Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха

Мериме Проспер

Шрифт:

– Можаце лічыць бібліятэку вашым кабінетам, - сказаў мне граф.
– Вам тут ніхто не будзе замінаць.

ІІІ

На другі дзень пасля снядання граф запрасіў мяне прагуляцца. Мы меліся наведаць адзін «капас» (так літоўцы называюць узгоркі, якія ў славян вядомыя пад назвай «курган»). Гэтае месца было добра вядомае ў наваколлі, бо некалі паэты і ведзьмакі (а тады паміж імі вялікай розніцы не было) збіраліся там з пэўных урачыстых нагодаў.

– У мяне для вас ёсць рахманы конік, - сказаў граф. На жаль, не магу запрапанаваць вам брычку. Хоць, праўда, і дарога, якой мы паедзем, не надта праезная.

Я меў бы за лепшае застацца ў бібліятэцы

і зрабіць некаторыя запісы, але не наважыўся пярэчьщь майму велікадушнаму гаспадару і згадзіўся. Коні чакалі нас каля ганка, у двары чаляднік трымаў навязанага сабаку. Граф на хвілінку спыніўся і павярнуўся да мяне:

– Пане прафесар, ці знаецеся вы на сабаках?

– Вельмі мала, ясны пане.

– Заранскі староста даслаў мне гэтага спаніэля, цвердзячы, што гэта цуд, а не сабака. Дазвольце, я яго пагляджу.
– Ён паклікаў чалядніка, і той прывёў сабаку. Жывёліна папраўдзе была прыгожая. Ужо прызвычаіўшыся да чалядніка, сабака радасна скакаў і, здавалася, быў поўны весялосці. Але за некалькі крокаў да графа ён падціснуў хвост, адскочыў назад, быццам працяты раптоўным страхам. Граф палашчыў яго, і той журботна завыў. Тады граф паглядзеў на яго вокам знаўцы і сказаў:

– Я думаю, з яго выйдзе добры сабака. Патрэбны догляд.

Пасля ён ускочыў у сядло.

– Пане прафесар, - звярнуўся да мяне граф, калі мы ўжо ехалі замкавымі прысадамі, - вы толькі што бачылі, як напалохаўся сабака. Я хацеў, каб вы ўбачылі гэта на свае вочы... Вы як вучоны мусіце ўмець разгадваць таямніцы... Чаму жывёлы мяне баяцца?

– Сапраўды, пане граф, надта вялікі гонар для мяне, што вы маеце мяне за Эдыпа. Я ўсяго толькі бедны прафесар параўнальнага мовазнаўства. Можа...

– Заўважце, - перапыніў ён мяне, - што я ніколі не б'ю ні коней, ні сабак. Мяне б мучыла сумленне, калі б я хвастануў бедную жывёліну, якая зрабіла глупства, не ўсведамляючы гэтага. І аднак, вы не паверыце, як мяне баяцца коні і сабакі. Каб прызвычаіць іх да сябе, я губляю ўдвая болей сілы і часу, чым хто іншы. Вось хоць бы конь, на якім вы седзіцё. Колькі я патраціў часу, каб яго ўтаймаваць, а цяпер ён ціхі, як авечка.

– Я думаю, пане графе, што жывёлы добра разбіраюцца ў людзях, яны адразу распазнаюць, ці даспадобы ім чалавек, якога яны бачаць упершыню. Я падазраю, што вы цэніце жывёл толькі за тыя паслугі, што яны вам робяць, і наадварот, ёсць людзі, якія маюць прыродную прыхільнасць да пэўных жывёл, і тыя адразу ж гэта адчуваюць. Вось як я, прыкладам, маю з маленства нейкую прыродную любасць да катоў. І калі я падыходжу, каб палашчыць якога, яны ніколі не ўцякаюць. І ніколі ніводзін кот мяне не падрапаў.

– Цалкам магчыма, - адказаў граф.
– Дый праўда, неяк, як кажуць, не ляжыць у мяне душа да жывёл... Яны нічым не лепшыя за людзей... Я вяду вас, пане прафесар, у пушчу, дзе яшчэ і дагэтуль квітнее звярынае валадарства, матачнік, вялікая маці, вялікая вытворня жывых істотаў. Так, паводле народных паданняў, ніхто яшчэ не заходзіў у гушчары, ніхто не дабіраўся да сярэдзіны гэтых лясоў і балотаў, акрамя паэтаў і ведзьмакоў, якім адкрытыя ўсе сцежкі. Там праўдзівая звярыная рэспубліка... ці, лепш сказаць, канстытуцыйнае кіраванне. Львы, мядзведзі, алені, зубры - нашыя літоўскія бізоны - усе яны добра ладзяць між сабою. Найбольшай павагай карыстаецца мамант, які там яшчэ захаваўся. Ён, напэўна, маршалак сойма. У іх вельмі суровая паліцыя, і калі сярод звяроў знаходзіцца нейкі злачынца, яны судзяць яго і выганяюць. Тады ён трапляе з агню ў полымя, бо вымушаны бадзяцца ў краіне людзей. Адтуль мала хто вяртаецца.

– Цікавае паданне, - сказаў я з захапленнем.
– Але, пане графе, вы расказалі пра бізона. Ці ж гэты шляхетны звер, якога Цэзар апісаў у сваіх «Каментарыях» і на якога меравінгі палявалі ў Кампенскім лесе, яшчэ папраўдзе сустракаецца ў Літве, як я толькі што ад вас пачуў?

– Без сумнення. Мой бацька сам забіў аднаго зубра, вядома ж, з урадавага дазволу. Вы маглі бачыць ягоную галаву ў вялікай зале. Сам

я іх ніколі не бачыў, яны, відаць, трапляюцца вельмі рэдка. Затое ваўкоў і мядзведзяў у нас тут процьма. На выпадак магчымай сустрэчы з гэтымі ягамосцямі я ўзяў з сабой гэтую надобу (ён паказаў чаркескую вінтоўку за плячом), а ў майго чалядніка напагатове двухнабойны карабін.

Пачаўся лес. Хутка вузенькая сцежка, па якой мы ехалі, знікла зусім. Штохвіліны мы мусілі аб'язджаць таўшчэзныя дрэвы, нізкія галіны якіх засланялі нам праезд. Некаторыя з іх, мёртвыя вываратні, уяўляліся нам непраходнымі абарончымі валамі з рагаткамі ўздоўж наспы. У іншым месцы трапляліся глыбокія ставы, зарослыя гарлачыкамі і раскай. Далей адкрываліся паляны, дзе расла ярка-смарагдавая трава, але гора таму, хто прывабіцца гэтай прыгажосцю, бо багатая і зманлівая расліннасць хавае звычайна багністыя прорвы, дзе знікне без знаку назаўсёды і конь, і коннік ...

Дарожныя перашкоды перапынілі нашую размову.

Я з усіх сіл намагаўся, каб не адстаць ад графа, і дзівіўся ягонай спакойнай празорлівасці, з якой ён без компаса выбіраў заўсёды самы правільны кірунак. Відаць, ён ужо здаўна паляваў у гэтых дзікіх лясах.

Урэшце пасярод шырокай паляны мы ўбачылі курган.

Ён быў даволі высокі, вакол яго яшчэ можна было заўважыць роў, парослы хмызам і сям-там ужо засыпаны. На вяршыні віднеліся руіны нейкай каменнай будовіны са слядамі пажару. Попел, перамяшаны з вугалем, аскялёпкі нейкага таўстасценнага глінянага начыння сведчылі, што на вяршыні кургана доўгі час гарэў агонь. Калі даць веры тутэйшым паданням, дык некалі на курганах спраўлялі чалавечыя ахвяры. Але, відаць, няма такіх згаслых рэлігій, якім не прыўлашчалі б гэткія агідныя абрады, і я сумняваюся, каб нейкія гістарычныя дакументы пацвердзілі б гэтае прыпушчэнне ў дачыненні да старажытных літоўцаў.

Мы спусціліся з кургана і ўжо падышлі да коней, якіх пакінулі па той бок рова, калі да нас, абапіраючыся на кіёк, падышла бабулька з кошыкам.

– Паночкі, даражэнькія, - сказала яна, наблізіўшыся, - дзеля Бога, зрабіце ласку, дайце старэнькай на чарку гарэлкі, каб сагрэць убогае цела.

Граф кінуў ёй срэбную манету і спытаўся, што яна робіць у лесе так далёка ад чалавечага жытла. Замест адказу яна паказала яму кошык грыбоў. І хоць мае батанічныя веды вельмі абмежаваныя, мне здалося, што сярод грыбоў было шмат воўчых.

– Жанчына, - звярнуўся я да яе, - спадзяюся, вы не збіраецеся гэта есці?

– Ой, паночку, - адказала старая, сумна ўсміхнуўшыся, - бедныя людзі ядуць усё, што пан Бог пашле.

– Вы не ведаеце нашыя літоўскія страўнікі, - умяшаўся граф.
– Яны як бляхай падбітыя. Нашыя сяляне ядуць усе грыбы, што знойдуць, і ім ад гэтага толькі лепей.

– Не дазваляйце ёй каштаваць хоць бы той agaricus necator, які я бачу ў кошыку!
– закрычаў я.

І я выцягнуў руку, каб узяць гэты ці не самы атрутны грыб, але старая хуценька адсунула кошык.

– Беражыцеся, - спалохана сказала яна, - грыбы сцеражоныя ... Піркунс! Піркунс!

Піркунс, між іншым, - жамойцкая назва боства, якога славяне завуць Перуном, гэта славянскі Юпітэр, грамавік. Я здзівіўся, пачуўшы, як старая заклікае паганскага бога, але яшчэ болей я здзівіўся, убачыўшы, як грыбы заварушыліся, з іх вылезла чорная змяіная галава і паднялася над кошыкам на вышыню стапы. Я адскочыў назад, а граф сплюнуў праз плячо, згодна з забабоннай звычкай славянаў, якія за прыкладам старажытных рымлян лічаць, што гэта адверне ад іх усе злыбеды. Старая паставіла кошык на зямлю і прысела побач. Пасля, выцягнуўшы руку да змяі, яна вымавіла нейкія незразумелыя словы, відаць, нейкі заклён. На хвіліну змяя знерухомела, пасля, абвіўшыся вакол ссохлай старэчай рукі, знікла ў рукаве кажушка, які, разам з падранай спадніцай, складаў усё ўбранне гэтай літоўскай Цырцэі. Старая паглядзела на нас з пераможнай усмешкай, як штукар, якому ўдаўся складаны фокус. На твары яе адбіваліся хітрасць і тупасць, як у тых дурнаватых махляроў, што ўдаюць з сябе ведзьмакоў.

Поделиться с друзьями: