Лота (на белорусском языке)
Шрифт:
Лота, натуральна, хацела, каб яе ружовы мядзведзь паехаў з намi на пiкнiк. Таму калi мы ўсе ўладкавалiся ў машыне, яна раптам спытала:
– Мама, а цi могуць свiннi мець дзяцей?
– Ты маеш на ўвазе Бэмсi цi сапраўдных свiней?
– спытала мама.
Лота адказала, што яна гаворыць пра сапраўдных свiней, а не пра Бэмсi. Тады мама растлумачыла, што сапраўдныя свiннi могуць мець дзяцей.
– Зразумела, не могуць, - сказаў Джонас.
– Але ж ты добра ведаеш, што могуць, - адказала мама.
– Немагчыма, каб яны мелi дзяцей, - зноў заспрачаўся Джонас.
– У iх могуць
Мы ўсе засмяялiся, i тата заўважыў, што Вялiкi Шум, Маленькi Шум i Маленькi Арэшак - самыя разумныя дзецi, якiх яму даводзiлася сустракаць.
Мы ўсё ехалi i ехалi, пакуль не дабралiся да невялiчкага возера. Тата пакiнуў машыну на дарозе ў лесе, а мы ўсе дапамаглi несцi рэчы для пiкнiка да возера.
Доўгi мол спускаўся ў ваду, i Джонас з Лотай хацелi дайсцi да канца гэтага мола, каб паглядзець, цi ёсць у возеры рыба. Мама села на траву i сказала тату:
– Я збiраюся ляжаць увесь дзень i не варушыцца. Ты сам паклапацiся аб дзецях.
Тата пайшоў з намi да канца мола. Мы леглi на жываты i сталi сачыць за тым, як у вадзе мiтусiлiся маленькiя рыбкi. Тата зрабiў нам вуды з доўгiх галiнак i прыладзiў да iх кручкi. Мы сталi вудзiць рыбу. Але ж, на жаль, мы нiчога не злавiлi.
Потым мы пайшлi ў лес. Мацi папярэдзiла нас, каб мы не хадзiлi вельмi далёка.
Мы ўбачылi, як птушка лётае каля куста. Калi мы падышлi блiжэй, мы разгледзелi птушынае гняздо з чатырма блакiтнымi яйкамi. Гэта былi найпрыгажэйшыя яйкi, якiя я калi-небудзь бачыла. Лота ўсё хацела застацца тут i яшчэ паглядзець на гняздо. Яна трымала Бэмсi так, каб ён таксама мог усё добра бачыць. Але Джонас i я знайшлi вельмi цудоўнае дрэва, на якое можна было б залезцi, i прымусiлi Лоту пайсцi з намi.
Нi я, нi Джонас не баiмся лазiць па дрэвах, а Лота баiцца, таму нам прыйшлося дапамагчы ёй узбiрацца наверх.
Потым яна пачала хныкаць:
– Знiмiце мяне, знiмiце мяне!
Калi яна была ўжо ўнiзе, дык сярдзiта паглядзела ўверх на дрэва i сказала:
– Толькi звар'яцелыя людзi залазяць на такое дрэва!
Мы не дабралiся да самага верху, калi мама пазвала нас есцi, i мы паляцелi да возера. Мама паслала абрус на траве, вылажыла на яго бутэрброды, аладкi i ўсё астатняе. Яна нават паставiла ў сярэдзiне вазачку з люцiкамi.
Мы ўсе селi на траву i пачалi гаварыць, што лепей есцi тут, а не ў сталовай дома. Аладкi былi вельмi смачныя, таму што мы клалi на iх джэм. Бутэрброды былi цудоўнымi таксама. Мне спадабалася смачнае мяса, а Джонасу яйкi i камса, i мы iмi абменьвалiся. А Лоце спадабалася ўсё, i яна нi з кiм не дзялiлася, ды акрамя таго, яна заўсёды была галодная. Яна адмовiлася есцi толькi аднойчы, i гэта здарылася, калi Лота захварэла. Тады мама была вельмi занепакоена тым, што Лота нiчога не ела. Аднойчы вечарам, у час малiтвы, яна сказала: "I дарагi Божа, зрабi так, каб я захацела есцi зноў, але толькi не пiражкi з сёмгай!"
У нас у кожнага была бутэлька лiманаду. Лота пайшла на бераг возера, каб пакласцi пяску ў лiманад, i калi мы спыталi яе, чаму яна так зрабiла, яна адказала:
– Я хачу толькi паспытаць яго на смак.
Пасля абеду тата распластаўся на траве.
– На сонцы так хораша, што я крыху ўздрамну, - сказаў ён.
– А вы, дзецi, пакуль што паклапацiцеся
Мы не пайшлi на мол. Трошкi далей, блiжэй да возера, быў вялiкi абрыў. Мы забралiся на яго, таму што Джонас хацеў паказаць, як нырае тата.
– Ён гэта робiць вось так, - сказаў Джонас, выцягваючы рукi ўперад i падскокваючы.
Калi мы пачалi нешта ўсведамляць, Джонас быў ужо ў вадзе. Хаця ён, вiдаць, не хацеў гэтага. А горш за ўсё было тое, што мама не дазволiла нам гуляць каля вады, таму што было занадта холадна. Але ён упаў у ваду, як камень. Лота i я ўскрыкнулi. Я знайшла доўгую палку, якая ляжала на абрыве, i калi Джонас паказаўся на вадзе зноў, ён ухапiўся за яе. А Лота толькi смяялася. Адразу ж прыбеглi мама i тата. Тата выцягнуў Джонаса з вады.
– Божа мой, Джонас, што ж ты робiш?
– спытала мама.
– Ён толькi хацеў паказаць нам, як нырае тата, - сказала Лота. Потым яна засмяялася зноў, таму што мокрыя штаны Джонаса здалiся ёй вельмi смешнымi.
Джонасу прыйшлося зняць з сябе ўсю адзежу, а мама павесiла яе на дрэва, каб яна прасохла. Але ж адзежа была яшчэ мокрая, калi нам трэба было вяртацца дадому, таму Джонасу прыйшлося сядзець у машыне захiнутым у коўдру.
Лоце ўсё здавалася смешным. Але раптам яна перастала смяяцца. Яна не магла знайсцi Бэмсi. Мы шукалi яго ўсюды. Але ён знiк. Мама сказала, што нам, вiдаць, прыйдзецца паехаць без яго, i ад гэтага Лота ўскрыкнула яшчэ мацней, чым тады, калi Джонас упаў у возера.
– Бэмсi, можа, правядзе цудоўную ноч у лесе адзiн, - сказаў тата.
– Заўтра я вярнуся сюды i пастараюся знайсцi яго.
Аднак Лота ўсё плакала i плакала:
– А можа, раптам злая старая ведзьма прыйдзе i напалохае яго?!
– Калi Бэмсi сустрэне ведзьму, то, можа, менавiта яна, а не ён спалохаецца, - супакойваў тата.
– Цi можаш ты ўспомнiць, калi ты апошнi раз трымала ў руках Бэмсi? спытала мама.
Лота паспрабавала ўспомнiць.
– У дванаццаць гадзiн, - сказала яна.
Але паколькi Лота не арыентавалася ў часе, вядома, гэта была вялiкая хлусня.
Тата гаворыць, што наша Лота - гэта такi Маленькi Арэшак, якi гаворыць усё, што прыходзiць яму ў галаву.
Раптам я ўспомнiла, што Лота трымала Бэмсi, калi мы назiралi за птушыным гняздом. Мы ўсе разам пайшлi да дрэва, i там, побач з гняздом, сядзеў Бэмсi.
Лота падхапiла яго, пацалавала ў нос i сказала:
– Дарагi Бэмсi, ты ўвесь час сядзеў i глядзеў на гэтыя блакiтныя яйкi?!
– Няшчасная мама-птушка, вiдаць, не асмелiлася падляцець да сваiх яек увесь дзень, - сказаў Джонас.
– Ружовыя мядзведзi часам бываюць самымi лепшымi пудзiламi.
– Бэмсi нiчога не кранаў, - сказала Лота.
– Ён толькi сядзеў i глядзеў на яйкi.
Мы ўсе селi ў машыну i паехалi дадому. Джонасу прыйшлося сядзець усю дарогу ўхутаным у коўдру.
У той вечар тата i мама прыйшлi ў наш пакой, каб сказаць нам добрай ночы. Тата нахiлiўся над ложкам Лоты. Побач з ёй ляжаў Бэмсi. Тата сказаў:
– Ну што, Маленькi Арэшак, што табе спадабалася больш за ўсё? Iду ў заклад, вiдаць, тое, што мы знайшлi Бэмсi.
– Не, лепш за ўсё было тое, што Джонас упаў у возера, - адказала Лота.