Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:

I здань прайшла праз адтулiну ў трыльяжы, вольна ступiла на веранду. I тут толькi ўсе ўгледзелi, што гэта нiякi не прывiд, а Iван Мiкалаевiч Бяздомны вядомы паэт.

Ён быў босы, у парванай белай талстоўцы, да якое на грудзях шпiлькаю прышпiлена папяровая iконка з вылiнялым малюнкам нейкага святога, i ў паласатых споднiках. У руцэ Iван Мiкалаевiч нёс запаленую вянчальную свечку. Правая шчака ў Iвана Мiкалаевiча была абадраная. Цяжка нават вымераць тую глыбiню маўчання, якое запанавала на верандзе. У аднаго з афiцыянтаў з нахiленага куфля цякло на падлогу пiва.

Паэт падняў свечку над галавой i моцна сказаў:

Здаровы, другi мае!
– i адразу ж зазiрнуў пад блiжэйшы столiк i тужлiва ўсклiкнуў: - Не, яго няма тут!

Пачулiся два галасы. Бас сказаў бязлiтасна:

– Усё ясна. Белая гарачка.

А другi, жаночы, спалохана прамовiў словы:

– Як жа гэта мiлiцыя прапусцiла яго па вулiцах у такiм выглядзе?

Гэта Iван Мiкалаевiч пачуў i адазваўся:

– Двойчы хацелi затрымаць, у Скацертным i тут, на Броннай, ды я сiгануў цераз плот, бачыце, шчаку разадраў!
– Тут Iван Мiкалаевiч падняў свечку i закрычаў: - Браты ў лiтаратуры! (Асiплы яго голас памацнеў i зрабiўся палымяным.) Слухайце мяне ўсе! Ён з'явiўся! Лавiце яго тэрмiнова, бо ён наробiць бяды, якая i не снiлася нам!

– Што? Што? Што ён сказаў? Хто з'явiўся?
– пачулiся галасы з усiх бакоў.

– Кансультант, - адказаў Iван, - i гэты кансультант зараз забiў на Патрыярхавых Мiшу Берлiёза.

Тут з унутраных залаў павалiў на веранду народ, вакол Iванавага агню сабраўся натоўп.

– Выбачайце, выбачайце, скажыце дакладней, - пачуўся над вухам у Iвана Мiкалаевiча цiхi i ветлiвы голас, - скажыце, як гэта забiў? Хто забiў?

– Замежны кансультант, прафесар i шпiён!
– сказаў Iван i азiрнуўся.

– А як яго прозвiшча?
– цiха спыталiся на вуха.

– Во, прозвiшча!
– сумна крыкнуў Iван, - Каб я ведаў прозвiшча! Не запомнiў я прозвiшча на вiзiтнай картцы... Памятаю толькi першую лiтару "Вэ", на "Вэ" прозвiшча! Якое ж прозвiшча на "Вэ"?
– схапiўшыся за лоб, сам у сябе спытаўся Iван i раптам замармытаў: - Вэ... Вэ... Вэ! Ва... Вашнер? Вагнер? Вайнер? Вегнер? Вiнтэр?
валасы на галаве ў Iвана ад напругi пачалi варушыцца.

– Вульф?
– жаласлiва выкрыкнула нейкая жанчына. Iван раззлаваўся.

– Дура!
– крыкнуў ён i пачаў шукаць яе позiркам.
– Пры чым тут Вульф? Вульф нi ў чым не вiнаваты! Во, во... Не, нiяк не ўспомню! Ну, дык вось, грамадзяне: зараз жа тэлефануйце ў мiлiцыю, каб выслалi пяць матацыклаў з кулямётамi прафесара лавiць. Ды не забудзьце сказаць, што з iм яшчэ двое: адзiн высозны, клятчасты... пенснэ пабiтае i кот чорны, тлусты. А я пакуль што абшукаю Грыбаедава, я адчуваю, што ён тут!

Iван захваляваўся, расштурхаў акружэнне, пачаў размахваць свечкаю, аблiваў сябе воскам, зазiраў пад сталы. Тут пачулася слова: "Доктара!" - i нечы твар, ласкавы i мясiсты, выгалены i дагледжаны, у рагавых акулярах, з'явiўся перад Iванам.

– Таварыш Бяздомны, - загаварыў гэты твар юбiлейным голасам, супакойцеся! Вас уразiла смерць усiмi намi любiмага Мiхаiла Аляксандравiча... не, проста Мiшы Берлiёза. Мы гэта добра разумеем усе. Вам трэба адпачыць. Зараз таварышы правядуць нас у пакой, i вы адпачняце...

– Ты, - выскалiўся Iван, - цi разумееш ты, што трэба злавiць прафесара? А ты лезеш да мяне з розным глупствам! Крэтын!

– Таварыш Бяздомны, злiтуйцеся, - адказаў твар, пачырванеў, пачаў адступаць i ўжо

раскайваўся, што ўвязаўся ў гэтую гiсторыю.

– Не, з каго-каго, а з цябе я не злiтуюся, - з цiхай нянавiсцю сказаў Iван Мiкалаевiч.

Твар яго сутаргава скрывiўся, ён хуценька перахапiў свечку з правае рукi ў левую, шырока размахнуўся i ўрэзаў спагадлiваму твару ў вуха.

Тут здагадалiся кiнуцца на Iвана - i кiнулiся. Свечка патухла, акуляры, якiя ўпалi з твару, былi iмгненна растаптаны. Iван выгукнуў страшны баявы клiч, якi пачулi з задавальненнем нават на бульвары, i пачаў абараняцца. Зазвiнеў са сталоў посуд, закрычалi жанчыны.

Пакуль афiцыянты звязвалi паэта ручнiкамi, у раздзявалцы iшла гаворка памiж камандзiрам брыга i швейцарам.

– Ты бачыў, што ён у споднiм?
– холадна пытаўся пiрат.

– Ды, Арчыбальд Арчыбальдавiч, - спалохана апраўдваўся швейцар, - як я магу iх не пусцiць, калi ён сябра МАССАЛIТа?

– Ты бачыў, што ён у споднiм?
– паўтарыў пiрат.

– Злiтуйцеся, Арчыбальд Арчыбальдавiч, - чырванеў швейцар, - што ж я магу зрабiць? Я сам разумею, што на верандзе панi сядзяць...

– Панi тут нi пры чым, iм гэта ўсё роўна, - адказваў пiрат i папялiў швейцара позiркам, - а гэта мiлiцыi не ўсё роўна! Чалавек у бялiзне можа iсцi па вулiцах у Маскве толькi тады, калi яго суправаджае мiлiцыя, i толькi ў адно месца - у аддзел мiлiцыi! А ты, калi швейцар, павiнен ведаць, што як толькi ўбачыў такога чалавека, ты павiнен не трацiць i секунды, пачынаць свiстаць. Ты чуеш?

Ашалелы швейцар пачуў з веранды вухканне, звон пасуды i жаночыя крыкi.

– Ну што з табой зрабiць за гэта?
– спытаўся флiбусцьер.

Скура на твары ў швейцара зрабiлася тыфознага колеру, а вочы змярцвелi. Яму здалося, што чорныя валасы, цяпер расчэсаныя на прабор, пакрылiся вогненным шоўкам.I знiклi пластрон i сурдут, а за скураной папругай паказалася ручка пiсталета. Швейцар уявiў сябе павешаным на фор-марсарэi. Сваiмi вачыма ён убачыў свой высалаплены язык i мёртвую галаву, якая звiсла на плячо, i нават пачуў, як усхлiпнула за бортам хваля. Каленi швейцара падагнулiся. Але тут флiбусцьер злiтаваўся з яго i патушыў свой востры позiрк.

– Глядзi, Мiкалай! Гэта апошнi раз. Нам такiх швейцараў у рэстарацыi i дарэмна не трэба. Ты ў царкву вартаўнiком паступай.
– Пасля гэтага камандзiр скамандаваў коратка, ясна, хутка: - Панцялея з буфетнай. Мiлiцыянера. Пратакол. Машыну. У псiхiятрычную, - i дадаў: - Свiшчы!

Праз чвэртку гадзiны ўражаная публiка не толькi ў рэстарацыi, але i на самiм бульвары i ў вокнах дамоў, якiя выходзiлi на рэстарацыю, бачыла, як з варот Грыбаедава Панцялей, швейцар, мiлiцыннер i паэт Рохiн выносiлi спелянатага, як ляльку, маладога чалавека, якi залiваўся слязьмi, пляваўся i цаляў менавiта ў Рохiна, захлiпаўся ад слёз i крычаў:

– Сволач!

Шафёр грузавое машыны са злосным тварам заводзiў матор. Побач лiхач гарачыў каня, бiў яго па крупе сiнiмi лейцамi, крычаў:

– А вось на бегунках! Я вазiў у псiхiятрычную!

Вакол гудзеў натоўп, абмяркоўваў нечуванае здарэнне; адным словам, адбыўся брыдкi, нясмачны, спакуслiвы свiнскi скандал, якi скончыўся толькi тады, калi грузавiк паiмчаў на сабе ад варот Грыбаедава няшчаснага Iвана Мiкалаевiча, мiлiцыянера, Панцялея i Рохiна.

Раздзел 6

ШЫЗАФРЭНIЯ, ЯК I БЫЛО СКАЗАНА

Поделиться с друзьями: