Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:

Агульнае здзiўленне выклiкаў мужчына, якi таксама ўзбiўся на сцэну. Ён аб'явiў, што ў яго жонкi грып, i таму ён просiць перадаць што-небудзь. А каб даказаць, што ён i сапраўды жанаты, мужчына гатоў быў паказаць пашпарт. Заява клапатлiвага мужа была сустрэта агульным рогатам, Фагот закрычаў, што верыць яму, як i самому сабе, i без пашпарта, i ўручыў грамадзянiну дзве пары шаўковых панчох, кот ад сябе дадаў футаральчык з памадай.

Жанчыны, якiя спазнiлiся, рвалiся на сцэну, са сцэны плылi шчаслiвыя ў бальных сукенках, у пiжамах з драконамi, у строгiх вiзiтных гарнiтурах, у капялюшыках,

насунутых на адно брыво.

Тады Фагот аб'явiў, што з-за позняга часу крама зачыняецца да заўтрашняга вечара роўна праз адну хвiлiну, i неверагодная мiтусня ўсчалася на сцэне. Жанчыны хуценька, без усякае прымеркi хапалi туфлi. Адна, як бура, уварвалася за фiранку, скiнула там сваё адзенне, ухапiла першае, што толькi трапiла пад руку, - шаўковы, у вялiзныя букеты халат i, акрамя таго, успела ўхапiць два футаралы з духамi.

Роўна праз хвiлiну пачуўся пiсталетны стрэл, люстры знiклi, прапалi вiтрыны i табурэткi, дыван растаў у паветры гэтаксама, як i фiранка. Апошняй знiкла вялiкая куча старых сукенак i абутку, i зрабiлася сцэна зноў строгая, парожняя i голая.

I тут у падзеi ўмяшалася новая дзеючая асоба.

Прыемны, моцны i настойлiвы барытон пачуўся з ложы No 2:

– Усё ж пажадана, грамадзянiн артыст, каб вы зараз жа раскрылi перад гледачамi тэхнiку вашых фокусаў, асаблiва фокуса з грашыма. Пажадана таксама вярнуць на сцэну канферансье. Лёс яго хвалюе гледачоў.

Барытон належаў не каму-небудзь, а паважанаму госцю сённяшняга вечара Аркадзiю Апалонавiчу Семпляяраву, старшынi акустычнай камiсii маскоўскiх тэатраў.

Аркадзiй Апалонавiч размяшчаўся ў ложы з дзвюма жанчынамi: пажылою, дорага i модна апранутаю, i другой - маладзенькаю i прыгожанькаю, апранутай прасцей. Першая з iх, як потым высветлiлася ў час складання пратакола, была жонка Аркадзiя Апалонавiча, а другая - далёкая сваячка яго, пачынаючая i падаючая спадзяваннi артыстка, якая прыехала з Саратава i жыла на кватэры ў Аркадзiя Апалонавiча i яго жонкi.

Пардон!
– адазваўся Фагот.
– Я прашу прабачэння, але тут няма чаго раскрываць, тут усё ясна.

– Не, выбачайце! Выкрыццё патрэбна абавязкова. Без яго вашы блiскучыя нумары пакiдаюць гнятлiвае ўражанне. Глядацкая маса патрабуе выкрыцця.

– Глядацкая маса, - перапынiў Семпляярава нахабны гаер, - як быццам нiчога не гаварыла? Але, улiчваючы ваша глыбокапаважанае жаданне, Аркадзiй Апалонавiч, я, няхай будзе па-вашаму, зраблю выкрыццё. Але для гэтага дазвольце яшчэ адзiн маленькi нумарок.

– Калi ласка, - велiкадушна адказаў Аркадзiй Апалонавiч, - але абавязкова з выкрыццём!

– Слухаюся, слухаюся. Тады дазвольце запытацца ў вас, дзе вы былi ўчора вечарам, Аркадзiй Апалонавiч?

У час гэтага зусiм непатрэбнага i хамскага пытання твар у Аркадзiя Апалонавiча змянiўся, i вельмi моцна змянiўся.

– Аркадзiй Апалонавiч учора вечарам быў на паседжаннi акустычнай камiсii, - даволi пагардлiва сказала жонка Аркадзiя Апалонавiча, - але я не разумею, якiя адносiны гэта мае да магii.

– Вой, мадам!
– пацвердзiў Фагот.
– Натуральна, вы не разумееце. А наконт паседжання вы цалкам памыляецеся. Выехаўшы на тое паседжанне, якое, дарэчы, учора i не намячалася, Аркадзiй Апалонавiч адпусцiў

свайго шафёра ля будынка акустычнай камiсii на Чыстых сажалках (увесь тэатр зацiх), а сам у аўтобусе паехаў на Ялохаўскую вулiцу ў госцi да артысткi раз'язнога раённага тэатра Мiлiцы Андрэеўны Пакабацька i правёў у яе ў гасцях каля чатырох гадзiн.

– Вой, - пакутлiва ўскрыкнуў нехта ў поўнай цiшынi.

Маладая ж сваячка Аркадзiя Апалонавiча засмяялася глухiм i страшным смехам.

– Усё зразумела!
– ускрыкнула яна.
– I я даўно ўжо падазравала гэта. Цяпер мне зразумела, чаму гэта бездар атрымала ролю Луiзы!

I неспадзявана замахнулася кароткiм i тоўстым лiловым парасонам i ўдарыла Аркадзiя Апалонавiча па галаве.

Нягоднiк Фагот, ён жа i Кароўеў, крыкнуў:

– Вось, паважаныя грамадзяне, адзiн з выпадкаў выкрыцця, якога гэтак назойлiва дабiваўся Аркадзiй Апалонавiч!

– Як магла ты, нягоднiца, закрануць Аркадзiя Апалонавiча?
– грозна спыталася жонка Аркадзiя Апалонавiча i ўстала ў ложы на ўвесь свой гiганцкi рост.

Другi кароткi прыступ сатанiнскага смеху авалодаў маладой сваячкаю.

– Ужо хто-хто, - адказала тая з рогатам, - а я магу зачапiць!
– i другi раз пачуўся сухi трэск парасона, якi адскочыў ад галавы Аркадзiя Апалонавiча.

– Мiлiцыя! Узяць яе!
– гэтакiм страшным голасам пратрубiла жонка Семпляярава, што ў многiх пахаладзела сэрца.

А тут яшчэ кот выскачыў да рампы i раўнуў на ўвесь тэатр чалавечым голасам:

– Сеанс скончаны! Маэстра! Урэжце марша!

Ашалелы дырыжор, не разбiраючыся, што робiць, узмахнуў палачкаю, i аркестр не заiграў, i нават не грымнуў, i нават не хватануў, а менавiта, адпаведна мярзотнаму пажаданню ката, урэзаў нейкi неверагодны, нi з чым не параўнальны па разбэшчанасцi марш.

На нейкае iмгненне здалося, што быццам чуваць сталi колiшнiя, пад зоркамi паўднёвымi, у кафэшантане, нейкiя малазразумелыя, паўсляпыя, але разгульныя словы з гэтага марша:

Его превосходительство

Любил домашних птиц

И брал под покровительство

Хорошеньких девиц!!!

А магчыма, i не было нiякiх гэтакiх слоў, а былi iншыя, на гэтую ж самую музыку, зусiм непрыстойныя. Галоўнае не гэта, а тое, што ў Вар'етэ пасля пачалося нейкае стоўпатварэнне вавiлонскае. Да семпляяраўскае ложы бегла мiлiцыя, на бар'ер лезлi цiкаўныя, чулiся страшэнныя выбухi рогату, шалёныя крыкi, якiя глушыў залаты звон аркестравых талерак.

I вiдаць было, што сцэна раптоўна апусцела i што ашуканец Фагот i нахабны кацiла Бегемот расталi ў паветры, знiклi, як знiк раней маг у крэсле з вылiнялаю абiўкаю.

Раздзел 13

З'ЯЎЛЕННЕ ГЕРОЯ

Дык вось, невядомы пакiваў Iвану пальцам i прашаптаў: "Цiха!"

Iван звесiў ногi з ложка i прыгледзеўся. З балкона асцярожна зазiраў у пакой паголены, цёмнавалосы, з вострым носам, устрывожанымi вачыма i са звешанай на лоб пасмай валасоў чалавек прыкладна гадоў трыццацi васьмi.

Пераканаўшыся, што Iван адзiн, i прыслухаўшыся, таямнiчы наведвальнiк асмялеў i ўвайшоў у пакой. Тут Iван убачыў, што прышэлец апрануты ў бальнiчнае. На iм была бялiзна, чаравiкi на босую нагу, на плечы накiнуты руды халат.

Поделиться с друзьями: