Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:

Калi ў прыёмную славутай псiхiятрычнай клiнiкi, якую нядаўна пабудавалi пад Масквой на беразе рэчкi, зайшоў чалавек з востраю бародкаю, апрануты ў белы халат, была палова другой ночы. Трое санiтараў не спускалi вачэй з Iвана Мiкалаевiча, якi сядзеў на канапе. Тут быў i зусiм расхваляваны паэт Рохiн. Ручнiкi, якiмi звязвалi Iвана Мiкалаевiча, ляжалi кучаю на той жа канапе. Рукi i ногi ў Iвана Мiкалаевiча былi развязаны.

Угледзеўшы чалавека, Рохiн пабялеў, кашлянуў i баязлiва сказаў:

– Добры дзень, доктар!

Доктар пакланiўся

Рохiну, але ў гэты час глядзеў не на яго, а на Iвана Мiкалаевiча.

Той сядзеў зусiм нерухома, злосны з твару, насупiўшы бровы, i нават не варухнуўся, калi зайшоў доктар.

– Вось, доктар, - чамусьцi таямнiчым шэптам загаварыў Рохiн i баязлiва азiрнуўся на Iвана Мiкалаевiча, - вядомы паэт Iван Бяздомны... вось, бачыце, мы баiмося, што белая гарачка...

– Моцна пiў?
– скрозь зубы спытаўся доктар.

– Не, выпiваў, але не так каб ужо...

– Тараканаў, пацукоў, чорцiкаў альбо сабак не лавiў?

– Не, - скалануўся Рохiн, - яго я ўчора i сёння ранiцай бачыў. Зусiм здаровы быў...

– А чаму ў споднiм? З ложка ўзялi?

– Ён, доктар, у рэстарацыю у гэтакiм выглядзе прыйшоў...

– Ага, ага, - вельмi задаволена сказаў доктар, - а чаму абадраны? Бiўся з кiм-небудзь?

– Ён з плота ўпаў, а потым у рэстарацыi ўдарыў аднаго, а потым другога...

– Так, так, так, - сказаў доктар, завярнуўся да Iвана i дадаў: - Добры дзень!

– Добры дзень, шкоднiк!
– злосна i гучна адказаў Iван.

Рохiн збянтэжыўся гэтак, што не адважваўся вочы падняць на ветлiвага доктара. Але той зусiм не пакрыўдзiўся, а звычна зняў акуляры, прыпадняў крысо халата, спрытным рухам схаваў iх у заднюю кiшэню штаноў, а потым спытаўся ў Iвана:

– Колькi вам гадоў?

– Пайшлi вы ўсе к чорту, дальбог!
– груба крыкнуў Iван i адвярнуўся.

– Чаго вы злуяцеся? Хiба я сказаў вам хоць што-небудзь непрыемнае?

– Мне дваццаць тры гады, - узбуджана загаварыў Iван, - i я падам скаргу на вас усiх. А на цябе асаблiва, гнiда, - выдзелiў ён асобна Рохiна.

– I чаму вы будзеце скардзiцца?

– Таму, што мяне, здаровага чалавека, схапiлi i сiлком прывалаклi ў дурдом!
– абурана адказаў Iван.

Тут Рохiн прыгледзеўся да Iвана i пахаладзеў: нiчога вар'яцкага не было ў Iванавых вачах. З каламутных, якiя былi ў Грыбаедаве, яны ператварылiся ў ясныя, ранейшыя.

"Браточкi, - спалохана падумаў Рохiн, - ды ён i сапраўды нармальны! Вось дурнота якая! Навошта ж мы тады, сапраўды, прывалаклi яго сюды? Нармальны, нармальны, толькi морда аблупленая..."

– Вы знаходзiцеся, - спакойна загаварыў доктар i сеў на белую табурэтку на блiскучай назе, - не ў вар'яцкiм доме, а ў клiнiцы, дзе вас нiхто не будзе затрымлiваць, калi няма патрэбы.

Iван Мiкалаевiч зiрнуў скоса i недаверлiва, але ўсё ж прабурчаў:

– Слава богу! Знайшоўся хоць адзiн нармальны сярод iдыётаў, найпершы з якiх - балбес i бездар Сашка!

– Хто гэта Сашка-бездар?

пацiкавiўся доктар.

– А вось ён, Рохiн!
– адказаў Iван i тыцнуў брудным пальцам у Рохiна.

Той успыхнуў ад абурэння.

"Гэта ён мне заместа дзякуй, - горка падумаў ён, - за тое, што я рашыў дапамагчы яму! На самай справе брыдота!"

– Тыповы кулачок па сваёй псiхалогii, - загаварыў Iван Мiкалаевiч, якому прыспiчыла выкрыць Рохiна, - i прытым кулачок, якi старанна маскiруецца пад пралетарыя. Паглядзiце на яго посную фiзiяномiю i параўнайце з тымi крыклiвымi вершамi, якiя ён выдумляе да святаў! Хэ-хэ-хэ... "Узвейцеся!" ды "развейцеся!,"... а вы ў нутро яму зiрнiце - што ён там думае... вы ахнеце! i Iван Мiкалаевiч злавесна засмяяўся.

Рохiн цяжка соп, быў чырвоны i думаў толькi пра тое, што ён прыгрэў у сябе на грудзях змяю, што ён рашыў дапамагчы таму, хто напавер аказаўся лютым ворагам. I галоўнае, што нiчога не зробiш: не будзеш жа сварыцца з вар'ятам?!

– А чаму вас, скажыце, прывезлi да нас?
– спытаўся доктар пасля таго, як уважлiва выслухаў выкрыццё.

– Ды чорт iх ведае, дурняў! Схапiлi, звязалi нейкiмi анучамi i павалаклi на грузавiку!

– Дазвольце спытацца, а чаму вы ў рэстарацыю прыйшлi ў адной бялiзне?

– А што тут такога, - адказаў Iван, - пайшоў я купацца на Маскву-раку, ну i свiснулi маё адзенне, а гэтыя рызманы пакiнулi! Не голым жа мне па Маскве iсцi? Надзеў, што было, таму што спяшаўся ў рэстарацыю да Грыбаедава.

Доктар запытальна паглядзеў на Рохiна, i той пахмура прамармытаў:

– Рэстарацыя гэтак называецца.

– Ага, - сказаў доктар, - а чаму вы спяшалiся? Спатканне якое?

– Кансультанта я лаўлю, - адказаў Iван Мiкалаевiч i трывожна азiрнуўся.

– Якога кансультанта?

– Вы Берлiёза ведаеце?
– спытаўся Iван шматзначна.

Гэта... кампазiтар? Iван засмуцiўся.

– Якi кампазiтар? А, ды не! Кампазiтар - гэта супадзенне з прозвiшчам Мiшы Берлiёза!

Рохiну не хацелася нiчога гаварыць, але даводзiлася тлумачыць.

– Сакратара МАССАЛIТа Берлiёза сёння вечарам зарэзала трамваем на Патрыярхавых.

– Не гавары пра тое, чаго не ведаеш!
– раззлаваўся на Рохiна Iван.
– Я, а не ты быў там! Ён яго знарок пад трамвай прыстроiў!

– Папхнуў?

– Ды пры чым тут "папхнуў"?
– злаваўся на агульную бесталковасць Iван. Яму i папiхаць не трэба! Ён гэтакiя штукi можа вытварыць, што толькi трымайся! Ён зараней ведаў, што Берлiёз трапiць пад трамвай!

– А хто-небудзь, акрамя вас, бачыў гэтага кансультанта?

– Вось у тым i бяда, што толькi я i Берлiёз.

– Так. I якiя ж меры вы прынялi, каб затрымаць забойцу?
– тут доктар завярнуўся i кiнуў позiрк на жанчыну ў белым халаце, якая сядзела збоч за столiкам. Тая дастала лiст з шуфлядкi i пачала запаўняць пустыя мясцiны ў графах.

Поделиться с друзьями: