Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:

– Дазвольце мне пра гэта не гаварыць, бо яны выпадковыя, недакладныя i ненадзейныя. Але мне трэба ўсё прадбачыць. Гэтакая пасада ў мяне, а больш за ўсё я веру свайму прадчуванню, яно мяне нiколi не падманвала. Звесткi такiя, што хтосьцi з невядомых сяброў Га-Ноцры, абураны страшнаю здрадаю гэтага мянялы, змовiўся з сябрамi забiць яго ноччу, а грошы, атрыманыя за здраду, падкiнуць першасвятару з запiскай: "Вяртаю праклятыя грошы".

Болей сваiх нечаканых позiркаў начальнiк сакрэтнае службы на iгемона не накiроўваў, слухаў яго прымружана, а Пiлат працягваў:

– Уявiце, як прыемна будзе першасвятару ў святочную ноч атрымаць гэтакi падарунак?

Вельмi непрыемна, - усмешлiва адказаў госць, - я нават думаю, пракуратар, што з-за гэтага атрымаецца вялiкi скандал.

– I я гэтак думаю. Таму i прашу вас заняцца гэтым, значыць, забяспечыць ахову Юды з Карыяфа.

– Загад iгемона будзе выкананы, - сказаў Афранiй, - але я павiнен супакоiць iгемона: зладзейскую задуму надзвычай цяжка выканаць. Гэта ж трэба падумаць толькi, - госць азiрнуўся i працягваў: - Высачыць чалавека, зарэзаць яго, ды яшчэ ведаць, колькi атрымаў, ды i грошы вярнуць Каiфу, i ўсё за адну ноч? Сённяшнюю?

– Як бы там нi было, яго зарэжуць сёння, - упарта паўтарыў Пiлат, - у мяне прадчуванне, гавару вам! Не было выпадку, каб прадчуванне мяне падманвала, сутарга сцяла пракуратараў твар, i ён коратка пацёр рукi.

– Слухаюся, - пакорлiва адказаў госць, устаў i раптам спытаўся сурова: Значыць, зарэжуць, iгемон?

– Зарэжуць, - адказаў Пiлат, - i спадзяванне толькi на вашу выключную здольнасць.

Госць паправiў папругу пад плашчом i сказаў:

– Гонар маю, жадаю здароўя i радасцi!

– Пачакайце, - цiха ўсклiкнуў Пiлат, - я зусiм забыў! Я ваш даўжнiк!..

Госць здзiвiўся:

– Праўда, пракуратар, вы мне нiчога не павiнны.

– Як гэта не павiнен! Калi я ўязджаў у Ершалаiм, памятаеце, натоўп жабракоў... я хацеў яшчэ грошы сыпануць iм, а ў мяне не было, i я ўзяў у вас.

– Пракуратар, гэта дробязь зусiм!

– I пра дробязь трэба памятаць.

Пiлат азiрнуўся, падняў плашч, якi ляжаў за iм на крэсле, узяў з-пад яго скураны мяшок i падаў госцю. Той узяў, схаваў пад плашч i пакланiўся.

– Я чакаю, - сказаў Пiлат, - даклада пра пахаванне, а таксама пра справу Юды з Карыяфа сёння ноччу, чуеце, Афранiй, сёння. Канвой атрымае каманду будзiць мяне, як толькi вы з'явiцеся. Я вас чакаю.

Гонар маю, - сказаў начальнiк сакрэтнае службы, завярнуўся i выйшаў з балкона.

Пачуўся хруст мокрага пяску ў яго пад нагамi, потым пачуўся грукат ботаў па мармуры памiж iльвоў, потым знiклi яго ногi, тулава, i, нарэшце, знiк i башлык. I толькi цяпер пракуратар заўважыў, што няма сонца i пачалося змярканне.

Раздзел 26

ПАХАВАННЕ

Магчыма, гэтае змярканне i было прычынаю таго, што пракуратар перамянiўся з выгляду. Ён быццам пастарэў вiдавочна, згорбiўся, акрамя таго, зрабiўся нервовым. Адзiн раз ён нават азiрнуўся i чамусьцi скалануўся, паглядзеўшы на пустое крэсла, дзе ляжаў толькi плашч. Надыходзiла святочная ноч, вечаровыя ценi рабiлi сваю работу, i, мабыць, стомленаму пракуратару здалося, што хтосьцi сядзiць у незанятым крэсле. Пракуратар спалохаўся - крануў плашч, кiнуў яго, забегаў па балконе, падбягаў да стала, хапаўся за чашу, спыняўся i пачынаў раўнадушна глядзець на мазаiчную падлогу, нiбы спрабаваў прачытаць нешта напiсанае.

Сёння двойчы яго апаноўвала сумота. Ён пацiраў скроню, у якой ад ранiшняга болю застаўся толькi тупы, гнятлiвы ўспамiн. Пракуратар усё спрабаваў зразумець, што з'яўляецца прычынаю яго душэўных пакут. I ён хутка зразумеў гэта, але хацеў падмануць самога сябе. Цяпер ён разумеў, што ўдзень штосьцi незваротна страцiў, i цяпер страту гэтую ён хоча апраўдаць нейкiм дробным i нiкчэмным учынкам. Падман быў у тым, што пракуратар стараўся пераканаць сябе,

быццам цяперашнi вечаровы загад не меней значны, чым ранiшнi прысуд. Але з гэтага нiчога не выходзiла.

На адным з паваротаў ён раптоўна спынiўся i свiснуў. У адказ на гэты свiст у прыцемку загрымеў густы сабачы брэх, i з саду выскачыў на балкон вялiзны, вастравухi, шэры сабака з аброжкам з пазалочанымi бляшкамi.

– Банга, Банга, - слаба крыкнуў пракуратар.

Сабака стаў на заднiя лапы, а пярэднiя паклаў на плечы гаспадару, ледзь не павалiўшы на падлогу, i лiзнуў яго ў шчаку. Пракуратар сеў у крэсла, Банга, высунуўшы язык i цяжка дыхаючы, лёг ля гаспадаровых ног, i радасць у сабачых вачах была ад таго, што скончылася навальнiца, адзiнае ў свеце, чаго баяўся бясстрашны сабака, а таксама ад таго, што ён тут, побач з тым чалавекам, якога любiць i паважае i лiчыць сама магутным ва ўсiм свеце, валадаром усiх людзей, дзякуючы якому i сябе самога сабака лiчыў iстотаю незвычайнаю, вышэйшаю i асаблiваю. Але пасля таго, як улёгся ля ног, хаця i не глядзеў на гаспадара, а глядзеў у змяркальны сад, сабака адразу зразумеў, што яго гаспадара спасцiгла бяда. Таму ён устаў, зайшоў збоку i пярэднiя лапы i галаву паклаў пракуратару на каленi, забрудзiўшы плашч мокрым пяском. Гэтым Банга, мабыць, хацеў суцешыць свайго гаспадара ў бядзе i запэўнiць, што ён застаецца з iм. Гэта ён iмкнуўся сказаць i позiркам скошаных на гаспадара вачэй, i наструненымi вушамi. Гэтак абодва яны, i сабака i чалавек, якiя любяць адзiн аднаго, сустрэлi святочную ноч на балконе.

Тым часам пракуратураў госць меў шмат клопату. З верхняе пляцоўкi перад балконам ён сышоў на наступную тэрасу саду, завярнуў направа i выйшаў да казармаў, якiя размяшчалiся на тэрыторыi палаца. У гэтых казармах i размяшчалiся тыя дзве кентурыi, якiя прыйшлi разам з пракуратарам на свята ў Ершалаiм, а гэтаксама таемная пракуратарава служба, якой камандаваў той самы госць. Госць пабыў у казармах нядоўга, не больш за дзесяць хвiлiн, у гэты час з варот казармы выехалi тры падводы, нагружаныя далакопным iнструментам i бочкаю з вадой. Падводы суправаджалi пятнаццаць чалавек у шэрых плашчах, конна. З гэтакiм суправаджэннем падводы выехалi з тэрыторыi палаца праз заднiя вароты, пакiравалi на захад, праз вароты ў гарадской сцяне выбралiся спачатку на Вiфлеемскую дарогу, прайшлi па ёй на поўнач да перакрыжавання ля Хеўронскiх варотаў i толькi тады рушылi па Яфскай дарозе, па якой удзень праходзiла шэсце з асуджанымi на пакаранне. У гэты час ужо сцямнела i над небакраем узыходзiў месяц.

Неўзабаве пасля таго, як паехалi вазы з канвоем, пакiнуў тэрыторыю палаца конна i пракуратараў госць, пераапрануты ў цёмны паношаны хiтон.

Госць накiраваўся не за горад, а ў горад. Праз нейкi час можна было ўбачыць, што ён пад'язджае да крэпасцi Антонiя, якая размяшчалася на поўначы i недалёка ад вялiкага палаца. У крэпасцi госць пабыў таксама нядоўга, а потым яго можна было ўбачыць у Нiжнiм Горадзе, на яго крывых i заблытаных пакручастых вулачках. Сюды госць ужо прыехаў верхам на муле.

Госць добра ведаў горад i вельмi хутка адшукаў патрэбную яму вулачку. Яна называлася Грэцкаю, бо на ёй размяшчалася некалькi грэцкiх крамак, у тым лiку i тая, у якой прадавалi дываны. Менавiта ля гэтае крамкi госць спынiў свайго мула, злез i прывязаў яго за колца ля варот. Крамка была ўжо замкнёная. Госць зайшоў праз варотцы, якiя былi побач з уваходам у крамку, i трапiў у невялiкi квадратны дворык, абстаўлены хлеўчукамi. Ён пакiраваў у двары за вугал i апынуўся ля мураванае тэрасы жылога дома, абвiтага плюшчом, агледзеўся. У домiку i ў хлявах было цёмна, агню яшчэ не запальвалi.

Поделиться с друзьями: