гэта прыпомнілася Корзуну цяпер, калі ён стаяў у дзвярах і не ведаў, як павесці сябе.Святлана сарвалася з месца, падбегла.
— Ну, пацеш маё жаночае самалюбства, скажы, што прыехаў сюды дзеля мяне, — тармасіла яна яго за рукі.
За гэтыя амаль тры гады, што яны не бачыліся, Святлана неяк змянілася, папрасцела, ці што. І паводзінамі, і знешнім выглядам. Гладкая прычоска, непрыкметная раней маршчынка паміж бровамі, уважлівыя, цяплейшыя вочы… Корзуну стала ніякавата, што надта пільна разглядае яе — нібы хоча запомніць найбольш характэрныя прыкметы, як для слоўнага партрэта.
— Я рады, што ўбачыў цябе, Света, — стрымана адказаў ён. Мінулае, відаць, забылася не зусім.
— Не сумняваюся, — іранічна сказала яна, адпусціла яго рукі і пацягнулася па цыгарэту. — Ды праходзь ты, хваліся, як жывеш.
— Потым, Света, потым. Я тут яшчэ пабуду.
— І на гэтым дзякуй, — яна глыбока зацягнулася. — А ты нядрэнна глядзішся. Ну-ка, ну-ка, павярніся, сынку, — дзяўчына крутанула яго ў адзін бок, у другі, здаволена прыцмокнула: — Паліто ў клетачку, гальштук паласаты… Франтам становішся, Сашок. Дзе ж твая форма? Ты, чула, у міліцыі?
— А што? — пытанне нечым яму не спадабалася. Святлана засмяялася:
— Дзівак.
— Праўда, у міліцыі,— ужо спакайнейшым тонам сказаў Корзун. — Быў на раёне, нядаўна перавялі ў вобласць, ва ўпраўленне. — Але, як ставячы паміж сабой і ёю колішнюю мяжу, суха спытаў: — Ты ўчора Рамейку бачыла?
— Недарэчная смерць…
— Чаго ён сюды прыязджаў?
— Меўся арганізаваць артыкул галоўнага агранома ўпраўлення сельскай гаспадаркі. Пакуль чакаў агранома, у нас падшыўку гартаў.
— Куды-небудзь ездзіў, не казаў?
— Назаўтра збіраўся. Але што да яго маеш? Яго ўжо няма.
— Хачу, трэба ведаць, чаму няма. Ты ж сама кажаш, што недарэчна загінуў.
— Сядзеў бы ў гасцінічным пакоі, нічога не здарылася б!
— Ты ўсё яшчэ злючка, Света, — не ўтрымаўся Корзун. Ён разумеў, што гэты папрок выкліканы не толькі яе словамі пра журналіста, а і сваім, даўнім, і зазлаваўся на сябе.
— Можа быць, — нечакана дзяўчына пагадзілася. І гэта было яшчэ адно сведчанне, што яна ўжо не тая, ранейшая, не жорсткая, самаўпэўненая студэнтка, якой запомнілася Корзуну. У тую пару яна не пагадзілася б.
— Прабач, — сказаў ён, сумеўшыся.
— Ат, — адмахнулася яна, запытальна зірнула на Корзуна: — Падобна, ты яго не вінаваціш. Дык што?
— Не разумею, чаго ён папёрся за горад?
— Можа, хацеў падумаць у адзіноце.
Усе, з кім Корзун гаварыў пра Рамейку, выказвалі гэта меркаванне, але ніхто не мог сказаць, аб чым ён хацеў падумаць.
— Ты дапускаеш, што яго займаў будучы артыкул? — спытаў Корзун.
— Ну, для вопытнага газетчыка гэта дробязь, усё, што трэба, падкажа аўтар. Якое іншае заданне? Не, не ўспамінаў — мы з ім добра пагаварылі. Напэўна, нешта іншае было ў яго, асабістае. Тут ён не надта адкрываўся, — яна наморшчыла лоб. — Але Рамейку ўжо не паможаш, ты лепш на машыніста пераключыся. — Усё-такі засталося ў Святлане нешта і ад ранейшай. Як і некалі, не магла нават думкі дапусціць, што чагосьці не ведае, у чымсьці не разбіраецца. — Ды справы — справамі, а к канцу дня заходзь, Сашок.