Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Маленькi прынц

де Сент-Экзюпери Антуан

Шрифт:

– Ёсць такое правiла, - сказаў мне пазней Маленькi прынц.
– Устаў наранку, умыўся, прывёў сябе ў парадак - зараз жа прывядзi ў парадак i сваю планету. Трэба штодня выполваць баабабы, як толькi можна адрознiць iх ад ружавых кустоў, якiя яны вельмi нагадваюць напачатку. Гэта даволi надакучлiвая, але няцяжкая работа.

I аднойчы ён параiў мне пастарацца зрабiць прыгожы малюнак, каб i нашы дзецi гэта добра зразумелi.

– Можа, iм надарыцца калi-небудзь падарожнiчаць, - растлумачыў ён, - дык гэта спатрэбiцца. Часам работу можна адкласцi i на потым, бяды вялiкай не будзе. Але калi дасi волю баабабам, то ўжо нiдзе

ратунку не знойдзеш. Я ведаў адну планету, на ёй жыў гультай. Ён не выпалаў тры кусцiкi i...

I па словах Маленькага прынца я намаляваў тую планету. Я страшэнна не люблю павучаць людзей. Але небяспека ад баабабаў так мала спазнана, а рызыка таго, хто трапiў бы на астэроiд, такая сур'ёзная, што сёння я адкiдаю сваю стрыманасць i папярэджваю:

– Дзецi! Сцеражыцеся баабабаў!

Толькi каб папярэдзiць сваiх сяброў пра небяспеку, якая даўно падпiльноўвае iх, а яны i не здагадваюцца пра яе, як не здагадваўся раней i я, так шчыраваў я над малюнкам. I не шкадую аб гэтым.

Магчыма, вы запытаецеся:

– А чаму ў кнiзе больш няма такiх сур'ёзных малюнкаў, як гэты, з баабабамi?

Адказ зусiм просты: я спрабаваў, але не здолеў. Калi я маляваў баабабы, мяне натхняла думка, што гэта вельмi важна i надзённа.

VI

Мой Маленькi прынц! З цягам часу я зразумеў, якiм аднастайным i самотным было тваё жыццё. Доўга ў цябе была адна толькi забава: ты любаваўся захадамi сонца. Гэтая новая дэталь дайшла да мяне наранку чацвёртага дня, калi ты сказаў:

– Я так люблю адвячоркi. Хадзем паглядзiм, як заходзiць сонца...

– Дык трэба ж пачакаць...

– Чаго пачакаць?

– Каб сонца пачало заходзiць.

Ты спачатку вельмi здзiвiўся, а потым пасмяяўся з самога сябе.

– Мне ўсё здаецца, што я дома!
– прызнаўся ты.

I сапраўды. Калi ў Злучаных Штатах Амерыкi поўдзень, то ў Францыi - хто гэтага не ведае?
– сонца заходзiць. Дастаткова было б за адну хвiлiну перанесцiся з Амерыкi ў Францыю, каб пераканацца ў гэтым. Але на тваёй планеце табе даволi было пераставiць на некалькi крокаў уперад сваё крэслiца, i ты мог любавацца адвячоркам столькi, колькi табе хацелася...

– Аднойчы я назiраў, як сонца заходзiла сорак тры разы запар!

Ты трошкi памаўчаў i дадаў:

– Ведаеш... калi вельмi сумна на душы, так хораша глядзець, як заходзiць сонца...

– Значыць, у той дзень, калi ты бачыў сорак тры захады сонца, табе было сумна?

Але Маленькi прынц не адказаў.

VII

На пяты дзень, i зноў-такi дзякуючы баранчыку, я даведаўся пра сакрэт Маленькага прынца. Неяк раптоўна, без усялякай сувязi, бы ў вынiку доўгага маўклiвага абдумвання нейкай праблемы, ён спытаў:

– А калi баранчык есць кустоўе, дык ён i кветкi есць?

– Баранчык есць усё, што трапiцца.

– Нават тыя кветкi, што з калючкамi?

– Ага, нават тыя, што з калючкамi.

– Тады навошта iм калючкi?

Гэтага я не ведаў. I акурат у мой момант намагаўся адкруцiць у маторы адзiн непадатлiвы вiнт. Я быў моцна заклапочаны, бо пашкоджанне пачало здавацца мне сур'ёзным, а вада канчалася, i

гэта вымушала мяне думаць пра найгоршае.

– Дык навошта ж тады iм калючкi?

Маленькi прынц нiколi не супакойваўся, пакуль не атрымлiваў адказу на сваё пытанне. Мяне злаваў пракляты вiнт, i я ляпнуў, абы адмахнуцца:

– А нiнавошта! Кветкi проста ад злосцi выпускаюць iх!

– Вось як!

Ён памаўчаў, потым абурана сказаў:

– Не веру я табе! Кветкi кволыя. I наiўныя. Яны падбадзёрваюць сябе, як могуць. Яны думаюць, што калi выпусцяць калючкi, то iх усе пачнуць баяцца...

Я нiчога не адказаў. Якраз у тую хвiлiну я думаў: "Калi гэты чортаў вiнт i зараз не адкруцiцца, то я так лясну па iм малатком, што ён на друзачкi разляцiцца". Маленькi прынц зноў перабiў мае думкi:

– А ты думаеш, што кветкi...

– Ды не, не! Нiчога я не думаю! Я сказаў, абы сказаць. Ты ж бачыш, я заняты сур'ёзнай справай!

Ён недаўменна паглядзеў на мяне.

– Сур'ёзнай справай?!.

Ён глядзеў на мяне, згорбленага над нейкiм прадметам, якi здаваўся яму вельмi няўклюдным, на малаток у руцэ, на чорныя ад мазуту пальцы.

– Ты разважаеш, як дарослыя!
– сказаў ён.

Мне стала трошкi сорамна. А ён бязлiтасна дадаў:

– I ўсё ты блытаеш!.. I нiчога ты не разумееш!

Так, ён раззлаваўся не на жарт. Ён страсянуў галавой, i вецер раскудлачыў яго залатыя валасы.

– Я ведаю адну планету, там жыве такi Пан з пунсовым тварам. Ён нiколi не нюхаў кветкi. Нi разочку не глянуў на зорку. Ён нiколi нiкога не любiў. I нiколi нiчога не рабiў. Ён заняты толькi адным: лiчэннем. Цэлымi днямi напралёт ён, як ты, паўтарае адно i тое ж: "Я чалавек сур'ёзны! Я чалавек сур'ёзны!" I проста ледзь не лопаецца ад гордасцi. Але гэта не чалавек, гэта грыб!

– Хто, хто?

– Грыб!

Маленькi прынц нават збялеў ад гневу.

– Мiльёны гадоў у кветак растуць калючкi. I мiльёны гадоў баранчыкi ўсё-такi ядуць кветкi. I гэта не сур'ёзна - знайсцi адказ, зразумець, навошта кветкi гэтак сiляцца выпусцiць калючкi, калi ад гэтых калючак нiякага толку? Гэта не важна - вайна баранчыкаў i кветак? Гэта не сур'ёзней i не важней вылiчэнняў надзьмутага пунсовага Пана? I калi я ведаю адзiную ў свеце кветку, якая iснуе толькi на маёй планеце, а нейкi баранчык як-небудзь наранку, бяздумна, у iмгненне вока можа загубiць яе - гэта зусiм не важна?

Ён пачырванеў, але гаварыў далей:

– Калi любiш кветку - адзiную, якой больш няма нi на адной з мiльёнаў i мiльёнаў зорак, гэтага дастаткова: глядзiш на неба i адчуваеш сябе шчаслiвым... I думаеш: "Недзе там жыве мая кветка..." А калi баранчык з'есць кветку, то гэта будзе тое самае, як бы раптоўна згаслi ўсе зоркi! I гэта, па-твойму, зусiм не важна?

Нечаканае рыданне абарвала яго словы. На пустыню ўжо апусцiўся вечар. Я адкiнуў свае iнструменты. Якiмi недарэчнымi выглядалi цяпер i малаток, i вiнт, i смага, i сама смерць!.. На адной з зорак, на адной з планет, на маёй Зямлi горка плакаў Маленькi прынц, i яго трэба было суцешыць. Я ўзяў яго на рукi i пачаў калыхаць. Я казаў яму: "Кветцы, якую ты любiш, нiчога не пагражае... Я намалюю твайму баранчыку аброцьку... Я намалюю агароджу для тваёй кветкi... Я..." Я не надта ведаў, што казаць, i адчуваў сябе дужа няёмка. Я не ведаў, як дайсцi да яго сэрца, чым крануць яго... Краiна слёз такая таемная...

Поделиться с друзьями: