Маўглi (на белорусском языке)
Шрифт:
– Пра яе забудуцца, i вельмi хутка. Дзе пасецца Хатхi сёння ўночы?
– Дзе ён надумае. Хто можа ведаць, дзе цяпер Маўклiвы? А навошта ён табе? Што гэткае можа зрабiць Хатхi, чаго не маглi б зрабiць мы?
– Скажы, каб ён прыйшоў сюды да мяне разам са сваiмi трыма сынамi.
– Але, дапраўды ж, Маленькi Брат, няможна загадваць Хатхi, каб ён "прыйшоў сюды" або "пайшоў адсюль". Не забывайся, што ён Гаспадар Джунгляў i што ён навучыў цябе Запаветным Словам Джунгляў да таго, як чалавечая чарада змянiла твой твар.
– Гэта нiчога. У мяне таксама ёсць для яго Запаветнае Слова. Скажы, каб ён прыйшоў да Жабяняцi Маўглi, а калi ён не адразу пачуе, скажы яму, каб прыйшоў дзеля вытаптаных палеткаў Бхаратпура.
– "Дзеля вытаптаных палеткаў Бхараптура", - паўтарыла Багiра
– Iду! Хатхi толькi раззлуецца, i больш нiчога, а я з радасцю аддала б здабычу цэлага месяца, каб пачуць, якое Запаветнае Слова мае ўладу над Маўклiвым.
Яна пайшла, а Маўглi застаўся i раз'юшана дзёўб зямлю паляўнiчым нажом. Маўглi нi разу ў жыццi не бачыў чалавечай крывi i - што азначала для яго куды больш - нi разу не чуў яе паху да таго часу, пакуль не пачуў пах крывi на рамянях, што звязвалi Месую. А Месуа была добрая да яго, i ён яе любiў. Але як нi былi ненавiсныя для яго жорсткасць, баязлiвасць i балбатлiвасць людзей, ён бы нiзавошта не згадзiўся пазбавiць чалавека жыцця i зноў пачуць гэты страшны пах, чым бы нi ўзнагародзiлi яго за гэта джунглi. Яго план быў куды больш просты i надзейны, i ён засмяяўся сам сабе, успомнiўшы, што яго падказаў яму адзiн з расказаў старога Балдзео пад смакоўнiцай.
– Праўда, гэта было Запаветнае Слова, - вярнуўшыся, шапнула Багiра яму на вуха.
– Яны пасвiлiся каля ракi i паслухалiся мяне, як буйвалы. Глядзi, вунь яны iдуць!
Хатхi i яго тры сыны з'явiлiся, як заўсёды, без адзiнага гуку. Рачны мул яшчэ не высах на iхнiх баках, i Хатхi ў задуменнi дажоўваў зялёнае бананавае дрэўца, якое вырваў бiўнямi. Але кожны рух яго велiзарнага цела гаварыў Багiры, якая разумела ўсё з першага позiрку, што не Гаспадар Джунгляў прыйшоў да хлопчыка-ваўчаняцi, а прыйшоў той, хто баiцца, да таго, хто не баiцца нiчога. Тры сыны Хатхi пагойдвалiся плячо ў плячо ззаду бацькi.
Маўглi толькi крыху прыўзняў галаву, калi Хатхi пажадаў яму добрага палявання. Перш чым сказаць хоць слова, ён прымусiў Хатхi доўга пераступаць з нагi на нагу, пагойдвацца i ўстрэсвацца, а калi загаварыў, дык з Багiрай, а не са сланамi.
– Я хачу расказаць вам адну гiсторыю, а чуў я яе ад паляўнiчага, на якога вы палявалi сёння, - пачаў Маўглi.
– Гэта гiсторыя пра тое, як стары i разумны слон трапiў у пастку i востры кол на дне ямы разарваў яму скуру ад пяткi да пляча, так што застаўся белы шрам.
Маўглi працягнуў руку, i калi Хатхi павярнуўся, пры святле месяца стаў вiдаць доўгi белы шрам на шэрым, як грыфель, баку, быццам яго сцебанулi распаленым бiчом.
– Людзi выцягнулi слана з ямы, - гаварыў далей Маўглi, - але ён быў дужы, разарваў путы i ўцёк, i хаваўся, пакуль рана не загаiлася. Тады ён вярнуўся ўночы на палеткi паляўнiчых. Цяпер я прыпамiнаю, што ў яго было тры сыны. Усё гэта адбылося многа-многа дажджоў таму назад i вельмi далёка адгэтуль - на палетках Бхаратпура. Што здарылася з гэтымi палеткамi ў наступнае жнiво, Хатхi?
– Жнiво сабраў я з маiмi трыма сынамi, - сказаў Хатхi.
– А што было з пасевам, якi iдзе за жнiвом?
– спытаў Маўглi.
– Пасеву не было, - сказаў Хатхi.
– А з людзьмi, якiя жылi на палях побач з пасевамi?
– спытаў Маўглi.
– Яны сышлi.
– А з хацiнамi, у якiх спалi людзi?
– спытаў Маўглi.
– Мы раскiдалi стрэхi дамоў, а джунглi паглынулi сцены.
– А што ж было потым?
– спытаў Маўглi.
– Мы напусцiлi джунглi на пяць вёсак; i ў гэтых вёсках, i на iх землях, i на пашах, i на мяккiх, узараных палетках не засталося цяпер нiводнага чалавека, якi атрымлiваў бы ежу ад зямлi. Вось як былi вытаптаны бхаратпурскiя палеткi, i гэта зрабiў я з маiмi трыма сынамi. А цяпер скажы мне, Маўглi, як ты даведаўся пра гэта?
– спытаў Хатхi.
– Мне сказаў адзiн чалавек, i цяпер я пераканаўся, што нават Балдзео не заўсёды хлусiць. Гэта было добра зроблена, Хатхi з белым шрамам, а другi раз выйдзе яшчэ лепш, бо распараджацца будзе чалавек. Ты ведаеш вёску чалавечай чарады, што выгнала мяне? Не варта, каб яны жылi там i надалей. Я iх ненавiджу!
– А забiваць нiкога не трэба? Мае бiўнi пачырванелi ад крывi, калi мы тапталi палеткi ў Бхаратпуры, i
мне не хацелася б зноў абуджаць гэты пах.– Мне таксама. Я не хачу нават, каб iх косцi ляжалi на нашай чыстай зямлi. Няхай шукаюць сабе iншае логава. Тут iм няможна заставацца. Я чуў, як пахне кроў жанчыны, якая мяне кармiла - жанчыны, якую яны забiлi б, каб не я. Толькi пах свежай травы на парогах дамоў можа заглушыць пах крывi. Ад яго ў мяне смылiць у роце. Напусцiм на iх джунглi, Хатхi!
– А!
– сказаў Хатхi.
– Вось гэтак жа смылеў i шрам на маёй скуры, пакуль мы не ўбачылi, як загiнулi вёскi пад веснавым параснiкам. Цяпер я зразумеў: твая вайна стане нашай вайной. Мы напусцiм на iх джунглi.
Маўглi ледзь паспеў перавесцi дух - ён увесь калацiўся ад нянавiсцi i злосцi, - як тое месца, дзе стаялi сланы, апусцела, i толькi Багiра глядзела на Маўглi з жахам.
А Хатхi i яго тры сыны павярнулi кожны ў свой бок i моўчкi пакрочылi па далiнах. Яны iшлi ўсё далей i далей праз джунглi i зрабiлi шэсцьдзесят мiляў гэта значыць цэлы двухдзённы пераход. I кожны iх крок, i кожнае пагойдванне хобата былi прыкмечаны i вытлумачаны Мангам, Чылем, Малпiным Народам i ўсiмi птушкамi. Потым сланы пачалi кармiцца i мiрна пасвiлiся не менш тыдня. Хатхi i яго сыны падобны на горнага ўдава Каа: яны не будуць спяшацца, калi ў гэтым няма патрэбы.
Праз тыдзень - i нiхто не ведае, адкуль гэта пайшло, - па джунглях пранеслася чутка, што ў такой i такой вось далiне корм i вада сама лепшыя. Дзiкi, якiя гатовы iсцi на край свету дзеля сытнага харчу, рушылi першыя, атрад за атрадам перавальваў цераз каменне; за iмi падалiся аленi, а за аленямi - маленькiя лiсiцы, якiя харчуюцца падлай. Побач з аленямi iшлi непаваротлiвыя антылопы нiльгау, а за нiльгау рухалiся дзiкiя буйвалы з балотаў. Спачатку лёгка было б павярнуць назад адзiночныя i разрозненыя статкi, якiя скублi траву, iшлi далей, пiлi i зноў скублi траву, але як толькi сярод iх узнiмалася трывога, з'яўляўся хто-небудзь i супакойваў iх. То гэта быў дзiкабраз Сахi з весткай аб тым, што добры харч пачынаецца трошкi далей; то кажан Манг, трапечучы крыламi, з радасным пiскам праносiўся па прагалiне, каб паказаць, што там нiкога няма; то Балу з поўным ротам карэння, валюхаючыся, падыходзiў да статка i жартам або ўсур'ёз палохаў яго, выкiроўваючы на патрэбную дарогу. Шмат хто павярнуў назад, разбегся або не захацеў iсцi далей, але астатнiя заставалiся i па-ранейшаму iшлi ўперад.
Мiнула дзён дзесяць, i к гэтаму часу ўсё выглядала так: аленi, дзiкi i нiльгау тапталiся, рухаючыся па крузе радыусам восем цi дзесяць мiляў, а драпежнiкi нападалi на iх з краёў. А ў цэнтры круга была вёска, а навакол вёскi даспявала збажына на палетках, а на палетках сядзелi людзi на вышках, падобных на галубятнi i пабудаваных для таго, каб адпуджваць птушак i iншых зладзейчыкаў.
Была цёмная ноч, калi Хатхi i яго тры сыны без шуму выйшлi з джунгляў, зламалi хобатамi жэрдкi, i вышкi ўпалi, як падае зламаная сцяблiна амежнiку, а людзi, што звалiлiся з iх, пачулi глухое бурчанне сланоў. Потым авангард напуджанай армii аленяў прымчаўся i вытаптаў вясковую пашу i ўзараныя палеткi; а за iмi прыйшлi тупарылыя дзiкi з вострымi капытамi, i што засталося пасля аленяў, тое знiшчылi свiннi. Час ад часу ваўкi трывожылi статкi, i тыя, ашалелыя, кiдалiся з боку ў бок, тапталi зялёны ячмень i раўнялi з зямлёй берагi арашальных каналаў. Перад свiтаннем у адным месцы на краi круга драпежнiкi адступiлi, пакiнуўшы адкрытай дарогу на поўдзень, i аленi рынулiся па ёй, статак за статкам. Астатнiя, смялейшыя, залеглi ў гушчары, каб пакармiцца наступнай ноччу.
Ды ўсё ўжо было зроблена. Ранiцай сяляне глянулi на свае палеткi i ўбачылi, што ўсе пасевы загiнулi. Гэта пагражала смерцю, калi людзi не сыдуць адсюль у iншыя мясцiны, бо голад быў заўсёды гэтак жа блiзка ад iх, як i джунглi. Калi буйвалаў выгналi на пашу, галодны статак убачыў, што аленi падчыстую з'елi ўсю траву, i разышоўся па джунглях услед за сваiмi дзiкiмi таварышамi. А калi надышоў вечар, выявiлася, што тры цi чатыры вясковыя канi ляжаць у стойлах з праламанымi галовамi. Толькi Багiра ўмела наносiць такiя ўдары, i толькi ёй магла прыйсцi ў галаву дзёрзкая думка вывалачы апошнi труп на сярэдзiну вулiцы.