Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лота (на белорусском языке)
Шрифт:

Джонас ужо навучыўся пiсаць друкаванымi лiтарамi, хаця ён яшчэ не ходзiць у школу. Чытаць ён таксама можа. Але мы не пойдзем у школу, пакуль нам не споўнiцца сем гадоў.

Аднак мы прымусiлi Лоту легчы ў ложак i прыкiнуцца хворай.

– Як ты сябе адчуваеш, мая маленькая дзяўчынка?
– спытаў Джонас. Ён гаварыў, нiбы доктар, якi прыходзiць да нас, калi ў нас адзёр.

– Хачу есцi, хачу есцi, хачу есцi, - паўтарала Лота.
– Я раблю выгляд, што я пiрат.

– Не дуры!
– крыкнуў Джонас.
– Спынiся! Мы не дазволiм табе гуляць з намi,

калi ты будзеш рабiць такое глупства.

Лота супакоiлася i зноў стала "хворай". Яна нават дазволiла нам налажыць павязку на руку, а таксама i на грудзi. Скрозь павязку на грудзях Джонас пачуў, што сэрца было вельмi хворае. А калi ён засунуў лыжку ёй у горла, то аказалася, што i горла было вельмi i вельмi хворае.

– Прыйдзецца зрабiць ёй укол, - сказаў ён.

Аднойчы, калi Джонас быў хворы, доктар рабiў яму ўколы, i ён хутка ачуняў, i вось таму ён хацеў зрабiць укол Лоце. Ён узяў цыравальную iголку, якая была вельмi падобна на iголку доктара.

Але Лота не хацела нiякiх уколаў, - яна брыкалася, пiшчала:

– Не хачу я гэтых уколаў!

– Ну, дурненькая, мы ж не ўзапраўду, - адказаў Джонас.
– Я ж не збiраюся ўтыкаць у цябе гэтую iглу, цi ж ты не разумееш?!

– Усё роўна не хачу ўколаў, - енчыла Лота.

I мы амаль што спынiлi гэтую гульню.

– Але ж я ўсё-такi выпiшу рэцэпт, - сказаў Джонас. Ён сеў за стол i алоўкам напiсаў друкаванымi лiтарамi на шматку паперы, але ж я не магла гэта прачытаць. Вось што там было: "За хворай дзяўчынкай трэба даглядаць. Ёй павiнен зрабiць укол доктар Джонас Мартэнсан".

Нам з Джонасам спадабалася гуляць у бальнiцу. А Лоце - не.

УПАРТАЯ ЛОТА

Наш тата вельмi смешны. Калi ён вяртаецца дадому з работы, Джонас, я i Лота сустракаем яго, i тата звычайна гаворыць: "О, божа лiтасцiвы! Колькi ж гэта ў мяне дзяцей!"

Аднойчы мы схавалiся за вешалкай i сядзелi там цiхенька, дык тата сказаў маме:

– Што гэта здарылася, чаму так цiха? Цi мае дзецi захварэлi?

Тут мы i выскачылi з рогатам.

– Вы ж не палохайце мяне так, - сказаў тата.
– Калi я вяртаюся дадому, дык павiнен стаяць лямант i гоман, iнакш я буду непакоiцца.

Аднойчы два грузавiкi сутыкнулiся на вулiцы якраз насупраць нашага дома, i лязгат быў такi, што Лота прачнулася.

– Што зрабiў Джонас на гэты раз?
– запытала яна спрасонку. Лота была ўпэўнена, што ўвесь шум i лязгат iдзе ад Джонаса.

Лота - такая маленькая, i ў яе такiя тоўсценькiя ножкi, што нам з Джонасам вельмi падабаецца цiскаць яе. Але ёй гэта зусiм не падабаецца.

Лоце не падабаецца шмат чаго. На мiнулым тыднi яна кашляла, i мама прымушала яе прыняць лякарства. Але Лота сцiснула рот i затрэсла галавой.

– Ты такая дурненькая, - сказаў ёй Джонас.

– Я не дурненькая, - адказала Лота.

– Ты дурненькая таму, што не п'еш лякарства ад кашлю, - сказаў Джонас. Калi мне трэба было прымаць лякарства, я вырашыў адразу выпiць яго, i ўсё тут.

– А калi мне трэба прымаць лякарства, я адразу вырашаю не пiць яго, i ўсё тут, - адказала Лота.

Яна

моцна-моцна сцiснула рот i пакруцiла галавой. Мама пагладзiла яе па галоўцы.

– Мая ты небарака, мая ты Лотачка, табе прыйдзецца ўвесь час ляжаць тут i кашляць.

– I добра, бо я зусiм не хачу спаць, - радасна адказала Лота.

Ведаеце, Лота ўвечары не хоча класцiся спаць. Я таксама не вельмi ахвотна раблю гэта. Але ў нашай мамы дзiўныя звычкi! Увечары, калi мы не хочам спаць, яна прымушае нас класцiся, а ранiцай, калi мы хочам спаць, яна прымушае нас уставаць.

Лоце, нарэшце, трэба было прыняць гэтае лякарства, бо на наступны дзень у яе пацякло з носа i яна стала кашляць яшчэ больш. Мама не дазволiла ёй выходзiць з дому. Яна папрасiла мяне схадзiць да Вулвэрса i купiць нешта для яе. Я хуценька пабегла. Калi ўжо была ля прылаўка i чакала прадаўца, нечакана ўвайшла Лота. З яе носа цякло яшчэ больш.

– Iдзi дадому, - сказала я.

– Не пайду, - адказала Лота.
– Мне таксама падабаецца ў Вулвэрса.

Яна чхала i чхала, i нарэшце жанчына, якая стаяла побач з намi, спытала ў яе:

– У цябе ёсць насоўка?

– Ёсць. Але я не пазычаю яе незнаёмым, - адказала Лота.

Аднойчы мама павяла нас да дантыста - Джонаса, мяне i Лоту. Мама заўважыла маленькую дзiрачку ў адным з зубоў Лоты. Дантыст збiраўся запламбаваць яе.

– Калi ты добра сябе будзеш паводзiць у дантыста, я дам табе дзесяць пенсаў, - паабяцала мама Лоце.

Мама чакала нас у прыёмным пакоi, пакуль мы былi ў дантыста. Спачатку ён паглядзеў мае зубы, але ў мяне не было нiякiх дзiрак, i я пайшла да мамы ў прыёмны пакой. Мы доўга чакалi Джонаса i Лоту.

Нарэшце мама сказала:

– Дзiўна, што Лота не крычыць!

Праз хвiлiну адчынiлiся дзверы i выйшла Лота.

– Ты добра сябе паводзiла?
– спытала мама.

– Ён вырваў зуб, - адказала Лота.

– I ты не плакала? Якая ж ты смелая дзяўчынка!

Не, я не плакала, - адказала Лота.

– Ты сапраўды вельмi паслухмяная дзяўчынка, - сказала мама.
– Вось твае дзесяць пенсаў.

Лота ўзяла дзесяць пенсаў i паклала iх у кiшэню. Яна была вельмi задаволена.

– Дай я зiрну, можа, кроў цячэ?
– запыталася я.

Лота разявiла рот, i я вельмi здзiвiлася:

– Ён жа не вырваў нiводнага зуба!

– Не, вырваў... у Джонаса, - адказала Лота.

Потым выйшаў Джонас з дантыстам.

– Я нiчога не мог зрабiць з вашай маленькай дзяўчынкай, яна так i не адкрыла рот, - сказаў дантыст.

– Нам усюды i заўжды сорамна за гэтае дзiця, - сказаў Джонас, калi мы iшлi дадому.

– Але ж я яго зусiм не ведаю, - сказала Лота.
– Чаму я павiнна адкрываць рот перад тым, каго я не ведаю?!

Тата заўсёды гаворыць, што Лота ўпартая, як стары мул.

МIСIС БЕРГ

Мiсiс Берг - наша суседка. Нам вельмi падабаецца гасцяваць у яе. Памiж яе садам i нашым - плот, якi мы з Джонасам пералезцi можам, а Лота не. Але сабака мiсiс Берг вырыў яму пад плотам, i Лота магла прапаўзцi там.

Поделиться с друзьями: