Левы рэйс
Шрифт:
— З мужам, ён зараз прыйдзе, — стрэліла яна вачамі ў Корзуна і затрымала позірк, як ацэньвала.
Корзун не любіў такіх позіркаў, сумеўся. Маладзіца задаволена адвяла вочы.
— Я пакіну вас на хвілінку, — заспяшаўся Савачкін, — па цыгарэты збегаю.
Корзун падумаў, што размова з Праневічавай жонкай для Савачкіна была, відаць, вымушаная — напэўна, Люда яго ўбачыла першая, зачапіла. І што Савачкін таксама разумее, чым гэта можа скончыцца, і таму спяшаецца адысці.
Савачкін ужо схаваўся за выхадам на перон, а Корзун не мог адарваць позірку ад верхняга чамаданчыка. Тут, ці не? Заўважыўшы Падабеда,
— Грошы ў гэтым чамаданчыку? — як між іншым, спытаў ён у Люды.
— Што? — Да жанчыны не адразу дайшоў сэнс гэтага пытання. — Што? — перапытала яна, і жах адбіўся на яе прыгожым твары.
— З вамі пабудзе малодшы лейтэнант, — папярэдзіў Корзун. І да Падабеда: — Той?
— Не. Раман Фаміч пакажа.
Падыходзіць да Савачкіна было не след. Праўда, гэта Корзун зразумеў хвілінай пазней. А ў той момант ён не думаў, правільна робіць ці не — яму трэба было ведаць, дзе Праневіч. З Савачкіным ён перакінуўся толькі адным словам, убачыўшы ківок на Праневіча: «Бяром!» Але для насцярожанага Праневіча, які таксама выгледзеў участковага ў натоўпе і цікаваў за ім, гэта не прайшло незаўважаным. Ён пачаў павольна адступаць да пуцей.
Тым часам дзяжурны ўдарыў у звон яшчэ раз — набліжаўся скоры. Яго колы ўжо цокалі па прыстанцыйных стрэлках. Корзун падумаў, што Праневіча трэба затрымаць раней, чым поезд дасягне станцыі. Бо хто ведае, што гэтаму злодзею прыйдзе ў галаву — раптам кінецца пад колы. Корзун міжволі паскорыў крок. І тады Праневіч раптам ірвануўся цераз пуць. Перад самым носам поезда, які не паспеў яшчэ нават знізіць хуткасць.
Падсвядома Корзун адчуваў небяспеку. Але ў галаве сядзела адно: зараз поезд надоўга закрые Праневіча ад яго. І Корзун скочыў следам.
Ззаду пачуўся чыйсьці роспачлівы крык, і тут жа яго заглушылі пранізлівы і запознены гудок, жалезны гром і пругкая і гарачая паветраная хваля.
Корзун не паспеў яшчэ добра стаць на ногі, як Праневіч кінуўся да яго, ударыў у грудзі. Корзун пахіснуўся, але ў самы апошні момант, адчуваючы над галавой край вагона, перавярнуўся і, падаючы тварам уніз, ухапіў Праневіча за нагу. Бразгалі, запавольваючы ход, вагоны скорага, з прыгараднага беглі і нешта крычалі людзі, а Корзун толькі цяпер пачаў усведамляць небяспеку, якая пранеслася міма.
VIII
Позна ўвечары, калі Корзун закончыў папярэднія допыты Праневіча і Бугеды, у кабінет заглянуў Шарай.
— Як табе прыйшло ў галаву, не разумею, — шчыра прызнаўся ён.
— Вы ж мне самі параілі, таварыш падпалкоўнік, — усміхнуўся Корзун. — Помніце, сказалі, каб мы звузілі круг? Я зрабіў так і закруціўся вакол шафёра Шынкевіча. Чым далей, тым болей напрошваўся вывад, што толькі ад яго маглі выйсці звесткі пра грошы.
— Дык гэта ён навёў?
— Незнарок. Ляпнуў, што касірку павінен везці. Цану сабе набіваў, ці што? А Праневічу многа гаварыць не трэба, адразу змікіціў, што запахла смажаным. Падпаіў Гурскага, выпытаў пра вартаўніка. Ды ён сам жыў у Даманах, дзе што ў канторы, ведае. Пасля завёў Гурскага да сваяка, а
заадно ключы сцягнуў і прыкінуў, як «газік» з двара вывесці. Месца там зручнае, насупраць ніхто не жыве, гароды. Малайчына Лапкоў, знайшоў-такі дзеда з бяссонніцай.— Хутка прызналіся?
— Дзе там. Прыйшлося расказаць ім, як было, быццам я разам ездзіў. Праўда, гэта толькі Бугеду развязала язык. Праневіч усё роўна маўчыць. Думаю, больш ад злосці на нас. Здавалася, так чыста хапануў: ні слядоў, ні сведак. І збіраўся з'ехаць, маючы прыстойную прычыну — завербаваўся на лесанарыхтоўкі. Каму ў галаву прыйдзе, што гэта ён? Аднак не пашанцавала: у аддзеле не паспелі дакументы аформіць. Я і думаю — было б нам турбот, каб з'ехаў.
— Знайшлі б, — Шарай, як заўсёды, калі сутыкаўся з новымі злачынцамі, хмурыўся. — Што яго штурхнула на крадзеж?
— Разбэшчаны тып. Апошнія гады матаўся з месца на месца, шукаў, дзе праца лягчэй, а рубель даўжэй. Краў, што кепска ляжала. Даравалі. Той жа Шынкевіч. На нявінную Ганну Купскую накінуўся, а яго…
— А Бугеда?
— Пацвярджаецца старая ісціна, што гарэлка і злачынства побач крочаць. Ніколі не краў, а падпаілі — і пайшоў. І Гурскі недзе з такіх.
— Не, з Гурскім больш складана, — не пагадзіўся Шарай. — Гурскі побач з Шынкевічам вырас. Начальнік не надта сябе абмяжоўвае, і шафёр, на яго гледзячы, таксама. Дарэчы, быў ён у Тросенцы ці не?
— З Тросенкай Гурскі перастараўся. Адразу не сказаў Шынкевічу, што памяняў маршрут, свежанінай спакусіўся, а потым, як даведаўся, што грошы ўкралі, пабаяўся. Шынкевіч мог і не дараваць свавольства і ашуканства.
— Наогул, як бы там ні было, а справе — канец. Пара нам з табой і пра адпачынак паклапаціцца. Падвезці?
— Дзякуй, — устаў Корзун, — я лепш прайдуся.
Ён жыў далекавата ад аддзела, па дарозе на станцыю. Старыя, у якіх ён кватараваў, спаць клаліся рана, і яму было няёмка іх турбаваць. Але сёння не зусім звычайны дзень, нервовая напружанасць, якая ўзнікла там, на вакзальным пероне, усё яшчэ не пакідала. Корзун адчуваў, што, толькі паблукаўшы па ціхіх і свежых начных вуліцах, супакоіцца…
Па жураўля ў небе
І
Чалавек выйшаў з гасцініцы пагуляць і не вярнуўся. Дзяжурная, усё роўна як ведала, папярэджвала, што ўжо ноч, што на вуліцы завея, а ў іх гарадку і ў добрае надвор'е нічога цікавага не ўбачыш. Не паслухаўся, сказаў, што хутка вернецца. А як развіднела, яго знайшлі аж за чатыры кіламетры ад гасцініцы ў снежным сумёце, побач з пераездам цераз вузкакалейку.
— Нішто сабе прагулачка, — чмыхнуў Корзун і падумаў, што апошнім часам яму пачало шанцаваць на дадатковую нагрузку. Трэба ж было паехаць у камандзіроўку менавіта ў Лясное, без асаблівай патрэбы затрымацца на лішні дзень, якраз на той самы, у які загіне тут карэспандэнт рэспубліканскай газеты, прычым пры даволі дзіўных абставінах. Корзун зірнуў на заклапочанага пракурора Ляснога раёна Пратасеню, які па загаду з вобласці ўзначаліў расследаванне гэтага выпадку, і, стараючыся падбадзёрыць, прамовіў: — Будзем шукаць…