Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха
Шрифт:
– Вось вам, - сказаў мне па-нямецку граф, - прыклад мясцовага каларыту: вядзьмарка зачароўвае змяю ля падножжа кургана ў прысутнасці вучонага прафесара і цёмнага літоўскага шляхціца. Добры сюжэт для жанравай карціны вашага суайчынніка Кнаўса... ці не жадаеце, каб яна вам паваражыла? Цудоўная нагода.
Я адказаў, што не збіраюся заахвочваць падобныя заняткі.
– Я б лепш спытаўся ў яе, - дадаў я, - ці не ведае яна падрабязней гэтае дзіўнае паданне, пра якое вы мне зараз расказалі. Жанчына, - сказаў я старой, - ці не чула ты пра куток гэтага лесу, дзе звяры жывуць грамадой, не ведаючы пра чалавечы свет?
Старая
– Я якраз адтуль іду. У звяроў болей няма караля. Леў, стары нобіль, памёр. Звяры выбіраюць новага караля. Ідзі, можа, яны выберуць цябе.
– Што ты кажаш, маці?
– зарагатаў граф.
– Ці ты ведаеш, з кім гаворыш? Дык ты не ведаеш, што гэты пан... О д'ябал, як жа ж будзе па-жамойцку «прафесар»? Пан - вялікі вучоны, мудрэц, вайдалот.
Старая паглядзела ўважліва.
– Я схібіла, - сказала яна, - гэта ты мусіш туды ісці. Ты станеш іхнім каралём, а не ён. Ты вялікі, ты моцны, у цябе кіпці і зубы...
– Як вам падабаюцца яе жарты?
– спытаўся ў мяне граф.
– Матухна, ці ты ведаеш дарогу?
– пацікавіўся ён у старой.
Яна паказала яму рукой на лес.
– Туды?
– перапытаў граф.
– А балота? Як яго перайсці? Вы ведаеце, пане прафесар, там, дзе яна паказала, непраходнае балота, возера вадкай гразі, зарослае зялёнай травой. Летась я параніў аленя, і ён кінуўся ў гэтае д' яблава балота. Я бачыў, як ён павольна, павольна апускаўся... Праз дзве хвіліны былі відны ўжо толькі рогі. Хутка ён знік увесь, а за ім два мае сабакі.
– Але я не цяжкая, - ашчэрылася старая.
– Я думаю, што ты пералятаеш балота вельмі проста - на мятле.
Вочы старой пыхнулі злосцю.
– Паночку, - зноў працяжна загугнявіла яна, - ці не дасі старой беднай жанчыне тытуню на люльку?
– і дадала: - Лепш шукай дарогі праз балота, чым ездзіць у Даўгялы.
– Даўгялы!
– граф пачырванеў.
– Што ты хочаш сказаць?
Мімаволі я заўважыў, што слова гэтае зрабіла на яго дзіўнае ўражанне. Ён відавочна збянтэжыўся, апусціў галаву і, каб схаваць замяшанне, узяўся развязваць капшук з тытунём, што вісеў на тронку паляўнічага нажа.
– Не, не ездзі ў Даўгялы, - паўтарыла старая.
– Белая галубка не для цябе. Так, Піркунс?
У гэты момант з-пад каўняра кажушка паказалася змяіная галава. Змяя паднялася да гаспадынінага вуха і, відаць, адмыслова навучаная, пачала разяўляць пашчу, быццам гаворачы.
– Ён кажа, што я маю рацыю, - дадала старая.
Граф сыпнуў ёй у руку жменьку тытуню.
– Ты мяне ведаеш?
– спытаўся ён у яе.
– Не, паночку.
– Я- мядзінцілтаўскі гаспадар. Прыходзь да мяне гэтымі днямі. Я дам табе тытуню і гарэлкі.
Старая пацалавала графу ў руку і паспешліва адышла.
Праз хвіліну яе ўжо не было відаць. Граф заставаўся стаяць у задуменні, рукі яго несамохаць завязвалі і развязвалі матузок капшука.
– Пане прафесар, - сказаў ён пасля доўгага маўчання, - вы, можа, будзеце смяяцца з мяне. Гэтая старая паскудніца ведае мяне лепш, чым вам здаецца, а дарога, якую яна мне паказала... Зрэшты, у гэтым няма нічога дзіўнага. Мяне ў наваколлі ўсе ведаюць, як аблупленага сабаку. Гэтая круцелька не раз бачыла мяне па дарозе ў Даўгялаўскі замак... Там ёсць панна на выданні, а гэтая каргота вырашыла, што я ў тую панну
закаханы... Пасля які-небудзь малойчык даў ёй у лапу, каб яна абвясціла мне благі лёс... Усё гэта кідаецца ў вочы, і, аднак... яе словы мяне кранулі... Я амаль баюся. Вам смешна, і вы маеце рацыю... І праўда, я збіраўся ехаць у Даўгялы, а цяпер не ведаю, ехаць ці не... Але ж я і дурны! Ну, пане прафесар, вам вырашаць. Ці едзем?– Абмяжуюся адной заўвагай, - засмяяўся я.
– Што тычыцца жаніцьбы, я ніколі не даю парадаў.
Мы вярнуліся да коней. Граф спрытна скочыў у сядло і, адпусціўшы павады, крыкнуў:
– Хай конь вырашыць за нас!
Конь не вагаючыся ступіў на сцяжынку, якая, зрабіўшы некалькі паваротаў, вывела нас на брукаваную дарогу ў Даўгялы. Праз паўгадзіны мы ўжо стаялі перад замкавым ганкам.
На тупат нашых коней з акна між фіранак высунулася бялявая галоўка. Я пазнаў падступную перакладчыцу Міцкевіча.
– Заходзьце, калі ласка!
– запрасіла яна.
– Вы прыйшлі ў самы добры момант, пане Шэмет. Мне якраз прывезлі з Парыжа сукенку. Вы мяне не пазнаеце - такая я буду прыгожая.
Фіранкі зашморгнуліся. Паднімаючыся на ганак, граф прабурчаў:
– Вядома ж, не дзеля мяне яна справіла гэтую сукенку...
Ён адрэкамендаваў мяне пані Даўгяле, цётцы панны Івінскай, яна сустрэла мяне вельмі прыязна і згадала мае самыя апошнія артыкулы ў «Навукова-літаратурнай газеце».
– Пан прафесар прыйшоў, каб паскардзіцца вам на панну Юльку, якая непачціва з яго пажартавала.
– Гэта яшчэ дзіця, пане прафесар. Трэба ёй прабачыць. Яна часта дакучае мне сваімі выбрыкамі. Я ў шаснаццаць год была разумнейшая, чым яна ў дваццаць, але яна ўсё ж добрая дзяўчына і мае ўсе адзнакі добрага выхавання. Яна выдатны музыкант, яна цудоўна малюе кветкі, яна аднолькава добра гаворыць па-французску, па-нямецку і па-італьянску... Яна вышывае...
– І піша вершы па-жамойцку!
– дадаў, смеючыся, граф.
– О, на гэта яна не здольная!
– запярэчыла пані Даўгяла.
І прыйшлося ёй расказаць пра Юльчын жарт.
Пані Даўгяла была адукаваная і ведала старажытнасці краю. Гутарка з ёю мне вельмі спадабалася. Яна чытала нямецкія часопісы і мела здаровы погляд на мовазнаўства. Прызнаюся, што я не заўважыў, як праляцеў час, пакуль панна Івінская прыбіралася. Але для графа Шэмета час гэты цягнуўся надта доўга, і ён уставаў, зноў сядаў, глядзеў у акно і драбатаў пальцамі аб шыбіну, як чалавек, які траціць цярпенне.
Урэшце праз тры чвэрці гадзіны паявілася панна Юлька ў таварыстве сваёй французскай гувернанткі. Яна ішла павабна і напышліва ў сукенцы, апісанне якой вымагала б ведаў значна шырэйшых за мае.
– Ну, ці я не прыгожая?
– спыталася яна ў графа, павольна паварочваючыся наўкола, каб ён мог разгледзець яе з усіх бакоў.
Яна не глядзела ні на графа, ні на мяне, яна глядзела на сукенку.
– Ты што, Юлька, - сказала пані Даўгяла, - ты не вітаешся з панам прафесарам, які на цябе скардзіцца?
– А! Пане прафесар!
– павярнула яна да мяне свой чароўны тварык.
– І што ж я гэткага зрабіла? Вы мяне пакараеце?
– Мы б самі сябе пакаралі, панна, калі пазбавілі б сябе вашай прысутнасці. Я зусім не скарджуся, наадварот, я вельмі рады, што дзякуючы вам я адкрыў для сябе літоўскую музу ва ўсім яе чароўным бляску.