Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі

Севярынец Павал

Шрифт:

"...І ўгледзеў я новае неба і новую зямлю."

(Адкрыцьцё 21:1)

АЗЁРЫ

Беларускія азёры адлюстроўваюць неба. З вышыні птушынага палёту пад белымі крыламі, зь ілюмінатараў самалёту над Беларусьсю цябе сустракае бліскучы і ясны позірк – ты толькі захоплена прымружваесься на сонцы перад адкрытым абліччам вечнага велічнага спакою.

У Беларусі больш за 10 тысячаў азёраў. На поўначы гэта буйныя і глыбокія вадаёмы, утвораныя у катлавінах пасьля таяньня ледавікоў, на Палесьсі – зарослыя старыцы рачных далінаў або разьлівы ў раўнінных западзінах. Азёры – глыбіня і празрыстасьць Беларусі. Уся пранізьлівасьць

дажджоў, усё бруеньне крыніцаў, усе крышталёвыя мігценьні сьняжынак захоўваюцца ў гэтых вялізных чашах сьвежасьці і прахалоды, урачыста расстаўленых па запаветных месцах краіны.

Беларускія азёры – гэта і кроплі сьлёзаў, і чары легендаў.

Возера – абавязковы элемэнт нацыянальных глянцавых краявідаў. Гэтак жа, як вочкі ільну і сінь васількоў у полі, як мілы вясковы дзіцячы погляд, азёры робяць Беларусь сінявокай. Летні адпачынак на Нарачы, паэтычныя чытаньні на беразе Сьвіцязі, купаньне ў чысьцюткае Кромані, пленэры на Браслаўшчыне, або рыбалка ў незьлічоных прыпяцкіх старыцах – глыткі нацыяльнае ідэі асалоды незвычайнае. Унікальныя беларускія азёры – перлы нашае будучае турыстычнае індустрыі. Перасычаная й стомленая Эўропа зможа нарэшце адпачыць тут, у гатэлях і летніх кэмпінгах, сярод агромністых люстраў у аправе простае, ласкавае й жывое прыроды – і, гледзячы ў ясныя нябёсы, шчыра дзякаваць Богу.

БАЛОТЫ

Балота – гэта сон апоенай вадою беларускай зямлі.

У Беларусі знаходзіцца самае вялікае балота сьвету, сьцьвярджае Кніга рэкордаў Гінэса. Яшчэ Герадот апісваў гэтую ўскраіну айкумены як суцэльнае мора, а пэрсыдзкі цар Дарый І падчас свайго легендарнага паходу на скіфаў назваў Беларусь краінай вод і туманаў.

“Беларусь? А, гэта балота” – скажуць суседзі. Сапраўды, вы знойдзеце балота і ў нашай палітыцы, і ў культуры, і ў мэнтальнасьці. Беларусь, якая пагружаецца ў апатыю, ляноту й грэх, больш за ўсё нагадвае багну.

12% плошчы Беларусі – 7,5 мільёнаў гектараў – занята балотам. Найбуйнейшыя іх масівы – на Палесьсі й у паазёрскае нізіне. Беларускія балоты – гэта здабыча торфу і збор журавінаў на экспарт. Барбарская савецкая мэліярацыя, якая рабіла зь Беларусі пляцдарм для разгортваньня сухапутных сілаў, расчляняла і абязводжвала беларускія балоты, прывяла да катастрафічнага апустыньваньня і пясчаных бураў на былых тарфяніках – зараз іх адчайна забалочваюць наноў. Госпад увасобіў у балотах Беларусі нашу ўнутраную сілу й дрымотны патэнцыял. Летапісныя дрыгавічы, “Шляхціц Завальня” і коласаўскі партызан Дзед Талаш – нашыя архетыповыя тоўшчы. Балоты – гэта беларускі кансэрватызм як ён ёсьць. Балоты – наша багацьце і наша пракляцьце.

Беларускія балоты спынілі мангола-татараў і крыжакоў, у іх загрузьлі і Крэмль, і Трэці Рэйх. Дрыгва, дзе бяз доступу кіслароду перагнівае й назапашваецца ў мнагамэтровую тоўшчу ўсё колішняе адмерлае жыцьцё, якая зацягвае, засмоктвае і захоўвае – бяздонна глыбокае параўнаньне для сёньняшняга стану Беларусі. Людзі на балоце – гэта пра нас. Беларускае грамадзтва занадта часта стоенае і інэртнае. “Балота” – нацыянальная беларуская хвароба, на ўзор ангельскага “спліну” ці расейскае “тоскі”.

Увогуле, у беларускай душы заўжды знойдзецца куточак балота. І ўсё-такі беларускае балота – гэта першастварэньне тых часоў, калі воды яшчэ не былі аддзеленыя ад зямлі. Царства казачна рэдкіх расьлінаў і птушак. Лёгкія Эўропы, падваліны экалягічнае інфраструктуры Міжмор’я й недатыкальны запас чалавецтва.

Беларусам даручана берагчы ды ахоўваць запаветныя сны балотаў.

БЕЛАВЕСКАЯ ПУШЧА

Белавеская пушча – запаведны каўчэг беларускай прыроды. Легенда Беларусі, геапалітычная тайна, вобраз дрымучае беларускае велічы. "Векавечны напеў, далячыняў смуга…"

Белавеская пушча – 120 тысячаў гектараў найстарэйшага ў Эўропе лесу, занесенага ЮНЭСКА ў сьпіс сусьветнае спадчыны. Дзьвюхсотгадовыя бары, дубы-глыбы ўзростам паўтысячы гадоў, карабельныя хвоі й таёжныя ельнікі, вядомыя зь дзяцінства па карцінах Шышкіна (ён зрабіў тут дзесяткі эцюдаў), на ўзвышшах, зь якіх скрозь непраходныя спляценьні вецьця ды карэньня сьцякаюць рэчкі й ручаі. Унікальнае хараство тварэньня: 44 віды расьлінаў і 146 – жывёлаў з Чырвонае кнігі, 60 відаў сысуноў і 226 – птушак, найбуйнейшы зьвер Эўропы – зубр. Дзікае паляваньне караля Ягайлы й вялікага князя Вітаўта. Месца, дзе расейскія імпэратары

й савецкія генсекі асабіста бралі ў рукі зброю. Самыя глыбокія нетры Вялікага Беларускага Лесу.

"У чаканьні зары, што заблішча сьляпушча..."

У гэтых гушчарах, затканых імглою, яшчэ трапечацца ажурнае лісьце дрэваў, пасечаных стрэламі ў Сярэднявеччы, дагэтуль бруяць люстраныя ручаі, у якіх умываліся каралі Залатога веку, і стаіць, кружыць голаў той жа адпачатны пах смолаў, траваў і эфіраў, што натхняў Міколу Гусоўскага й Сцяпана Батуру – пах ляснога ладану, што суправаджаў пахаваньне Савецкага Саюзу й уваскрашэньне свабоды для паловы сьвету.

"Як свая мне твая векавая туга..."

Госпад Бог вякамі рыхтаваў гэтыя грандыёзныя палацы, асьветленыя сонечным золатам і месяцовым срэбрам, усю гэтую раскошу лясных аранжарэяў, поўных шыкоўнае куніцы й гарнастаю, усё багацьце шэптаў і шолахаў, гіганцкія шматпавярховыя залі з калёнамі векавых ствалоў, са скульптурамі зубраў і грацыёзных аленяў, у хорах птушынага шчабятаньня – для аднаго белага-белага дня ўва ўбранай сьнегам беларускай пушчы.

9 сьнежня 1991 г. у белавескай рэзыдэнцыі “Віскулі” Станіслаў Шушкевіч, Леанід Краўчук і Барыс Ельцын падпісалі эпахальны маніфэст аб спыненьні існаваньня СССР. Крах самае страшнае ў чалавечае гісторыі таталітарнае сыстэмы зьдзейсьніўся менавіта тут, у глыбіні пакутнае Беларусі, тут, на стыку падзелу Рэчы Паспалітай, тут, дзе 200 гадоў таму ўватнулі штык Расея, Прусія й Аўстрыя, у расьсечаным у 1795-м сэрцы Эўропы – і ў гэтым была найвышэйшая Божая справядлівасьць.

У Белавескае пушчы, душы Беларусі, заміраеш ад адчуваньня незвычайнае Божае сілы. Тае сілы, якая без рэвалюцыяў і ахвяраў, адным росчыркам пяра, адным подыхам Духа разьвеяла звышдзяржаву сусьветнага страху і нянавісьці. Белавеская пушча, Белавеская пушча!..

БЕРАСЬЦЕ

Берасьце. Горад-брама. Горад-мяжа. Горад-вартавы.

Берасьце – знак, ад якога адлічвалі межы савецкай улады: "Ад Брэста да Курыл", "Ад Масквы да Брэста нет такога места…" Дагэтуль Крамлю пагражае "натаўскі бот пад Брэстам". Прапускны пункт СССР на Захад, крэпасьць-герой, цэнтар заключэньня вуніі паміж каталіцызмам і праваслаўем 1596 г. ды "Брэсцкага міру" 1918 г., гняздо беларускай Рэфармацыі – вось яно, вастрыё, якое нацэльвае Беларусь у Эўропу, аднолькава адлеглае ад Вільні й Менску, на той самай мяжы, за якой заходзіць сонца.

Берасьце – месца для беларускай зямлі, беларускай гісторыі й беларускай духовасьці скрайне важнае.

Берасьце нарадзілася з замку й дазорнай вежы на памежжы дрыгавічаў з палякамі й валынянамі, зь пільнаваньня ў сутоцы водных шляхоў з Чарнамор'я й Кіева да варагаў і немцаў, з мытні й гасьціннага двара для іншаземцаў. У напятай лукавіне Буга й Мухаўца, са стрэламі касьцёльных сьпічакоў і лязом мяжы – Берасьце заўжды было на вастрыі. Тут Вітаўт і Ягайла плянавалі паход на Грунвальд, тут праводзіліся вялікалітоўскія соймы й зьезды шляхты, сюды першымі даходзілі навіны з Захаду й апошнімі – захопнікі з Усходу. Што значыла Берасьце для ВКЛ, калі тут упершыню ў Беларусі зьявілася габрэйская грамада, калі менавіта яму наступнаму пасьля сталіцы ў 1390-м было даравана Магдэбурскае права, калі ў даходах дзяржаўнай казны ХVI ст. “Берасьцейская мытня” складала другі па значнасьці артыкул!

Колішні берасьцейскі герб, вежа ў сутоцы рэкаў, у эпоху Залатога веку трансфармаваўся ў срэбны лук са стралой, нацэленай у неба. Высокасьць мэтаў, напружаньне звыш сілаў, імкненьне да Царства Нябёснага – сутнасьць Берасьця. Вось сапраўдная мяжа, на якой стаяў, стаіць і будзе стаяць гэты горад!

Берасьце, быццам агромністы лук, удвох напялі знакаміты берасьцейскі стараста й канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл Чорны, пачынальнік Рэфармацыі ў Беларусі, і Астафі Валовіч, берасьцейскі ваявода, аўтар Статутаў. Адсюль рушыў той бурлівы духовы ўздым, што абудзіў усе канфэсіі, зь якім уся краіна каялася, ішла да Хрыста й рабілася нацыяй. У Берасьці ў 1553 г. адчыніўся першы кальвінскі збор – празь дзесяць гадоў па ўсёй Беларусі будуць збудаваныя сотні збораў. У Берасьці, нацэленым у неба, у 1588 г. нарадзілася беларускае нотадрукаваньне – канцыял "Песьні хвал Боскіх", першы зборнік нашых духовых гімнаў. Зь берасьцейскае друкарні выйшлі дзесяткі хрысьціянскіх выданьняў на лаціне і шыкоўная польскамоўная "Берасьцейская Біблія" – 738 старонак гатычнага шрыфту, з прадметным указальнікам і камэнтарамі – неацэнны дар беларускага хрысьціянства Польшчы.

Поделиться с друзьями: