Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:
– Iнакш не можа i быць, пракуратар, - зусiм сур'ёзна i нават сурова адказаў Афранiй.
– Уяўляю, што тварылася ў Каiфы?
– Сапраўды, пракуратар, гэта выклiкала вялiкае хваляванне. Яны адразу паклiкалi мяне.
Нават у цемры вiдаць было, як блiснулi Пiлатавы вочы.
– Гэта цiкава, цiкава...
– Асмелюся запярэчыць, пракуратар, цiкавага было мала. Сумная i нудная справа. Калi я спытаўся, цi не плацiлi каму-небудзь грошы ў палацы Каiфы, мне адказалi, што гэтага не было.
– Нават так? Ну, што ж, не плацiлi дык, значыць, не плацiлi. Тым цяжэй будзе
– Сапраўды, пракуратар.
– Ага, Афранiй, вось што мне прыйшло ў галаву: можа, ён самагубствам жыццё скончыў?
– Ды не, пракуратар, - адказаў Афранiй i нават адкiнуўся ў крэсле, выбачайце, але гэта зусiм неверагодна!
– Ды ў гэтым горадзе ўсё можа быць! Я гатовы пайсцi ў заклад, што зусiм хутка распаўзуцца i такiя чуткi.
Тут Афранiй зiрнуў на пракуратара, падумаў i адказаў:
– Гэта можа быць, пракуратар.
Пракуратар, вiдаць, нiяк не мог адкаснуцца ад гэтага забойства чалавека з Карыяфа, хаця ўсё было ясна, i ён прамовiў нават летуценна:
– А мне б хацелася ўбачыць, як яны яго забiвалi.
– Забiлi яго досыць умела, пракуратар, - адказаў Афранiй i крыху iранiчна паглядзеў на пракуратара.
– Адкуль вы гэта ведаеце?
– Паглядзiце на пакунак, пракуратар, - адказаў Афранiй, - я ручаюся, што Юдава кроў хлынула струменем. Мне давялося, пракуратар, за сваё жыццё пабачыць забiтых.
– Ён болей не ўстане?
– Не, пракуратар, ён устане, - з усмешкаю, па-фiласофску сказаў Афранiй, калi труба Месii, якога тут чакаюць, прагучыць над iм. Але да гэтага ён не ўстане.
– Хопiць, Афранiй! З гэтым пытаннем ясна. Пяройдзем да пахавання.
– Пакараныя пахаваны, пракуратар.
– Ну, Афранiй, судзiць вас было б сапраўднае злачынства. Вы заслугоўваеце найвышэйшую ўзнагароду. Як было?
Афранiй пачаў расказваць i паведамiў, што ў той час, як ён сам займаўся справай Юды, каманда таемнае службы, якою кiраваў яго памочнiк, была вечарам на ўзгорку. Аднаго цела на вяршынi яна не знайшла. Пiлат здрыгануўся i прамовiў хрыпла:
– Ах, як я пра гэта не здагадаўся!
– Не варта турбавацца, пракуратар, - сказаў Афранiй i працягваў далей: Целы Дзiсмаса i Гестаса з выклеванымi драпежнымi птушкамi вачыма забралi i адразу кiнулiся шукаць трэцяе. Яго хутка знайшлi. Нейкi чалавек...
– Левiй Мацей, - не запытальна, а пераканана прамовiў Пiлат.
– Ён, пракуратар...
– Левiй Мацей хаваўся ў пячоры на паўночным схiле Лысай Гары, чакаў, пакуль сцямнее. Голае цела Iешуа Га-Ноцры было ў яго. Калi варта зайшла ў пячору з паходняй, Левiй зрабiўся злосным i адчайным. Ён крычаў, што не зрабiў злачынства, што кожны чалавек мае права пахаваць пакаранага злачынца, калi захоча, i што гэта не караецца законам. Левiй Мацей гаварыў, што не хоча разлучацца з нябожчыкам. Ён быў расхваляваны, нешта крычаў, прасiў, пагражаў i праклiнаў...
– Яго давялося арыштаваць?
– пахмура прамовiў Пiлат.
– Не, пракуратар, не, - вельмi спакойна адказаў Афранiй, - дзёрзкага вар'ята ўдалося супакоiць, растлумачыць, што нябожчык будзе пахаваны.
Левiй, калi да яго дайшоў сэнс сказанага, супакоiўся, але заявiў, што нiкуды не пойдзе i хоча ўдзельнiчаць
у пахаваннi. Ён сказаў, што нiкуды не пойдзе, нават калi яго пачнуць забiваць, ён нават прапаноўваў хлебны нож, якi быў у яго.– Яго прагналi?
– здушана прамовiў Пiлат.
– Не, пракуратар, не. Мой памочнiк дазволiў яму ўдзельнiчаць у пахаваннi.
– Хто з вашых памочнiкаў кiраваў гэтым?
– спытаўся Пiлат.
– Талмай, - адказаў Афранiй i трывожна дадаў: - Магчыма, ён памылiўся?
– Працягвайце, - адказаў Пiлат, - памылкi не было. Я наогул пачынаю губляцца, Афранiй, я, вiдаць, маю справу з чалавекам, якi нiколi не памыляецца. Гэты чалавек - вы.
– Левiя Мацея ўзялi на воз разам з целамi пакараных i праз дзве гадзiны былi ў пустэльнай цяснiне на поўнач ад Ершалаiма. Там каманда на змену тры гадзiны капала глыбокую яму i ў ёй пахавала траiх пакараных.
– Голых?
– Не, пракуратар, - каманда ўзяла з сабою дзеля гэтага хiтоны. На пальцы пахаваным былi надзеты пярсцёнкi. Iешуа з адной насечкаю. Дзiсмасу з дзвюма, Гестасу з трыма. Яму засыпалi, закiдалi каменнем. Апазнавальны знак Талмай ведае.
– Ах, каб мог я прадбачыць!
– пракуратар загаварыў i зморшчыўся.
– Мне трэба было б пабачыць гэтага Левiя Мацея...
– Ён тут, пракуратар.
– Пахавальнай камандзе прашу выдаць узнагароду. Сышчыкам, якiя згубiлi Юду, - вымова. А Левiя Мацея зараз жа да мяне. Мне трэба падрабязнасцi па справе Iешуа.
– Слухаюся, пракуратар, - адазваўся Афранiй i пачаў адступаць, кланяючыся пракуратару, а пракуратар пляснуў у ладкi i крыкнуў:
– Да мяне, сюды! Свяцiльнiк у каланаду!
Афранiй ужо ўваходзiў у сад, а за плячыма Пiлата ў руках слуг мiльгалi агнi. Тры свяцiльнiкi на стале паўсталi перад пракуратарам, i месячная ноч адразу ж адступiла ў сад, быццам Афранiй павёў яе за сабой. Замест Афранiя на балконе з'явiўся маленькi худы чалавечак побач з гiгантам кентурыёнам. Гэты другi перахапiў пракуратараў позiрк, адступiў назад i адразу знiк у садзе.
Пракуратар прыглядаўся да прышэльца прагнымi i крыху спалоханымi вачыма. Гэтак глядзяць на таго, пра каго чулi многа, пра каго думалi i хто, нарэшце, з'явiўся.
Чалавеку было гадоў пад сорак, учарнелы, абшарпаны, у засохлай гразi, глядзiць па-воўчы з-пад iлба. Адным словам, прывабнага мала, больш падобны на жабрака, якiх шмат таўчэцца на тэрасах храма альбо на базарах шумнага i бруднага Нiжняга Горада.
Маўчанне працягвалася доўга i парушана было дзiўнымi паводзiнамi прыведзенага да Пiлата. Ён змянiўся з твару, пахiснуўся i, калi б не паспеў ухапiцца бруднаю рукою за край стала, упаў бы.
– Што з табою?
– спытаўся ў яго Пiлат.
– Нiчога, - адказаў Левiй Мацей i зрабiў гэтакi рух, нiбы нешта пракаўтнуў. Худая, голая, брудная шыя набухла i зноў апала.
– Адказвай, што з табою, - паўтарыў Пiлат.
– Я стамiўся, - адказаў Левiй i панура паглядзеў на падлогу.
– Сядзь, - прамовiў Пiлат i паказаў на крэсла.
Левiй недаверлiва паглядзеў на пракуратара, рушыў да крэсла, спалохана зiрнуў на пазалочаныя бiлцы i сеў не на крэсла, а побач з iм на падлогу.