Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:

– Сапраўды, святы тут цяжкiя, - пагадзiўся госць.

– Усёй душою жадаю, каб яны як мага хутчэй скончылiся, - энергiчна дадаў Пiлат.
– Тады я змагу, нарэшце, вярнуцца ў Кесарыю. Паверце, гэтае вар'яцкае Iрадава збудаванне, - пракуратар махнуў рукой уздоўж каланады, i стала зразумела, што ён гаворыць пра палац, - канчаткова зробiць мяне вар'ятам. Я не магу начаваць у iм. Свет не ведаў гэтакае недарэчнае архiтэктуры! Але вернемся да справы. Першае, гэты пракляты Вар-раван вас не турбуе?

Вось у гэты час госць i зiрнуў сваiм незвычайным позiркам на пракуратараву

шчаку. Але той сумнымi вачыма глядзеў удалечыню, пагардлiва моршчыўся, аглядаў частку горада, якая прасцiралася ў яго пад нагамi i патанала ў надвячорку. Патух i госцеў позiрк, i павекi яго заплюшчылiся.

– Трэба думаць, што Вар цяпер зрабiўся як ягня, - загаварыў госць, i маршчынкi з'явiлiся на круглым твары.
– Яму няёмка цяпер бунтаваць.

– Занадта знакамiты?
– з усмешкаю спытаўся Пiлат.

– Пракуратар, як i заўсёды, тонка разумее пытанне!

– Усё роўна, - заклапочана сказаў пракуратар, i доўгi палец з чорным камянём у пярсцёнку падняўся ўгору, - трэба будзе...

– Пракуратар можа быць спакойны, пакуль я ў Юдэi, Вар не ступiць i кроку, каб за iм не iшлi па пятах.

– Цяпер я спакойны, як i заўсёды спакойны, калi вы тут.

– Пракуратар занадта добры!

– А цяпер прашу мне паведамiць пра пакаранне, - сказаў пракуратар.

– Што канкрэтна цiкавiць пракуратара?

– Натоўп не спрабаваў выказваць абурэнне? Гэта, вядома, галоўнае.

– Зусiм не, - адказаў госць.

– Вельмi добра. Вы самi пераканалiся, што яны былi мёртвыя?

– Пракуратар можа быць упэўнены.

– Скажыце... а пiтво iм давалi перад тым, як распяць на слупах?

– Давалi. Але ён, - тут госць заплюшчыў вочы, - адмовiўся яго выпiць.

– Хто?
– спытаўся Пiлат.

– Даруйце, iгемон!
– усклiкнуў госць.
– Я не сказаў? Ноцры.

– Вар'ят!
– сказаў Пiлат i зморшчыўся. Пад левым вокам у яго заторгалася жылка.
– Памiраць ад сонечнае спякоты? Чаму ён адмовiўся ад таго, што належыць па законе? Як ён адмаўляўся?

– Ён сказаў, - госць зноў заплюшчыў вочы, - што дзякуе i не вiнавацiць за тое, што ў яго адабралi жыццё.

– Каго?
– глухiм голасам спытаўся Пiлат.

– Гэтага ён, iгемон, не сказаў.

– Цi не спрабаваў ён што-небудзь прапаведаваць салдатам?

– Не, iгемон, ён цяпер быў маўклiвы. Адзiнае, што ён сказаў, што з усiх шматлiкiх недахопаў чалавечых цяпер лiчыць галоўным баязлiвасць.

– Чаму гэта было сказана?
– пачуў госць голас, якi неспадзявана надламаўся.

– Гэтага нельга было зразумець. Ён наогул паводзiў сябе дзiўна, як, дарэчы, i заўсёды.

– Што дзiўнае было?

– Ён увесь час спрабаваў паглядзець у вочы то аднаму, то другому i ўвесь час неяк разгублена ўсмiхаўся.

– I болей нiчога?
– спытаўся ахрыплы голас.

Пракуратар грукнуў чашаю, налiў сабе вiна. Ён апаражнiў яе да дна i загаварыў:

– Справа ў тым: хаця мы i не можам выявiць цяпер, прынамсi, якiх-небудзь прыхiльнiкаў альбо прадаўжальнiкаў, але нельга паручыцца, што iх няма зусiм, нельга.

Госць нахiлiў галаву i ўважлiва

слухаў.

– I каб не здарылася якiх-небудзь сюрпрызаў, - працягваў пракуратар, - я прашу вас неадкладна i цiха прыбраць з зямлi целы ўсiх трох пакараных i пахаваць iх таемна, каб не засталося нi слыху нi дыху.

– Слухаю, iгемон, - сказаў госць i ўстаў.
– Калi справа гэтакая складаная i адказная, дазвольце мне ехаць тэрмiнова.

– Не, прысядзьце, - Пiлат рухам рукi спынiў госця, - ёсць яшчэ два пытаннi. Другое - вашы вялiкiя заслугi на сама цяжкай пасадзе начальнiка сакрэтнае службы пры пракуратары Юдэi даюць мне прыемную магчымасць далажыць пра гэта ў Рыме.

Госцеў твар у гэты час паружавеў, ён устаў i пакланiўся пракуратару.

– Я толькi выконваю свой абавязак на iмператарскай службе!

– Але я хацеў бы папрасiць, каб вы, калi вам прапануюць перавод па службе адсюль з павышэннем, адмовiлiся i засталiся тут. Мне нiзавошта не хацелася б разлучацца з вамi. Няхай вас неяк iнакш узнагародзяць.

– Я шчаслiвы, што служу пад вашым кiраўнiцтвам, iгемон.

– Мне прыемна гэта. Цяпер трэцяе пытанне. Яно пра гэтага, як яго... Юду з Карыяфа.

Госць стрэльнуў у пракуратара сваiм адметным позiркам i адразу патушыў яго.

– Кажуць, што ён, - працягваў пракуратар цiшэй, - быццам бы атрымаў грошы за тое, што гэтак прыязна частаваў звар'яцелага фiлосафа.

– Атрымае, - цiха паправiў пракуратара Пiлата начальнiк сакрэтнае службы.

– Многа грошай?

– Гэтага нiхто не ведае, iгемон.

– Нават вы?
– сваiм здзiўленнем iгемон пахвалiў.

– Нават я, - спакойна адказаў госць.
– Але тое, што ён атрымае гэтыя грошы сёння вечарам, гэта я ведаю. Сёння яго выклiкаюць у палац да Каiфы.

– Ах, прагны стары з Карыяфа, - з усмешкаю сказаў пракуратар.
– Ён жа стары?

– Пракуратар нiколi не памыляецца, але цяпер ён памылiўся, - ветлiва запярэчыў госць, - чалавек з Карыяфа малады.

Праўда? Ахарактарызаваць яго можаце? Фанатык?

– Ды не, пракуратар.

– Ага. Яшчэ што-небудзь?

– Вельмi прыгожы.

– Яшчэ? Магчыма, мае да нечага вялiкую схiльнасць?

– Цяжка пра гэта даведацца ў такiм вялiкiм горадзе, пракуратар...

– Э, не, не, Афранiй! Не прымяншай сваiх заслуг.

– Ёсць у яго адна схiльнасць, пракуратар.
– Госць на долю секунды прымоўк.
– Ён прагны да грошай.

– Чым ён займаецца?

Афранiй паглядзеў угору, падумаў i адказаў:

– Ён працуе мянялам у лаўцы ў свайго сваяка.

– А, вунь яно што, - пракуратар замоўк, азiрнуўся, цi няма каго на балконе i потым цiха прамовiў: - Вось у чым справа - я маю звесткi, што яго сёння ноччу зарэжуць.

У гэты час госць не толькi кiнуў свой позiрк на пракуратара, але i затрымаў яго на iм, а потым адказаў:

– Вы, пракуратар, занадта добрае думкi пра мяне. Я, мабыць, не заслугоўваю, каб вы дакладвалi пра мяне. Я не маю гэтакiх звестак.

– Вы заслугоўваеце сама высокае ўзнагароды. Але звесткi такiя ёсць, адказаў пракуратар.

Поделиться с друзьями: