Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лота (на белорусском языке)
Шрифт:

Гэтымi днямi мы былi ў мiсiс Берг. У яе ёсць камода з маленькiмi шуфлядкамi, якiя напоўнены цiкавымi рэчамi.

– Мiсiс Берг, дазвольце, калi ласка, паглядзець на гэтыя цiкавыя рэчы, папрасiў Джонас.

– Добра, - адказала яна i паказала ляльку, з якой яна гуляла, калi была яшчэ маленькай. Ляльку звалi Роза.

Мiсiс Берг - вельмi старая, але ж не такая старая, якой яе ўяўляе сабе Лота.

– Цi бралi вы Розу з сабой у Ноеў каўчэг?
– спыталася Лота.

Нядаўна тата расказваў нам пра Ноеў каўчэг i пра тое, як стары Ной пабудаваў вялiзную лодку, якая i

звалася каўчэгам. А потым, на працягу некалькiх тыдняў, iшоў моцны дождж, i ўсе людзi, хто не быў з Ноем у лодцы, патанулi. Гэта здарылася шмат вякоў таму назад.

Мiсiс Берг засмяялася i адказала:

– Лота, даражэнькая, я не была ў Ноевым каўчэгу!

– Як жа тады здарылася, што вы не патанулi?
– спыталася Лота.

Потым мiсiс Берг паказала нам, як яна зрабiла з адной з шуфлядак ложак для Розы. Матрац быў зроблены з ружовай тканiны, а коўдра - з зялёнага сацiну. На Розе была блакiтная вопратка.

У другой шуфлядцы я ўбачыла маленькi шкляны кошык з ружовымi кветачкамi ў iм.

– Можна, мы пагуляем з Розай i з гэтым кошыкам?
– спыталася Лота.

Мiсiс Берг дазволiла, i мы павесiлi гэты кошык на руку Лоце, як быццам яна - Чырвоная Шапачка, якая iдзе да сваёй бабулi i нясе ёй ежу i бутэльку з сокам. На пiянiна стаяла ваза з цукеркамi. Цукеркi былi падобны на бутэлечкi i закручаны ў блiскучыя паперкi.

Мы паклалi ў кошык адну з цукерак, а таксама разынкi i мiндаль, якiя нам дала мiсiс Берг. Сабака мiсiс Берг, Скоцi, быў ваўком. Я была бабуляй, а Джонас быў паляўнiчым, якi прыйдзе i заб'е ваўка.

– А што мне рабiць?
– закрычала Лота.
– Цi ж вы не хочаце, каб я была кiмсьцi?

Мы далi Лоце Розу i шкляны кошык i сказалi, што трэба рабiць Чырвонай Шапачцы. Але калi Чырвоная Шапачка прыйшла да бабулi - а гэта была гасцiная мiсiс Берг, - у кошыку не было ўжо нi разынак, нi мiндаля.

– А дзе ежа для бабулi?
– спытаў Джонас.

– Роза з'ела, - адказала Лота.

Пасля гэтага Джонас не хацеў больш гуляць з Лотай у Чырвоную Шапачку. А Скоцi стамiўся прыкiдвацца, што ён збiраецца з'есцi бабулю. Джонас вiсеў на iм увесь час, а Скоцi вiляў хвастом i нарэшце збег. Ён запоўз пад канапу i час ад часу выглядваў адтуль i гаўкаў. Скоцi заўсёды падабаецца, калi мы прыходзiм да мiсiс Берг.

Потым мы перагледзелi ўсе астатнiя рэчы ў шуфлядках мiсiс Берг. Там быў iгольнiк з чырвонага сацiну, як сэрца, i маленькая карцiна ў залатой раме, дзе быў намаляваны прыгожанькi анёл з доўгiмi валасамi. У яго былi вялiкiя крылы, а апрануты ён быў у белую кашулю. Лоце падабаюцца малюнкi, мне таксама.

– Як жа гэта анёл змог апрануцца ў кашулю? У яго ж крылы.
– Хацела ведаць Лота.

– Можа, ззаду ў кашулi ёсць маланка?
– спытаў Джонас.

Мiсiс Берг зрабiла для нас вафлi. Калi мы прыходзiм да яе, яна заўсёды частуе нас вафлямi.

– Сёння цёплы веснавы дзень, i вы можаце есцi вафлi з гарачым шакаладам у садзе, - сказала яна.

Мiсiс Берг пайшла ў кухню, а мы засталiся ў гасцiнай. Было горача, i вокны былi адчынены. Джонас i я высунулiся з акна, i Джонас кiнуў мне шарык, што быў у яго кiшэнi. Я кiнула гэты шарык Джонасу. Так мы i

кiдалi яго адзiн аднаму, пакуль я не ўпусцiла яго i ён не пакацiўся па лужку. Потым Джонас сказаў, што нам трэба паглядзець, хто з нас можа далей высунуцца з акна. Мы высунулiся так далёка, як маглi, i раптам Джонас вывалiўся. Я вельмi спалохалася. Мiсiс Берг спалохалася таксама. Яна прыбегла, калi Джонас перакулiўся.

– Джонас!
– закрычала яна.

Джонас сядзеў з вялiзным гузам на лбе.

– Як гэта здарылася?
– спытала мiсiс Берг.

– Мiа-Марыя i я спрачалiся, хто можа далей высунуцца з акна, i я перамог, - адказаў ён.

У той час, калi мы з Джонасам высоўвалiся з акна, Лота знайшла вязанне мiсiс Берг, якое ляжала на канапе. Мiсiс Берг вяжа свiтэры i прадае iх. Дык гэта Лота выцягнула пруткi i распусцiла ўсё вязанне мiсiс Берг. Яна сядзела на канапе, уся абкручаная нiткамi.

– Лота, што ты нарабiла?
– закрычала мiсiс Берг.

– Я вяжу сабе свiтэр, - адказала Лота.
– I паглядзiце, якая хвалiстая шэрсць.

Мiсiс Берг сказала, што было б лепей, калi б мы пайшлi ў сад i з'елi нашыя вафлi, а потым пайшлi дадому.

Мы сядзелi ў садзе мiсiс Берг, пiлi шакалад i елi вафлi з цукрам. Як жа было цудоўна сядзець на сонцы, есцi вафлi i кармiць вераб'ёў крошкамi!

Вельмi хутка мiсiс Берг зноў сказала, что нам пара iсцi дадому. Джонас i я пералезлi цераз плот, а Лота пралезла скрозь дзiрку. Мы пайшлi ў кухню, каб паглядзець, што было на абед.

– Рыба, - адказала мама.

– А здорава, што мы з'елi так многа вафляў, - прамармытаў Джонас.

– Дык вы былi ў мiсiс Берг?
– спытала мама.
– Цi рада яна была бачыць вас?

– Вядома, - адказаў Джонас.
– Яна была рада два разы: першы раз, калi мы прыйшлi, а другi - калi развiталiся.

Сапраўды, мiсiс Берг - гэта найлепшы чалавек, якога мы ведалi.

МЫ ЕДЗЕМ НА ПIКНIК

Аднойчы тата сказаў:

– У нядзелю мы едзем на пiкнiк!

– Ур-а-а!
закрычалi Джонас i я.

– Ура пiкнiку!
– крыкнула Лота.

У нядзелю мама ўстала вельмi рана i зрабiла бутэрброды i аладкi. Яна таксама налiла гарачы шакалад у адзiн з тэрмасаў для нас, каву - у другi для сябе i таты. Лiманад мы таксама збiралiся ўзяць з сабой.

Тата падагнаў машыну да дзвярэй.

– А зараз давайце паглядзiм, як мы зможам уцiснуцца ў гэтую лялечную машыну, - сказаў ён.
– Як жа мы зможам знайсцi месца для мамы, Вялiкага Шуму, Маленькага Шуму, Маленькага Арэшка, дваццацi шасцi аладак, ды я яшчэ не ведаю, колькi бутэрбродаў?

– I Бэмсi, - сказала Лота.

Бэмсi - гэта вялiкае, ружовае, зробленае з матэрыi парасё, якога Лота валачэ за сабой усюды. I думае, што гэта мядзведзь, i таму клiча яго Бэмсi-медзведзяня.

"Гэтае парасё заўсёды было парасём!" - настойлiва гаварыў ёй Джонас.

Вось i зараз Лота плача i гаворыць, што гэта медзведзяня.

– Мядзведзi не бываюць ружовыя, - спрачаецца Джонас.
– Дарэчы, Лота, ён палярны цi звычайны мядзведзь?

– Гэта мядзведзь, у якога колер такi ж самы, як у парасяцi, - адказвае Лота.

Поделиться с друзьями: