Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Імгненні

Кучмель Наталля

Шрифт:
* * * Ноч пяе дыханнем тваім. Я яго чую — і ноч пяе. Ноч пяе золатам кончыкаў вей. Я іх бачу — і ноч пяе. Ноч пяе дакрананнем рукі, Далонню ў далоні, крокам у крок. Паветра згушчаецца — не ўдыхнуць, I з сэрца капае цёплы сок.
* * * Ліпнёвы надвячорак прыкідваецца днём. Няма куды спяшацца. Ўсе дома. Маскі здзеты. Каханы хлопчык мой, нібыта кацянё. Аблізвае вяршкі з малочнага пакета.
* * * Вечар
пахне лісцём і пылам.
Котка злезла з акна пад'езда, Валюхаючыся, пайшла. Душна, быццам між сценак вазы: Атачае дамы, здаецца, Тонкі пласт залатога шкла.
* * * У любой цеплыні на хвіліну здарыцца змрочна, Цверазеўшы, спіной адчуць пад шпалерамі — мур. Маленькі лемур, у цябе вялізныя вочы; Прыпадз і да маіх грудзей, маленькі лемур.
Плён Мята, мята пры балоце, Рута пры рацэ. Як пук жыта — жмут мелодый Пры адной руцэ Прыхінёны; а другая — Жоўтае, як звон, Сэрца спелае трымае; Белы мёд з яго сцякае Проста на далонь.
* * * Студня на выспе пяску Белым прысыпана снегам. Памяць аб тонкім, гарачым Целе тваім. Памяць аб веях — Шорсткіх, як снег, што зрываецца з даху пад ветрам, Лёгкіх, як снег, што сядае на твары і кроны. Дымчаты снег. Памяць аб вуснах — Вабных, як познія вішні ў лістоце калянай, Праг ных, як быццам пчала, што аблізвае спелы Вішанны сок.
* * * Ты багатай зрабіў мяне. Дараваў мне срэбра і злота, Перлы, лалы і дыяменты. Тыя скарбы заўжды са мной: Срэбра ў пасмах вакол чала; Злота зор — скрозь мокрыя веі; Лалы сораму, жалю, гневу, Дыяменты слёз развітальных I ў халодны дзень прад змярканнем Перлы кропель на сумным шкле.
* * * Паблякла неба, звітае смутой. Бязважкімі гуляе прыпаламі Ліпнёвы вецер: каля губ Яго Сівы матыль трапечацца крыламі. Як горача! Паволі нікне дзень. I пазіраюць з моста дзве дзяўчыны На мнос тва белых кропак па вадзе — Як быццам бы па ягадзе рабіны.
* * * плыў дождж над горадам цяжкі і нізкі быццам дым і голле гордае само хілілася прад ім так за гадзінаю гадзіна коціцца ў пакой гром кропляў рынаю — курантаў бой плыў дождж над горадам звісаў завесаю вады як мяккім голасам ахутваў змоўклыя сады і не ўскалочана у палісадзе між вяргінь пад колер воч тваіх стаяла стынь
* * * Стрыжоў і ластавак мые Неба водаварот. Шыпшыны губы туг ія Сцялі ружовы рот. Паволі ноч наступае, I ў ёй прасвету няма... За здраду найгорш карае Жанчына сябе сама.
* * * Я за цябе старэй — на
той спакой,
Які бывае, калі ўсё разгубіш І не кахаеш, а спакойна любіш, Не забываючыся выгады сваёй. Я за цябе старэй — на той спакой.
* * * Ў акне дзявочай спальні Гарыць, не міргне свечка. Кахаць не развучыцца. А ўнізе — вецер, слота. Пажоўклых лісцяў плямы. Няма прытулка сэрцу. Каханак на гадзіннік Глядзіць, затым — у цемру. Кахаць не развучыцца. Кот мокры і блішчасты Хаваецца ў пад'ездзе. Няма прытулка сэрцу. У сне, прад нараджэннем, Шаволіцца зародак. Кахаць не развучыцца. Штоночы ў адзіноце Стары чакае смерці. Няма прытулка сэрцу.
* * * Скупое сонца п'юць бакамі гмахі, I смешны снег аблёг зямлю і дахі — Як семяно: пласт пуху па вярху I кругленькае, цвёрдае — ў пуху. I не назваць, што больш было б вясеннім, Чым гэты снег, падобны на насенне, I сонца, што, як котка на страсе, Аж надта годна галаву нясе. Але ўжо прагрымелі кроплі сцёкам. I твой пакой — абдымкаў нашых кокан, Спусцелы кут задушных таямніц — Асветлен скрозь прарэзы аканіц.
* * * Ляніва, быццам адэсіты, вып'юць кавы I пойдуць блындацца па горадзе без справы — Два даўганогія, пад сонцам, за руку. I ветрык, што ў дрымотных пошуках чагосьці На даляглядзе, як падушкі, хмары мосціць, Не пашаволіць разамлелую раку; Бо на адно дастане сіл — даткненнем гібкім Сушыць нагі маленькай мокрыя адбіткі На шэрым покрыве бетоннай паласы I спрабаваць спатоліць вялае тамленне, Яе спадніцай абвіваючы калені. Яму разбэрсаўшы на вочы валасы.
* * * Праполка... Двухтыднёвыя дажджы Дзяляну марнатраўем затапілі. Паўсюль, не вылучаючы ні град, Hi баразён,— адною злітнай хваляй Курчавіцца і бухне зелянота. Мелісы пах. Мяшаючыся з пахам Парэчкі і зямлі, ён кліча — жыць! Ён кліча — жыць! Ён кліча — шчасным быць, На дробязі не зварачаць увагі. Не гледзіш? Што ж. Будзь вольны. Бог з табой. Жыві, як можаш. Я жыву — як хочу! Таму што ведаю цяпер, як трэба, Таму што падаюцца пад рукамі Макрыцы ніцістыя карані, I дыхае слабенькая меліса, У свет шырокі гледзячы з адвагай, I між кустоў парэчкі — самасея, Хоць мокрая, ды гордая паставай Сарана яркай барваю гарыць.
* * * Паводле сюжэтаў «Тысячы і адной ночы» — Здурнела! Сорам на вачах губляеш! Пагардліва зірнуўшы спадылба, Ўсясветнаму цару ты адмаўляеш I да грудзей штомоцы прыхінаеш Нахабнага і брыдкага раба! I цар, адрынуты, абагаўляе Тваю між смецця знойдзеную рэч, А раб каравы твар свой прыкрывае Ад пацалункаў і цябе піхае, Нібы свінню: «Пайшла, пачвара, прэч!» — О той, хто загаворвае сурокі, Дапамажы, бо звяну, як трава: Самаадданы, юны, яснавокі, Мне цар не мілы; нічые папрокі Не дапамогуць: чую толькі крокі Карослівага чорнага раба.
Поделиться с друзьями: