Маўглi (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ну-ну-ну!
– гаварыў Каа, робячы галавой выпады, якiх не магла адбiць нават шпаркая рука Маўглi.
– Глядзi! Вось я дакрануўся да цябе, Маленькi Брат! Вось i вось! Рукi ў цябе анямелi, цi што? Вось зноў!
Гэтая гульня заўсёды заканчвалася аднолькава: прамым, iмклiвым ударам галавы Каа заўсёды збiваў хлопчыка з ног. Маўглi так i не навучыўся абараняцца супраць гэтага вокамгненнага выпаду; i, як казаў Каа, на гэта не варта было трацiць часу.
– Добрага палявання!
– прабурчаў нарэшце Каа.
I Маўглi, як заўсёды, адляцеў крокаў на дзесяць убок, задыхаючыся i
Ён падняўся з поўнымi жменямi травы i пайшоў за Каа да любiмага месца купання мудрай змяi - глыбокай, чорнай як смоль затокi, акружанай скаламi i асаблiва прывабнай таму, што на дне яе ляжалi ствалы затанулых дрэў. Як заведзена ў джунглях, хлопчык бязгучна кiнуўся ў ваду i нырнуў; потым вынырнуў, таксама без нiводнага гуку, лёг на спiну, заклаўшы рукi пад галаву, i, пазiраючы на месяц, што ўзышоў над скаламi, пачаў разбiваць пальцамi ног яго адлюстраванне ў вадзе. Трохвугольная галава Каа разразала ваду, як брытва, i, падняўшыся з вады, легла на плячо Маўглi. Яны ляжалi нерухома, цешачыся прахалодай, што ахiнала iх.
– Як цудоўна!
– сонна сказаў Маўглi.
– А ў чалавечай чарадзе ў гэты час, памятаю, лажылiся на цвёрдае дрэва ўнутры земляных пастак i, закрыўшыся як мага з усiх бакоў ад свежага ветру, захутвалiся з галавой затхлымi анучамi i заводзiлi носам нудныя песнi. У джунглях лепш!
Таропкая кобра праслiзнула паўз iх па скале, напiлася, пажадала iм добрага палявання i знiкла.
– О-о-ш!
– сказаў Каа, быццам успомнiў штосьцi.
– Дык, значыцца, джунглi даюць табе ўсё, чаго табе толькi хочацца, Маленькi Брат?
– Не ўсё, - сказаў Маўглi i засмяяўся, - а то можна было б кожны месяц забiваць новага Шэр-Хана. Цяпер я мог бы забiць яго сваiмi рукамi i не прасiць дапамогi ў буйвалаў. Яшчэ мне хочацца iншы раз, каб сонца свяцiла ў час дажджоў або каб дажджы закрылi сонца ў разгар лета. А калi я галодны, мне заўсёды хочацца забiць казу, а калi заб'ю казу, хочацца, каб гэта быў алень, а калi гэта алень, хочацца, каб гэта быў нiльгау. Але ж так бывае з усiмi.
– I больш табе нiчога не хочацца?
– спытаў Каа.
– А чаго мне больш хацець? У мяне ёсць джунглi i Ласка Джунгляў! Хiба ёсць яшчэ што-небудзь на свеце памiж усходам i захадам?
– А кобра казала...
– пачаў Каа.
– Якая кобра? Тая, што прапаўзла зараз, нiчога не казала: яна выправiлася на паляванне.
– Не гэтая, а другая.
– I шмат у цябе спраў з Ядавiтым Народам? Я iх не чапаю, няхай iдуць сваёй дарогай. Яны носяць смерць у пярэднiх зубах, i гэта нядобра - яны такiя маленькiя. Але з якой жа гэта кобрай ты размаўляў?
Каа павольна пагойдваўся на вадзе, як параход на бакавой хвалi.
– Тры цi чатыры месяцы назад, - сказаў ён, - я быў на паляваннi ў Халодных Бярлогах - ты, можа, яшчэ не забыўся пра iх, - i стварэнне, за якiм я гнаўся, з вiскам кiнулася паўз вадаёмы да таго дома, якi я калiсьцi праламаў дзеля цябе, i ўцякло пад зямлю.
– Але ў Халодных Бярлогах нiхто не жыве пад зямлёй.
– Маўглi сцямiў, што Каа гаворыць пра Малпiн Народ.
– Гэтае стварэнне не жыло, а ратавала сваё жыццё, - адказаў Каа, высоўваючы трапяткi язык.
– Яно запаўзло ў нару, якая iшла вельмi далёка. Я папоўз за iм,
– Пад зямлёю?
– Ага. I нарэшце натрапiў на Белы Клабук - белую кобру, якая гаварыла са мною пра незразумелыя рэчы i паказала мне шмат такога, чаго я нiколi яшчэ не бачыў.
– Новую дзiчыну? I добрае было ў цябе паляванне?
– Маўглi шпарка перавярнуўся на бок.
– Гэта была не дзiчына, я паламаў бы аб яе ўсе зубы, але Белы Клабук сказаў, што людзi - а гаварыў ён так, быццам ведае гэтую пароду, - што людзi аддалi б усё да апошняга дыхання, каб толькi зiрнуць на гэтыя рэчы.
– Паглядзiм!
– сказаў Маўглi.
– Цяпер я ўспамiнаю, што калiсьцi быў чалавекам.
– Цiха, цiха! Паспешлiвасць загубiла Жоўтую Змяю, якая з'ела сонца. Мы пагаварылi пад зямлёй, i я расказаў пра цябе, называў цябе чалавекам. Белая кобра сказала (а яна сапраўды старая, як джунглi): "Даўно ўжо не бачыла я чалавека. Няхай прыйдзе, тады i пабачыць усе гэтыя рэчы. За сама малую з iх шмат хто з людзей не пашкадаваў бы жыцця".
– Значыцца, гэта новая дзiчына. А Ядавiты Народ нiколi ж не кажа нам, дзе ёсць няпуджаная дзiчына. Яны нядобразычлiвыя.
– Гэта не дзiчына. Гэта... гэта... я не магу сказаць, што гэта такое.
– Мы пойдзем туды. Я нiколi яшчэ не бачыў белай кобры, ды i на ўсё астатняе мне таксама хочацца паглядзець. Гэта яна iх забiла?
– Яны ўсе нежывыя. Кобра сказала, што пiльнуе iх.
– А! Як воўк пiльнуе здабычу, калi прывалачэ яе ў логава. Хадзем!
Маўглi падплыў да берага, пакачаўся па траве, каб абсохнуць, i яны ўдвух рушылi да Халодных Бярлогаў - закiнутага горада, пра якi вы, магчыма, чыталi.
Маўглi цяпер анi не баяўся малпаў, затое малпы дрыжалi ад страху перад Маўглi. Але Малпiна племя гойсала цяпер па джунглях, i Халодныя Бярлогi стаялi ў святле месяца пустыя i маўклiвыя.
Каа падпоўз да руiнаў княжацкай альтанкi пасярэдзiне тэрасы, перабраўся цераз кучы шчэбню i слiзгануў унiз па засыпанай абломкамi лесвiцы, якая вяла ў падзямелле. Маўглi падаў Змяiны Поклiч: "Мы з вамi адной крывi, вы i я!" - i папоўз за iм на карачках. Абодва яны доўга паўзлi па нахiленым калiдоры, якi некалькi разоў паварочваў убок, i нарэшце дабралiся да такога месца, дзе корань старога дрэва, што ўзнiмалася над зямлёй футаў на трыццаць, выцiснуў са сцяны вялiкi камень. Яны пралезлi ў дзiрку i апынулiся ў прасторным падзямеллi, скляпенне якога, рассунутае каранямi дрэў, таксама было ўсё ў расколiнах, так што зверху ў цемру падалi тонкiя праменьчыкi святла.
– Надзейны прытулак!
– сказаў Маўглi i выпрастаўся на ўвесь рост.
– Толькi ён занадта далёка, каб кожны дзень у iм бываць. Ну, а што ж мы тут убачым?
– Хiба я нiшто?
– сказаў чыйсьцi голас у глыбiнi падзямелля.
Перад Маўглi мiльгнула штосьцi белае, i паступова ён разгледзеў такую вялiзную кобру, якiх ён дагэтуль не сустракаў, - амаль восем футаў даўжынёй, вылiнялую ад жыцця ў цемры да жаўцiзны старой слановай косцi. Нават акуляры на раздзьмутым клабуку зрабiлiся ў яе бледна-жоўтымi. Вочы ў кобры былi чырвоныя, як рубiны, i ўся яна была такая дзiўная з выгляду.