Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Маўглi (на белорусском языке)
Шрифт:

– Бачыш?
– сказала яна мужу.
– Я ведала, я табе гаварыла, што ён не вядзьмар. Ён мой сын, мой сын!

– Сын цi вядзьмар - якая нам з гэтага карысць?
– адказаў муж.
– Цяпер мы з табою ўсё роўна што памерлi.

– Вунь там iдзе дарога праз джунглi, - паказаў Маўглi ў акно.
– Рукi i ногi ў вас развязаны. Iдзiце адсюль.

– Мы не ведаем джунгляў, сын мой, так, як... як ты iх ведаеш, - пачала Месуа.
– Мне не адысцiся далёка.

– А людзi пагоняцца за намi i зноў прывядуць нас сюды, - сказаў яе муж.

– Гм!
– сказаў Маўглi, водзячы

кончыкам паляўнiчага нажа па сваёй далонi.
– Пакуль што я не хачу лiха нiкому ў гэтай вёсцы. Не думаю, аднак, што цябе запыняць. Мiне яшчэ крышку часу - i ў iх знойдзецца пра што падумаць. Ага! ён узняў галаву i прыслухаўся да крыкаў i беганiны за дзвярамi.
– Нарэшце яны адпусцiлi Балдзео дадому!

– Яго паслалi ранiцай забiць цябе, - сказала Месуа.
– Хiба ты яго не сустрэў?

– Ага, Мы... я сустрэў яго. Яму ёсць пра што расказаць. А пакуль ён гаворыць, можна шмат што зрабiць. Але спачатку трэба даведацца, чаго яны хочуць. Падумайце, куды вам лепш пайсцi адгэтуль, i скажыце мне, як я вярнуся.

Ён выскачыў праз акно i зноў пабег, хаваючыся пад вясковай сцяной, пакуль яму не стаў чуваць гоман натоўпу, што сабраўся пад смакоўнiцай.

Балдзео кашляў i стагнаў, лежачы на зямлi, а ўсе астатнiя абступiлi яго i распытвалi. Валасы ў яго раскудлацiлiся, рукi i ногi ён паабдзiраў, залазячы на дрэва, i ледзь мог гаварыць, але затое вельмi добра разумеў усю значнасць свайго становiшча.

Час ад часу ён пачынаў гаварыць штосьцi пра пявучых чарцей, пярэваратняў i вядзьмарства толькi для таго, каб распалiць цiкаўнасць i намякнуць натоўпу, пра што ён будзе расказваць. Потым папрасiў вады.

– Так!
– сказаў Маўглi.
– Словы i словы! Адна балбатня! Людзi - крэўныя браты малпаў. Спачатку ён будзе паласкаць рот вадой, потым палiць, а зрабiўшы ўсё гэта, пачне расказваць. Ну i дурнi гэтыя людзi! Яны не паставяць нiкога пiльнаваць Месую, пакуль Балдзео тлумiць iм галовы сваiмi байкамi. I я раблюся гэткiм жа гультаём!

Ён страпянуўся i праслiзнуў назад да хацiны. Ён ужо быў пад акном, калi адчуў, што нехта лiзнуў яму нагу.

– Мацi, - сказаў ён, пазнаўшы Ваўчыху, - што тут робiш ты?

– Я пачула, як мае дзецi спяваюць у лесе, i пайшла за тым, каго люблю больш за ўсiх. Жабянятка, я хачу бачыць жанчыну, якая кармiла цябе малаком, сказала Мацi Ваўчыха, уся мокрая ад расы.

– Яе звязалi i хочуць забiць. Я разрэзаў рамянi, i яна з мужам пойдзе адсюль праз джунглi.

– Я таксама правяду iх. Я старая, але яшчэ не зусiм бяззубая.
– Мацi Ваўчыха стала на заднiя лапы i заглянула праз акно ў цёмную хацiну.

Потым яна бясшумна апусцiлася на ўсе чатыры лапы i сказала толькi:

– Я першая кармiла цябе малаком, але Багiра кажа праўду: чалавек у рэшце рэшт iдзе да чалавека.

– Магчыма, - сказаў Маўглi вельмi панура, - толькi я зараз далёкi ад гэтай дарогi. Пачакай тут, але не паказвайся ёй.

– Ты нiколi мяне не баялася, Жабянятка, - сказала Мацi Ваўчыха.

Яна адступiла на крок назад i знiкла ў высокай траве - гэта яна ўмела рабiць вельмi добра.

– А цяпер, - весела сказаў Маўглi, зноў скокнуўшы ў акно, - усе сабралiся вакол Балдзео, i ён расказвае тое, чаго не было. А калi ён скончыць, яны

абавязкова прыйдуць сюды з Чырвонай... з агнём i спаляць вас абаiх. Што ж рабiць?

– Мы пагаварылi з мужам, - сказала Месуа.
– Да Канхiвары адсюль трыццаць мiляў. Калi мы дабяромся туды сёння, мы будзем жыць. Калi не - памром.

– Вы будзеце жыць. Нiводзiн чалавек не выйдзе сёння за вароты. Але што гэта ён робiць?

Муж Месуi, стоячы на карачках, гроб зямлю ў кутку хацiны.

– Там у яго грошы, - сказала Месуа.
– Больш мы нiчога не можам узяць з сабою.

– Ах, так! Гэта тое, што пераходзiць з рук у рукi i не становiцца цяплейшым. Хiба яно бывае патрэбна i ў iншых месцах?

Муж сярдзiта азiрнуўся.

– Якi ён пярэварацень? Ён проста дурань!
– прабурчаў ён.
– За гэтыя грошы я магу купiць каня. Нас так збiлi, што мы не зойдзем далёка, а вёска пагонiцца за намi.

– Кажу вам, што не пагонiцца, я гэтага не дазволю, але конь - гэта добра, бо Месуа знясiлена.

Яе муж устаў, завязваючы ў пояс апошнюю рупiю. Маўглi дапамог Месуi вылезцi праз акно, i халаднаватае начное паветра ажывiла яе. Але джунглi пры святле зорак здалiся ёй вельмi цёмнымi i страшнымi.

– Вы ведаеце дарогу ў Канхiвару?
– прашаптаў Маўглi.

Яны кiўнулi.

– Добра. Помнiце ж, што баяцца няма чаго. I спяшацца таксама не трэба. Толькi... толькi ў джунглях ззаду вас i наперадзе вас вы, магчыма, пачуеце спевы.

– Няўжо ты думаеш, што мы асмелiлiся б пайсцi ноччу ў джунглi, калi б не баялiся, што нас спаляць? Лепш няхай нас разарвуць звяры, чым заб'юць людзi, сказаў муж Месуi.

Але сама Месуа паглядзела на Маўглi i ўсмiхнулася.

– Кажу вам, - гаварыў далей Маўглi, быццам ён быў мядзведзь Балу i соты раз паўтараў няўважлiваму ваўчаняцi старажытны Закон Джунгляў, - кажу вам, што нi адзiн зуб у джунглях не ашчэрыцца супраць вас, нi адна лапа ў джунглях не падымецца на вас. Нi чалавек, нi звер не запыняць вас, пакуль вы не ўбачыце Канхiвару. Вас будуць ахоўваць.
– Ён шпарка павярнуўся да Месуi са словамi: Муж твой не верыць мне, але ты паверыш?

– Так, вядома, сын мой. Чалавек ты цi воўк з джунгляў, але я табе веру.

– Ён спалохаецца, калi пачуе спевы майго народа. А ты пазнаеш i ўсё зразумееш. Iдзiце ж i не спяшайцеся, бо спяшацца няма патрэбы: вароты зачынены.

Месуа кiнулася з плачам да ног Маўглi, але ён хуценька падняў яе, сам увесь калоцячыся. Тады яна павiсла ў яго на шыi i называла ўсiмi ласкавымi iмёнамi, якiя толькi прыйшлi ёй на памяць. Яны пайшлi ў бок джунгляў, i Мацi Ваўчыха выскачыла са сваёй засады.

– Правядзi iх!
– сказаў Маўглi.
– I глядзi, каб усе джунглi ведалi, што iх няможна чапаць. Падай голас, а я паклiчу Багiру.

Глухое, працяглае выццё пачулася i замерла, i Маўглi ўбачыў, як муж Месуi ўздрыгнуў i павярнуўся, гатовы ўцякаць назад да хацiны.

– Iдзi, iдзi!
– падбадзёрыў яго Маўглi.
– Я ж сказаў, што вы пачуеце песню. Яна вас будзе праводзiць да самай Канхiвары. Гэта - Ласка Джунгляў.

Месуа падштурхнула свайго мужа ўперад, i цемра спусцiлася над iмi i Ваўчыхай, як раптам Багiра выскачыла ледзь не з-пад ног Маўглi.

Поделиться с друзьями: