Маўглi (на белорусском языке)
Шрифт:
Лёгкi вясновы дожджык - яго называюць Слановым Дожджыкам - прайшоў па джунглях паласой з паўмiлi i пакiнуў за сабою намоклае i разгайданае маладое лiсце i закончыўся падвойнай вясёлкаю i лёгкiм гулам грому. Вясновы шум перарваўся на хвiлiнку i прыцiх, затое ўвесь Народ Джунгляў, здавалася, гаманiў разам.
Маўглi крыкнуў поклiч Чарады, але нiводзiн з чатырох ваўкоў не абазваўся. Яны былi далёка i не чулi яго, бо спявалi вясновыя песнi разам з iншымi ваўкамi.
"Так, - сказаў сам сабе Маўглi, хоць у душы i разумеў, што праўда не на яго баку, - вось калi Дзiкiя Сабакi прыйдуць з Дэкана або Чырвоная Кветка пачне танцаваць у бамбуку, тады ўсе джунглi, хныкаючы, бягуць да Маўглi i называюць яго вялiкiмi, як слон, iмёнамi.
Маўглi папаляваў у гэты вечар рана i еў мала, каб не пацяжэць перад вясновым бегам. Гэта была сапраўдная белая ноч, як яе называюць. Усе раслiны з ранiцы, здавалася, паспелi вырасцi больш, чым за месяц. З галiнкi, якая напярэдаднi была ў жоўтых лiстках, закапаў сок, калi Маўглi зламаў яе. Мох густа кучаравiўся пад яго нагамi, вострыя краi маладой травы не рэзалi рук.
Маўглi гучна заспяваў ад вялiкай радасцi, пачынаючы свой бег. Гэта было больш за ўсё падобна на палёт, бо Маўглi выбраў доўгi схiл, якi апускаўся да паўночных балотаў цераз густы зараснiк, дзе пругкая глеба заглушала гук яго крокаў. Чалавек, выхаваны чалавекам, не раз спатыкнуўся б, выбiраючы дарогу пры падманлiвым святле месяца, а ногi Маўглi, прывучаныя доўгiмi гадамi жыцця ў лесе, неслi яго лёгка, як пёрка. Калi гнiлы ствол або нябачны камень траплялi яму пад ногi, ён не запавольваў бегу i пераскокваў цераз iх без напружання, без намагання. Калi яму надакучвала бегчы па зямлi, ён, нiбы малпа, хапаўся рукамi за моцную лiяну i хутчэй узлятаў, чым узлазiў, на верхнiя тонкiя галiны i падарожнiчаў па дрэвавых дарогах, пакуль у яго не змяняўся настрой. Тады ён зноў спускаўся ўнiз, да зямлi, па доўгай, аброслай лiстамi дузе лiянаў.
Яму траплялiся яшчэ поўныя спёкi лагчыны, акружаныя вiльготнымi скаламi, дзе цяжка было дыхаць ад душнага водару начных кветак; лiяны, спрэс усыпаныя квеценню; цёмныя прасекi, дзе святло месяца ляжала палосамi, правiльнымi, як клеткi мармуровай падлогi; гушчарнiкi, дзе малады зараснiк быў яму па грудзi i быццам рукамi абдымаў яго за талiю; вяршынi ўзгоркаў, увянчаныя абломкамi скалаў, дзе ён пераскокваў з каменя на камень над норамi перапалоханых лiсiц. Да яго далятала слабае, далёкае "чух-чух" дзiка, якi вастрыў iклы аб ствол, а праз некаторы час ён сустракаў i самога звера, што ў адзiноце з пенай на храпе i палаючымi вачамi рваў i раздзiраў рыжую кару дрэва. А то ён зварочваў убок, пачуўшы стук рагоў, вурчанне i пыхканне, i пралятаў паўз двух раз'юшаных буйвалаў. Яны пагойдвалiся ўзад i ўперад, угнуўшы галовы, усе ў палосках крывi, якая пры святле месяца здаецца чорнай. Або дзе-небудзь каля рачнога броду ён чуў рык Джакалы, кракадзiла, якi рыкае, як бугай. А iншы раз яму здаралася патрывожыць клубок ядавiтых змей, але, перш чым яны паспявалi кiнуцца на Маўглi, ён ужо ўцякаў прэч па блiскучай рачной гальцы i зноў паглыбляўся ў лес.
Так ён бег гэтай ноччу, то спяваючы, то пакрыкваючы, i адчуваў сябе сама шчаслiвым у джунглях, пакуль пах кветак не сказаў яму, што блiзка балоты, - а яны знаходзiлiся куды далей сама далёкiх лясоў, у якiя ён звычайна хадзiў на паляванне.
I тут таксама чалавек, выхаваны чалавекам, праз тры крокi правалiўся б з галавой у дрыгву, але ў Маўглi нiбыта былi вочы на нагах, i гэтыя ногi неслi яго з купiны на купiну i з астраўка на зыбкi астравок, не просячы дапамогi ў вачэй. Ён кiраваўся да сярэдзiны балота, успуджваючы на бягу дзiкiх качак, i там сеў на аброслы мохам ствол, што тырчаў з чорнай вады.
Усё балота навокал Маўглi не спала, бо ў вясновую пару птушыны народ спiць вельмi чуйна i чародкi птушак лунаюць над балотам усю ноч навылёт. Але нiхто не прыкмячаў Маўглi, якi сядзеў сярод высокага трыснягу, напяваў песню без слоў i разглядваў цвёрдыя падэшвы смуглых ног, шукаў старую стрэмку.
Дзiкая буйвалiца ў трыснягу прыўзнялася на каленi i чмыхнула:
– Чалавек!
– У-у!
– сказаў дзiкi
– Гэта не чалавек. Гэта ўсяго толькi безвалосы воўк з Сiянiйскай Чарады. У гэткiя ночы ён заўсёды бегае ўзад i ўперад.
– У-у!
– адказала буйвалiца i зноў нагнула галаву да травы.
– А я думала, што гэта чалавек.
– Кажу табе, што не. О Маўглi, хiба тут небяспечна?
– зарыкаў Меса.
– "О Маўглi, хiба тут небяспечна!" - перадражнiў яго хлопчык.
– Толькi пра адно i думае Меса: цi небяспечна тут? Апрача Маўглi, якi бегае ўзад i ўперад па лесе i пiльнуе вас, нiхто нi аб чым не думае!
Маўглi не ўтрымаўся ад спакусы: падкраўся з-за трыснягу да буйвала i кальнуў яго вастрыём нажа. Вялiзны, увесь аблiты граззю буйвал выскачыў з лужыны з такiм грукатам, нiбы побач разарваўся снарад, а Маўглi зарагатаў так, што ажно прысеў.
– Расказвай цяпер, як безвалосы воўк з Сiянiйскай Чарады пасвiў цябе, Меса!
– крыкнуў ён.
– Воўк? Ты?
– чмыхнуў буйвал, месячы нагамi гразь.
– Усе джунглi ведаюць, што ты пасвiў свойскую жывёлу. Ты гэтакi ж хлапчук, як тыя, што крычаць у пыле вунь там, на засеяных палетках. Ты - воўк з джунгляў! Хiба паляўнiчы будзе поўзаць, як змяя, сярод п'явак i дзеля жарту, якi да твару толькi шакалу, няславiць мяне перад сяброўкай? Выходзь на цвёрдую зямлю,i я... я...
– Буйвал гаварыў з пенай па-над ротам, бо на ўсе джунглi няма звера больш запальчывага.
Маўглi з тым жа выразам вачэй пазiраў, як сапе i чмыхае буйвал. Калi стала магчыма што-небудзь пачуць скрозь шум ад пырскаў, якiя ляцелi на ўсе бакi, ён спытаў:
– Якая чалавечая чарада жыве тут, каля балота, Меса? Гэтых джунгляў я не ведаю.
– Iдзi на поўнач!
– зароў сярдзiта буйвал, бо Маўглi кальнуў яго даволi моцна.
– Гэтак жартуюць каровiны пастухi! Iдзi раскажы пра гэта ў вёсцы каля балота.
– Чалавечая чарада не любiць слухаць пра джунглi, ды я i сам думаю, што лiшняя драпiна на тваёй шкуры - не такая важнасць, каб пра яе расказваць. А ўсё ж я пайду пагляджу на гэтую вёску. Ага, пайду! Супакойся! Не кожную ноч Гаспадар Джунгляў прыходзiць пасвiць цябе.
Ён пераступiў на дрыгвянiсты край балота, добра ведаючы, што буйвал не кiнецца туды за iм, i пабег далей, смеючыся з яго гневу.
– Вунь там зорка сядзiць над самай зямлёй, - сказаў ён i пiльна прыгледзеўся да яе, склаўшы далонi трубкай.
– Клянуся буйвалам, якi выкупiў мяне, гэта Чырвоная Кветка, тая самая Чырвоная Кветка, каля якой я ляжаў яшчэ да таго, як трапiў у Сiянiйскую Чараду! А цяпер я ўсё бачыў, i трэба канчаць мой бег.
Балота пераходзiла ў шырокую лугавiну, дзе мiгцеў агеньчык. Ужо вельмi даўно Маўглi перастаў цiкавiцца справамi людзей, але ў гэтую ноч мiгценне Чырвонай Кветкi вабiла яго да сябе, нiбы новая здабыча.
– Пагляджу, - сказаў ён сабе, - цi вельмi змянiлася чалавечая чарада.
Забыўшы пра тое, што ён не ў сябе ў джунглях, дзе можа рабiць усё, што ўздумаецца, Маўглi бесклапотна ступаў па ўсыпанай расой траве, пакуль не дайшоў да той хацiны, дзе гарэў агеньчык. Тры-чатыры сабакi ўзнялi брэх, Маўглi быў ужо на ўскраiне вёскi.
– Хо!
– сказаў Маўглi, бясшумна сядаючы i пасылаючы iм у адказ воўчае глухое бурчанне, якое адразу ўцiхамiрыла сабак.
– Што будзе, тое будзе, Маўглi, што табе да бярлогаў чалавечай чарады?
Ён пацёр губы, бо ўспомнiў пра той камень, якi рассек iх шмат гадоў назад, калi другая чалавечая чарада прагнала яго ад сябе.
Дзверы хацiны адчынiлiся, i на парозе з'явiлася жанчына. Яна ўзiралася ў цемру. Заплакала дзiця, жанчына павярнулася да яго i сказала:
– Спi! Гэта проста шакал разбудзiў сабак. Хутка развiднее.
Маўглi, седзячы ў траве, задрыжаў, быццам у лiхаманцы. Ён добра памятаў гэты голас, але, каб ведаць пэўна, крыкнуў нягучна, сам дзiвячыся, як лёгка чалавечая мова вярнулася да яго: