Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі

Севярынец Павал

Шрифт:

А калі растлумачыць, што гэта гістарычны пляцдарм для аднаўленьня Ізраілю? Месца нараджэньня расейскай кампартыі й магіла імпэрыі СССР? Краіна найлепшага ў сьвеце закону XVI стагодзьдзя, другой паводле сьпеўнасьці й мяккасьці мовы ў Эўропе, чацьвёртай у сьвеце друкаванай Бібліі на жывой мове народа, і самай пасьпяховай хрысьціянскай вуніі за 1000 гадоў расколу?..

У часы самых жорсткіх крызісаў заходняй цывілізацыі менавіта хрысьціянская Беларусь рабілася душою кантынэнту.На мяжы І і ІІ тысячагодзьдзяў, як адказ на царкоўны раскол, стварэньне Сьвяшчэннай Рымскай Імпэрыі й крыжовыя паходы адбываецца хрост Усходняй Эўропы й мірнае навяртаньне Полацка. У ХІІ ст., адначасова з заснаваньнем інквізыцыі, стратай Ерусаліму ды Палестыны, фармаваньнем

вайсковых ордэнаў тампліераў, гасьпітальераў і тэўтонцаў на Захадзе, усходнюю палову Эўропы азарае беларускае абуджэньне Полацка, Турава й Смаленска. У ХІІІ ст. менавіта тут спыняецца мангольскі наступ Азіі. У XVI cт., калі духовы правал Захаду спарадзіў крывавыя рэлігійныя войны й варфаламееўскія ночы – дзе, як не ў Беларусі, узыходзіла сонца Залатога веку хрысьціянства! Нават пасьля таго, як страшнае ХХ стагодзьдзе зь яго камунізмам, фашызмам і дзьвюма сусьветнымі войнамі разьдзірала, ірвала на шматкі эўрапейскае сэрца –менавіта яно дала заснавальнікаў дзяржавы Ізраіль, Васіля Быкава і Белавескую Пушчу.

0,15% тэрыторыі й 0,17% насельніцтва – вось што такое Беларусь на глёбусе. Кропачка. Але ж колькі падзеяў, ідэяў, надзеяў і людзей сусьветнага маштабу сышлося ў гэтае кропачцы! Тут выключна важны пункт зямное гісторыі. Фокус. Болевы пункт. Бо гэта Сэрца Эўропы.

Стратэгі, якія вылічваюць геапалітычны эпіцэнтар Эўропы, адчуваюць, што недзе тут і пульсуе сапраўднае сэрца. Дрогкае спляценьне артэрыяў і венаў, рэкаў і крыніцаў, сумежжа моваў і канфэсіяў – крыніца жыцьця ў нэтрах пушчаў і гарадоў, паміж лёгкімі Эўропы. Сэрца адчайнае й поўнае крыві, зношанае ўсімі войнамі, страхам і грэхам эўрапейскіх стагодзьдзяў. Сэрца, у якім абвостраны ўвесь боль катастрофаў – ад Нямігі да Хатыні, ад Курапатаў да Чарнобылю.

* * *

Беларуская нацыянальная ідэя ёсьць. Яна існуе адпачатку. Яе ня трэба выдумваць. Яе трэба адчуць, і сфармуляваць у словах.

Крыляньне бел-чырвона-белага сьцягу ў нябёсах; зык прыдарожнае сьцяблінкі; роў стадыёну, калі нашыя перамагаюць; грамавое “Жыве!” на мітынгу; шэпт каханай на вушка; гарачае прыдыханьне малітвы – так гучыць беларуская нацыянальная ідэя.

Нацыянальная ідэя ў насычанай крывёю й прахам продкаў, цёплай і плоднай беларускай зямлі, у празрыстай, чысьцюткай, пякучай беларускай вадзе, у малочна-цёплым маміным пацалунку. У гісторыі, поўнай нечалавечых пакутаў і Божых цудаў. У сучаснасьці равучых машынаў, мікраскапічных тэхналёгіяў і сусьветных спартовых рэкордаў. У асобах геніяў. У самім паветры, напоеным малітоўным шэптам і містыкай Духа.

Гэтая кніга не высноўвае з паветра абстрактную тэорыю, а толькі фіксуе ўсё тое, што мы ведаем і адчуваем. “Нацыянальная ідэя” – гэта не навуковая дысэртацыя, не філязофія й не бэлетрыстыка. Гэта канстатацыя факту.

Ідэя гэтай “Ідэі” ў тым, каб праз сымбалічныя, знакавыя зьявы прачытаць сутнасьць нацыянальнага пакліканьня. Знайсьці заканамернасьці ды растлумачыць іх. Расшыфраваць краіну-карціну, якая ўвесь час у нас перад вачыма. Задача гэтай “Ідэі” – не асьвяціць і праславіць краіну й яе народ у сёньняшнім стане (гэта, скажам шчыра, сумнеўны ўзор для праслаўленьня і апяваньня) – а выявіць Божы ідэал беларускай нацыі, ідэал самой Беларусі, дадзены звыш. Агеньчык Царства Нябёснага – наша сьвятло ў канцы тунэлю.

Калі я малюся, калі перажываю прысутнасьць Божую, калі дзіўлюся велічы й невымоўнаму хараству Ягонага тварэньня – я ясна бачу Беларусь-ідэю, краіну вялікую й цудоўную, якую мы забыліся й захламілі грэхам, абыякавасьцю ды бязьвер’ем. Тую будучыню, тое абяцаньне Божае, тую ідэальную Айчыну, дзеля якой, я веру, мы з вамі й нарадзіліся.

Гэтая кніга – вынік пошуку Бога ў Беларусі. У беларускіх вобразах, зьявах, рэчах. Пошуку таго, што Бог уклаў у душу гэтае краіны. Яго сьлядоў, Яго дыханьня, Яго прысутнасьці.

Толькі пачынаеш прыглядацца – і так уладна, так магнітна выяўляецца Божае наканаваньне, Хрыстовы сэнс, духовая місія Беларусі,

што застаецца адно невымернае зьдзіўленьне й захапленьне адкрыцьця.

Толькі тады пачынаеш любіць Беларусь усёй душою, усім сэрцам, усім разуменьнем тваім. Любіць сапраўднай любоўю – той, што ведае і гонар, і сорам. Той, якая здольная каяцца і дараваць, прызнаваць грэх і пераадольваць страх. Той, якой баліць недасканаласьць. Нажаль, Беларусь сёньня – краіна, загрузлая ў апатыі, бязьвер’і, забыцьці. “Люблю Беларусь!” – вось элемэнтарная формула нацыянальнай ідэі.

Мы любім Беларусь такую, якая яна ёсьць – але любім настолькі моцна, што ня можам пакінуць такой, якая яна ёсьць.

Цяпер, праз тысячу гадоў існаваньня, у самым пачатку ІІІ тысячагодзьдзя ад нараджэньня Хрыста, у дрогкім, няпэўным стане паўсьвядомасьці ды пэрманэнтнай незалежнасьці, у адкрытым акіяне глябалізацыі Беларусь апынаецца перад выбарам – быць можа, самым важным за ўсю сваю гісторыю. Пытаньне стаіць ужо ня проста пра лёс дзяржавы, мовы – пытаньне глыбей. Калі Беларусь адмовіцца ад Бога – яна зьнікне. Калі пакаецца й прыме Ісуса Хрыста зноў – будзе жыць.

Беларусы фармулявалі хрысьціянскі погляд на нацыянальную ідэю ўсё апошняе стагодзьдзе: у пачатку ХХ ст. – Адам Станкевіч і Вінцэнт Гадлеўскі, напрыканцы – Уладзімер Конан, Мікалай Крукоўскі, Зянон Пазьняк.

“Хрысьціянства вытварала ў народзе супольную веру, погляды, традыцыю, культуру, народную душу. Нацыянальнай ідэяй была ідэя рэлігійная”

(Адам Станкевіч).

“Кожны этнас, які выявіў свае творчыя магчымасьці й сфармаваўся ў нацыю, увасабляе сабой пэўную ідэю, альбо, кажучы моваю тэалёгіі, пэўную задуму Тварца, рэалізаваную ў гістарычных дзеях і самабытнай культуры”

(Уладзімер Конан).

“Хрысьціяне, якіх у Позьнім Рыме было ўсяго некалькі дзесяткаў, выстаялі й перамянілі сьвет ня сілаю зброі, а сілаю духа. Між іншым, Позьні Рым быў вельмі падобны да сёньняшняй Беларусі... Выратаваць Беларусь можа толькі рэлігійная вера”

(Мікалай Крукоўскі).

“Беларусь павінна вярнуцца да Хрысьціянства. Беларусь у ХХІ стагодзьдзі мусіць адрадзіцца як Хрысьціянская краіна. Беларуская ідэя, абапертая на традыцыі беларускага Хрысьціянства – гэта шлях для нас найбольш унівэрсальны й правільны”

(Зянон Пазьняк).

Варта згадаць і іншых сучасных прадстаўнікоў “хрысьціянскай плыні”: Любоў Уладыкоўскую-Канаплянік, Анатоля Астапенку, Адама Мальдзіса, Васіля Сёмуху, Юрыя Хадыку, Янку Трацяка, Уладзімера Мароза. Але кожны з гэтых аўтараў распрацоўваў нацыянальную дактрыну альбо з культуралягічнага, альбо з паліталягічнага, альбо з канфэсійнага гледзішча. Сабраць увадно панарамную карціну нацыянальнай ідэі на хрысьціянскіх прынцыпах праз аналіз фэномэнаў беларускасьці – вось якой бачыў сваю задачу аўтар гэтай кнігі.

Нацыянальная ідэя фармулюецца тут ня проста ў традыцыйным выглядзе дактрыны. Асноўную частку гэтай кнігі займае энцыкляпэдыя 200 найбольш характэрных і найбольш вядомых беларускіх зьяваў – такіх, як бел-чырвона-белы сьцяг і крыж Эўфрасіньні Полацкай, БелАЗ і трактар "Беларус", ахвярнасьць і талерантнасьць, Статут ВКЛ і партызанка, знакамітыя асобы й галоўныя беларускія гарады. “Нацыянальная ідэя” – кніга з’яваў. Такім чынам, гэта фэнамэналёгія нацыянальнае ідэі.

Па-першае, такая энцыкляпэдыя – найлепшы спосаб абгрунтаваць тэорыю канкрэтнымі фактамі. Вы ня верыце, што беларуская ідэя сутнасна хрысьціянская? Пералічыце, колькі з найвялікшых дзеячоў Беларусі верылі ў Ісуса Хрыста.

Поделиться с друзьями: